Black aspid-блог

Black aspid-блог

Вітаю ў маім блогу!

Аўтар:

Black aspid

Contributors:

(none)

Блог:

Усе допісы
Сябры

Перайсці:

Назад/Наперад
Блог
Дата стварэння
11.01.12 12:02

Колькасьць допісаў
131

Узрост блога
2108 дзён

Колькасьць адказаў
132

Візітаў
252507

RSS
RSS-стужка

Зараз праглядаюць блог: няма

відэа з праслухаўвання - 24 траўня 2015

9.06.15 5:50
[  Настрой: Вялікі дзякуй! ]

Бон ДЖОВІ https://www.youtube.com/watch?v=kFyeNRbPYIE
АВВА https://www.youtube.com/watch?v=imHv66MGYyQ
SCORPIONS https://www.youtube.com/watch?v=n1uP2whB6oA

Аўтар: Black aspid

100% мужчына

21.02.15 7:51
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]

Ён не прапускае ніводнай дамы сваіх год, каб не тыцнуць пальцам і не сказаць: ДЗІЧЫНКА! (дзяўчынка). Праўда, далей за канстатацыю факта пакуль не ідзе - гэтыя мамы заўсёды спяшаюцца.
Апынуўшыся за сталом, ён найперш ЕСЦЬ. Калі перад ім стаіць талерка, гэта ЯГОНАЯ талерка. І ніякіх там "на ўсіх", гэта вы дарма прыдумалі, а ну, паклалі назад!
А ўчора ён зрубіў мяне напавал. Гулялі на Ўправе Масленіцу. Завіталі з прэзентацыі на 5 хвілін, засталіся гадзіны на паўтары, да канца амаль.
Дык вось, мама (то бок я), вырашыла патанчыць з сынам. Спачатку сын ў непаразуменні цягаўся-матляўся за мамай, якая бадзёра скакала перад ім нешта кшталту полечкі, але раптам карціна памянялася: мужчына стаў цвёрда на адным месцы і плаўнымі, але ўпэўненымі рухамі стаў гайдаць мае рукі направа-налева, пад музыку. Карацей, павёў у танцы.
А ўжо пад канец, калі ўсе заспявалі "Пагоню", падышоў, узяў за руку і выразна прамовіў: "Танчыць!" Запрасіў даму. Да таго вызнаваў толькі адзіночны разрад. Першы танец - маме. вось які))). Праўда, ніводнай "дзічынкі" адпаведнага веку побач і не было.

Аўтар: Black aspid

Як нос з усімі пасварыўся.

21.02.15 7:09
[  Настрой: Кул! ]

(дзейныя асобы: Галава, Вочы, Нос, Язык)
Г: - Ах, які цудоўны дзень! Вочы, вы толькі паглядзіце, якая прыгажосць!
В (выбягаюць, міргаюць): - Ах-ах, сапраўды, як прыгожа!
Н (буркліва): - Фу! Прыгажосць! Гноем пахне гэтая вашая прыгажосць! Трэба было цягнуцца за 100 кіламетраў, каб гэта нюхаць!
Я – Затое тут ягады смачныя!
Н – І камары! Ты, язык, сядзіш у роце, цябе камары не кусаюць! А я – навідавоку!
Г – Нос, спыні бурчэць! Панюхай лепей кветкі!
Н – Я сам ведаю, што мне нюхаць! Вы мне ўсе абрыдлі!
В – чым жа мы табе абрыдлі?
Н – Вы, вочы, ўвесь час плачаце! Ад гора вы плачаце, ад крыўды вы плачаце, ад шчасця вы плачаце! А слёзы вашыя цякуць у мяне! І мне даводзіцца хлюпаць і шморгаць! Румзы!
В (пачынаюць плакаць) – Ы-ы-ы! нас пакрыўдзілі,,,
Н – Вось, бачылі! Што я казаў?
Я – Ты чаму вочы пакрыўдзіў? Прасі прабачэння!
Н – І ты, Язык, не лепшы! Ясі ўсялякую брыдоту, а я нюхай!
(Язык паказвае язык, Нос паказвае “нос”.)
Г – Перастаньце сварыцца! Вы ж на адным твары жывяце, як можна!
Н – А ты, Галава, мне не ўказвай! Ты наогул мяне прымушаеш савацца не ў свае справы! Учора мяне ледзь дзвярыма не прыціснула! Не, намучыўся я з вамі! Заставайцеся самі, а я пайшоў!
В – Куды ты?
Н – Куды вы і не глядзелі!
(Нос сыходзіць, вочы абдымаюць галаву і плачуць, Язык паказвае язык наўздагон)
Я - Галава, я есці хачу. Што ў нас на абед?
Г – Каша варыцца.
В – Вой, дым! Пажар, пажар!
Г – Гэта каша згарэла на пліце! Нос, чаму ж ты не папярэдзіў, што каша гарыць! А, ён жа сышоў… Ідзі, Язык, паспрабуй, ці можна гэтую кашу есці…
(Язык дзьмухае, спрабуе, плюецца)
Я – Есці немагчыма!
В – Нават глядзець брыдка!
Г – Цяжка нам будзе без Носа!
Нос (уваходзіць, шморгаючы) – Прывітанне!
В – Носік! Вярнуўся! (абдымаюць)
Н – Плакаць не пачынайце!
Я – Дзе ж ты быў?
Н – Пайшоў я на жывот жыць. А там вантробы ў жываце булькочуць цэлы дзень! Перабраўся я на каленку. Дык мяне ледзь не разбілі! Пайшоў я на пятку жыць. А нага ў лужыну наступіла! Зусім прастыў, дыхаць не магу! Давялося на твар вяртацца! Прымеце мяне назад?
В і Я – Прымем! Нам без цябе кепска!
Г – Толькі больш ні з кім не сварыся!
(канец)

Аўтар: Black aspid

Без секунднай стрэлкі

21.02.15 7:08
[  Настрой: Yahoo! ]

Учора ў Аксаны Спрынчан (бібл.Цёткі) былі на прэзентацыі зборніка казак. "Зорная Кася" - першы зборнік, дзе я дэ-факта публікуюся. Самае смешнае, што дэ-юрэ - гэта другі казачны зборнік (біёграфы, запісвайце: у зборнік "Залаты талер" увайшла казка Віялеты Богдан за маім прозвішчам. На паперы - гэта нібыта мой твор, нават паводле накладных на ганарар, за што я мушу прабачацца перад Віялетай, а "Мастацкая літаратура" будзе смажыцца на патэльні ў пекле.)
Але - не пра тое. А пра малых.
Адбыўся наш сумесны дэбют - сямейны вакальна-эстрадны гурт "Без секунднай стрэлкі". Мы спазніліся, таму нас так не абвясцілі, але, думаю, што гэта мы, і мы - гэта. Свайго рода дэбют, таму што і кіраўнік гурта (пакінем тату ролю прадусара і работніка сцэны) быў на сцэне не ў ролі аўтара, а ў ролі Разумнай галавы, ад якой уцёк уласны нос. Дый К. упершыню далучыўся ў ролі Языка. А. бліскуча адыграла ролю Вачэй, а М. парваў залю, паказаўшы прыклад таго, што пыха ды кепскі характар не дадуць анідзе жыць у згодзе.

Аўтар: Black aspid

спяваем)))

21.02.15 6:53
[  Настрой: Yahoo! ]

па выніках праслухоўвання: лідар тройкі - А., амаль дасканалы сплаў вакала і артыстызма - прайшла на выніковы канцэрт! М. быў адразу пасля прастуды, але паказаў добры прагрэс. Ідзе на канцэрт з групавой песняй. К. парваў усіх магутным галасішчам, Валера паціскаў яму руку і віншаваў з дэбютам, але над артыстызмам трэба працаваць. Эх, праз маляўкаву хваробу сама не бачыла... Але Валера цвёрда ўпэўнены, што варта працягваць - дзеці растуць ад праслухоўвання да праслухоўвання, пра што ёсць доказы ў выглядзе валеравага дасье))) Вось чаму я не хачу шукаць таннейшых студый - я не ў стане адмовіцца ад прафесіяналаў гэтай.

Аўтар: Black aspid

шклянка напалову поўная...

8.02.15 18:54
[  Настрой: Вып'ем піва! ]

Бывае, што, паслухаўшы некалькі хвілін размову дваіх блізкіх людзей, са здзіўленнем адкрываеш, што з іх прасунуты праграмайстра мае зомбаскрыню ў мазгу, а сціплы інжынер-газавік адэкватна і крытычна глядзіць на рэчы. Я фшоку! Чалавек, які карыстаўся інтэрнэтам раней, чым я ўпершыню пачула гэтае слова, кажа "паслухайце, я вам раскажу, што па ТБ паказваюць". А чалавек, які наогул за апошнія 30 год пра палітыку мне ніколі і двух слоў не сказаў, аказваецца, мае глыбока абгрунтаванае меркаванне, ды яшчэ і блізкае майму ўласнаму... І кайф ад апошняга перабіў нават шкадаванне ад першага.

Аўтар: Black aspid

ПАХАВАЛЬНЫ КВЕСТ

5.01.15 10:08
[  Настрой: Ніякі ]

Магчыма, гэта псіхатэрапеўтычны пост. А можа, зараз набягуць пісменнікі выкрываць мой цынізм. Валяйце.
Калі нябожчык – вы, у вас пэўны прывілей – не турбавацца зямнымі дробязямі. А вось блізкім нябожчыка даводзіцца перажыць сапраўдны квест, і на ўсіх узроўнях адчуць хіба змрочны цень задавальнення ад перамогі над абставінамі.
1, Вы ўбачылі.
Прыемнага мала, можа быць шок, але пачынаць дзейнічаць даводзіцца хутка. Па-першае, 103 і (калі смерць чалавека для вас – нечаканасць) 102. Не спрабуйце будаваць версіі і падманваць следства нават у дробязях (калі вы ні пры чым, вы толькі сабе праблем нажывяце несутыкоўкамі. Выпадкі вашай віны не разглядаем).
Цяпер у вас ёсць некалькі гадзін сабрацца з думкамі і наладзіць працэс. Пакуль доктар з паліклінікі альбо хуткай дапамогі запаўняе паперы, участковы раіцца з сумленнем, ці трэба экспертная група, эксперт фатаграфуе, вымярае шырыню праёмаў і даўжыню калідора, праводзіцца вынятка доказаў і пяццот разоў задаюцца стандартныя пытанні, падпісваюцца пратаколы і чакаецца перавозка, вам трэба прыняць шэраг рашэнняў.
Зірніце на каляндар, некалькі разоў. Адкажыце на пытанні: ЯКІ СЁННЯ ДЗЕНЬ? ЯКІ ЗАЎТРА ДЗЕНЬ? ЯКІ ПАЗАЎТРА ДЗЕНЬ?
Калі адказы : 1 студзеня, 2 студзеня і 3 студзеня і гэта ўсё – выходныя, вы папалі. Але, магчыма, сёння – яшчэ будні і дзень, а вось заўтра – выходны. Тады варушыцца трэба пачынаць вельмі хутка.
Дакуманты па нябожчыку афармляюцца на канкрэтнага чалавека. Ён будзе займацца (прысутнічаць) заборам цела, афармленнем пахавання і г.д., ён пойдзе і за выплатамі, і за даведкамі. Калі на бліжэйшыя дні ў вас непарушныя планы – тэрмінова шукайце і выклікайце на сябе такога чалавека.
Вы гатовыя аформіць натарыяльную даверанасць на агента, які вырашыць за вас усе пытанні? Без даверанасці агенту спатрэбіцца вашая прысутнасць пры афармленні. Затое вы скінеце з сябе кучу клопатаў – кошт гэтай свабоды я не ведаю, знаёмых агентаў не маю. Але пра даверанасць чытала ў абвестцы на спецкамбінаце, гэта ўступае ў сілу вось зараз – цягам тыдня ці месяца.
Калі дзейнічаеце самі – ацаніце спіс сваіх патэнцыйных памочнікаў. Выкрэсліце адтуль “добрых людзей рамантычнага склада, якія шануюць спрадвечныя традыцыі і ведаюць, як што трэба” і старайцеся з імі не кантактаваць асабіста дзён 40-50. Пакіньце ў спісе людзей са здаровым сэнсам, моцнымі нэрвамі і КРЫХУ цынічным светапоглядам. Пажадана тых, хто ведае: на пахаванні заўсёды і ўсё адбываецца ПРАВІЛЬНА (натуральна, я маю на ўвазе колер вопраткі прысутных, фасон труны і выбар меню для памінак, а не брудныя сваркі нашчадкаў і іншую крымінальшчыну). Пастарайцеся самі ці з дапамогай аднаго з гэтых людзей размеркаваць клопаты.
2. Апавяшчэнне сваякоў і знаёмых
Калі гэта будзённы дзень, то найперш трэба звязацца з прадпрыемствам – апошнім месцам працы (калі чалавек працаваў вельмі доўгі час на адным месцы, а пад канец – на іншым, можаце і 2 месцы працы патурбаваць). Апроч вянка ад прафкома і пары калег на пахаванні гэта можа быць дапамога: фінансавая (аплата па прад’яўленых чэках, копіі якіх вы старанна збіраеце – напрыклад, 25 базавых), прадастаўленне аўтобуса, аркестр і салют на пахаванні (для ветэранаў). Чаму найперш? Бо па выходных яны не працуюць, а прафкомам і бухгалтэрыі таксама трэба час.
Далёкія сваякі. Далёкія геаграфічна, але блізкія эмацыйна – яны могуць хацець прыехаць болей, чым вы спадзяецеся. Не будзем пачынаць на тэму “хто годны, хто не”. Проста некалькі гадзін у адпраўцы тэлеграмы ці міжгароднім тэлефанаванні могуць важыць вельмі шмат.
Блізкія сваякі – геаграфічна блізкія, паўтаруся – хай паведамляюць адно адному самі і адразу даюць адказы на пытанне: колькі ад вашай сям’і людзей будзе на пахаванні? Колькі вольных месцаў будзе ў машыне і каго з “безмашынных” сваякоў возьмуць пад сваю апеку? колькі зможа прысутнічаць на памінках? АДЗІНЫ прызначаны каардынатар вядзе падлік, пераправярае і ўдакладняе.
3. Вызначцеся з працэдурай.
А) хаваць у зямлю ці паліць? Аргументы: воля нябожчыка – улічваецца памоцна, вырашальная пры іншых роўных магчымасцях; наяўнасць у коле сваякоў закупленага месца на могілках (у калумбарыі) – калі сваякі гатовыя саступіць гэтае месца (у магілах, дзе нябожчыку больш за 25 год ад пахавання, дазваляюць хаваць наверх пры ўмове пацверджанага дакумантамі блізкага сваяцтва, падзахаванні урны ў сямейную магілу дазваляюцца без абмежавання); пажаданні найбліжэйшых сваякоў. Меркаваннем астатніх лепей не цікавіцца – хіба толькі самі разгубіліся канчаткова, і ў тых, хто дапаможа вызначыцца, а не рамантычна марыць пра сваяка ў крамлёўскай сцяне. Інакш пачнецца яшчэ той рэферэндум.
ДЗЕ будзеце хаваць. У вас гэта спытаюць і занясуць у дамову ў спецкамбінаце (а перад тым яшчэ міліцыя, здаецца, спытае і запіша ў пратакол). Звярніце ўвагу: у кошт крэмацыі ўваходзіць дастаўка урны на пазначаныя могілкі і падзахаванне яе ў магілу (сцяну) – дату гэтай апошняй паслугі вам паведамяць у крэматорыі. Ці на любыя (напрыклад, вясковыя) могілкі даставяць – не ведаю. Ці можна заранёў адовіцца ад паслугі – не ведаю, асобна пра яе нас не папярэдзілі пры афармленні дамовы, а раней - 6-7 год таму - існаваў самавываз урны.
Б) забіраць цела дахаты на ноч ці не. Старым людзям важныя традыцыі. Але варта і логіку ўключыць. Кватэра нябожчыка можа быць за некалькі гадзін прыведзеная ў добры стан, нехта можа, і хоча, і ў стане прысутнічаць там пастаянна (цела па магчымасці не пакідаюць), калідоры дазваляюць пранесці труну альбо сродкі і сілы – занесці-вынесці праз акно? Ці справа скончыцца вынасам цела на анучы з высокаэстэтычным укладваннем у падушкі труны проста на лесвічнай пляцоўцы? Праблемы вузкіх (загаджаных альбо цёмных ды непраходных) лесвічных маршаў таксама існуюць. Грузавыя ліфты – экзотыка. Таму многія, чый нябожчык воляй лёсу апынуўся не дома, развітваюцца з ім у рытуальнай залі.
Пад’ём ці спуск труны на 1 паверх ацэнены спецкамбінатам у 30 тысяч (на пачатак 2015 года) – калі няма знаёмых моцных целам ды нэрвамі хлапцоў – забабоны і прыкметы не раяць несці труну кроўным сваякам.
Вынас з машыны альбо пагрузка ў машыну сіламі спецкамбіната – 1 200 000. За кожны раз.
В) выбар рытуальнай залі (калі развітанне адбываецца не дома).
Каля кожнага морга ў Мінску ёсць адпаведная крама і развітальная заля. На вул. Якубоўскага гэта – памост 1,5 на 2,5 м, вакол якога могуць стаць чалавек 10 плячо да пляча, а па сценах акуратнымі штабялямі высяцца дамавіны розных фасонаў. Непадалёк – з асобнага ўвахода – можна набыць вянок, касцюм і г.д. (аналагічная абстаноўка ў 10 лякарні), набыццё дамавін перапыняецца на час развітання. Кошт 100 000.
Пры спецкамбінаце (вул.Альшэўскага) – прыстойная заля з асобным уваходам (іх дзве) за 530 000, асобна можна заплаціць рупліваму чалавечку, які пакіруе, дзе стаць, калі зайсці-выйсці. Не плацілі, таму кошт не ведаю.
Рытуальная заля ў крэматорыі – этап неабавязковы: вы можаце аплаціць паслугу ў фармаце “без залі” – нябожчык адразу адпраўляецца чакаць крэмацыі. Альбо развітацца ў залі, з прафесійнай вядоўцай, музыкай і г.д.
Г) ладзіць памінкі дома ці ў кафэ-сталоўцы-рэстарацыі.
Кошты кафэ, прапанаваныя спецкамбінатам – ад 210 000 на чалавека, проста кафэ – ад 200-250 тыс. (з таго, што нам адказала 2 студзеня.) Калі будзённы дзень – можна паспрабаваць дамовіцца са сталоўкамі прадпрыемстваў – у выходныя яны могуць адчыніцца дзеля вас, але дамаўляцца трэба ў будні. Як і паўсюль, добра мець знаёмых рэстаратараў. Алкаголь, як правіла, набываеце самі (спецкамбінат уключае ў меню па 50 гр на чалавека).
Д) выбраць фатаграфію для партрэта на развітальны стол. І чалавека, які замовіць партрэт (на навагодніх выходных гэта – пара кропак на горад).
4. Забраць даведку пра смерць. Без гэтай паперкі вы не дамовіцеся ні з кім, апроч кафэ. У нас і труну, здаецца, без яе не купіш (не спрабавала).
Калі чалавек доўга хварэў, і паліклініка пра тое ведала, прычына смерці відавочная - ускрываць труп патрэбы няма – даведка ў вас адразу. Смерць па-за домам (нават у лякарні) ці смерць чалавека, які па меркаванні медыкаў альбо следства мог бы жыць, робіць ускрыццё непазбежным, тады даведку выдае бюро экспертызы пры моргу. Калі вам дадуць тэлефон і скажуць “патэлефануйце заўтра зранку”, пазваніўшы, высветліце не толькі, калі вам прыязджаць, але і калі абед (ага, у паталагаанатамаў нармальны апетыт і на працы), і да якой гадзіны працуюць (бо могуць да 15, а могуць і да 17) у патрэбны вам дзень.
У даведцы можа стаяць дыягназ, а можа быць пазнака “уст” – дыягназ устанаўліваецца. Калі вы не хочаце мець сапраўдны дыягназ у пасведчанні аб смерці – у будзённы дзень пасля пахавання ідзіце ў ЗАГС і мяняйце пашпарт нябожчыка на пасведчанне. Калі ў вас ёсць жаданне альбо неабходнасць мець дакладны дыягназ – як юрыдычны доказ ці як маральнае сведчанне – вы чакаеце некалькі тыдняў, пакуль эксперты даюць выніковае заключэнне, паўторна атрымліваеце ў іх даведку пра смерць і ўжо тады ідзяце за пасведчаннем у ЗАГС і за выплатамі ў аддзел сацыяльнага забеспячэння (калі дзяржава вам нешта хоча даць). Калі вы паспяшаліся і атрымалі пасведчанне без дыягназа, а потым узнікла патрэба ў поўным дыягназе – пасведчанне можна перарабіць шляхам бюракратычнай працэдуры. Перарабляюць многія.
Атрымаўшы даведку, пачынаеце займацца падрыхтоўкай нябожчыка ў апошні шлях. Дома гігіенічныя моманты і апрананне прасцей даручыць агенту альбо знаёмаму з добрымі нэрвамі. У лякарні гэта зробяць санітары морга. Экіпіраваць у апошні шлях ад чаравікаў да насоўкі і гальштука каштуе да мільёна (часам ёсць выбар фасонаў-колераў, часам не), можна, напэўна, вопратку прывезці сваю. Старую вопратку прапануюць аддаць вам альбо знішчыць (калі гэта не ўліка).
Нябожчыка вам могуць – па вашым жаданні – памыць, пагаліць, пастрыгчы валасы-вусы-бараду, пасушыць валасы (“вам класці з мокрымі валасамі ці пасушыць?”- спытаў малады чалавек з развітымі цягліцамі), бальзаміраваць (розныя спосабы каштуюць прыблізна аднолькава, дэталяў не ведаю), грыміраваць твар і не толькі твар… Грым аплочваецца ў залежнасць ад складанасці. Дасведчаныя людзі кажуць, што нават пабываўшага пад “камазам” могуць зрабіць як жывога.
Апошні пункт – перакласці ў труну цела – 70 тыс – прымусіў задумацца і ўявіць…
Агулам мінімальны пакет пацягне каля 1000 000, на пытанне, ці трэба вам бальзаміраваць, адкажуць, што іначай не гарантуюць, што з нябожчыка нічога не пацячэ. Думаю, у іх мала хто перапытвае…
Крыж ад 200 000, вянкі-кошыкі па-рознаму, падпісаць стужку – каля 40 000, труна ад 800 000… выбіраць лепей камусьці аднаму, іначай падчас плебесцыту колькасць нябожчыкаў патэнцыйна ўзрасце.
5. Маршрут
Цяпер, калі вы маеце на руках даведку пра смерць, можна замаўляць “апошні шлях”. Вы ведаеце дзень пахавання (крэмацыі), вызначылі фармат усіх этапаў і прыблізную колькасць удзельнікаў і машына-месцаў. Ваш шлях ляжыць у спецкамбінат на вул.Альшэўскага.
1) Калі вы вырашылі хаваць у зямлю – самы час задбаць пра рыццё магілы. На старых могілках можна сутыкнуцца з неабходнасцю пілаваць дрэвы, карчаваць пні, здымаць агароджу і дэмантаваць помнік (пры пахаванні наверх на старую магілу ці жаданні пашырыць сямейнае месца за кошт заняпалых магіл-сірот вакол (калі папярэджанне пра дабраўпарадкаванне магілы правісіць 2 гады безуважна, недагледжаная магіла можа быць пераведзеная ў “фонд” і прададзеная ахвочым. А папярэджанне выглядае як каляровы шматок паперы фармата а6, які прыклеяць на пахілую агароджу).
Варта адправіць адказнага чалавека з праверкай і заранёў пераканацца, што магіла адрытая, друзы ад помніка і камлі дрэў адцягнутыя на сметнік. Узімку спатрэбіцца болей часу – на адтайванне зямлі. На старых могілках экскаватар не пад’едзе.
Калі вы проста атрымаеце месца ад спецкамбіната на “новых” могілках – гэтыя праблемы не вашыя. Вашыя праблемы тады – якіх памерлых адведаць на Радаўніцу, а якія пачакаюць. Вам скажуць і час пахавання.
2) Калі вы абралі развітанне ў крэматорыі, вам рэзервуюць канкрэтны час. Калі развітваецеся ў іншым месцы – час прыбыцця ў крэматорый неістотны. Цяпер вы можаце прадметна дамаўляцца з кафэ. Дарога ад Паўночных могілак зойме менш за гадзіну (калі вам не пашчасціла замовіць памінкі на зусім ужо супрацьлеглым канцы Мінска).
3) У спецкамбінаце ў вас запатрабуюць даведку, пашпарт памерлага і ваш пашпарт, пры пахаванні ў зямлю - дакуманты, якія падцвердзяць наяўнасць месца на закрытых гарадзкіх могілках – калі вы маеце магчымасць хаваць там, альбо вылучаць вам месца на адкрытых на сёння могілках вакол горада.
4) У вас спытаюць, адкуль забіраць, дзе развітанне, куды везці потым (якія могілкі), куды катафалк будзе вяртаць людзей – адказы спатрэбяцца хутка, бо за вамі стаіць чарга такіх самых арганізатараў пахавання – у спецкамбіната прастояў не бывае.
5) Вам прапануюць:
поўны спектр пахавальных атрыбутаў (калі тое, што ў залі, вам не падыходзіць, вам пакажуць склад).
Дапамагчы замовіць сталоўку для памінак (вул.Кальварыйская, вул.Бельскага – прапанавалі нам) і тут жа на месцы выбраць меню.
Транспартыроўку труны і людзей.
Пракансультуюць па памеры труны.
У будзённы дзень вырабяць партрэт нябожчыка – на выходных НЕ.
Падпішуць жалобныя стужачкі (толькі на тыя вянкі, што вы купіце на месцы, стужку без вянка альбо кошыка не дадуць).
На століках можна ўбачыць візітоўкі святара, арганізатара банкетаў і г.д., натуральна, ёсць заля развітанняў (распісваецца па 45 хвілін) і распараджальнік пахаванняў.
Святары нібыта не служаць у крэматорыі. А вось у развітальных залях – так.
6) Забіраць цела прыедуць акурат так, каб не спазніцца на развітанне – нават на 15-20 хвілін раней. Час вам скажуць адразу пры афармленні.
Гэта можа быць спецмашына – перавозіць толькі труну, напрыклад, з морга да месца развітання, куды людзі прыедуць самастойна – альбо катафалк – для труны і людзей (можа быць ад 4 месцаў і болей, кошты блізкія).
7) У крэматорыі ці на могілках той, на каго аформлены нябожчык, мусіць афармляць юрыдычныя фармальнасці з прадстаўнікамі адміністрацыі. У крэматорыі трэба адразу ж выбраць фасон урны і аплаціць яе на месцы (не, ну можна потым заехаць…) Каля 1500-200 тыс.
6. Паперы, якія пастаянна трэба мець пры сабе – даведка пра смерць (прад’явіць давядзецца разоў 100), пашпарт памерлага – таксама 100, пашпарт таго, на каго афармляўся нябожчык – разоў 50. Дамовы на падрыхтоўку цела, дамовы на перавозку і на развітанне, крэмацыю – прад’яўляць адпаведна. Чэкі збіраць, калі прадпрыемства гатовае ўдзельнічаць у выдатках, альбо калі фінансавы цяжар нясуць некалькі сем’яў. Паперы, якія падцвярджаюць валоданне месцам на могілках (пры крэмацыі не спатрэбяцца), паперка з крэматорыя – дамова пра дзень і час падзахавання.
7. Візіт у храм – калі нябожчык быў вернікам. Можна падаць на малебен, можна набыць “пахавальны набор” – папяровую павязку на лоб, іконку ў рукі (так робяць праваслаўныя, за каталікоў не скажу), запасціся свечкамі (на іх добра апрануць паперкі, каб бараніць руку, вопратку ды падлогу ад кропель воска), просвіркамі (памінальныя булачкі, якія рэжуць на ўсііх па кавалачку і ядуць перад памінкамі), а таксама запрасіць святара – калі не дазваніліся па візітоўцы.
На заметку: святар, каб папярэдзіць FAQ з нашага боку, запэўніў: пашкодзіць душы нябожчыка мы не можам нічым і ніякім чынам, што б мы ні зрабілі ці не зрабілі; кулічы і яйкі можна, а сваркі і помста – нельга. Калі мы жывем з любоўю, нашым памерлым гэта залічваецца, а вось брыдота розная залічваецца толькі нам.
Паўтаруся, гэта не ўніверсальны мануал, а абагульненне асабістай інфармацыі са спадзёвам, што пакуль спатрэбіцца – сто разоў усё памяняецца…

