[
Настрой: Афігець-застрэліцца!
]
[
Цяпер: Чытаю
]
Менш чым праз месяц Мірцік пойдзе ў ясьлі. Як падумаю, так дрыжыкі бяруць.
Але нягледзячы на дрыжыкі, мы займаемся актыўнай падрыхтоўкай да паступленьня ва ўстанову.
Што мусіць умець няшчасны ясельны дзіцёнак?
1. Прасіцца на гаршчок.
Мірцік вырашыў прапусьціць гэтую стадыю і ўжо пачынае самастойна на гаршчок хадзіць. А калі не сядае, амаль заўсёды цярпліва чакае, калі яго пасадзяць туды, і там ужо стараецца-стараецца.) (бо калі добра пастараесься – прыз: права самому вынесьці за сабой гаршчок))). На вуліцы таксама церпіць. Аварыі здараюцца параўнальна рэдка. Пампэрсамі ўжо не карыстаемся больш за месяц. Улічваючы тое, што, па маіх уласных успамінах, дзеці ў ясьлях праводзяць на гаршку паўдні, праблема невялікая. Тым болей, што болей я зрабіць не магу, і так зь пяці месяцаў гаршковай праблемай займаліся.)
2. Есьці самастойна.
У прынцыпе, Мірця ўмее набраць ежы ў лыжку і адправіць у рот. Але дэманструе ён такое раз на месяц, бо ежа для яго – экзекуцыя, а ён не мазахіст. Калі угаворваю яго ўзяць лыжку ў руку і есьці самому, ён у лепшым выпадку адкідвае лыжку, у горшым – дае мне па галаве гэтай лыжкай. Яму прыемней з цацамі гуляцца ў гэты час, і я яго разумею. Спадзяюся, у ясьлях у яго будуць сьвядомыя суседзі па стале, ён на іх паглядзіць, і таксама пачне есьці.
3. Есьці нармальную чалавечаскую ежу, не расьцертую.
А з гэтым праблемы. Жавальныя зубы зьявіліся толькі што. Нядаўна перастала карыстацца падсіткам, расьціраю толькі таўкушкай. Усё ж нейкі прагрэс ёсьць: раней нерасьцертыя кавалкі адразу прасіліся назад, цяпер усяго толькі выплёўваюцца.
4. Апранацца і наадварот.
Хмм.. Умее апранаць шапку, а ўсё астатняе – толькі тэарэтычна. Здымае штаны, калі лёгка здымаюцца. Я не заганяюся, бо па маіх, зноў такі, успамінах, я ў ясьлях таксама была поўным нулём па гэтым пытаньні.
Неяк пасадзіла Мірціка, дала ў рукі калготкі і падгузьнік: апранайся.
Ён нацягнуў калготкі на галаву, атрымалася шапачка. Зьняў, абкруціў калгорткі вакол шыі, атрымаўся шалік. Зьняў, паклаў калготкі на пуза, а калгоціны закінуў за сьпіну, атрымаўся фартушак. Так яму спадабалася. Тады запіхнуў падгузьнік пад попу. Пасядзеў давольны. Потым усё зьняў, запіхаў за сьпіну і сказаў: “Няма!”
Думаю, нянечка нядоўга такое цярпець будзе.)
5. Засынаць бяз мамы.
Тыдні два ўжо засынае ў ложку, бяз цыцкі. Праўда, я абавязкова павінна прысутнічаць, але там, можа, мяне заменяць дружбаны.
6. Мыць рукі і тварык.
На днях навучыўся. Цяпер мые рукі разоў па дзесяць запар, пакуль не адбярэш мыла.
7. Стаяць за сябе.
Мірцік ніколі нікому свайго не аддасьць. А чужым пажывіцца ніколі ня супраць.
Калі ж забяруць цацу, плакаць ня будзе, а будзе помсьціць – усё чужое забярэ і зьбяжыць, і мне на зьберажэньне аддасьць.
Так, што яшчэ трэба дзецям у ясьлях умець?