![]() |
![]() |
|
|||||||||||||||||||||||||
|
|
|||||||||||||||||||||||||||
|
Хвароба руху ці загойдваннеХвароба руху - гэта афіцыйная назва загойдвання. З'ява дастаткова пашыраная: паводле статыстыкі яна сустракаецца прыблізна ў 30% хлопчыкаў і 40% дзяўчынак ва ўзросце ад 2 да 12 год.Механізм развіцця праяваў хваробы руху складаны і канчаткова яшчэ не вывучаны. Аднак, калі спрошчана, то сітуацыя выглядае наступным чынам: становішча цела ў прасторы, устойлівасць чалавека, яго камфортнае і ўзгодненае перасоўванне забяспечваецца скаардынаванай дзейнасцю органаў раўнавагі, зроку і так званага цяглічна-сустаўнага пачуцця, якое дазваляе нам заўсёды (нават у цемры) ведаць, дзе знаходзяцца часткі нашага цела. У маленькіх дзяцей такое міжсістэмнае ўзаемадзеянне яшчэ не адладжанае, і ў час руху на аўтамабілі, калі ў мозг трапляе вялікая колькасць інфармацыі пра перасоўванні разнастайных аб'ектаў навокал і персоўванне самога арганізму, можа адбыцца "збой" у працы галоўнага "кампутара". У выніку - бледнасць, халодны пот, узмоцненае слюнааддзяленне з частымі глытальнымі рухамі, адышка, паскоранае сэрцабіццё, галаўны боль, шум у вушах, млоснасць і ванітаванне. Істотны таксама і псіхалагічны фактар: трывога, страх (асабліва бацькоўскі) узмацняюць непрыемныя ўражанні дзіцяці, схільнага да загойдвання. Паступова дзіцё сталее і развіваецца, узаемадзеянне наладжваецца, рэакцыі ўдасканальваюцца, мозг трэніруецца, і з узростам сімптомы хваробы ў большасці выпадкаў знікаюць самаадвольна. У выніку толькі 5% дарослых дэкларуюць, што адчуваюць праявы хваробы руху. Дык як жа дапамагчы малечы і бацькам у імкненні больш убачыць і паспець, аптымізуючы дзеля гэтага працэс перасоўвання ў прасторы? Пачнём з правільнай арганізацыі вандровак. Дзецям, схільным да хваробы руху, лепш падарожнічаць уначы ці ў час дзённага сну, бо тады яны не бачаць, што адбываецца наўкола, і сімптомы загойдвання не развіваюцца. Перад вандроўкай дзіцё варта пакарміць, паколькі паездкі нашча спрыяюць развіццю загойдвання. У той жа час празмерны аб'ём спажытага вядзе да аналагічных наступстваў. Стравы павінны быць лёгкімі для засваення, дастаткова каларыйнымі, не выклікаць алергічных рэакцыяў з боку кішачніка (таму газаваныя напоі ў дарозе непажаданыя). Праз паўтары гадзіны пасля харчавання можна выпраўляцца. Калі шлях няблізкі, то ў дарозе праз 4 гадзіны неабходна падсілкоўвацца. А дзеля гэтага лепей спыніцца, выйсці з машыны, падыхаць паветрам, паварушыцца і смачна пад'есці. Да пытання, на чым ехаць. Абіраючы сродак перасоўвання варта памятаць, што рэзкія перапады хуткасці, частыя павароты павялічваюць рызыку ўзнікнення загойдвання, паскараюць працэс яго развіцця і абцяжарваюць працяканне. Згадваецца адна з маіх маленькіх пацыентак, якую бясконца ванітавала ў разнастайных транспартных сродках, уключаючы татаў БМВ, звычайныя і маршрутныя таксі), у той час як у трамваі тралейбусе яна пачувалася выдатна. У развіццё тэмы дадам, што карыстанне марскім транспартам выклікае хваробу руху ў 50-60% пасажыраў, а пасажырскім самалётам - толькі ў 1%. У час падарожжа наземным транспартам рэкамендуецца сядзець тварам па ходу руху, як мага бліжэй да "носу" вашага лімузіну. Даволі карыснае ў звязку з гэтым адмысловае дзіцячае аўтамабільнае крэсла, якое правілы дарожнага руху не забараняюць мацаваць на пярэдніх крэслах машыны (калі яна не абсталяваная падушкамі бяспекі). Як ні шкада гэтага малым вандроўнікам, але круціць галавой ва ўсе бакі не рэкамендуецца. Найлепш прыняць зручную позу, максімальна адкінуўшы спінку крэсла назад. Найлягчэй паездка пройдзе, калі атрымаецца легчы на спіну са злёгку закінутай назад галавой. Важна пазбягаць у дарозе перагрэву і пераахалоджвання арганізму. Тэмпература ў салоне павінна быць максімальна камфортнай. Варта памятаць, што правакуючым млоснасць фактарам могуць стацца рэзкія пахі. Таму, калі Вы збіраецеся ехаць у таксі з дзіцём, не пасаромейцеся папрасіць у аператара даслаць Вам машыну з кіроўцам-непалёнцам. Здаўна заўважана, што развіццё хваробы руху запавольваецца і адбываецца ў больш лагоднай форме, калі засяродзіць увагу малога на нейкай цікавай і захапляльнай справе, адцягнуўшы яе ад працэсу падарожжа. Дапамагаюць мятныя цукеркі (але дзецям да 5 год не рэкамендуецца, як і іншыя слодычы), кавалачак яблыка, лімона ці імбірнага печыва. Спрыяльна дзейнічае лёгкая рытмічная музыка. Радыкальным спосабам барацьбы з загойдваннем з'яўляецца ўжыванне лекавых сродкаў. Аднак, не глядзячы на насычанасць сусветнага фармакалагічнага рынку адмысловымі прэпаратамі, нашы аптэкі чамусьці шырокага выбару не прапануюць. Акрамя пары найменняў гомеапатычных сродкаў (кшталту "Авія-мора") рэкамендаваць бадай што няма чаго. Самы просты варыянт - прымяненне з гэтай мэтай вядомых антыгістамінных сродкаў: "Супрасцін" і "Тавегіл". Але дзеля гэтага неабходна прыватна пракансультавацца з лекарам. На жаль, звышвынікаў пры аднаразовым ужыванні чакаць не выпадае (асноўнае прызначэнне гэтых прэпаратаў - барацьба з праявамі алергіі), таму дзеля дасягнення эфекту ў дарозе, трэба рыхтавацца і прымаць прэпарат на працягу 5-7 дзён (у які спосаб гэта рабіць дзіцяці - спытайце ў свайго лекара). Прыемнымі і карыснымі спосабамі трэніроўкі вестыбулярнай устойлівасці з'яўляюцца плаванне, нырцаванне, гімнастыка. Эфектыўна будзе рэгулярна ўсёй сям'ёй круціць і матляць галавой, куляцца, скакаць на батуце і вісець на колцах. Роўных вам дарог і вясёлых вандровак!
|
||||||||||||||||||||||||||
|
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
|
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
|
|
|
|
|
|
|||||||||||||||||||||||
| |||||||||||||||||||||||||||