Аўтар: Black aspid

Рыгор Балоцін

23.12.14 0:19

Дзядзька мой Рыгор сёння згадваў сваю маладосць.
У 1974 годзе паступіў ён на працу ў НДІСА (навукова-даследчы інстытут савецкай арміі), дзе вырашаў дзеля савецкай радзімы пытанні радыёсувязі (найперш датычныя самалётаў).
Упершыню паслалі яго ў самастойную камандзіроўку ў Пензу. Паслалі на 10 дзён. Але праз дзесяць дзён не адпусцілі - праца не была скончаная. Прайшло яшчэ дзён пяць, Рыгор захваляваўся. Бяда была ў адсутнасці грошай і ў тым, што пачала адрывацца падэшва. Папераймаўшыся крыху, хлопец пайшоў да галоўнага інжынера. Думаў, той грошы дасць, а начальнік параіў яму ... пазваніць у Мінск, на працу. Каб перавялі грошы. Сусед Рыгора свой перавод чакаў дзён 5 ці сем. Перспектывы былі сумныя. Абодва хлопцы вытраслі дробязь з кішэняў. Высветлілася, што на іх супольны капітал можна адужаць набыццё трохрублёвых кедаў. Так савецкі інжынер, сам не ведаючы таго, стаў хіпстэрам))). Далей сусед прапанаваў схадзіць у мясцовае бістро "Каса мара". "Чаго мы туды пойдзем без грошай!" - адмахнуўся Рыгор. Сусел толькі парагатаў з яго і пацягнуў з сабой. "Дзяўчаткі, мы ўсё ніяк не вырашым, якога віна ўзяць", - звярнуўся да афіцыянтак. "Дайце на спробу!" Ім налілі віна на палец. Хлопцы з важным выглядам ацанілі "букет", пацокалі языкамі і папрасілі іншага на спробу. Практыка такіх дыгустацый у той забегалаўцы існавала даўно, таму ў суме мелі прыяцелі па 150 віна - замачылі кеды, каб насіліся.
У гатэлі пад іх нумарам жылі дзяўчаткі-абітурыенткі. Напэўна, норавы ў гатэлі падтрымліваліся суворыя. Але гэта не зашкодзіла наладзіць ліставанне: спускалі хлопцы ліст на вяроўчыне, гэтак сама ўцягвалі ў акно адказ...

Часам даводзілася Рыгору ездзіць па працы ў Літву - Літоўскую ССР. Гэта было выпрабаванне! Літоўцы, павітаўшыся з рускамоўным хлопцам, тут жа пераходзілі на літоўскую мову і старанна тлумачылі, куды ісці. Паколькі Рыгор літоўскай не ведаў, размовы гэтыя яму дапамагалі бы мёртваму прыпаркі. (А бацька мой бажыўся, што літоўцы наўмысна блыталі кіроўцу іх турыстычнага аўтобуса, які вазіў іх дзве гадзіны вакол кірмаша, шукаючы праезду. Такія яны, зацятыя браты). НДІСА установа сакрэтная, часам указанні па даездзе складаліся па прынцыпе "пайдзі налева, адтуль праедзь пяць прыпынкаў тралікам, перасядзь на аўтобус... і г.д. І неяк раз, сеўшы не ў той бок, Рыгор з гадзіну прамучыўся, пакуль адна дзяўчына паспачувала яму і замест літоўскай абракадабры адвяла на прыпынак і пасадзіла ў патрэбны аўтобус. Не лепей было на самім заводзе. У цахах - спрэс літоўская мова. Рыгор пачуваўся марсіянінам. Працаваў бы шалёны: прыбягаў на завод да ажкрыцця, сыходзіў з апошнімі работнікамі. Абы хутчэй справіцца - і дахаты.
Але часцей ездзіў у Казахстан. Аднаго разу паехалі траіх. Прыбылі, адзначылі камандзіровачныя і сабраліся на аэрадром. Высветлілася, што бусік з'ехаў, наступны будзе гадзін праз пяць, пад абед, але ёсць дарога нацянькі. Нацянькі дык нацянькі, рушылі. Праз некаторы час выйшлі на бетонку. Пайшлі весялей. Раптам ледзь не над галавой - невялічкі самалёт. Нясецца, раве, пралятае - і ў неба. Прыкольна. Задралі галовы, правялі позіркам, рушылі далей. А тут ізноў той самалёт проста над галавой. Што яму, дурню, трэба? Блазнуе, па ўсім відаць. Ну добра, паляцеў прэч. Але ж зноў прэцца! Ледзь не ў твар ляціць. І тут нехта з іх скеміў: - Хлопцы, цікаем!
Саскочылі ў бок з дарогі - і праз секунды па бетоннай сцяжыне пакаціў самалёцік, пілот якога ўжо і не ведаў, што рабіць: паліва на нулі, а тры ідыёты занялі УПП!
У камандзіроўках Рыгор зненавідзеў кансервы. Было так: паехалі дваіх з начальнікам. Пайшлі засяляцца ў гатэль той вайсковай часткі, дзе наладжвалі самалёт. Завялі іх у "актавую залю" - памяшканне з пятнаццаццю ложкамі без ніводнага чалавека. Размяшчайцеся! Ўночы было ніякавата. Але перажылі, а зранку рушылі на аб'ект. Цягнуліся ледзь не паўгадзіны ўздоўж даўжэзнага плота ваеннага гарадка. Потым яшчэ столькі ж ад КПП да аэрадрома, дзе стаяла сакрэтная машына. Самалёт быў хітры: то працуе, то не працуе. Савецкія інжынеры людзі смекалістыя. Сталі саваць дэталі ў снег - ці будзе працаваць пасля нізкіх тэмператур? Працуе. Тады сталі гарачым паветрам абдзьмуваць - ці спрацуе пасля нагрэву? Працуе. А потым - раз - і не працуе. Ламалі галаву да абеда. А ў абед зразумелі, што нікуды не пойдуць. Туды-сюды схадзіць, і то часу не хопіць. Ператрывалі да вечара. Давалакліся да КПП, выйшлі, давай крамы ці сталоўкі шукаць. Замкнёна! Перабіліся рэшткамі зсабойкі (бо гатэль, натуральна, без рэстарацыі - савецкі ж гатэль пры савецкай частцы!) А зранку, прыкінуўшы, што і сёння ўночы вернуцца, прыкупілі па батону ды па пары бляшанак кількі. Так пражылі дзён пяць: сняданак - паўбатона ды кілька ў тамаце, вячэра - паўбатона ды кілька ў алеі. Згадла да ванітаў. І тут нехта спытаў у іх, чаму яны штодня ідуць праз КПП, а не праз дзірку, як увесь афіцэрскі склад. Якая дзірка? Гэта ж суперсакрэтны аб'ект! Але ў метрах дзесяці ад іх праклятага самалёта і сапраўды адшукалася дзірка ў плоце, якая вывела мужчын акурат да ганка гатэля. Жыццё наладзілася! Кілька з батонам саступілі месца нармальнай сталоўскай ежы.Праз пару дзён, здаючы нумар перад ад'ездам, начальнік задумліва сказаў: "Упершыню так з'ездзіў у камандзіроўку, што камандзіровачных на ўвесь тэрмін хапіла..." Вядомая справа! Рыгор, захоплены вынаходніцтвам, увесь вольны час нешта пісаў ды крэмзаў, пралічваў ды пералічваў, а на п'янкі не квапіўся. (А калі звольніўся з НДІСА, меў ужо ажно 52 пасведчанні аб рацпрапановах ды вынаходніцтвах. Ды не ў той краіне жыў: меў з гэтага ўсяго капейкі ў якасці матэрыяльнага заахвочвання.)
Камендант хацела выпісаць ім квітанцыю (каб на працы кампенсавалі пражыванне). Начальнік разлічыўся, а паперу не ўзяў: "Скажам, што не ў гатэлі жылі, а мусілі хату арэндаваць. Выплацяць удвая!" - навучаў ён Рыгора.

А аднаго разу праз сакрэтнасць сваёй місіі ледзь не трапіў Рыгор у пастарунак. Савецкія заводы ўсе былі завостраныя пад абаронную прамысловасць, і часам пад шыльдай "Велазавод" з канвеера сыходзілі грозныя танкі, аа завод электраабсталявання паміж справай выпускаў сістэмы навядзення ці іншую профільную прадукцыю. Насельніцтву пра тое ведаць неварта было. У сценах НДІСА заводы гэтыя зваліся сваімі назовамі (а кожны супрацоўнік даваў шматгадовую падпіску пра неразгалошанне дзяржаўнай таямніцы). Так жа і ў паперы камандзіровачнай пісалі. А на мясцовасці даводзілася шукаць завод з нейкай бяскрыўднай назвай, пра якую казаць заранёў ніхто мог і не парупіцца. Паперак камандзіраванаму заўсёды давалі дзве: публічную, якую можна было паказваць каму заўгодна, і сакрэтную - так званы допуск, які падцвярджаў, што ты не шпіён, а адказны савецкі інжынер - толькі сакрэтнаму чалавеку на сакрэтным прадпрыемстве (а іначай - парушэнне дзяржаўнай таямніцы і кірдык). А тут, як на тое, завод ніяк не знаходзіцца. Ёсць нейкае прадпрыемства, а назва зусім не пра тое. І не зразумееш, ён, не ён... Пытаецца ў людзей па той назве, што ў несакрэтнай паперцы - ніхто і не чуў пра такі завод. Пайшоў з гоа ў міліцыю: скажыце, дзе ў вас вось гэты завод? Няма, кажуць, такога завода. Дык як жа няма, калі мяне сюды накіравалі? А вось няма! А будзеце тут з вашай паперкай галаву дурыць, дык мы цябе на суткі закрыем, разумнік выкапаўся!
Пайшоў Рыгор прэч. Аж бачыць: вайсковая частка! Ён з вайскоўцамі спраў багата меў, парадкі ведаў. Падышоў да вартавога, папрасіў паклікаць начальніка змены. Той у паперчыну зірнуў і маша рукой у бок таго самага завода. "Дык там жа не тое!"- не верыць Рыгор. "Тое, што вам трэба. На назву не зважайце",- супакоіў афіцэр. І не падмануў.

Аўтар: Black aspid

Камсамольская качка і інш.

9.10.14 5:56
[  Настрой: Yahoo! ]

Хоць КП ў Беларусі і пажаўцела разам з КП, але гэта пэўны ўзровень.
Учора паспявалі на рэкламнай акцыі ў цэнтры "Скала", што на П.Глебкі.
Мінусы: не паставілі банераў і экскурсаводаў, каб знайсці свята (і нават ахова цок.паверха не ведала, што акурат над імі пачынаецц свята). І тое, што прайм-тайм аддавалі каўбасе і касметыцы, а не маладым і пажылам артыстам, з-за чаго, магчыма, не ўсе паспелі выступіць (мае-та паспелі, але ўжо ў час, калі фармальна акцыя завершылася).
Плюсаў было больш. Атмасфера і настрой на 10. Куча забаў і заняткаў (мае сарамліўцы сфоткаліся на бнсплатныя магніцікі (і так, атрымалі), круцілі цацкі з шарыкаў, ляпілі свістулькі з гліны, шалелі ад Мазгакруцікава (вось жа хлопец: тры хвіліны - а ўражанне, што паловы свята зрабіў!), а побач нехта рабіў паштоўкі, стаялі прыгажэнныя вырабы з саломкі, можна было надэгуставацца берасцейскай каўбасы, была латэрэя, бясконцыя конкурсы... (і я падазраю, штосьці засталося па-за маёй увагай)).
Аніякіх праблем з мікрафонамі, фанаграмамі.
Артысты - ад 5 да 75 (я заўсёды адзначаю, калі запрашаюць выступіць не толькі мімімішных дзетак і амаль аголеных фігурыстых танцорак, але і старых аматараў песень ды вершаў).
Мы сустрэлі дзяўчыну, з якой разам ходзім на фартэп'яна - яна спявала Купалінку(!), а незнаёмы хлопец-падлетак - выдатную песню па-беларуску. Так прыемна, што мова не заканчваецца і не пачынаецца церашковымі. Наш "Без цябе" быў сустрэты надзвычай прыхільна. І хоць я падазраю, што клоўна з шарыкаў (1,5 м вышыня і 1 м дыяметр) Берасцейскі мясакамбінат і так не павёз бы з сабой у Берасце, але М. атрымаў яго заслужана. Разам з каўбасой, сасіскам, кубкам, блакноцікам, асадкай і безліччу чортведаечаго, якое звычайна прыводзіць у захапленне колькасцю адараванаг, але і ў гаспадарцы прыдасцца. А. аналагічны падарунак уручала "слодыч", дык мы яшчэ і з пячэнькамі. Кніжкі, дыскі, рэкламныя буклеты сыпаліся на гасцей дажджом. І прыкольная "Камсамольская качка" - мяккае качаня "газетнай" масці - кожнаму.
Карацей, хоць і пахваляваліся, ці паспеем выступіць, але задаволеныя на ўсе 200. Нават дачушкіны боты забыліся ў краме! Давялося бацьку ўночы ляцець шукаць)))
а вось і рэпартаж http://www.kp.by/daily/26293.4/3170370/

Аўтар: Black aspid

пчаліная прэм'ера

25.08.14 6:50
[  Настрой: Блазан ]

Вярнуліся з гастроляў у Лагойску, куды трапілі дзякаваць "Мастацкай літаратуры".
Гэтым разам вырашыла ставіць не правераны часам "Гаспадарлівы мяшок", а новую мініятуру "Пчолы", напісаную паводле загадак з кніжкі "Сакрэты кветак...". Прыгажосць гэтай сцэны не толькі ў сапраўдных пчалячых касцюмах, пашытых нашай бабуляй для мюзікла "12 месяцаў", самая разыначка - фінальная песня пра папараць кветку - аўтэнтызацыя на беларускую глебу вядомай тэмы з м\ф "Шёлковая кісточка" . А ў дадатак сусветнавядомы хіт Рамштайнаў "Без цябе" і непаўторная кампазіцыя "Паглядзі, паглядай" ад Бітлз.
Пчолы з-за дажджлівыга надвор'я лёталі не вельмі актыўна, але тэкст адгудзелі без збояў, а гледачы нават адгадалі ўсе загадкі. Шкада, што мікрафоны не ўдалося наладзіць - сусветным хітам не хапала крыху аб'ёма. Затое добра можна было разабраць тэкст.
Прымалі нас вельмі цёпла, у пчалы маёй ледзь дах не сарвала пасля выступу - стала віраваць па лагойскай бібліятэцы, балтала несупынна.
А пасля паехалі ў галерэю С.Ф.Давыдовіча (таго, каторы Зосін))) - паглядзець карціны і гліняныя скульптуры.
Паездка ўдалася. І мы, здаецца, не расчаравалі. Запрашайце нас!

Аўтар: Black aspid

чыбрыкі

14.07.14 18:42
[  Настрой: Ніякі ]

Мікалай Аляксандравіч Церашкоў не раз узгадваў тыя чыбрыкі - найлепшыя прысмакі жыцця пад акупацыяй. Напэўна, са слоў брата Валодзі, бо сам вайну не памятае - малы быў.
Аднойчы сын - ужо дарослы - стаў упрошваць маці зрабіць тыя чыбрыкі - найсмачнейшую страву ў свеце. Маці адмахвалася: дурное прыдумаў! А сын не адчэпіцца: мару чыбрыкаў пад'есці, не магу - так карціць. Смак дзяцінства! Лепшыя ўспаміны.
Паўздыхала маці. Але рашылася. Зрабіла. Па акупацыйнай рэцэптуры. "Як тады". Сын з заміраннем сэрца ўзяў адзін, адкусіў... і выбег з хаты, адплёўваючыся. Чыбрыкі былі тыя самыя - ляпёшкі з гнілой бульбы, смажаныя на тэхнічным алеі. Але гэтым разам смачна чамусьці не было...

Аўтар: Black aspid

Азвярэлыя бацькі

13.07.14 19:35
[  Настрой: Yahoo! ]

А. ў слязах скурчылася на канапе.
- Я не пайду! Сёння такі моцны ВЕЦЕР! я ўсё роўна не выйду! Я буду на кацеры з трэнерам!
Усхліпы рабіліся ўсё часцейшымі ды гучнейшымі. Бацька нешта строга казаў у слухаўку, і з кожным ягоным словам малая гаротніца хлюпала ўсё горай. Наспявала гістэрыка. Але маці груба звалакла дачку з канапы, гвалтам запляла касу і катэгарычна папярэдзіла, што на спаборніцтвы тая ІДЗЕ. Зарумзанае дзіця, усхліпваючы, сапхнула ў сумку гідракасцюм, нацягнула красоўкі і павалаклося на чыгуначную станцыю. Маці засталася піць валер'янку. Бацька на дачы не мог патрапіць малатком па цвіку...

Прайшло 4 дні спаборніцтваў. Штораніцы А. выпраўлялася на станцыю. Сёння ўпэўненая яхтсменка заявілася дахаты з далёка не апошнім 43м месцам (пры устаноўцы трэнера добра стартаваць і па магчымасці дайсці да фініша), прэтэнзіямі, што вецер сёння не такі моцны, як учора, і з прызам за асабістую смеласць.
Скажыце мне, што да капрызаў дзяцей трэба прыслухоўвацца...

Аўтар: Black aspid

Цой жыве!

22.06.14 21:37
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]

Все говорят, что мы в.месте.... Доброе утро, тебе і такім, как ты... значіт, всё не так уж плохо на сегодняшній день...
Так откуда взялась печаль?)))

ПС: шчасце - гэта так проста... па першых акордах...
І заўсёды 13 і 28, а не 37 і 52...

Аўтар: Black aspid

юбілей

15.06.14 7:19
[  Настрой: Блазан ]

учора гулялі на свякроўчыным юбілеі. Спадабалася рыцарская заля ў "Праспекце" і ўнутраны дворык - дзятва набегалася! Шэсць... не, сем дашкольніка-школьнікаў дакучы (тры ўнукі, чатыры праўнукі 6-10) - гэта малы аркестр шумавых... гранат, як трапна выказаўся Андрэй.

Давялося весці "канцэрт". Канферанс удаўся))) Хачу паглядзець відэа. Малыя казліліся, але выступілі шыкоўна. І мае зоркі, і мае стрыечныя ўнукі - аднагодкі маіх дзяцей. Усё ж гэта прыкольна, калі да цябе падбягае шасцігодка і кажа: "Бабушка... тётя Лена!"

А яшчэ крута, калі 80-гадовы андрэеў дзядзька Віктар танчыць "яблычка" з 50-гадовым пляменнікам Сяргеем, а 15-гадовая свякроўка вальсіруе з вусатым шляхціцам - суседам па дачы.

Галоўнае - і тым, хто за рулём, і тым, хто спажывае - весела. Спадзяюся, дзеці гэта засвояць - што не чарка забяспечвае весялосць, а людзі!

Аўтар: Black aspid

перазагрузка...

9.06.14 9:28
[  Настрой: Анёл ]

стаўлю "птушачку": учора скончыўся ўнутраны крызіс, пачалася "светлая палоса" з усімі атрыбутамі новага жыцця. Як і ў любым новым жыцці, стандартны спіс "што раблю" і "што не раблю". Да прыкладу, у апошні спіс пхну фэйсбук. А ён, зараза, хітры і не паддаецца. Ну, нічога, Марк Твен кідаў паліць сто разоў, і я паспрабую...

Аўтар: Black aspid

Мова на Нова!

4.06.14 12:04
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]




Хоць на апошні занятак схадзілі...

Аўтар: Black aspid

Г.Бураўкіну

30.05.14 16:14
[  Настрой: Мне дрэнна ]

Успамін гэты ўзнік дзякаваць Ларыса Сімаковіч...

Я амаль ніколі не падыходжу да ВЯЛІКІХ, ВЫБІТНЫХ людзей - не ўяўляю, каб ім было са мной цікава, а напружваць іх не хапае сумлення. Вось восем гадоў таму не пазнаёмілася з Барадуліным...
Шанцаў пазнаёміцца з Бураўкіным было ў мяне яшчэ менш. Хаця бачыла яго метраў з пяці...
Сівы тысяча дзевятсот восемдзесят... шосты? сёмы? не паручуся за дакладнасць. Мы, гадаванцы фальклорнага гурта #ЛарысаСімаковіч рыхтуемся да канцэрта ў Доме Літаратараў. Ларыса Іванаўна вельмі хвалюецца. Просіць сяброўку Валянціну сесці ў пустой залі, сама спявае - ці чуваць? Яна ўзрушаная: на канцэрце мусіць быць САМ Генадзь Бураўкін! (я чую гэтае імя ўпершыню, мне 9 год і пляваць з гаўбца на ўсю вашую беларушчыну - ну, мова, ну, песні... запісалі б у кітайскі гурт - старанна хадзіла б і туды. Гаворыць з намі Ларыса Іванашна па-беларуску (хочацца ёй так чамусьці, дзіўнавата, але быў бы чалавек добры) - ну дык мы з ёй па-руску гаворым, дый не вядзем мы размоў - песні вучым народныя. Справа ў нас такая. Але цікава, чаму такая баявая Ларыса Іванаўна раптам некага так... ну, не баіцца, паважае.
І вось стаім мы траіх у кулісе, драбяза ў выданых нам нацыянальных касцюмах, а тут проста з-за задніка на сцэну выходзяць двое, а мо трое такіх мужчын у светла-шэрых касцюмах, і такія яны... важныя... не ў сэнсе пыхі, а ў сэнсе таго, што неардынарныя яны нейкія, я з плябеяў паходжу, а яны - патрыцыі, вось! І гляджу я на гэтых патрыцыяў і нейкім ворганам разумею, што гэты вось дзядзька ў акулярах - ЁН, САМ, з-за каго Ларыса Іванаўна так хвалюецца. У пяці кроках, можна сказаць, даступны як ленін... І гаворыць ён ціхенька са сваімі спадарожнікамі ПА-БЕЛАРУСКУ! Вось гэта быў шооооооок! Ларыса Іванаўна - гэта як настаўніца белмовы ў школе, толькі што сын яе трохгадовы - дзіва!- па-беларуску разумее (можа і гаворыць, хто там яго слухаў, малечу, пра што з ім гаварыць...). А тут - адразу і на ўсё жыццё, як успышка: ЭЛІТА Беларусі гаворыць ПА-БЕЛАРУСКУ!
З гэтага часу і па сёняшні дзень я так і лічу: эліта Беларусі гаворыць па-беларуску. Цяпер ведаю: не толькі эліта. Такія, як я, плябеі, часам таксама гавораць. Можа, нават, нас больш, чым іх. Але ВЫ, ТЫЯ, ХТО ГАВОРЫЦЬ ІНШАЮ МОВАЮ, лічачы сябе БЕЛАРУСКАЙ элітай - гаўно вы, спадарсва, а не патрыцыі.
Вечная памяць выбітнаму сыну і сапраўднаму патрыёту сваёй Бацькаўшчыны.

Аўтар: Black aspid

обладі, облада!

29.05.14 18:06
[  Настрой: Вялікі дзякуй! ]

мары ідыёткі споўніліся - М. праспяваў з Дашай беларускую версію майго любімага твора Сэра Пола.
А. скарыла публіку песняй пра папарацькветку (толькі Валера папрасіў яшчэ раз праспяваць пачатак, пасміхаючыся). К. мужна адспяваў каталеапольда - "будзе ясны дзень - будзе добра ўсім...", пазіраючы кудысьці на сваё правае вуха. А потым заявіў мне, што хоча спяваць іншы раз ангельскую песню па-беларуску. (папярэдняя замова была проста пра беларускую песню, цяпер мы хочам спрычыніцца да сусветнага багацця).

Дзякуй усім - Валеру, Святлане Барысаўне, дзецям за цудоўны вечар.
Сёння - чэмпіянат Беларусі. Сяджу, сухапутная пацучыха, чакаю марскіх ваўчанятак.

Аўтар: Black aspid

ура! на ваду!

28.04.14 8:55
[  Настрой: Yahoo! ]

першая трэніроўка на вадзе! Цяпер будзем разрывацца паміж клубам і астатнімі гурткамі))))
Марак ды марачка)))

Аўтар: Black aspid

плыўчыха

31.03.14 8:22
[  Настрой: Перамога ]

А. праплыла ў вялікім басейне 25 м. йес! У лужыне ўжо не патоне))).
Адкрываецца сезон на моры.

Аўтар: Black aspid

малайцы байцы!

29.03.14 19:59
[  Настрой: Yahoo! ]

тыдзень перад канікуламі ў М быў насычаны.у чацвер хадзіў на 1-шы Гарадзкі конкурс камерных ансамбляў, дзе разам з дзяўчынай-акампаніятарам занялі яны 3 месца ў малодшай узроставай групе.
А ў пятніцу,нарэшце, быў канцэрт на студыі і дыскатэка! Малыя задаволеныя, у канцэрце ўсе ўдзельнічалі з групавымі песнямі, а М яшчэ і сола з Рамштайнам. К. заявіў, што хацеў спяваць не адну песню, а шэсць!

А сёння на маляванні сказалі, што М-вава гравюра атрымала на выставе дыплом нейкі!

І зараз М і А на спаборніцтвах па АФП...
Адным словам, вясна!

Аўтар: Black aspid

бывайце, дзядзька Рыгор...

4.03.14 7:43
[  Настрой: Сумнік ]

малы прыйшоў з урока беларускай. Настаўніца казала ў класе пра Барадуліна. Ушанавалі ягоную памяць, вывучыўшы на ўроку і напісаўшы па памяці ягоныя радкі...

Аўтар: Black aspid

першыя калядкі Анэлькі

11.02.14 22:54

http://www.youtube.com/watch?v=m_ZWG2fXdUQ&feature=youtu.be

Аўтар: Black aspid

рыхтуемся...

7.02.14 10:58
[  Настрой: Кул! ]

Камісія начале з Валерам Шматам адабрала Мсціслава на канцэрт! Вось такія вынікі праслухоўвання. Дзе і калі, ніхто не ведае, але вось-вось))))) Нават новую песню не пачынаем вучыць - засяроджваемся на Рамштайне.
Шкада, што нельга ўсіх на канцэрт - і дзеці, і бацькі так перажывалі і стараліся... Цяпер шмат хто ходзіць у непанятках... Цікава, ці ходзіць хто з пытаннямі да Валеры. У таго сваё меркаванне, мінулы раз Святлана Барысаўна нам казала, што лічыць Мсціслава пакуль не гатовым, але Валера настаяў, што трэба выступаць. І артыст не падвёў!

Аўтар: Black aspid

зімовае праслухоўванне 2014

5.02.14 11:59
[  Настрой: Yahoo! ]

Калі агента кдб нельга забіць, варта яго купіць. Артыст К. дужа пераймаўся з-за адсутнасці Марка, з якім хацеў спяваць дуэтам. Давялося паабяцаць 2 падарункі... Цуд! Артыст кінуў ляжаць на падлозе клубочкам і пабег рэпетыраваць! А тут і Марк падышоў. Эх, паспяшалася з прапановай...
Смешныя моманты і неспадзяванкі на нашых унутраных канцэртах - не рэдкасць. Весяліліся і гэтым разам. Але каб абсалютная большасць гэтых момантаў належала маёй тройцы... Карацей, гэта быў наш бенефіс!
Артыст К., выйшаўшы на сцэну, заплюшчыў вочы, павярнуўся да залі бокам, закінуў галаву і стаў злёгку трэсціся на манер прыпадачнага. Марк на гэта відовішча філасофскі пазіраў. Міла, якая заўсёды сядзіць на першых шэрагах і падказвае словамі ды рухамі, запыталася, чаго б гэта ён. К. патлумачыў, што зараз ён спіць, а як толькі пачнецца музыка - прачнецца. І вось загучала фанаграма... К. падскочыў на 15 см ўгару з воплем кшталту варонінага сола, сцепануўся і спакойна стаў спяваць пра бабулю і аладкі.

Артыстка А. рыхтавала нумар даўно. У патрэбны момант ёй трэба было высыпаць на гледачоў бліскучыя зоркі. Дзякаваць пільнасці таты, зоркі былі вырабленыя з цукеркавых фанцікаў за гадзіну да канцэрта, аэрадынамічныя якасці я тэставала асабіста, стос у кішэні зберагаў адказны М. Перад выступам старэйшай групы зоркі былі выдадзеныя спявачцы - здавалася, ніякіх нечаканасцяў быць не можа. Але таленавітыя дзеці таленавітыя ва ўсім. Паспяхова шпурнуўшы ў паветра зоркі (якія тут жа прыгожа асыпаліся пад ногі), А. даспявала прыпеў. І тут яе напаткаў пройгрыш. Чаго час губляць? - падумала, напэўна, А. і на вачох гледачоў прысела і хуценька прайшлася гусіным крокам па колы, падбіраючы фанцікі. Падабрала, паднялася, на апошняй ноце зрабіла кніксэн і пад апладысменты сышла. "Гаспадынька!" - толькі і сказаў Валеры Шмат.

Артыст М. хваляваўся толькі дома. Перад сцэнай, наноў ускудлачаны ў адпаведнасці з вобразам, пачувашся цалкам спакойна. Выйшаў на сцэну заранёў. Святлана Барысаўна ўключыла музыку, спытала: Гэты мінус? Артыст М. важна хітнуў галавой, падняў мікрафон, набраў паветра... і зароў на ўвесь паверх голасам галоўнага Рамштайна, бо мінус апынуўся плюсам. Праз некалькі секунд памылку выправілі, але ўражанне гледачы захаваюць надоўга.

Але мушу канстатаваць: усе малайцы. Старэйшаму налета трэба было б індывідуальныя заняткі...

вось і Валеры Шмат не толькі даў пару асабістых заўваг, але прапанаваў 1 гадзіну індывідуальнай вакальнай кансультацыі для малога , якой М. застаўся вельмі задаволены. Сапраўдны знак, што развівацца ёсць куды...

Аўтар: Black aspid

калядоўшчыкі другой генерацыі

17.01.14 9:51
[  Настрой: Yahoo! ]

Церашковы - гэта як тараканы. Жаруць усё, прыстасуюцца да ўсяго, і вывесці цяжка.

Вось і Анэлька з класам хадзіла калядаваць. Мсціслаў граў на флейце, каб Каза-сястрычка танчыла
( http://umrazum.wordpress.com/2013/12/02/%D0%BF%D0%B5%D1%80%D1%88%D1%8B%D1%8F-%D1%88%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%8B%D1%8F-%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%B4%D0%BA%D1%96/.- першыя школьныя калядкі)
Дзеці ў захапленні, суседнія класы ў ціхім шоку (думаю, гэтым толькі можна патлумачыць, што нават дзякуй мы не пачулі - на некалькі класаў адно квёлае спасіба))))
Завуч чарговы раз выграбла запас цукерак))), а мы ўсіх пачаставалі блінамі.
(А мне ўжо мала. А мне, як таму таракану, мрояцца новыя тэрыторыі...)

Аўтар: Black aspid

каляды2013

8.01.14 8:42
[  Настрой: Анёл ]

каб не згубіць. відэа калядак.
http://www.youtube.com/watch?v=-HGO7NJpPzg&feature=youtu.be

Аўтар: Black aspid

Жлобін

3.01.14 15:12
[  Настрой: Блазан ]

Рэдкі артыст даедзе 2 студзеня да гледача. Рэдкі глядач дойдзе. Але імпрэза адбылася! Артыстаў было мала, калі не сказаць катастрафічна мала. Але і сцэна была маленькая, таму некалькі кузурак замянілі рой заедзі, некалькі сняжынак - сумёт, танцавальная партыя восені отрымалася сольнай, а месяцаў у годзе ажно 11! - але ўсё прайшло добра!
хлопцы ў залі складвалі з пальцаў сардэчкі - напэўна, намякалі на нешта кузуркам-сняжынкам.
Артысты задаволеныя гастролямі, мы з Андрэем - што не сачканулі (думка, па-шчырасці, была, але мы былі мацнейшыя за ляноту) - без нашых варон-пчолкі-сняжынкі крытычнай масы магло і не хапіць.
А 9 снежня нас чакае Салігорск...

Аўтар: Black aspid

Гастролі ў Гомлі

2.01.14 9:24
[  Настрой: Yahoo! ]

Як прыемна ведаць, што ў цябе залаты муж, які любіць дзяцей і прыгоды!
Як ні скарачала Міла актораў у эпізодах (у чым ёй актыўна дапамагалі ротавірусы і іншыя калядныя мерапрыемствы), але ў 6 раніцы 28.12.2013 аўтобус апынуўся забітым дзецьмі.
Бацькі, што хацелі ехаць , засталіся за бортам.
І тут наш татка (меркавалі, што паедзе ў аўтобусе)апынуўся малайцом: забраў дзяцей у машыну, пасадзіў туды ж пару мамак, і на нашыя месцы ў аўтобусе сеў нехта з мам. Рушылі ў Гомель. Да Жлобіна дарога была ячшэ нічога. А далей ... 93 км аднога рамонта дарогі. Юркія самазвалы. Хмары пяску ў паветры. Балтанка. Мае вароны даехалі агурчыкамі))). А вось небаракаў у аўтобусе растрэсла, па шэсць раз ванітавалі самыя лепшыя нашыя артыстачкі Саша Пруднікава і Наста Германовіч, і астатнія мелі бледны выгляд, калі нарэшце аўтобус падкаціў да Палаца Чыгуначнікаў за 10! хвілін да пачатку спектакля.
Паспелі.
Пасля першай імпрэзы быў перапынак 4 гадзіны. Змучаныя дзеці і мамкі адлежваліся ў кавярні, а Андрэй павёў малых глядзець Сож, парк і - раяль у кустах - палац Румянцавых-Пашкевічаў.
Пасля другой імпрэзы прыехалі на машынах таты-выратавальнікі, большасць артыстаў назад у аўтобус не пайшлі. Нехта з мам вяртаўся цягніком.
Мае, шчаслівыя, ззяючыя, як новы пятак, уваліліся дахаты апалове на першую ночы - гастролі, прыгоды, фоткі, уражанні высыпалі на мяне і заваліліся спаць.
Сёння запланаваныя гастролі ў Жлобіне. Дай Божа ім добрай дарогі...

Аўтар: Black aspid

12 месяцаў

27.12.13 8:27
[  Настрой: Rolling Eyes ]

Вось і пачаўся наш калядны чос!
Тры імпрэзы на каляды было, яшчэ тры гастрольныя выезды - Гомель, Жлобін, Слуцак!

Весялосці хапіла! Генеральнай рэпетыцыі на вялікай сцэне не было. Таму мінулагоднія акторы яшчэ ведалі, куды і адкуль выходзіць, а новым было складана. Асбліва тым, каго баць прывезлі не а восьмай, на экспрэс-прагон, а на саму імпрэзу. Так што першы спектакль і быў генеральнай рэпетыцыяй. Сёй-той не тады выйшаў, сёй-той не тое зрабіў, рэжысер Ірына Шыцікава насілася як дэман за сцэнай, спрабуючы адных выганяць з куліс, другіх пералічваць і заганяць у кулісы, дым уключаўся замест снега і наадварот... Але бацькі, што глядзелі з залі, адназначна казалі: глядзелася ўсё, як мае быць!

Другая імпрэза была амаль без накладак. Толькі падчас феерычнага вогненага танца ў фінале, калі ў канцы ўсе персанажы і масоўка выходзяць на сцэну пагарлаць "З Новым годам", маляўкі з дальняй кулісы выбеглі на цэлы куплет раней, у выніку чаго іх ледзь не затапталі "іскры", якія акурат вярталіся з залі на сцэну па прыступках. Добра, што Мадам Фондю, нашая цудоўная Міла, гаркнула з супрацьлеглай кулісы: "Малые, уйдіте!" - і небарак-сняжынак ветрам здзьмула за сцэну. Адна так спалохалася, што й на фінал не пайшла)))))

Затое трэці раз усё адбылося зусім шыкоўна. Зайздросціце, навабранцы! Старэйшыя дзяўчаты нашыя тройчы перапранаюцца з адной ролі ў другую (з вясны ў лета, з лета ў восень, з восені ў зіму) і штораз трацяць на гэта секунд 25 (а болей няма! на сцэне - 2 рэплікі, і пайшоў новы танец)! Зразумела, з дапамогай сябровак, але паспрабуйце вылезці з пышнай шыфонавай сукенкі вылезці і ў такую ж улезці!
Не меншыя цуды паказваць і маляўкі.За лічаныя хвіліны пухнатыя звераняты і бялюткія падснежнікі ператвараюцца ў гламурных інсэктаў - пчол, матылёў, баговак - а потым за дзве хвіліны гэтая чорна-каляровая заедзь ператвараецца ў бялюткіх сняжынак.
Камплектацыя Анэлі перад імпрэзай выглядае так:
белы купальнік, чарны гольф, паласаты сарафан з крыламі, чорныя калготкі, жоўтыя чэшкі, чорныя вароніны крылы, шапка з дзюбай. На лета трэба зняць верхнія крылы і шапку, нацягнуць фацінавую спадніцу і навязаць вусы, схапіць фоўтыя мяцёлкі - пчала гатова. 20 секунд.
Лета скончылася. Цяпер трэба зняць вусы, спадніцу, сарафан, гольф, чэшкі, калготкі, апрануць белую спадніцу, калготкі, белыя чэшкі, мішуру на шыю, карону , схапіць белыя мяцёлкі... Ёсць на гэта 2 хвіліны, спраўляемся за 1. Спадзяюся, калі паедзем на гастролі, нехта зможа ёй дапамагчы. бо часу рэальна мала, давядзецца знятыя касцюмы проста кідаць пад ногі ў кулісе... А можа, грымёркі будуць блізка?

Але, нягледзячы на тое, што апошняя рэпетыцыя зацягнулася да дзесяці, а на сцэне многія былі з васьмі раніцы, дзеці проста выпраменьвалі радасць і пазітыў! Эх, такія б імпрэзы ды па-беларуску...

Аўтар: Black aspid

брыдка, крыўдна і шкада!

13.12.13 8:59
[  Настрой: Evil or Very Mad ]

што справа накрываецца медным тазам, стала мне відавочна пасля рэгістрацыі ў фэйсе. мясцовы форум перабег туды, сюды заляталі пырскі жарсцяў і драбочкі абвестак. Рэсурс заняпаў: матэрыяламі не папаўняецца, платформай абмена думак не ёсць, у гуртаванні людзей садзейнічае слаба. Гэтага можна было чакаць: вырастаюць дзеці - вырастаюць бацькі. Канкурэнтных рэсурсаў асоба няма - спачываем на лаўрах, па неабходнасці надзьмуваем шчокі. Закон Паркінсона ніхто не адмяняў, росквіт - пачатак заняпаду.
Але, спадарства, заняпад бывае розны, як рознай бывае смерць. Памятаю, як уразіла мяне пачутае выпадкова ад старой медсястры: - Не, Аляксандравіч, Леакадзія твая красіва памерла.
Прыгожа памерці - гэта кожны хоча. Я, можа, з сёмага паверха яшчэ ніяк не кінуся толькі таму, што гаджуся расплясканых па асфальце мазгоў!
Але тое, як памрэ гэты рэсурс, залежыць АД НАС.

Спадарства!
(далей гэта маніфест чалавека, які сёе-тое зрабіў і сам, і якому баліць)
1. Няма нічога лягчэйшага, як сказаць "нас тут болей не стаяла". Гэта вельмі культурна і цывілізавана і далікатна. Гэта прыгожая смерць - стаць залежамі белмоўнасці, у якіх будуць поркацца нашчадкі і гадаць, які Тунгускі метэарыт забіў раптам дыназаўраў белмоўнага выхавання.
2. Крыху - але не надта - цяжэй узарваць з помпай усе катакомбы, вываліць раўчукі і рэкі эмоцый, каб смярдзела на ўвесь нэт, каб кожная сука радасна зацяўкала: вось яны якія! Кубло смярдзючае, адмарозкі, пятая калона, далей глядзі бт. Прыгожая смерць, якая не зашкодзіць нашчадкам капацца ў залежах беларушчыны і думаць, які метэарыт...
3. Гальванізацыя трупа - гэта калі гады ў рады дадаюцца песенькі-граматы-ідэі, праводзяцца 1-2 мерапрыемствы "пад эгідай", інтэрв'ю сяды-тады... - гэта як зараз. Нашчадкі, рыдлёўкі, метэарыт...
4. Перазагрузка. Падрыхтавацца і раптам зрабіць (з новай ці пашыранай камандай)новы ўкід свежых матэрыялаў, ідэй, зладзіць доўгатэрміновую кампанію, загарэцца наноў тым, што зараз грэе памалу, як паўмёртвая батарэя. Набыць разгон аж на некалькі год, і ведаць, што некалі зноў прыйдзе час, калі паўстануць на павестцы дня гэтыя пункты, з першага па чацверты, а за імі - нашчадкі, рыдлёўкі, дыназаўры і Тунгускі метэарыт.

Гісторыя робіцца і сёння. Гісторыю робім і мы.

Аўтар: Black aspid

выхаванне...

29.10.13 21:40
[  Настрой: Rolling Eyes ]

Мікалай Аляксандравіч расказвае, што выхоўвалі яго жорстка. Аляксандр Пятровіч неаднаразова пускаў у ход папругу. Раз пасля вайны ( а "пераможцы" вярталіся ў родныя вёскі псіхічна траўмаваныя, як і сёняшнія ваяры гарачых кропак - чатыры гады забойстваў і страт літаральна выпальвалі душы, мужыкі былі злыя, знэрваваныя і да трох не казалі) суседзі намякнулі бацьку, што ведаюць пра крадзенае калгаснае збожжа (колькі таго збожжа было - гісторыя маўчыць, але закон пра пяць каласкоў акурат быў на ўзбраенні). І вось сусед кажа, маўляў, гэта Мікола сказаў.
Мікола пра тое зерне і не ведаў. Але бацька, спалоханы і раз'юшаны адначасова, разбірацца не стаў: адлупцаваў малога так, што той ледзьве выпаўз з хаты і знепрытомнеў дзесьці ў гародзе, дзе праваляўся да захода сонца. Ірына Максімаўна адшукала сына, занесла ў хату на руках. Хлапец тады моцна прастыў і захварэў на пнеўманію.
Выхаванне такога кшталту працягвалася, пакуль Мікола не прыдбаў дзесьці пісталет. Чарговы раз бацька ўзяўся за папругу, але малы ўцёк на сенавал. Бацька пагнаўся за ім, і тут убачыў, што сын стаіць і скіроўвае на яго пісталет. "Тата, не чапайце мяне, бо стрэлю!"
Мікалай Аляксандравіч кажа, што не стрэліў бы ў бацьку. Але той моўчкі павярнуўся і сышоў. Біццё спынілася.
У бандыцкай пасляваеннай Воршы гадаваць сыноў было цяжка. Церашковым пашанцавала: дзеці бандзюкамі не сталі. Дзякаваць выхаванню, насуперак ці самі па сабе - хто цяпер разбярэ...

Аўтар: Black aspid

грыбыыыыыыы

29.10.13 21:22
[  Настрой: Анёл ]

Перабіраем грыбы. Палова чарвівыя. Некалькі гаркуш. Вон, бо гугл кажа, яны трасцу назапашваюць. Некалькі груздоў.Вымочваць, потым 40 дзён саліць... ыоооон. Лісічкі, сыраежкі ды абабкі абдалі варам, прамылі, паставілі варыць. Два ёлупа за сорак і пад сорак упершыню поркаюцца з грыбамі без мам.

А пачалося ўсё з Андрэйкавага бальнічнага, які раптам падоўжылі да аўторка (не панядзелка, як робяць усе лекары ў пятніцу, а аўторка). А яшчэ месяц гэты пачынаўся ў аўторак, значыць, сёняшні аўторак - пяты ў месяцы і дзяцей не трэба весці на спевы. Плюс добрае надвор'е - і вось упершыню за год мы ў лесе ўсёй сям'ёй плюс бабуля і яе брат.

У Рубяжэвіцкім лесе цудоўна. Малыя бегалі, лазілі, поўзалі, адшукалі па жмені грыбоў. Якуб уявіў сабе кабанчыкам і разарыў з паўметры моха, літаральна вырваўшыся з рук на зямлю (у ботах мы хадзіць яшчэ не ўмеем, таму раз'язджалі большай часткай у вазку). Я грыбы не ўважаю, бо з вышыні роста не заўважаю, затое мела фотапаляванне))), навучыла дзяцей гушкацца на паваленым дрэўцы і перабірацца праз канаву па камлі хвоі, Андрэй з Рыгорам і бабуля вучылі іх пазнаваць грыбы.
Дачушка напрыканцы не хацела ісці ў машыну - меркавала застацца жыць у лесе. Цягнулі ў машыну гвалтам, вычарпаўшы ўсе сродкі дыпламатыі.(Самае смешнае, што дні за два да таго мы з дзецьмі напаўжартам раіліся, ці не пераехаць жыць у лес, і Ганна адзіная выказалася супраць, прачуўшы пра шалёных лісіц ды кляшчоў). Цяпер цвёрда паабяцала: наступны раз нізавошта з леса не з'едзе. Прыедзе - і ўсё.
Касцёл у мястэчку шыкоўны (ў сярэдзіне не былі, абышлі вакол, падзівіліся з вітражоў, скульптур, сада камянёў, што сімвалізуюць 46 вёсак парафіі.
Калісьці ў гэты касцёл ездзіла мая бабуля Юзэфа Іванаўна Вінярская. Ездзіла з Негарэлага, па вялікіх святах. Думаю, ў гэтым касцёле некалі хрысцілі майго бацьку, Аляксандра Яўгенавіча, ягоную сястру Ванду... трэба ў яе перапытаць.
Зайшлі ў мясцовы "супэрмаркет" з нетрывіяльнай назвай "Родны кут", а трэба было - у суседнюю крамку, там і талкова арганізавана, і выбар марожанага лепшы. Ды грошы ўжо засталіся ў "супэрмаркеце".

І вось цяпер вару грыбы... Калі што, не памінайце ліхам...

Аўтар: Black aspid

Вось і скончыўся сезон...

18.10.13 19:25

Завяршыўся водны сезон. Пачынаецца спартовая заля і басэйн. Сёлета медаль не зарабілі, затое з 09-08 паднялі зрок да адзінкі. Хто не хоча ў шклярыкі - далучайцеся ўвесну.

Аўтар: Black aspid

дзень настаўніка

4.10.13 18:14
[  Настрой: Анёл ]

складу, каб не згубіць. Бярыце, каму прыдасцца. Тры вершы на паштоўкі настаўнікам.
Уваходзіш у клас.
А насустрач гарэзныя вочы.
І, бывае, над сшыткам схіліўшыся, плачаш уночы:
Дзёрзкі гоман накрые, ці зманлівая цішыня.
Шлях абраны ня той... Мо, прафесію трэба мяняць...
Але заўтра ізноў галасістым званком уварвецца,
Панясе, нібы вір, спраў надзённых круты карагод.
Калі школа аднойчы забрала ў палон тваё сэрца –
Не адпусціць, павер, і да скону адмераных год.
Хай жа хопіць на ўсіх і лагоднай, зычлівай усмешкі,
І спагады, і строгасці, моцы любіць і вучыць...
Зруйнаваныя храмы адновяць па дробных парэштках
Вучні тых, хто пакліканы лёсам Настаўнікам быць.

2.
Не расказвае – зачароўвае,
Нібы ў казачны свет вядзе.
Спакваля яна нас выхоўвае –
І бацькоў, і дзяцей.
Што ні слова – асобны ўрок.
Што ні ўрок – па сцяжыне крок.
Што ні крок – далягляд бліжэй.
Вось і крылы – хутчэй! Вышэй!
Недалёт? Не бяды! Уставай!
Не лянуйся! Бяжы! Ўзлятай...
І пакінуты ёю след -
Гэта наша дарога ў свет.

3.
Настаўнік – гэта ён, Мужчына ў школе.
Упэўнены ў сабе галантны кавалер,
Дасціпны, гумарны, актор шматлікіх роляў –
Ён грузчык і манцёр, прараб ды інжэнер...
Адным – старэйшы брат, другім – суровы дзядзька,
Ён – прыклад для хлапцоў і мара - для дзяўчат.
І школа без Мужчын – лічы, сям’я без бацькі...
Гадуй сыноў,
будуй дамы,
садзі свой сад.
Кожнаму настаўніку - імянную паштоўку з адным вершам....На фоне - нашая гімназія.

Аўтар: Black aspid

медалі

6.08.13 21:34
[  Настрой: Yahoo! ]

а ў яхтклубе свята! Прывезлі з чэмпіяната свету 2 бронзавыя медалі! Наста з Веранікай на двухмясцовым "Кадэце" і Мікіта на вятружнай дошцы. Ура нашаму Віталю Юр'евічу!

Аўтар: Black aspid

Цётка Вольга

24.07.13 12:40

Цётку Вольгу Мікола не памятаў. Памерла яна ў родах аж у 1934 годзе. Засталіся фатаграфіі і сын Алёша, блізкі па ўзросце з Валодзем. Галачоўскія пацаны, як і ўсе беларускія дзеці-падлеткі ваенных гадоў, вывучалі мінную справу на практыцы, разбіраючы снарады. Тым жа самым займаліся і Церашковы. Мікола (1941 г.н.) таксама праходзіў курс падрыўніка. Але бяда здарылася не з ім - з Алёшам. Смерць выбухнула, забраўшы адзінаццацігадовага хлапца, чые бацькі ўжо памерлі (бацька на фронце, маці ў родах). Уладзя пасякло асколкамі, але нямоцна - зачапіла нагу, бок, шчаку...
Вось з таго самага дня Мікола дакладна памятае сябе...

Аўтар: Black aspid

Дом над ракой

24.07.13 12:33
[  Настрой: Сьмешка ]

Пётр Антонавіч Церашкоў вярнуўся з руска-японскай вайны (Манчжурыя, армія генерала Курапаткіна) героем. На радзіме ўручылі яму георгіеўскі крыж. І як герою вайны за казённы кошт вылучылі яму будаўнічага лесу. Пётр Антонавіч, сапраўдны гаспадар, пабудаваўся грунтоўна. У тым жа 1912 годзе ў вёсцы Галачова паўстала хата-пяцісценка, побач клець, іншыя сельскагаспадарчыя пабудовы. (вёскі Клюшнікава, Галачова, Балбасава пераходзілі адна ў адну, за Балбасава быў аэрадром. Зараз гэта ўсё аб'яднанае пад назвай Клюшнікава).
Хата гэтая стаіць стопершы год на тым самым месцы, хоць вёска з карты знікла. Жыве там іншая сям'я.

Аляксандр Пятровіч з жонкай пасяліліся ў Воршы. Ён працаваў у пажарнай частцы. (Разам з часткай у 1941 годзе быў эвакуіраваны, мабілізаваны на фронт, і са сваім аўтабатам дайшоў да Калінінграда. Пасля быў перакінуты ў Манчжурыю.)
Ірына Максімаўна была ўжо цяжарная Міколам,Валодзю было год шесць, калі прыйшлі немцы, і жанчына збегла з Воршы ў Галачова, да свёкра і свякроўкі. Там у лістападзе 1941 нарадзіла Міколу. Жылі ў хаце Аляксандра Пятровіча дзесяць чалавек. Адзін ён - мужчына, астатнія - бабы з малымі дзецьмі. Хата на два пакоі - і дзесяць чалавек... Пётр Антонавіч доўга не вагаўся. Раскідаў клець і метрах у 200, на супрацьлеглым беразе рачулкі збудаваў нявестцы ды ўнукам дом. Гэта зараз рэчку ледзьве бачна з-за алешніку. А тады берагі былі голыя - ўсё высякалі людзі на дровы.
У той хаце жыло 7 чалавек - Ірына з двума дзецьмі, дзве суседкі - у кожнай дзіцё.
Побач жылі суседзі - сямёра дзяцей у іх было. З меншай іх дачкой, Валяй, хадзіў Мікола з 1948 года ў адзін клас Галачоўскай пачатковай школы. Валя была старэйшая за яго і часам біла малога, калі ішоў паўз іх двор. Мікола раз паскардзіўся дома, маці параіла не адступаць і даць "рэшты". І падчас наступнага "нападу" Мікола, як умеў, кінуўся біцца. Раз прамахнуўся, другі патрапіў. Валя зараўла і кінулася ў хату. А Мікола са спазненнем прыгадаў, што ў Валькі 6 старэйшых братоў...
Браты з малым вадзіцца не сталі. І Валя біцца перастала. Дом праз колькі гадоў Аляксандр Пятровіч перавёз у Воршу - там ён і зараз стаіць, але, знў жа, жывуць там іншыя людзі - Аляксандр Пятровіч напрыканцы жыцця пераехаў у Рэчыцу, да старэйшага сына Валодзі.
Валянціна жыве ў Галачове (Клюшнікава). Нядаўна прыехаў туды сямідзесяцігадовы палкоўнік-пажарны Мікалай Аляксандравіч Церашкоў. Пазнаміліся наноў, успомнілі дзяцінства...

Аўтар: Black aspid

турнік

22.07.13 23:02
[  Настрой: Гыгыгы ]

сёння дзеці адкрылі для сябе турнік. Не, дзякаваць бацьку мы ўсе патроху падцягваліся, нават я ўжо паўразы магу. Але сёння... не менш як гадзіну двое старэйшых навыперадкі падцягваліся, пераварочваліся, віселі, скакалі... не адагнаць было.
Між іншым, Анэлька падцягнулася 7 разоў (лепшы падыход), а Мсціслаў тут жа паставіў асабісты рэкорд - 9 разоў з хвосцікам. Усё ж такі не дарэмна праядала мужу плешку, каб павесіў турнік: хай не адразу, але "падселі" ўсе. Апроч ката і бабулі. Хаця, хто ведае...

Аўтар: Black aspid

нясем у масы...

8.07.13 18:27
[  Настрой: Ня ведаю... ]

Сёння ў бібліятэцы Талстога былі ўпяцёх. Драбнеча важна сядзеў у вазку, пад канец узлез на рукі. Кандрат дэбютаваў у "Гаспадарлівым мяшку" ў ролі свінні, якая ўвесь час пнецца на дыванок і ціхенька кажа "Рох-рох!"
Дзеці былі са школы №1, што з музычным ухілам. Таму "Купалінку" спявалі разам з дзецьмі і іх настаўнікамі. Бойкая першакласніца адразу заявіла, што вучыцца граць на фартэп'яна (яно ў кустах было), а потым пыталася, што значыць слова "зразумелі" (як кінуліся тут жа яе апраўдваць сяброўкі, маўляў, яна толькі першы клас скончыла, беларускую мову яшчэ не вучыла!).
Дзецям маім спадабалася. Пасля завіталі да цёткі маёй, паелі чарэшань і цукерак. Здаецца, ўсё добра. А настрою няма.
Не магу зразумець, што маё адчуванне, а што - рэальнасць. Мне падаецца, што я і мае дзеці робім карысную, нават важную справу, калі адгукаемся на такія запрашэнні - і нам карысна, і людзям (бібліятэцы, выдавецтву)дапамагаем, і дзецям цікава і карысна. А з іншага (не майго, іншага) гледзішча - дзяцей сілком пруць у бібліятэку, маім артыстам такая пляцоўка - замалая... аддачы і плёну ніякіх...
Скажыце мне, убогай істоце, насамрэч апроч РАНА, якое прымае планы мерапрыемстваў летнікаў, і дырэктара школы (завуча, метадыста, арганізатара, сацыяльнага педагога - патрэбнае падкрэсліць), які гэты план нясе,каму-небудзь гэта трэба???
Я запыталася ў Мсціслава, ці цікава яму так выступаць, ці пагаджацца мне на наступнае запрашэнне? Ён кажа, так. Цікава. Хоча. Меншыя кажуць, спадабалася. Якуб пакуль не галасуе...

Аўтар: Black aspid

рэспубликанския спаборництвы для дзяцей

3.07.13 17:09
[  Настрой: Rolling Eyes ]

Хоць бы вецер быў!
Можа, хто апроч Вярхоўнага Шамана ўмее вецер заклінаць? нам з 10 па 14 ліпеня, клск, па 4-7 м\с штодня. Болей не трэба, але й меней не трэба, тады ўжо лепей болей. Разлічуся вершамі і рэкламай!

Аўтар: Black aspid

марАчка

29.06.13 23:38
[  Настрой: Yahoo! ]

Анэлька ўпершыню хадзіла пад ветразем АДНА. Дзякуючы дажджу шмат хто не прыехаў на трэніроўку , таму была вольная яхта для дачушкі. Ганна шчаслівая і клянецца ў вернасці вятружнаму спорту))).

Аўтар: Black aspid

шоўфэмілі

27.06.13 6:53
[  Настрой: Блазан ]

Раз ёсць ШОЎМЭНЫ, гендэр патрабуе, каб былі і ШОЎВУМЭНЫ. а калі шоўмэн ці шоўвумэн працуе рахам з дзецьмі (ШОЎКІДЗ?), то, напэўна, гэта мусіць называцца ШОЎФЭМІЛІ. Калі я штосці ў чымсці разумею.

Гэтым разам Зося Кустава так і запрашала мяне на сустрэчу з дзецьмі (прыгнанымі ў бібліятэку Талстога з летніка пры 155 школе) - разам з дзецьмі.

Напярэдадні нашая шоўфэмілі ў пашыраным складзе адсвяткавала сямейную дату, таму сіл нават падумаць заранёў пра тое, што будзе адбывацца на сустрэчы, не было. Пахапаўшы вышыванкі, флейту і мяшок, я і двое шоўкідз заявіліся ў бібліятэку.
Дзяцей было раза ў тры менш, чым абяцалі - чалавек дваццаць. І, відавочна, каб іх пакінулі ў спакоі, яны б знайшлі занятак, цікавейшы за сустрэчу з пісьменнікам, кніг якога не бачылі і, пэўна, не пабачаць (вырастуць ужо. Хіба для сваіх дзяцей купяць). Вельмі шчасьлівы

Знаёмлюся, пытаюся ў дзяцей, пра што б ім самім цікава пагаварыць (бо сваіх ідэй акрэсленых не маю). А мне з другой парты так з'едлівенька:
- Про компьютеры!

Далейшае мой брат, які здымаў сустрэчу, ахарактызаваў так: інсцэніроўка показкі пра студэнта біяфака, які з усіх пытанняў добра вывучыў толькі блыху.
Давялося зрабіць экскурс у часы, "каді кампутары былі вялікія", і праз дваічную мову плаўна выруліць да мовы беларускай (бо, відавочна, прыйсці да дзяцей пісьменніку і не згадаць пра мову - расчараваць настаўніц літаратуры, якія дзяцей прывялі.
Задаволіўшы другую парту (кампутаршчыкаў) і апошнюю (выкладчыкаў), заняліся астатнімі. У ход пайшлі інсцэніроўка казкі пра мяшок (наша каронка), інсцэніроўка песні "Як служыла ў пана..." - адзіная спадчына, якую атрымала я ад бабулі Юзэфы Іванаўны) - разам са слухачамі, хоць інтэрактыў бадай не атрымаўся,
чароўныя гукі флейты, пераклад "аблокаў" (пару чалавек неяк схітрыліся падпяваць па-беларуску, чэснае благароднае слова, сама чула - вось што значыць дзеці!) і навт свежаспечаная песня пра вярблюда.
Дзеці прымалі ўсё прыхільна, хто меў больш важныя за мяне справы - нягучна імі займаліся, хто не меў - слухалі. Адчуўшы, што хвілін 25 з адведзеных нам 30 прайшлі, я пытаюся, маўляў, колькі мы маем часу, а мне так гасцінна прапаноўваюць, маўляў, хоць колькі хочаце. Добра, што дзеці, якіх я безнадзейна спытала, што б ім яшчэ расказаць, можа, пра сябе... (настаўніцы на задняй парце збянтэжыліся і сталі шыпець на дзяцей, што , маўляў, з імі дамаўляліся), але ні падрыхтаваных, ні сваіх пытанняў да пісьменніка ў дзяцей не было. Настаўніцы самі запыталіся пра сёе-тое. І тут, на апошнюю маю спробу закругліцца (што ж вам яшчэ расказаць) некалькі чалавек хорам папрасілі... расказаць казку.
Ёсць у мяне хітовая казка, найбольш папулярная ў маіх шоўкідз - пра ката і трактар. Што мяне і выручыла. Брат потым паўгадзіны ўдакладняў, чаму я хацела навучыць дзяцей, расказваючы пра кіднэпінг і шантаж з боку галоўнага героя, і дзе тут пакаранае зло, а я апраўдвалася, што і кот у ботах быў не зайка, і алавянны салдацік растаў задарма, і толькі ў сіняй барадзе зло было рэальна пакаранае.

Не ведаю, як дзецям, а настаўнікам і бібліятэкарцы мы дужа спадабаліся. Так спадарыня Кустава сказала.

Аўтар: Black aspid

А на бэк-вакале ў яе - Ярмоленка...

26.06.13 8:28
[  Настрой: Вып'ем піва! ]

"Не ведаю, хто гэта спявае, але на бэк-вакале ў яе Анатоль Ярмоленка" - гэта пра мяне Ржунімагу

Калі быць дачкой альбо сынам маёй маці - не засумуеш. Пяць гадоў таму мы святкавалі ў двухпакаёвай хрушчоўцы 100я ўгодкі майго дзеда па маці, Кузьмы Паўлавіча. Гасцей было пад дваццаць чалавек (хто прымаў гасцей у такой кватэрцы, ведае, што 12 - гэта разумная мяжа (лічачы з гаспадарамі), якую небяспечна пераходзіць, бо госцейкі пачуваюцца як карпы з акварыюма ў "Кароне". Асабліва, калі ладная частка гасцей - дзеці да 4 мес да 4 год. Таму мы адмовіліся ад святочнага стала, наставіўшы талерак з канапкамі і печывам на ўсіх паліцах, а гарачае выносілі порцыямі. Госці сядзелі на зэдліках, крэслах, услончыках, канапе, фатэлях, падлозе, мы з братам наогул ці прыселі за тыя 5 гадзін, што доўжыўся фэст, маці насіліся з кухні ў залю і назад... было весела. Да свята мы вырабілі плакат-радавод (шэсць пакаленняў, 52 фоткі (з іх больш за 40 жывых), ад бацькоў Кузьмы да ягонага прапраўнука. Дапыталі родных заранёў і зманціравалі відэафільм з успамінамі пра Кузьму і фоткамі ўсіх шасці пакаленняў (кожнаму пакаленню - сваю муз. тэму). Была і віктарына пра памерлых і жывых сваякоў. І любімая страва ўсёй сям'і - бабка. І традыцыйная страва сям'і Кузьмы (ён паходзіць са Злынкі, што на Браншчыне) - пшонная каша. Сваякі цешыліся кампаніяй (мы дык наноў пабачылі стрыечную сястрычку, якую я бачыла апошні раз за 5 год да таго, перадапошні - 25 год таму), патрыярхі - успамінамі, дзеці ўвогуле мала што разумелі))).

Прайшло пяць год, і мы сталі рыхтавацца да 100х угодак бабулі Алены, маці маёй маці.
Цётка Зоя яшчэ на папярэдняй асамблеі запрасіла нас у "фальварак" у Дзярэынскім раёне. Гасцей планавалася больш за 30 чалавек - хацелася, каб даехалі тыя, хто не трапіў мінулы раз. Дзеці падгадаваліся, шэрагі іх моцна пашырыліся (за пяць год у Алены і Кузьмы стала на 5 праўнукаў болей). Давялося выпускаць новы плакат-радавод.
Кожны просты нашчадак роду атрымаў СТАТУТНУЮ ГРАМАТУ аб прыналежнасці да роду Балоціных-Савіцкіх, Тыя, хто далучыліся да роду праз шлюб, атрымалі пасведчанне - тое і тое за подпісам пяці патрыярхаў - маёй маці, двух сясцёр і двух братоў.
Быў і новы фільм - успаміны, фоткі, некаторыя з якіх ажывалі, як у Гары Потары, на гэты раз - выключна беларускія песні.
Адну з іх давялося перапісваць - сем куплетаў замест трох, па персанальнаму куплету кожнаму патрыярху. Спяваць давялося мне. А вось прыпеў мы спявалі разам - я і Ярмоленка з "Сябрамі": 100 гадоў, 100 гадоў, 100 гадоў нам у шчасці ды радасці жыць!
Было і сонца, і ўсмешкі,і вышыванкі на маіх і стрыечных, і дзіцячы канцэрт, да якога далучыліся і самыя смелыя дарослыя, вершы, песні, гімнастычныя практыкаванні, карагод, пытанні з падколкай і без, гісторыі пра продкаў, вялікае фота, у якое ледзьве зацягнулі дзядзьку Зміцера, фотавыявы якога - рэдкасць, бо ён прынамсці 60 гадоў жыве па той бок аб'ектыва фатаапарата.І застолле...
Як водзіцца, грымнула навальніца, натуральна, адрубіла святло...
Раз'язджаліся позна ўвечары, дарослыя аб'еўшыся і нагаманіўшыся, дзеці - адурэўшы ад саміх сябе, салодкасцяў і падарункаў.
Хто падхопіць традыцыю?..

Аўтар: Black aspid

Начаравала, наваражыла

17.06.13 22:50
[  Настрой: Міргаю ]

Раіса, жонка Зміцера Кузьміча Балоціна, распавяла гэтую гісторыю сама.
Рая з Палтаўскай вобласці. Паехала вучыцца. Жыла па суседству з ёй дзіўная жанчына, вельмі адукаваная (чытала кнігі нават па-ангельску ды па-французку). Іншыя дзяўчаты хадзілі да той жанчыны і прасілі пагадаць на картах. Рая не верыла ў гэта і не хадзіла. Але аднойчы нешта дапамагла суседцы, і тая сама прапанавала пагадаць. На картах таро.
- Неўзабаве ты сустрэнеш чалавека, што прыедзе з края балот. І пойдзеш за яго.
Рая пасмяялася толькі, маўляў, ні ў які балоцісты край не збіраюся, мне й тут няблага.
На Каляды дзеўкі сталі варажыць. Кідалі бот за плот. Сяброўкі пазнаходзілі абутак пад самым плотам, а Рая зашпурнула свой далей за ўсіх.
- Здалёк будзе твой сужаны,- заўважыла кватэрная гаспадыня.

Разбалтаўшы цеста, дзяўчаты спяклі кожная па аладцы. Паклалі ў рад, спачатку самая старэйшая, потым Рая, потым дзве іншыя сяброўкі і, ўрэшце, малодшая, люба.
Запусцілі сабаку. Той абнюхаў аладкі старэйшых сябровак, але перайшоў да іншага края, схапіў аладку Любы і выскачыў за дзверы. Пачакаўшы, пакуль сабака з'еў аладку, паклікалі яго да астатніх аладак. Пёс абнюхаў аладкі маладзейшых, але схапіў Раіну аладку.
- Ты чымсьці падмазала!- абурылася адна з сябровак.
- Ты ж бачыла, нічым не мазала! - адказала Рая.
Сабака не падмануў: ужо ўлетку Люба пабралася шлюбам. А ў лютым з далёкай балоцістай Беларусі прыехаў за сваёй суджанай Зміцер Балоцін, нашчадак старавераў, што хаваліся ў Бранскіх балотах ад раўніцеляў праваслаўнай веры.

Аўтар: Black aspid

як Павел Балоцін жаніўся

17.06.13 22:22
[  Настрой: Rolling Eyes ]

Гісторыя гэта належыць да сямейных паданняў і гучыць абсалютна казачна.
Першы шлюб Паўла авеяны таямніцай. Нібыта існавалі нейкія перашкоды, але справа скончылася вянчаннем. А назаўтра па вянчанні Павел з жонкай расстаўся. Калі пыталіся ў яго пра прычыну, паўжартам казаў: - Бліны спаліла.

Сабраўшыся жаніцца другі раз, Павел прыйшоў паглядзець, як жыве сям'я будучай жонкі. Намеры ягоныя былі зразумелыя, сям'я Багамолавых ведала, што Балоціны - род замОЖнЫ, парадніцца былі не супраць.
Дачушку нарадзілі па-святочнаму, госця сустрэлі ветліва. Пагаманіўшы з бацькамі, Павел папрасіў паказаць яму гаспадарку.
- Машка!- гукнула гаспадыня. Прыбегла падчарыца. Павяла Паўла глядзець падворак.
Неўзабаве Павел прыслаў сватоў.
- У вас - тавар, у нас - купец,- традыцыйна абазначылі сваты мэту свайго візіта. І сасваталі за Паўла паўсірату Марыю. Марыю Гаўрылаўну Багамолаву.

Аляксандр Іосіфавіч угневаўся на сына.
- Галоту ў дом цягнеш!
Доўга не мог прымірыцца з рашэннем Паўла і ўрэшце пакінуў яму долю спадчыны меншую, чым іншым дзецям. Думаў, пакараў. Апынулася іначай.
Савецкая ўлада з вечным "адняць і падзяліць" раскулачыла ўсю сям'ю Балоціных. Не закранула толькі Паўла.
У іх з Марыяй было 8 дзяцей.

Аўтар: Black aspid

наш развітальны ранішнік.

15.06.13 8:24
[  Настрой: Вялікі дзякуй! ]

http://youtu.be/ZSkHsKK_J_0
дзякуй усім!

Аўтар: Black aspid

дакрануцца да высокага...

13.06.13 22:50
[  Настрой: Анёл ]

Учора наведалі канцэрт ансамбля "Сірынкс". Каб мне пяць, дзесяць ці дваццаць гадоў таму сказалі, што я буду балдзець ад ансамбля флейтыстаў, я б памперс намачыла ад смеха. Першы раз пайшла толькі таму, што выкладчык сына грае. А цяпер чакаю кожнай сустрэчы, радуюся, калі запрашаюць на перадканцэртныя прагоны, не задумваючыся, выкладваю грошы за квіткі...

Напэўна, Музыка - гэта мова.
Замежная мова, якіх нямала.
Каб роднаю стала -
Ёй трэба дыхаць.
Ёй трэба жыць.
Служыць.
А часам і гэтага мала...

Шчыры дзякуй усім музыкам ансамбля, хай даводзіцца граць на біс не тры - трыццаць тры разы.

Аўтар: Black aspid

фууууууу!

8.06.13 16:11
[  Настрой: Афігець-застрэліцца! ]

Ну вось і здалі іспыты. 27 зыходных + 29 экзаменацыйных = 56.
Думаю, хопіць. Ганаруся сваім маленькім разумнікам! І дзіўлюся: навошта камусьці гэтыя злівы заданняў? І які ідыёт прабалтаўся, калі ўжо скарыстаўся?
Добра, што мы нічога не ведалі заранёў - не выпрабоўвалі нашае сумленне.

Аўтар: Black aspid

выніковы канцэрт ці

2.06.13 21:03
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]

Нарэшце і мы трапілі ў выніковы канцэрт у малой залі КЗ "Мінск". Не мы, зразумела, Мсціслаў трапіў. Адзіны са сваёй вакальнай групы. Наогул, хлапцоў было 5 (двое з іх - падлеткі,старэйшыя). Дзяўчат было паболей, малыя - ўсе нашыя сябры па мюзіклах, некалькі дарослых дзяўчын. Усе такія класныя, што да 27га нумара (а ўсіх было каля 30) мы ледзьве дачакаліся, не ведаючы, што думаць - ці то раз сына адабралі, дык ён пакажа клас не горш за іншых, ці тое тут усе такія класныя, што наш будзе глядзецца не надта...
А Мсціслаў выйшаў і ўсім паказаў!
Што спявае ён прыстойна (хаця расці яшчэ далёка ёсць куды), мы і так ведалі, але тут ён рухаўся так актыўна, талкова і разняволена, то хадзіў, то паказваў, каб гледачы пляскалі... Усё да месца, нечакана для нас, бо мы дасюль ведалі пра яго стрыманы стыль.

Пасля канцэрта Андрэй падышоў да знаёмых бацькоў падзяліцца ўражаннямі і пачуў за спінай: "Это папа Мсціслава?" Вось яно, дажыўся... Думаў, будуць пра дзяцей казаць - дзеці Андрэя, і не заўважыў, як стаў "тата Мсціслава". Трэба нам працаваць над сабой!

Аўтар: Black aspid

апошні званок

2.06.13 18:00
[  Настрой: Супер! ]

Увё ж такі кожны сам каваль свайго свята.
Лінейка, прысвечаная заканчэнню пачатковай школы, якую ярка і дынамічна правяла нашая ўсюдыісная Тацяна Фамінічна,пакінула па сабе добрыя ўражанні - і спевам месца знайшлося, і песням, і вершам. Добра казалі завуч і дырэктар, уручалі граматы выдатнікам, а напрыканцы адпусцілі ў неба звязкі балонікаў. Любата.
Але самае смачненькае чакала ў класе - выступ для бацькоў. Літара "Ты", "Мама вярнулася з працы", школьныя прыпеўкі, "Падрыхтоўка да іспытаў" і, ўрэшце, фінальная песня на тэму "Пагоня" з к\ф"Няўлоўныя мсціўцы" - ярка і самавіта, па-беларуску, дасціпна і шчыра.
Мамы пасмейваліся ўвесь час, але калі "старэйшая сястра" заявіла, што піша шпаргалкі на нагах, і, такім чынам, галоўнае на іспыце - доўгая спадніца і дооооўгія ногі - рагаталі і таты.
Творчыя здольнасці нашага класа выдатна раскрыліся пад уплывам моцнай энергетыкі настаўніцы і пры маім сціплым удзеле))). Каму трэба сцэнар, бярыце: http://umrazum.wordpress.com/2013/05/20/%D0%B2%D1%8B%D0%BF%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%BD%D0%BE%D0%B5-%D1%81%D0%B2%D1%8F%D1%82%D0%B0-%D1%9E-4-%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D1%81%D0%B5/

Аўтар: Black aspid

Канцэрт у "Верхнім горадзе"

21.05.13 10:50
[  Настрой: Вялікі дзякуй! ]

Учора нашая муз.школа давала канцэрт у залі "Верхні горад" на пляцы Свабоды. Ганна спявала ў малодшым хоры, Мсціслаў граў на флейце. Першы сольны выступ на параўнальна вялікай сцэне. Граў пад акампанемент сінтэзатара, хаця да апошняга дня рэпетыравалі толькі пад фартэпіяна. Пераймаўся крыху, што не да канца ловіць акампанемент, але атрымалася добра.
Увогуле ж усе дзеці былі малайцы. Кандрат сядзеў на руках у мяне ў першым шэрагу, сапеў, круціўся, развальваўся, махаў то рукамі, то нагамі, мне так яго было шкада! Але высветлілася, што яму вельмі спадабалася, ён запомніў усе інструманты, якія я яму называла па ходу, і цвёрда вырашыў вучыцца граць на флейце і баяне))) Праз год будзем паступаць)))

Усё ж такі як добра, што захавалася сістэма пачатковай музычнай адукацыі. Выкладчыкі літаральна душу ўкладваюць у сваіх гадаванцаў. Свет музыкі - нешта асобнае, ні з чым не параўнальнае, бо музыку ствараюць твае рукі, тваё дыханне і твая душа - разам з нябачным духам кампазітара і бачным - педагога.
Як прыемна чуць ад хлопца: наш дырэктар - самы інтэлігентны чалавек ва ўсім горадзе Мінску!
Гэта дзіця не ад мяне пачула. Я хутчэй брутальная істота, акадэміяў не канчала і есці ўмею без нажа. Але ён жа нешта такое заўважыў, што дома не прывіваецца, і матае на вус. І Арсэн Аронавіч наш - прыклад не толькі бездакорнага выхавання, але і мужчынскай годнасці, і эрудыцыі, і шмат якіх якасцяў, што прыемна бачыць у кожным.
А як наш тата шкадуе, што ў свой час бацька зарыентаваў яго на спорт, маўляў, ад музычнай школы плёну не будзе... Шкадуе і па-добраму зайздросціць малым. І мне.

Аўтар: Black aspid

штодня на сцэне)))

28.04.13 21:15
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]

А сёння ўразіў і парадаваў Мсціслаў! На выніковым праслухоўванні праспяваў бездакорна! Добры вакал, асэнсаваныя рухі, унутраная разняволенасць і кайф сышліся ў адным. Лепшы ў сваёй групе на сёння. Ганаруся.
Анэлька таксама не падкачала, але дома выдае і лепей))). А пірат-Кандрат палову групавой песні займаўся сваёй шабляй))), затое ў дуэце з Маркам спяваў чысценька, хоць і не вельмі гучна. І не саромеўся ані)))

Аўтар: Black aspid

перамога!

27.04.13 19:36
[  Настрой: Yahoo! ]

ай да дачушка! Узяла першае месца ў спаборніцтвах па афп і спец. практыкаваннях! Добра, што была група "да 8 год"))))
так што лік па медалях 2:1 на карысць Ганны!

Аўтар: Black aspid

напрасіліся)))))

25.04.13 18:51
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]

Збор кніжак для дзіцячага дома нумар 5, што зладзіла выдавецтва "Мастацкая літаратура" ў былых "Падпісных выданнях, што на праспекце Н-ці, мы наведалі ўтраіх з Анэлькай ды Мсціславам, хоць запрашалі, ўласна кажучы, мяне)))).
Трапіла я ў кампанію да Ніны Галіноўскай і майго ўлюбёнага Ўладзіміра Мацвеенкі. Спадарыня Ніна шмат чытала вершаў, прысвечаных бацькам і дзядам, вучыла моладзь берагчы і шанаваць родных людзей. Спадар Уладзімір ізноў распавёў пра тое, як нёс у жмені макароны малой сястры. Вучні школы 213 у нац.строях чыталі верш.
Але мне ўдалося схавацца за спіны малых: Мсціслаў сыграў сваё каронае "естердэй", я запрасіла моладзь да супрацы з "Гарбузікам", а потым мы паказалі казку "Гаспадарлівы мяшок", якую старанна рэпетавалі аж дзве гадзіны зранку. Гледачы смяяліся і апладыравалі, спадарыня Зося Кустава абяцала запрашаць нас яшчэ, малыя пачаставаліся пірожнымі і прымусілі мяне купіць ім некалькі пасобій, табліцу множання і табліцу Мендэлеева, новыя асадкі і крэйды.

Аўтар: Black aspid

дзень навукі

23.04.13 8:55
[  Настрой: Сьмешка ]

тыдзень навукі наша гімназія адсвяткавала з размахам. Прынамсці ў пачатковай школе кожная паралель (1 і 2 разам) прадставіла сваіх навукоўцаў-дакладчыкаў, герояў спорта і проста таленавітых музыкаў і мастакоў. У калідорах ладзіліся персанальныя выставы малюнкаў,настаўнікі і вучні з цікаўнасцю сачылі за прадстаўленнем фізічных і хімічных эксперыментаў. Гэта першы год. калі пачатковая школа прымае такі актыўны ўдзел у днях навукі, таму хапіла і радасцяў, і хваляванняў, і ўсё атрымалася. Не магу абысці ўвагай Таццяну Фамінішну - яе энергія і творчы патэнцыял надаюць кожнаму мерапрыемству завершанасць. дынамізм і каларыт.
Хацелася б толькі, каб дзеці выступілі яшчэ і ў класах перад сваімі аднагодкамі. малодшымі сябрамі, а можа, і старэйшымі. каб кожны мог памацаць крыстал ці паглядзець, як выштурхоўвае ваду яблык. Бо мноства цікавых работ пабачыла толькі камісія, якая шчодра выпісала дыпломы ўсім удзельнікам на зайздрасць тым, хто чамусці ўдзелу не браў.

Аўтар: Black aspid

естердэй

11.04.13 19:48
[  Настрой: Сьмешка ]

У музычнай школе адбыўся канцэрт. Мсціслаў граў Yesterday.
Усе дзеці былі супер. І хлопцу майму выступаць спадабалася. А мама-тупіца фоцік не зарадзіла...

Дзе б яшчэ выступіць?

Аўтар: Black aspid

плюс адзін філосаф

4.04.13 19:09
[  Настрой: Блазан ]

Кандрат стартануў. Стаў многа гаварыць,пытацца, разважаць. Сабраў сабе некалькі фразі ўстаўляе да месца і як давядзецца.
Сёння каронка - "Ну а ты што сабе думаеш!" Прамаўляецца такім паважным тонам, на 100 рублёў сама меней.
І вось кажу я нешта, а ён мне: "Ну а ты што сабе думаеш!" Трапненька так. Я адказваю: "Думаю, што ты стаў вельмі разумным!"
А ён зноў: "Ну а ты што сабе думаеш!"
Мяне цяжка перагаварыць. Я : "Праўда, калі ўвесь час паўтараць адно і тое ж, дык можна стаць папугаем!"
і чую ў адказ: "Ну а ты што сабе думаеш!Хочаш быць папугаем? Ну дык будзь ім!"

Аўтар: Black aspid

Плюс адзін чытач!

1.04.13 11:05
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]

Насуперак маёй ляноце і неарганізаванасці Кандрат навучыўся чытаць!!!!
Першая кніга - любімая размалёўка пра "тачкі" - 16 старонак па адным сказе! Сёння адужаў на адным дыханні з мінімальнымі маімі ўмяшаннямі. Ура, чарговая нагода накупіць кніжак!!!!

Аўтар: Black aspid

//

27.03.13 4:51
[  Настрой: Сьмешка ]

У меня зазвонил телефон.
- Кто говорит ?
- Смартфон !
(новая рэальнасць ад Кандрата)

Аўтар: Black aspid

дзеці-мамам

8.03.13 20:35
[  Настрой: Кул! ]

на восьмае сакавіка запрасілі ў клас. Дзеці зладзілі канцэрт сваімі сіламі. Музыкі гралі, каратыст ставіў блокі, танцоркі адплясвалі, чыталіся вершыкі. Найбольш запомнілася пантаміма "Валейбалісты": 4 валейбаліста ў замаруджаным паказе пасавалі адно адному "мячык" - Соф'ю Куніцкую, пакуль нехта не прамазаў. Каманда прайграўшых у роспачы упала на калені каля застыўшай на падлозе Соні. Малайцы.
А вось спробы правесці сваімі сіламі конкурсы былі не такімі ўдалымі: удзельнікі спрачаліся з суддзямі, гледачы сумавалі. Тым не менш, выдатны досвед. Дзякуй Тацяне Фамінічне за добры настрой мам і дзяцей. Сын, праўда, праседзеў гледачом. Відавочна пакутваў. Таксама досвед. На выпускны трэба будзе "стрэліць" як след. Сцісла і трапна.

Аўтар: Black aspid

беларускасць заразная?

1.03.13 12:37
[  Настрой: Yahoo! ]

Зайшоў наш тата сёння ў школу і афігеў: у фае гудзе Масленіца!
Дзеці ў беларускіх строях. на беларускай мове, пад каляровым расейскамоўным плакатам... Шкада, што спяшаўся, перад званком ужо быў - не насалодзіўся як след.
Ай да 4"г"! Ай да Галіна Ціханаўна! Не толькі ў плане пазакласнай работы ў яе Масленіца, а яшчэ і ў класе, ды на ўсю пачатковую школу!
Ай да наша Тацяна Фамінічна - такія калядкі правяла ў мінулым годзе (таксама ў фае, не каморна, з размахам!), што калегі захацелі не адстаць!
Адным словам, рэшпект і ўважуха!

Аўтар: Black aspid

прадзед Павел Аляксандравіч

26.02.13 11:03

Павел Аляксандравіч працягваў дынастыю Балоціных- будаўнікоў. Будаваў у Маскве, а сям'я - жонка Марыя Гаўрылаўна і дзеці - жылі ў Злынцы (Бранская вобласць). Жылі заможна: мелі зямлю, вялікі сад. Гандлявалі вырашчанымі трускалкамі (клубніцамі). Падчас калектывізацыі ледзь іх не раскулачылі. Уратавала толькі тое, што сам Павел Аляксандравіч быў наёмным рабочым - пралетарый, адным словам. Класава блізкі, хоць і з зямлёй і моцнай гаспадаркай.
Сам прадзед не толькі будаваў, але рабіў брычкі, быў сталяром. Нават палазы для саннага хода выгінаў з брусоў у сваёй "чорнай" лазні.

Аўтар: Black aspid

Марыя Гаўрылаўна

26.02.13 10:41

Марыя Гаўрылаўна, па мужу Балоціна, засталася без маці ў 3 гады. Бацька жаніўся другі раз.
Дзеці змалку працавалі. Гадоў у 12 Марыя на чаўне пераплывала Іпуць, каб сабраць галля на растопку. Нагрувасціла колькі змагла і паплыла. Але цяжкі човен перакуліўся. Марыя апынулася ў вадзе і стала тануць.
Сама яна потым узгадвала,што стала маліцца святому Міколу, каб даў сілы даплыць да берага, бо калі яна не выплыве, людзі кепска будуць думаць пра яе мачаху - маўляў, не глядзела не сваё дзіця. І здарыўся цуд: перад вачыма яе з'явіўся Мікола, такі, як на іконе, падхапіў яе і пацягнуў да берага. Калі ногі адчулі дно, ява знікла.

Аўтар: Black aspid

Дзень роднай мовы

23.02.13 8:07
[  Настрой: Вялікі дзякуй! ]

Тое, што ў школе не будзе шырокафарматна адзначацца 23 лютага , мяне ані здзіўляла, ані бянтэжыла. Але наколькі прыемна было, калі 21 лютага сын прыйшоў і распавёў пра канцэрт, прысвечаны дню роднай мовы. Дзесяцікласнікі выступалі (спявалі) перад сярэдняй школай. Былі запрошаныя цымбалісты (ансамбль "Срэбразвон" з 12 музычнай школы). Народу поўная заля. нават у праходах стаяла некалькі дзясяткаў вучняў.
Хтосьці пакрытыкуе за традыцыйную форму савецкіх часоў. а я дык парадуюся, а налета сур'ёзна падумаю, як пашырыць і паглыбіць фармат))))

Аўтар: Black aspid

Праблемныя спіны, далучайцеся!

21.02.13 18:47

Баліць спіна. шукаю паратунку. і тут на мой пад'езд наклеілі аб'яўку пра гімнастыку Касьянава.
Ведаю Касьянава, ведаю гімнастыку - рэч! Але не памятаю падрабязнасцяў настолькі, каб аднавіць заняткі.
Прэзентацыя 25 лютага на Залатой горцы,18. Увечары. Першы занятак адразу, і штодня да пятніцы ўвечары.
2 млн. 200тыр - груба . Ахвотныя падлячыць спінку і атцягнуцца, далучайцеся. Весялей будзе. тэл для даведак 80296795679.
Не падумайце, што я маю адсотак за рэкламу))) Проста ведаю аўтара - выкладаў на курсах па сістэме Нарбекава ў нашай групе.

Аўтар: Black aspid

Вось такая малпа

26.01.13 20:08
[  Настрой: Бі-бі... ]

Глядзім перадачу пра малпаў шымпанзэ.
Некалькі разоў перапытаўшы, што гэта за малпа, Кандрат палез да мяне на рукі і заявіў:

- Я лезу на дрэва, за бананам. Я - малпа шампАнза!

Аўтар: Black aspid

гастроль

13.01.13 20:20
[  Настрой: Кул! ]

У суботу Мсціслаў выступіў з экзаменацыйнай праграмай па флейце ў нядзельнай школцы пры Жоўтай царкве. Хваляваўся моцна. але сыграў добра. Удзячныя слухачы не пашкадавалі апладысментаў. І за салодкім сталом пасядзеў. Салодкае жыццё артыста)))

Аўтар: Black aspid

А цяпер - Дыскатэка!

12.01.13 8:23
[  Настрой: Вып'ем піва! ]

Каманда прадзюсерскага цэнтра "Залатыя галасы" мае свае традыцыі. Адна з іх - калядная дыскатэка.
Запрашаюцца ўсе удзельнікі калядных мюзіклаў, не зважаючы на працягласць і важнасць роляў, кожны атрымлівае дыплом ці падзяку за ўдзел, на сталах - садавіна, цукеркі, печыва, пірожныя і напоі, аніматар - настаўніца акторскага майстэрства - пераўвасабляецца ці ў снягурку, ці ў клоўна і адрываецца разам з малодшымі, старэйшыя ці далучаюцца, ці бегаюць са сваімі, дарослымі, справамі ды стасункамі, а потым - самае лепшае:усе танчаць пад фанаграму! Зніадкуль з'яўляюцца такія занятыя хвіліну таму падлеткі, вылязаюць з-за стала датуль сядзеўшыя асобным колам студэнты - выканаўцы дарослых роляў. Кожны танчыць сваю партыю, а потым альбо застаецца ў колу, альбо знікае, а маляўкі, якія за доўгія гадзіны падрыхтоўкі павывучвалі ўсе партыі і эпізоды, танчаць неспынна. А ў цэнтры залі, вядома ж, Непараўнальная Міла - фея танца, Тэрпсіхора нашай каманды, танчыць з дзецьмі і дарослымі, якія радаснымі крыкамі сустракаюць чарговую, з першых нот пазнаную, кампазіцыю.

Дзякуй Валеру Шмату не толькі за феерычную музыку, але і за асабістае ўручэнне дыпломаў (для студыйцаў Валера - гэта ўсё! Узор, аўтарытэт і г.д.)Дзякуй настаўнікам за чарговае свята і за шчыры непасрэдну ўдзел у святкаванні.

А параўнаўшы, як паводзіліся на дыскатэцы мае двое год таму і мае трое сёлета, упэўнілася: будзем жывыя - на наступны год усе трое працягнуць заняткі. Бо растуць артысты!

Аўтар: Black aspid

прыемна мець справу

3.01.13 20:19
[  Настрой: Вялікі дзякуй! ]

Вось калі б мяне спыталі, якім мусіць быць адміністратар у дачыненні наведвальнікаў, дык найлепшы прыклад - наша завуч пачатковых класаў.
Ветлівасць, бездакорны самакантроль і цвёрды кантроль над размовай, уменне згладзіць уражанне і падняць настрой нават пасля нялёгкай размовы.
Не ведаю, што думаюць яе падначаленыя, але я ў захапленні. Чалавек на сваім месцы.Спадзяюся, і па сутнасці справа вырашыцца.

Аўтар: Black aspid

папялушка

26.12.12 18:31
[  Настрой: Пляскаю ]

хачу на сцэну.
Хоць з канферансам. Хоць у хоры. Хоць "кушаць подана". Хоць крэслы выносіць.Хоць за кулісамі пастаяць.
Хачу, асабліва моцна - падчас спектакляў, дзе граюць дзеці.

Сёння другая імпрэза прайшла весела. Раптам знік гук. Акурат пад танец нячыстай сілы - Мілы, нашага каханага харэографа. Нячысцікам давялося без фанеры імправізаваць. Кікімары з лешаком жаласна выводзілі "В лесу роділась ёлочка", а злая мачаха - рэжысёр Вера - шэптам крычэла ў селектар, маўляў, што там з гукам. Малыя артысты ўзбуджана пераказвалі адно адному, што ў нас праблемы з гукам, гледачы ставіліся з паразуменнем, і ўрэшце ведзьма Міла скончыла сваю сцэну пад фанаграму, і спектакль пакаціўся далей у штатным рэжыме.
Так, калі гук жывы - такія сюрпрызы не надта страшныя. Але ў фанеры свае плюсы - яна трымае імпрэзу ў вожыкавых рукавіцах, задае тэмп. Да ўсяго ж, малыя артысты таксама ўдзельнічаюць у запісе гука спектакля - і мае агучвалі ў "12 месяцах" варон, якіх пасля танчылі. А хто думае, што пад фанеру граць лягчэй - але, лягчэй. калі ўжо кожны рух адпрацаваны так, што сніцца)))). Тым больш, што ўсе словы прамаўляюцца альбо прапяваюцца артыстамі ў тэмпе фанаграмы.
Цікавая гэта справа - тэатр. Карацей, хачу...

Аўтар: Black aspid

прэм'ера

24.12.12 7:36
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]

Вось і адбылася прэм'ера казкі 12 месяцаў у кз Мінск. Мае Вароны ледзь не палову спектакля лёталі па сцэне, потым за хвіліну перапрануліся ў Пчол і выбеглі танчыць!
Гэта сапраўдны дзіцячы мюзікл - на сцэне амаль выключна дзеці (ад 4-5 год) і падлеткі. Дарослых мо чалавекі тры (і адна танцавальная група).
Феерычныя танцы сняжынак і іскарак, пчолак і матылёў, зверанятак і птушанятак, марыянетак і кампутаровых персанажаў ствараюць калейдаскапічнае відовішча.
А калі ведаеш, з якога сумбура гэта ўсё пачыналася ў лістападзе, застаецца толькі пакланіцца Міле Кавалеўскай і Ірыне Шыцікавай, якія за паўтара месяцы ператварылі дзіцячую арду ў тэатральную трупу! І, як кажуць, зайздросціць моўчкі, удыхаючы водар сцэны хоць за кулісамі.

Запрашаем на спектакль "12 месяцаў" 27.12.2012 аб 11, 14 альбо 17й гадзіне! Не празявайце свой шанец!

А 26.12 - традыцыйны мюзікл "Золушка" - сем год на сцэне!

Аўтар: Black aspid

Хоку ад Кандрата

15.12.12 20:56
[  Настрой: Yahoo! ]

Бу-бу-бу - пачысцім бульбу,
Разам прыгатуем.
Кашай пачастуем!

(14.12.12, Кандрат Церашкоў.)

Так бы мовіць, па матывах майго твора:

Буль-буль-буль - пачышчу бульбу.
будзе булькаць на пліце.
Бульбы лепш, чым у бабулі.
вы не знойдзеце нідзе.

Толькі ў сына бліжэй да справы, без лішняй лірыкі.

Аўтар: Black aspid

Навагодняя казка

6.12.12 20:38
[  Настрой: Сьмешка ]

Сёлета ў кз"Мінск" у складзе каманды цэнтра "Залатыя галасы" прадстаўляем два мюзікла - традыцыйную "Золушку" 26.12 у 11, 14 і 17 гадзін і
новую казку "12 месяцаў" на вядомы сюжэт - 22.12 і 23.12 зранку і 27.12 ўвесь дзень (11,14,17 гадзін).

Пасля яшчэ адзін выступ у "Доме Масквы" 28.12 - і з чыстым сумленнем на вакацыі!

Аўтар: Black aspid

Педагагічны прыкорм: наступствы блізкія ды аддаленыя.

4.12.12 10:20
[  Настрой: Гыгыгы ]

Калі Кандрату быў год, я даведалася пра педагагічны прыкорм. Елі мы тады цыцку і ўсё, да чаго маглі дацягнуцца, вучыцца было позна, але заднім лікам апынулася, што ішлі мы амаль такім шляхам, калі адняць :
1. вылічванне доз па рысінках - мы пачыналі з кончыка лыжкі, калі праходзіла (не сплёўваў) - тут жа траціну лыжкі, яшчэ столькі ж пару разоў і - на першы раз хопіць;
2. такім чынам уводзілі і кашы, і пюрэшкі для малявак, і ўсю ежу са стала (а мы вэнджанае не купляем, засолёнае я на стол не стаўлю, з кубікаў не гатую і соўсы вінныя не прызнаю, таму наша простая, на вадзе-алеі тушаная-вараная ежа добра падыходзіла), не робячы вялікіх перапынкаў на назіранне (дзякуй Богу, праколаў не было - дыятэза не бачылі, паноса не мелі).
3. пазіцыю "мама-канкурэнт за ежу" я ўспрымала і ўспрымаю не як гульню, а ў свеце глабальнага харчовага крызісу.

У паўтара гады мы мелі Маўглі, які пры словах "Ідзеш, ці мама з'есць?" з воем ляцеў з "джунгляў" за стол,
спробу пакарміць з лыжачкі расцэньваў як пакушэнне на порцыю і верашчаў "СААААМ!"
У чатыры ж гады малое стала за мамай цікаваць: "Мама, а што ты кушаеш? Пакажы, што ў роце! Мама, а што ў кішэньцы?" Гэта вобшук на выпадак, калі мама вырашыла аднаасобна з'есці што-небудзь смачненькае. Праўда, тое, што сам не хоча. з'есці замест сябе дазваляе і нават, бывае, прапануе.
Што будзе далей? не ведаю. Вельмі ўжо ж "педагагічны" атрымаўся прыкорм. Ці спрабаваць з наступным?

Аўтар: Black aspid

Самастойныя дзеці

4.12.12 8:47
[  Настрой: Вялікі дзякуй! ]

Нішто так не робіць дзяцей самастойнымі, як школа пад вакном плюс лянівыя (не, занятыяВельмі шчасьлівы) бацькі.
Праляжаўшы тыдзень з тэмпературай 38-39, я высветліла, што сямігадовая дзяўчынка памые талеркі, без праблем разагрэе кашу і засмажыць яешню, сервіраваўшы сняданак на 4 чалавек.
Васьмігадовы хлапец сам з голаду не здохне і сям'і не дасць загінуць пры наяўнасці ў маразілцы пачака пельменяў. А яшчэ праводзіць сястру ў школу, дамовіцца з настаўніцай, што ён і забярэ, яны цудоўна возьмуць у сталоўцы абеды і падсілкуюцца і заявяцца дамоў у прыстойны тэрмін, не згубіўшы партфель, шапку, галаву і рэпутацыю.
Карацей, у штатах мяне ўжо пазбавілі б бацькоўскіх правоў Razz А асноўныя эпізоды крымінальнай справы яшчэ наперадзе))))))))

Аўтар: Black aspid

Расцем.

30.11.12 6:30
[  Настрой: Бі-бі... ]

Кандрат сказаў учора тату:
- Я хутка буду галіцца!
- У якіх месцах?- ці то зацікавіўся, ці то пакпіў тата.
- У ВАННЕ! - ні на момант не задумаўся сын.

Аўтар: Black aspid

задача

21.11.12 22:02
[  Настрой: Блазан ]

Вучань учора мяне азадачыў.
Размаўлялі пра поспехі.
Прагучэла "А ў журнал паставяць дзесяць без нуля".
І тут ён у мяне пытаецца: "А ці бывае нуль без дзесяці?"
Па выразу на твары я здагадалася, што бывае.
Але дадумацца не змагла.
Пакуль вы думаеце над адказам, дадам, што...
І бабуля не змагла.
І малая не змагла (ёй можна дараваць, не ведала).
А татка наш здагадаўся!
Нуль без дзесяці бывае!

гэта...
Гыгыгы Razz Ржунімагу


23:50!

Аўтар: Black aspid

Вось такая яна, СЛАВА!

5.11.12 18:49
[  Настрой: Кул! ]

У пошуках "Азбукоўніка" Зосі Куставай завіталі з Мсціславам ў "Светач" на прэзентацыю. Сталі сціпленька ў праходзе, слухаем Уладзіміра Мацвеенку. Мсціслаў ухвальна ківае (верш знаёмы, пра Міколу і шапку, якой гулялі ў футбол). Спадварыня Алена Масла, заўважыўшы мяне, кажа пару фраз, маўляў, да нас далучыліся Алена Церашкова з сынам, а тут прадаецца кніжачка вершыкаў-загадак, напісаная ў суаўтарстве з Юліяй Малахоўскай. Я сціпла пасміхаюся за абедзьвюх прадавачкам і нешматлікім наведвальнікам. Пісьменнікі насупраць сядзяць, пра сваё думаюць.
І тут Алена Масла кліча да сябе Мсціслава, дае яму тры закладкі. А ён, натуральна ж, кажа: "Дзякуй вам!" Пісьменнікі ажыўляюцца, чуюцца ўхвальныя междамецці. І тут Спадарыні Масла прыходзіць у галаву экспромт. Яна выходзіць бліжэй да публікі, бярэ майго хлапца за руку, запытаўшыся, ці ён не баіцца, ставіць на цэнтар залі і просіць пачытаць "што-небудзь з мамінага".
Я ўжо рыхтуюся хавацца пад падлогу (бо адмыслова свае вершы з дзецьмі вучыць мне неяк у галаву не прыходзіла, а сам ці ўзгадае0. А мая зорачка заяўляе:
- А я магу са свайго прачытаць!
Пісьменнікі ажыўляюцца.
Мсціслаў чытае пазаўчора напісаны верш пра павучка. і, як на тое, забывае два апошніх радкі. І ў мяне з галавы выскачылі, хоць плач. І тут падае голас Мікола Маляўка:
- А на гэтым можна ўжо кропку ставіць!
Атрымаўшы аўтарытэтнае заключэнне. Алена Масла пытае, ці можна яшчэ, Мсціслаў чытае "Надыход зімы", зрывае авацыі. Спадарыня Алена на хвалі свайго паспяховага экспромта знаёміць Мсціслава з гал.рэдактарам "Вясёлкі" Уладзімірам Ліпскім, два творцы паціскаюць адно адному рукі.
Тут жа да зоркі падкатвае карэспандэнтка радыё "Рацыя" дзеля кароткага інтэрв'ю 9я таксама прымазалася да сынавай славы))))
Потым былі цукеркі, апельсіны, кніжкі ў падарунак... Карацей, дзень задаўся! І нават праліўны дождж, ад якога давялося хаваць кнігі пад паліто, не сапсаваў нам настрой.

А вось і новы твор.

Мсціслаў Церашкоў.
Павучок.

Я павучок, павучок, павучок.
Я павучок - чорны бачок.
Каб павуцінкі і сеткі плясці,
Трэба мне ціхае месца знайсці.

Я павучок, павучок, павучок.
Сяду на зручны дубовы сучок.
Буду за мухамі я назіраць
Ды у кавярню сваю запрашаць.

3.11.2012.

Аўтар: Black aspid

Надыход зімы

22.10.12 20:07
[  Настрой: Пляскаю ]

Сёння чацвертакласнік прынёс са школы аж тры 10кі.за задачу ля дошкі, за біяграфію Андэрсана і за склоны. А ў якасці лірычнага адступлення распавёў. як ішоў ён па дарозе дахаты, і ў грудзі яму ткнуўся кляновы лісток, а тады азірнуўся хлапец на голыя дрэвы і ў яго нарадзіўся верш. Верш быў запісаны па гарачых слядах, рэдактарская праўка па просьбе аўтара не праводзілася. На слове дубрАвы аўтар настойвае. што яно аўтарскае і мае права быць.Кул!
Такім чынам -


Надыход зімы .
Мсціслаў Церашкоў, 8 год
(першая спроба пейзажнай лірыкі на роднай мове)

Пажаўцелі травы,
Дрэвы агалелі.
Вось ужо й дубравы
Снегам зазіхцелі.

22.10.2012

Аўтар: Black aspid

мамін дзень

13.10.12 11:19
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]

Зранку ў суботу ўскокваць на золку не хочацца. таму грукат шафачак у варэльні паспрабавала ўспрыняць па-філасофску: падмацуецца нейкая мыш. меней кашы з'есць. Перажывем. Але раптам каля мяне намаляваўся Мсціслаў і запрасіў прайсці ў варэльню. заплюшчыўшы вочы.
У якасці сюрпрыза да дня маці на талерцы ляжаў тузін канапак з маслам, выкладзены "гадзіннікам", і дзве мікрастрэлкі.
Расчуленая такім клопатам мама тут жа даверыла сыну зварыць грэчневую кашу (з пакрокавымі інструкцыямі), навучыла ашкрабаць моркву, таркаваць якую выклікалася Анэля. А Кандрат, прачуўшы пра такую дзейнасць, прыбег дапамагаць і атрымаў магчымасць памыць апошнюю ашкрэбеную моркву і пасаліць салату. Вось такія яны бываюць харошыя...

Аўтар: Black aspid

Здаровае харчаванне

12.10.12 16:15
[  Настрой: Блазан ]

Учора выпадкова даведваюся. што да мамінага свята нашаму класу даручана (нібыта па жаданні) вырабіць нейкія плакаты з кулінарнымі рэцэптамі. Мой неяк неахвотна і аднаскладна адбрэхваецца, маўляў, нічога не казаў, бо ненавідзіць рэцэпты, і ўвогуле справа гэтая неабавязковая.
Агледзеўшы наяўныя плакаты з наклеенымі шэдэўрамі перыядычнага друку, прыйшла да высновы, што несці выразкі з часопісаў а)ганьба, б) позна (патрэбнае падкрэсліць). Пачуўшы ад настаўніцы яе версію ("нясіце-нясіце, заўтра апошні дзень"), параілася з маці, а тая чамусьці ўзгадала казку "Рэпка". Пакруціўшы гэтую ідэю, да ночы мы вырабілі свой шэдэўр.
Дзеля тых, каму, можа, давядзецца рабіць нешта пра "здаровае харчаванне" - а мінадукацыі рэкамендуе праводзіць па школах мерапрыемствы на гэтую тэму - апішу, што мы зрабілі.
1. Адшукалі размалёўкі. дзе героі рэпку выцягвалі, а потым каля рэпкі весяліліся. Першы малюнак друканулі і размалявалі, з другога вылучылі герояў паасобку, друканулі, размалявалі, выразалі.
2. Знайшлі і пераклалі 6 рэцэптаў страў з рэпы: параная рэпа - дзеду, фаршыраваная - бабе, з разынкамі - унучцы, з вяндлінкай - Жучку, са смятанай - котцы, салата - мышцы. Кожнаму пад густ. Друканулі, выразалі.
3. Малы размясціў ды прыклеіў на аркуш а3.
http://dzietki.by/forum/album.php?user_id=507

такі вось шэдэўр. Дробязь, а 10 па мая радзіма-Беларусь атрымалі. За мову хіба... Гыгыгы

Аўтар: Black aspid

рэвалюцыя ці "севрюжіна" з хрэнам?

7.10.12 11:14
[  Настрой: Rolling Eyes ]

Аднекуль мой свёкар любіць цытаваць, маўляў, "моцна хацелася яму ці тое рэвалюцыі, ці тое севрюжіны с хреном".
Вось і мне хочацца чагосьці. Ці тое след у гісторыі пакінуць, ці тое здохнуць хутчэй, каб перастаць хацець след пакінуць. Ці тое яшчэ чагосьці кшталту прыняць адказнасць за свой лёс. Ці тое паставіць крыж на гэтай адказнасці і жыць за чужымі плячыма ў сваё задавальненне...
Для сусвета хочацца рэвалюцыі, а для сябе - севрюжіны. Цікава, а што думае сусвет? Падазраю, што і сусвет хоча не рэвалюцыі. Але ж гэта рэвалюцыі хопіць усім. А севрюжіна можа і скончыцца. Застанецца хіба хрэн.
Тады, напэўна, рэвалюцыя...

Аўтар: Black aspid

Дзень настаўніка

5.10.12 15:26
[  Настрой: Embarassed ]

Ну вось такая я жывёла - нават маці не павіншавала (хоць бы ў нядзелю не забыцца0. Не тое што нейкіх там...
Але пытанне, навошта сын сёння схадзіў у школу, застаецца. Цытую свайго вучня.
На першым уроку мы дасталі падручнік па літ. чт., каб ён (падручнік - прым. мае) паглядзеў, як мы рэпетыруем віншаванні дырэктару. На другім уроку мы схавалі літ.чт і дасталі друкаваны сшытак па расейскай мове, каб ён (сшытак - прым. мае) таксама паглядзеў. Доўга чакалі ў чарзе да дырэктара. Тая "зорачка", якая мусіла віншаваць дырэктара, апынулася не гатовая, таму віншавала зорачка, якая віншавала завуча. Настаўніцу музыкі мы таксама пайшлі віншаваць, але яе не было. Нашая зорачка бегала віншаваць фізрука."
На трэцім уроку цудам адбыўся ўрок ангельскай , а на чацвертым - мая радзіма беларусь. перацягнутая з мінулага дня, прычым за тры хвіліны да званка з 4 урока сын пазваніў мне ў дзверы, папярэдне забегшы на хвіліну ў сталоўку...

Чарга ля дырэктарскага кабінета выклікае думкі, чым займаліся астатнія класы...

Аўтар: Black aspid

Дробязь, а прыемна.

3.10.12 14:51
[  Настрой: Сьмешка ]

На мінулым сходзе прагучала прапанова настаўніцы часцей заходзіць да завуча пачатковых класаў з "прыемнымі дробязямі". Маўляў, і не забывацца нагадаць, што мы з 4 "Б". Тонкія намёкі на тлустыя абставіны я зазвычай ігнарую, а тут выпадак згуляў на маю карысць: прайшлі святы прысвячэння ў першакласнікі. І акурат напярэдадні гэтай падзеі я прапанавала завучу свае альбомчыкі (на ўсіх 157 вучняў-першакласнікаў - ацаніце масштабы))))
Сёння завуч павіталася са мной за палову калідора і стала распавядаць, як былі прыемна здзіўленыя дзеці нечаканым падарункам. Служу Рэспубліцы Беларусь! - карцела гаркнуць у адказ.

Альбомчыкі яшчэ ёсць. Калі ведаеце, якія класы ці групкі можна яшчэ парадаваць - замаўляйце.

Аўтар: Black aspid

Магутны Божа па-ангельску

2.10.12 9:02

Mighty Lord

Music: Mikola Ravensky Text: Natalla Arsenyeva
Translated by Alena Tserashkova

So mighty Lord! As you hold sway over
The world, the big sun and smallest hearts,
In Belarus land, in our parts, Lord,
O, please, spill beams of your sunny praise.

Please, give me effort to do my duty
Before my land, for my daily bread.
Respect and strength give me, faith and beauty
Of toil and love, raising from the dead.

Make our cornfield viable, fertile,
Send to the deeds merit outcome.
And our country, and our people
Make free and happy and let no stumble.

Пераклад Алены Церашковай

Аўтар: Black aspid

Былі раней гарэлка мацнейшая, цукар саладзейшы і песні лепш.

29.09.12 7:44

Люблю ранняга Макарэвіча. Дзіўнаю любоўю. Год з шасці, з Брэжнеўскіх часоў... А каго люблю, таго і ...

Паварот. А.Макарэвіч


Мы сябрам давалі слова
Шляху не кідаць прамога.
Ўсё ж,
мабыць, гэта лёс.
Хоць, па шчырасці, напэўна
Ўсе баяцца пераменаў –
Нам
іншага няма.

Вось
Новы паварот:
Бездань ці узлёт?
Вір, а можа, брод?
Цэлы свет прыгод –
Ці наадварот?
І не разбярэш
Раней, як павярнеш…

Не бянтэжся без прычыны:
Мы з табою, брат, мужчыны –
Хоць
у гэтым наша моц.
Мо’ за новым паваротам
Будзе кропка незвароту –
хай!
У добры шлях, бывай!

Аўтар: Black aspid

Прысвячэнне ў першакласнікі

28.09.12 17:46
[  Настрой: Yahoo! ]

Гануся з сёняшняга дня атрымала "Статус першакласніцы". Цэлае свята зладзілі з гэтай нагоды ! Пелі, танчылі, вершы чыталі, прымалі (ці давалі? як правільна?) прысягу, атрымалі медалі і мае альбомчыкі пра жывёлак (загадкі)"Самыя звычайна-незвычайныя".
Па ўсім бачна, настаўніца нашая ведае гэтую справу. Можа, ўзімку зладзім і якое беларускае свята. Калі сіл хопіць на сцэнар.

Аўтар: Black aspid

дзень настаўніка

23.09.12 7:30
[  Настрой: Ідэя! ]

Маці падказала ідэю віншавальнага плаката (напэўна, хтосьці такое сто разоў рабіў, але мне не даводзілася ані рабіць, ані бачыць.
Такім чынам:
1.Надрукаваць на каляровай паперы лінеечкі
2. выразаць з гэтай лінаванай паперы лісточкі
3. раздаць лісточкі кожнаму вучню класа, каб тыя напісалі цёплыя словы настаўніцы (можна кожнай з настаўніц-выхавальніц свой колер
4. На вялікі плакат наклейваецца гэтая лістота (клеіцца адным краем, другі край падгінаецца ці закручваецца, ці проста вісіць дзеля прыдання аб'ёму
5. Мастацкі твор вывешваецца ў класе ці калідоры напярэдадні свята, папарацы пільнуюць у кустох.
Плакат можа мець любы фон, але вось які ў мяне нарадзіўся.Глядзець у маёй галерэі ў фотаальбоме
http://dzietki.by/forum/album.php?user_id=507

Каму трэба, бярыце.

Аўтар: Black aspid

Хутка ў школу

21.09.12 15:27
[  Настрой: Сп. Зялёная Усьмешка ]

http://subscribe.ru/group/sinyaya-ptitsa/2613895/#3399909
Павешу, каб не згубілася. А то мадэратары нашыя моцна загружаныя, на ўхвалу "пішам самі" сыходзяць тыдні...


Неўзабаве ў першы раз

Ўвойдзеш ты ў свой першы клас.

Будзеш там сядзець за партай,

Гарады шукаць на картах,

Вершы з “Буквара” вучыць,

Спрытна палачкі лічыць.



Пазнаёмішся ты ў класе

З Машай, Галяй, Пашам, Васем.

Разам добра есці кашу,

І спяваць, і маляваць,

Слухаць, што настаўнік скажа,

І на вуліцы гуляць.

А пра ўсё, што там пачуеш,

Мне паштоўку намалюеш.



Будзь уважлівай, дачушка,

Будзь стараннаю, пястушка.

Не лянуйся, не журыся,

Стаць выдатніцай імкніся.



І за гэта, Веранічка,

Падару табе... сястрычку!



пераклад Алены Церашковай

Аўтар: Black aspid

сказануў!

17.09.12 9:31
[  Настрой: Блазан ]

Днямі старэйшы выдаў (не ўзгадаю, на якую тэму ішла размова):
- Я - чэмпіён! А тата - ЧЭМПІЯРД!

Аўтар: Black aspid

выбары

14.09.12 12:11
[  Настрой: Мне дрэнна ]

я байкатую.
Нават верша ніводнага на гэтую кампанію не пішу. А звычайна пішу. Вось яны, мае палітычныя вершыкі.

RAP 5 +

(праграма Алеся Міхалевіча ў рамках праграмы 5 крокаў да лепшага жыцця, пазамінулыя парламенцкія, здаецца))

Гэй, паслухайце, дзядзькі і цёткі!
Мой зварот да вас будзе кароткі!
Гэта не рок, гэта не блюз,
Гэта – праграма каманды 5+!

На выбары – GO! На выбары – GO!
На выбары, на выбары, на выбары, на выбары
COME ON! COME ON!
2.
Адзіны закон, адна свабода!
Дзяржава бароніць правы народа.
Мусіць на нас працаваць улада!
Мы абаронім права на праўду!

Хай захлынецца БТ у мане,
Мы Лукашэнку скажам: НЕ!

На выбары – GO! На выбары – GO!
На выбары, на выбары, на выбары, на выбары
COME ON! COME ON!
3.
Каб эканоміка магла узняцца,
Кожнаму трэба умовы для працы.
Моладзі даць працоўныя месцы,
Пенсіянерам - дастойныя пенсіі!

Спынім рост камунальнай платы!
Адменім паборы, зменшым падаткі!

На выбары – GO! На выбары – GO!
На выбары, на выбары, на выбары, на выбары
COME ON! COME ON!
4.
Ты лічыш, грошай няма ў краіны?
Давай карміць бюракратаў спынім!
Замест аховы Прэзідэнта
Дамо грашэй на маленькіх дзетак!

Адкрыты бюджэт! Хопіць хавацца!
Фонд Прэзідэнта – аддаць грамадству!

На выбары – GO! На выбары – GO!
На выбары, на выбары, на выбары, на выбары
COME ON! COME ON!
5.
Мы выступаем за добрасуседства:
Супольную працу у цэлым свеце!
Мы ворагаў знешніх не шукаем,
НАТА манёўрамі не пужаем!

Мы не паўторым былыя хібы!
Рабі, Беларусь, еўрапейскі выбар!

На выбары – GO! На выбары – GO!
На выбары, на выбары, на выбары, на выбары
COME ON! COME ON!


НЕ БЫДЛА
На Плошчы Каліноўскага зіма
Насуперак усім календарам.
І лютая завея б’е ў экран
І ў вочы залацістым ліхтарам.
Там бел-чырвона-белыя сцягі.
Там тысячы вытоптваюць сумёт.
Рака людзкая б’ецца ў берагі…
Глядзі, ўвесь свет: не быдла мой народ.

На Плошчы Каліноўскага мароз –
Як здрада махляра- сакавіка.
За шэрагам аслеплых ліхтароў
Стаяць кардоны да рукі рука.
Чатыры ночы, тры бясконцых дні –
Но пасаран! – стаіць юначы плот.
І бачыцца Кастусь у іх страі…
Глядзі, ўвесь свет: не быдла мой народ.

На Плошчы Каліноўскага вясна
Залізвае зімовыя грахі.
А на вясну няўмольна прэ сцяна,
Чарнюткая, бы чорныя гракі.
Нахабным гвалам не зламаеш дух.
А надыдзе той час, той дзень і год –
Вясна парве задушлівы ланцуг,
І ўбачыць свет: не быдла мой народ!
09.09.08

ЗЯМЛЯ САННІКАВА

Пра нас не здыме эпапею Энзейнштейн,
І Караткевіч не напіша з нас раман.
Мы ўзялі назву з вуснаў тысяч тых людей,
Што йдуць да нас і кажуць: будзе зноў падман.
Надзея з роспаччу мяняецца падчас.
Не ўзняўшы голаў, не падняцца і з кален.
Яны завуць Зямлёю Саннікава нас,
Зямлёй надзей і добрых перамен.

А над Зямлёю Саннікава дождж,
А над Зямлёю Саннікава ціш.
У вочы скажуць: плёну ні на грош!
А следам: дзякуй, дружа, што стаіш!
А над Зямлёю Саннікава ноч,
І сонца б’ецца у аблозе хмар.
Тут я і ты, а хто яшчэ апроч?
Ты – беларус, ліцвін, змагар, ваяр.

- А што вы зробіце, як ён мацней за вас?
- А мы сваёй не пашкадуем галавы.
Завеце вы Зямлёю Саннікава нас,
Але надзея наша – гэта вы.
Вы столькі год гукалі шэптам: “Перамен!”
Ці гучна марылі пра 9 грам свінца…
А зараз НАЦЫЯ ўздымаецца з кален –
За гэта варта біцца да канца!

Хай над Зямлёю Саннікава дождж,
Хай над Зямлёю Саннікава ціш.
У вочы скажуць: плёну ні на грош!
А следам: дзякуй, дружа, што стаіш!
А над Зямлёю Саннікава ноч,
І сонца б’ецца у аблозе хмар.
Тут я і ты, а хто яшчэ апроч?
Ты – беларус, ліцвін, змагар, ваяр.
15.10.2010

Кровавая отметина на глобусе...


Они идут то группами, то парами,

То в одиночку движутся по городу.

Спокойные, уверенные парни,

Девчонки, симпатичные и гордые,

Мужчины, дамы, старики , старушки

Встречаются под елкой в центре Минска.

Болтают закадычные подружки,

Друзья в толпе хотят держаться близко…



Они – нет, мы! - неплотною колонною

Текут рекой по руслу Незалежнасці.

Здесь не видать помеченных погонами –

Они ещё в тепле “коробок” нежатся.

Работа им обещана нелёгкая,

И “боевые” выплатятся вовремя.

А мы морозный ветер греем лёгкими.

А мы всю площадь заполняем волнами.



Надежда распростерлась над столицею.

На Ратуше часы взмахнули стрелками…

Но из-под ног выплескивают в лица нам

Гранаты шумовыми фейерверками.

Бойцы молотят по щитам дубинами.

То прут “свиньёй”, то сдавят “хороводом”,

А мы в грудь задним упираем спины, и

Кричим в щиты: “Милиция с народом!”



Но ни души, ни совести под латами,

Врезается в толпу машина адская.

И огребают тут же провокаторы,

Приказами обряженные в штатское.

Нас ручейками выжимают с площади,

Пакуют в бесконечные автобусы.

И вновь стыдливо снегом припорошена

Кровавая отметина на глобусе.
24.12.2010

promise...

There is not stick on my back,

But my heart fills the great pain.

There is not boot on my throat,

But I cannot take a deep breath.

There are not handcuffs on my hands,

But It’s look like I am a slave.

There is not death warrant, but i…

But I look in the face of death –

Belarus Freedom dies

On the bloodstained snow…

Belarus Freedom dies,

Everybody know…

Belarus Freedom dies,

There is night in my heart.

Belarus Freedom dies

So hard…

I opened my eyes to look:

My land was beaten and took.

I opened my ears to listen:

To hope? To believe? – no reason.

I opened my mind to remember

Forever, forever, forever.

But I will become above:

I opened my heart to love.

To love, to believe, to know:

The Spring will take of the snow.

Live Belarus!
29.12.2010

Разговор судьи с подсудимым (прысвячаю брату)

- Подсудимый Винярский, я не питаю к вам зла.
Но объяснить мне, ради Бога,
Почему вы ругаетесь матом каждого 16го числа,
Ведь в месяце дней других достаточно много?
- Объясню вам охотно, товарищ судья:
По 16м числам – день Солидарности.
И, как только патруль видит меня –
у него в этот день слуховые галлюцинации!
- Подсудимый Винярский, это смешно,
но только каждого 25 марта
Вас задерживают в пиццерии, в Макдональдсе или в метро…
И все время отпускают. Удивительно как-то!
- Посмеёмся вместе, товарищ судья!
Есть ведь 26 апреля
И 27 ию-Ля,
Можете в деле проверить.
В каждый из этих памятных дней
Хватают меня и моих друзей,
Утверждая, что наши рожи
На преступников очень похожи.
И, продержав часов пять или восемь,
Показывают на дверь – мол, милости просим!
- Подсудимый, скажите, а в этот раз
Что вы делали на проспекте?
- Я спросил у друга, который час,
И услышал сзади:
- Винярский, проедем!
- То есть матом вы опять не ругались?
Объясните, что же произошло?
- Товарищ судья, календарь перед вами.
Вчера, проверьте, 16е число.
- Протокол составлен за ругань матом...
Доказано: ругань имела место.
Через 9 дней 25е марта…
Приговор: 10 суток административного ареста!

Бандарэнку

Зміцер, я ніколі не забуду:
Вы “спазніліся” на акцыю аднойчы.
Ціш. Плакаты абляпілі Плошчу
Галубамі, кінутымі ў брудзе.

Адваліў накормлены аўтобус,
Адцягнулі зграю бультэр’ераў.
А натоўп зявак вачам не верыў:
Вы і я дваіх стаялі побач.

Побач – гэта метры два, не болей.
Мокрыя партрэты трапяталі.
Не пускалі Вас, дзяўчат не бралі.
Вось і засталося гэткіх двое.

“Будуць браць іх? Пэўна, ўжо не будуць?”-
У напрузе фотааб’ектывы.
Ўсталі Вы Калосам Супраціву.
А натоўп – спалоханаю грудай.

Не сатрэцца з памяці ніколі
Той урок Свабоды, Веры, Волі.
2011

Аўтар: Black aspid

каму трэба - працяг

12.09.12 16:22

Ясь:
- Не магу з табою княжыць.
Мне іначай сэрца кажа.
Ванда (раззлавана):
- Добрай воляй не хацеў –
Тады мой спазнаеш гнеў!
Ані з рэчкі, ні з крыніцы
Я не дам табе напіцца.
Ані дождж, ані раса,
Ані горкая сляза
Твае вусны не намочыць,
Пакуль быць маім не хочаш!
Ясь (сумна):
- Сэрцу я не загадаю.
Ванда, я яе кахаю.
Ванда(пляскае тройчы ў ладкі, падсвечаны заднік, Чэсь танчыць з Касяй):
- Вось яна, твая каханка!
З чортам Чэсем на гулянку
Выпраўляецца як раз
У перадсвітальны час.
Пра цябе і знаць не хоча.
Ясь (узрушана):
- Касечка! І ўдзень, і ўночы
Я адну яе кахаю.
Я каханай давяраю!
Ванда (гучна):
- Хопіць!
(заднік гасне)
Ведаю, як быць.
Мусіць лёс нас рассудзіць.
(выходзяць вадзяніцы з вянкамі над галовамі, праплываюць міма Яся)
Бачыш, вунь плывуць вянкі.
Выбірай сабе які.
Ясь (хапае адзін з вянкоў, вядзяніцы працягаюць сваю плынь):
- Гэты! Сэрцам пазнаю!
Ванда(цяжка ўздыхае):
- Волю я табе даю.
Не была б я вадзяніца,
Дык змагла б хоць утапіцца!
(уцякае прэч)
Сцэна 14
(малыя вадзяніцы прысаджваюцца радком на сцэне. Выбягае Кася, з ёй выходзіць дзяўчына-вядзьмарка)
Ясь: - Кася!
Кася: - Ясь! Знайшла!
Ясь: - Знайшла!
Кася: - Вечнасць цэлая прайшла!
Дзе мы зараз?
Ясь: - Невядома.
Кася: - Як жа трапіць нам дадому?
Дзяўчына-вядзьмарка:
- Ясь, бяры яе руку
Ды спускайцеся ў раку.
На той бераг перайдзеце –
Тут жа ў час свой пападзеце.
Ясь: - Дык бывайце.
Кася: - Так, бывайце,
Ліхам нас не памінайце!
Дзяўчына – вядзьмарка: - А праз нейкіх сто гадоў,
Пэўна, стрэнемся ізноў.
Каб сто год вы разам йшлі
Ды каханне бераглі!
(Ясь дае Касі руку. Малыя вадзяніцы даюць рукі адна адной, пачынаюць падымаць і апускаць рукі, як хвалі, патым устаюць, закрываючы Яся і Касю, тыя знікаюць)
Эпілог
(крычыць певень. Вадзяніцы і вядзьмарка уцякаюць, застаюцца Ванда і Чэсь)
Ванда: - Хутка, Чэсю, развіднее:
Сіла нашая слабее.
Напаткала нас няўдача.
Чэсь: - Ванда, Вандачка, не плач!
Не сумуй, мая любуся,
Я з табою застануся!
У балоце, сярод лесу
Будзеш ты маёй прынцэсай.
Ці табе па сэрцы Ясь?
Ванда: - Не смяшы, мой водны князь!
Чэсь: - Значыць, згода, Ванда?
Ванда: - Згода!
Чэсь: - Назаўсёды?
Ванда: - Назаўсёды!
(Віднее, выходзяць усе героі, спяваюць гімн Купале)

Аўтар: Black aspid

каму трэба - бярыце сабе

12.09.12 16:19
[  Настрой: Афігець-застрэліцца! ]

З прычыны адсутнасці літаратурнага агента і ўласнай недарэчнасці вывалю сюды. Каму трэба - забірайце. Бараніць правы не маю сіл. Судзіцца не буду.
Прыгоды Яся і Касі ў купальскую ноч.
Пралог.
(Адкрываецца заслона: на сцэне жывыя расліны – дрэвы, кветкі. Спяваюць, танчаць)
Ой, на Купалу воля настала,
дрэвы па лесе вольныя ходзяць,
зёлкі ды кветкі карагоды водзяць,
Ой, на Купалу воля настала.

Ой, на Купалу воля настала,
Чэрці лясныя ды вадзяніцы
Выйшлі з балота, выйшлі з крыніцы.
Ой, на Купалу воля настала,

Ой, на Купалу воля настала,
Дзеўкі ды хлопцы ў лесе гуляюць,
Славяць Купалу, долі шукаюць.
Ой, на Купалу воля настала,

(Выбягае вадзяніца Ванда, за ёю балотны чорт Чэсь. Расліны знікаюць)
Чэсь:
- А мая ты маладзіца!
А мая ты вадзяніца!
Ванда, я такі самотны!
Ванда:
- Адчапіся, чорт балотны!
Ці даўно ты мыўся, Чэсь?
Чэсь:
- Я і так прыгожы ўвесь!
Рогі, капыты ды хвост –
Прыгажун на поўны рост!
Ці ты выйдзеш за мяне?
Ванда:
- Не, не, не!
Я знайду сабе хлапца –
На ўсе рукі малайца,
Гарадзкога ці вясковага –
Прыгожага ды вясёлага!
Застанецца ён са мной,
Вадзяніцай маладой!
Чэсь:
- Ах, ты так! А я пайду,
Дзеўку гожую знайду!
Каб спявала, гатавала,
Мыла, шыла, прыбірала,
Аднаго мяне кахала,
Пра другіх не ўспамінала!
Зажывем з ёй сярод леса –
Прынц балотны і прынцэса.
Ванда (прыслухоўваецца):
- Чую галасы і крокі.
Дзесьці побач, неалёка!
Чэсь:
- Два турысты. Гарадзкія.
Дзеўка з хлопцам. Маладыя.
Ванда: - Не дапусцім! Не прапусцім!
Чэсь: - Падпільнуем! Зачаруем!
(хорам) – Не сысці нам болей з месца…
Ванда: - Мой жаніх!
Чэсь: - Мая нявеста!
(уцякаюць. \
Дзея першая
На сцэну выходзяць Ясь і Кася)
Кася:
- Вось і макаўка лета настала!
Сёння – ноч на Івана Купалу.
Травы сілу чароўную маюць,
Людзі папараць-кветку шукаюць.
Ясь:
- Кася, Кася, ты блытаеш проста!
Ноч купальская ў ліпені, шостага!
Пройдзе нейкіх два тыдні яшчэ,
Наша кветка ад нас не ўцячэ.
Хлопцы-дзеўкі збяруцца на пляжы,
Шашлыкі на цяпельцы пасмажым,
Адпачнем, пагуляем як людзі…
Кася (перапыняе):
- Толькі папараць-кветкі не будзе!
Бо яна зацвітае пад ранне
Ночы летняга сонцастаяння!
Ясь:
Добра-добра, не трэба спрачацца.
Вечар. Вогнішчам трэба заняцца.
(разыходзяцца. Выходзіць бабуля з кашыкам))
Бабуля (кажа замову):
- Зёлкі на Купалле
Сілу ўвабралі.
Зёлцы кожнай пакланюся,
Пашапчу ды памалюся:
Адыдзі, нячысты бес,
Не пагань раку ды лес.
Ляжь калодай, стань як пень
У святы Іванаў дзень…
Ясь(знянацку): - Добры вечар вам у лес!
Бабулька (спалохана): - Вой, хто тут? (з палёгкай): Не, ты не бес.
Ясь: - Я не бес, я проста Ясь!
Бабулька:
- Ясь? Ты лепш сюды не лазь!
На Купалле ля крыніцы
Так і шныраць вадзяніцы,
Могуць і заказытаць!
Ясь:
- Бабка, до’ мяне пужаць!
Я ў чарцей даўно не веру,
Казкі толькі на паперы!
Бабулька (махнуўшы рукой):
- Моладзь-моладзь! Ім дакажаш!
Не навучыш, не падкажаш…
(сыходзіць)
На сцэну выбягаюць вадзяніцы, танчаць вакол Яся, зачароўваюць яго і зводзяць з сабою. Застаецца задаволеная Ванда. Амаль тут жа выходзіць Чэсь у Ясявай вопратцы.
Чэсь:
- Ну-ка, Вандачка, зірні:
Чым я Касі не жаніх?
Ванда:
- Рукавы хоць падвярні.
Пас на пузе падцягні.
Рогі прыхавай пад кепкай.
Ну, не так ужо і кепска!
Чэсь: - Болей сіл трываць не маю! Пабягу!
Ванда (наўздагон): - Хоць хвост схавай!
(абодва сыходзяць. На сцэну выходзіць Кася з недаплеценым вянком і кветачкі.)
Кася: - У вянок сплятаю зёлкі.
Будзе яркі як вясёлка
І салодкі, як мядок.
Тут валошкі і рамонкі,
Зверабой, званочак звонкі,
І шалфей, і чабарок.
Трэба мне дванаццаць красак
У вяночку сплесті разам
І ўначы паваражыць.
Пасярод купальскай ночы
Зловіць Яська мой вяночак –
Будзем з ім у шчасці жыць!
(з’яўляецца чорт Чэсь, апрануты як Ясь, нахабны і развязны)
Чэсь: - Зажурылася, каханка?
Ночка нашая да ранка!
Кася, не адводзь вачэй,
Пацалуй мяне хутчэй!
Кася: - Ясь, ты што, гарэлку піў?
Ты ж за дровамі хадзіў!
Адчапіся, ты п’яны!
Чэсь: - Тут няма маёй віны!
Ад кахання я п’янею,
І дурэю, і шалею!
(кланяецца да зямлі, губляе кепку, хвост задзіраецца вышэй спіны)
Кася: - Рогі, хвост і капыты!
Ты – не Яська. А хто ты?
Чэсь: - Дон Чазарэ, пан Балотны,
Валадар дрыгвы самотны.
Сэрцам ваш навекі ўвесь…
Можаш клікаць проста Чэсь!
Кася: - Адыдзі, нячыста сіла,
Каб цябе перакасіла!
Ляж калодай, стань як пень
У святы Іванаў дзень!
Я табе непадуладна!
У дрыгву шуруй абратна!
Чэсь: - Хоць не маю барады,
Я – мужчына хоць куды.
Маю золата і срэбра…
А табе запомніць трэба:
Сёння ўвечар ля крыніцы
Яся скралі вадзяніцы.
Разам вам ужо не быць,
Можаш пра яго забыць!
А вось я з табой гатовы.
Кася, за табою слова!
Кася: - Прэч!
Чэсь: - Што ж, я чакаць умею.
Ты яшчэ паразумнееш.
( Чэсь сыходзіць, Кася на краі сцэны. На другі край выходзіць Ясь пад руку з Вандай. Ясь і Кася не бачаць адно аднога)
Кася: - Ясь! Каханы, адгукніся!
Ясь: - Ка-ся…
Кася: - На хвілінку пакажыся!
Ясь: - Ка-ся…
Ванда: - Як не клічаш, як не плачаш,
А яго ты не пабачыш!
Я яго зачаравала.
Ад вачэй людзкіх схавала!
Ён абраў мяне свядома,
А табе пара дадому!
Кася: - Ясю, гэта праўда?
Ясь: - Не!
Кася: - Дык кахаеш ты мяне?
Ясь: - Так!
Кася: - Тады падай мне знак!
Ясь: - Як?
Кася: - Ад мяне ты навучыўся
Песні. Пэўна, не забыўся?
(Ясь і Кася спяваюць “Зорка Венера”, танчаць паасобку нібыта ў парах)
Ванда: - Спевы чарам не памеха!
Паспявалі дзеля смеху,
Але Ясь навекі мой,
Хоць да раніцы тут стой!
(Ванда хапае Яся за руку і уцягвае са сцэны)
Кася: - Дзе шукаць мне дапамогі,
Па якіх ісці дарогах?
Месяц, мой маладзічок,
Рожкі звесіў на бачок!
Падкажы, хто дапаможа,
Да каго звярнуцца можна?
Месяц: - Хіба толькі ты сама!
Выйсця іншага няма!
Толькі моцнае каханне
Дасць надзею на спатканне!
Кася: - Вецер, буйны мой вятрыска,
Да зямлі спусціся нізка,
Разгані маю бяду!
Дзе каханага знайду?
Вецер: - Знойдзеш толькі ты сама.
Выйсця іншага няма.
Той, хто не шкадуе ногі,
Дойдзе да канца дарогі!
Кася: - Ты, бруістая крынічка,
Ты, малая зорка-знічка,
Ты, шумлівая дуброва,
Падкажыце мне хоць слова…
Бабулька: - Не турбуй ты сілы леса:
не памогуць супраць беса.
Спадзявайся на сабе.
І скажу я так табе:
Толькі папараці кветка,
Што цвіце паўночы ўлетку,
Дапаможа ў вадзяніц
Хлопца вызваліць-адбіць.
Кася: - Навучы, куды ісці,
Дзе мне папараць знайсці?
Бабулька: - Ноч купальская настала.
Часу, Касечка, так мала!
Трэба песні праспяваці,
Ў карагодзе пагуляці,
Скочыць праз агонь нарэшце…
І на самай вузкай сцежцы,
Калі моцна ты кахаеш,
Кветку шчасця адшукаеш.
Выйдзеш з ёй на беражок,
Кінеш у раку вянок,
Калі Ясь вянок паймае –
Зноў свабоду атрымае.
Кася: - Ясь запалак не пакінуў
Ды з сякерай разам згінуў.
А вадзілі карагод
Тут таму назад сто год.
З кім ля вогнішча гуляць,
З кім спяваць ды з кім скакаць?
Бабулька: - Калі моцная ахвота –
І сто год не перашкода.
Ведаю такі абрад –
Адкручу сто год назад!
Хай да Янавай пары
Ходзяць дзеўкі па бары.
Вакол вогнішча гуляюць,
Кветку з хлопцамі шукаюць.
Калі моцна ты кахаеш –
Там і Яся напаткаеш.
І, вярнуўшыся дамоў,
Разам будзеце ізноў.
А калі засумняешся –
Там навекі застанешся!
Кася: - А калі засумняюся,
там навекі застануся?..
што вагаюся дарма –
Без яго жыцця няма!
Я гатовая, вядзьмарка!
Бабулька: - Пі тады вось гэту чарку.
(песня пра бег часу)
Бабулька: - Часу небагата, Кася!
Прачынайся, прачынайся!
(пакуль Кася пацягваецца, выходзяць на сцэну хлопцы)
Хлопцы: - Месца добрае, глядзі!
Тут і карагод вадзіць.
Як ламачча нацягаем,
Так і дзевак запрашаем.
(хлапечыя прыпеўкі)
(выходзяць дзяўчаты)
Дзяўчаты: - Ай якія малайцы!
Завіхаюцца хлапцы!
Толькі так марудна, браткі,
Што надыдуць і калядкі!
(дзявочыя прыпеўкі)
Хлопцы: - До’, дзяўчаты, будзе кпіць!
Можна карагод вадзіць!
(водзяць карагод, спяваюць купальскія песні)
Хлопцы: - Стала вогнішча згасаць.
Можна праз агонь скакаць!
(прыпеўкі-прызнанкі)
Кася: - ўсёй душой кахаю Яся,
З ім навек бы засталася!
(вогнішча і карагод знікаюць у цемры. Кася ідзе па сцэне, вакол яе танчаць расліны. Спявае “Там, дзе сцежачка робіцца вузкай” Напрыканцы песні з’яўляецца чорт Чэсь))
Чэсь: - Добрай ночанькі, паненачка!
А прыгожая сукеначка!
Як жа вы адна ды ў позні час?
Добра, што я дачакаўся вас!
Долі шчаснае пытаеце?
Кветку-папараць шукаеце?
Можам разам пашукаць,
Па кусточках паблукаць!
Кася: - Нам з табой не па пуці.
Адыдзіся. Дай прайсці.
Чэсь: - Колькі гонару пустога!
Колькі пыхі! Ды нічога
Без мяне не адшукаеш,
Хоць да ранку праблукаеш!
Я тут князь, я ўсё магу.
Захачу – дапамагу.
Бачыш залатую россып?
Бачыш дыяменты-росы?
Ўсе балотныя багацці
Зможаш ты адна патраціць,
Калі пойдзеш за мяне.
Кася: - Толькі Ясь патрэбны мне!
Чэсь: - Ты мяне яшчэ пабачыш!
Ты ў мяне ячшэ паплачаш!
Гэй вы, сцежкі, разбягайцеся!
Дрэвы, голлем заплятайцеся!
Дзікія звяры, збягайцеся!
Чорны вораны, злятайцеся!
Чалавечына да вас прыйшла!
(страшныя гукі леса)
Кася: - Я нікому не рабіла зла!
Я звяроў не палявала,
Я лясоў не высякала.
З чыстым сэрцам я да вас.
Мне патрэбны толькі Ясь!
(страшныя гукі змаўкаюць).
Чэсь: - Мне шкада цябе, дурніцу.
Ясь кахае вадзяніцу.
Кася: - Я не веру.
Чэсь: - І дарма!
Паглядзі тады сама!
(танец ценяў Яся і вадзяніцы)
Кася: - Што глядзець? Ён – мой каханы.
Проста Ясь зачараваны!
Чэсь: - Думаеш, развееш чары –
Будзе твой? Пустыя мары!
Можа, ён цябе любіў,
Ды даўным-даўно забыў!
Кася: - Можа, так, а можа – не.
Ты не напужаў мяне.
Я свабоду Ясю дам,
І няхай рашае сам.
( на сцэне з’яўляецца Папараць-кветка)
Кветка: - Адступіся, Чэсь, даволі!
Не пужай лзяўчыну болей.
Праз усе выпрабаванні
Правядзе яе каханне.
Калі горача кахаеш,
Калі моц у сэрцы маеш,
Калі любым давяраеш –
Кветку шчасця атрымаеш.
Кінь у рэчку свій вянок.
Йдзі за ім. Тут недалёка.
Калі Ясь цябе кахае,
Ён вяночак твой пазнае.
А калі кране рукой –
Зноў навекі будзе твой.
(Кася, Чэсь і Кветка разыходзяцца ў розныя бакі. Выходзіць Ясь пад руку з Вандай)
Ванда: - Што ты, Ясю, зажурыўся?
Ці вады сырой напіўся?
Не пад’еў ці неласпаў?
Ці мяне не ўпадабаў?
Ясь: - Сам не ведаю, што стала.
Што мяне апанавала.
Не магу я быць з табойю…
Ванда: - Ясю, Ясю, што такое?
Можа, мне змяніць прычоску?
Ясь: - Ты і так багіня проста!
Ванда: - Мо’ перапрануць сукенку?
Ясь: - Ты – цудоўная паненка.
Ванда: - Пацеркі і бранзалеты?
Ясь: - Ванда, справа-та не ў гэтым!
Сэрца плача і баліць,
Разам з ёй жадае быць.
Ванда: - З кім?
Ясь: - Не памятаю, Ванда.
Але я кахаю, праўда!
Ванда: - Ты са мной яе забудзеш.
Ты са мной багаты будзеш!
Цар лясны дае за мною
Рэкі з чыстаю вадою,
і азёры, і крыніцы –
ўсе ўладанні вадзяніцаў.
Ты падумай толькі, Ясь:
Будзеш над вадою князь!



Аўтар: Black aspid

першы медаль

2.09.12 9:54
[  Настрой: Вельмі шчасьлівы ]

Мсціслаў стаў бронзавым прызёрам першынства БФСО"Дынама"!
Цяпер разам з бацькам гатовыя кінуць і школу, і гурткі, і працу - праз нейкіх жа 8 год можна трапіць на Алімпіяду!

Аўтар: Black aspid

Адгадалі хорам

1.09.12 15:52
[  Настрой: Афігець-застрэліцца! ]

Каб адправіць старэйшага на гонкі, крыху раней уцякла з лінейкі, даручыўшы прывесці малую бабулі. Пасля лінейкі ў класе настаўніца казала нейкія напутствы, дзеці атрымалі ведаеце чый падарунак. А пасля настаўніца загадала ім загадкі. Адказ на адну з іх так уразіў бабулю, што саму загадку яна запомніла вельмі прыблізна, але паспрабую зрабіць рэканструкцыю.

Дык вось:Кто жівет всех выше, летает над крышей, любіт сладкій торт (працягнуць адпаведна з уласнай адукаванасцю)...? - 1 клас амаль хорам: ЛУКАШЕНКО!!!

Аўтар: Black aspid

стабільнасць - прыкмета майстэрства.

31.08.12 11:35

па выніках першага дня Мсціслаў зачапіўся за першую палову спіса: з 62 стаў 27, 28 і 31м. Расце!

Аўтар: Black aspid

ізноў гонка

29.08.12 7:14

Апошнія тры дні жніўня малы будзе ганяцца на спаборніцтвах "Дынама". А 31га сустрэча ў школе... Блін, ужо хачу назад на хатняе навучанне!
12-16 верасня ізноў спаборніцтвы плануюцца - а тут школа...
А як я захачу ў сярэдзіне кастрычніка...
Калі налета не паступім у гімназію - 100% забяру дзіця вучыцца дома. Калі паступім - 98%.
Во напісала! Калі розніца 2%, на кой ляд чакаць цэлы год???

Аўтар: Black aspid

гараж для брата

8.08.12 10:28
[  Настрой: Сьмешка ]

Старэйшы дурэе па дарозе на прыпынак - бяжыць задам наперад. Выхваляецца, што умее як Мэтар 9гл. "Тачкі") Меншы сур'ёзна так кажа:
- Тады я цябе пастаўлю ў гараж!
(у яго ёсць гараж, дзе акурат жывуць "тачкі")).

Пасмяяліся: назваўся Мэтарам - ідзі ў гараж.Такі вось незаўважна падгадаваўся. З гумарам.

Аўтар: Black aspid

мудрасць на заметку

22.07.12 19:28
[  Настрой: Сьмешка ]

Дачушка доўгі час патрабавала сястрычку. Маўляў, брацік яе не задаволіць. На мае квёлыя "ну не панясем жа мы хлопчыка "назад у краму"" мне катэгарычна заяўлялася, што менавіта панясем. І тут раптам малая выдала сентэнцыю:
- Калі народзіцца хлопчык,я буду адзіная дзяўчынка. А калі народзіцца дзяўчынка, у мяне будзе сястрычка!

Такая вось універсальная пазітыўная формула. Хто толькі падказаў, не ведаю.

Аўтар: Black aspid
Рухавік блогу заснаваны на The Blog Mod version 0.2.4 by Hyperion
Powered by phpBB © 2001, 2002 phpBB Group
Weblog style by Hyperion
Original style from LiveJournal.