![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
Страшны зьверБыў у аднаго гаспадара конь. Быў ён дужы, паслухмяны і працавіты. Любіў яго гаспадар і глядзеў, каб быў напоены і накормлены. Але праходзіў час. Конь старэў, і сіла пачала яго пакідаць. Падышла пара яго збываць ды купляць маладзейшага. Шкода гаспадару яго збываць, але што зробіш, калі ўжо такі закон у жыцьця.Павёў тады гаспадар каня да каваля і папрасіў, каб ён яго падкаваў моцнымі, стальнымі падковамі. Як каваль падкаваў, павёў гаспадар каня на луг і сказаў: "Служыў ты мне верна колькі мог, дык дзякуй табе вялікае за тваю службу. А цяпер адпачывай і хадзі дзе хочаш". Пайшоў гаспадар дамоў, а конь застаўся адзін на волі. Выбіраў ён сабе траву й ваду якую хацеў, грэўся пад сонейкам ды адпачываў. Доўга ён хадзіў ці мала, ды аднаго разу напаткаўся яму мядзьведзь. "Што ты за зьвер і чаму ясі траву на маім полі?" — кажа ён каню. "Я конь, а хадзіць мне ўсюды дазволіў мой гаспадар". —"Тут я гаспадар, і я цябе зьем!" —"Добра, але сьпярша пойдзем да камяня на суд. Хто з нас стукне па камяні нагой так, каб зь яго пасыпаліся іскры, той таго і зьесьць". Падышлі яны да вялікага каменя. Стукнуў мядзьведзь лапай з усёй сілы па камяні раз, пасьля яшчэ некалькі раз, завыў ад болю —а іскраў няма. "Цяпер давай ты", —кажа каню мядзьведзь. Смаргануў конь падкаванай нагою па камяні —і шугануў сноп іскраў мядзьведзю ў вочы. Адскочыў мядзьведзь са страху ў бок і пачаў жаласна прасіць каня, каб ён адпусьціў яго жывога. "Добра, —кажа конь. —Ідзі сабе куды хочаш, толькі мяне болей не турбуй". Пайшоў мядзьведзь кульгаючы ды пачаў расказваць сустрэчным зьвярам, што зьявіўся ў іхняй аколіцы страшэнны зьвер, які можа нагой выбіваць з камяня агонь. Пачуў пра гэта леў і сказаў мядзьведзю, каб ён завёў яго да таго зьвера. "Паказаць —дык я пакажу, але да яго ідзі сам. Ён ужо мне раз чуць агнём вачэй ня высмаліў". Пайшоў леў адзін, але й зь ім было тое самае, што зь мядзьведзям. Вярнуўся ён назад з апушчанай ад сораму галавой. Па дарозе спаткаўся ён з ваўком і расказаў яму пра ўсё. "А дзе ён знаходзіцца?" —пытаецца воўк. "Ды там, за гарой". —"Падымі ты мяне ўверх, каб хоць здалёк паглядзець". Падняў леў воўка ўверх, ды, мусіць трохі перастараўся, бо ў гэнага аж косьці затрашчэлі, а пасьля апусьціў на зямлю. Воўк, трохі аддыхаўшыся, кажа: "Ды такіх зьвяроў я не толькі відаў, але й ядаў. Зараз я зь ім распраўлюся". —"Глядзі, будзь асьцярожны". —кажа леў. Прыйшоў воўк да каня і кажа: "Мяне ты не абманеш, і да камяня я з табой на суд не пайду. Я цябе проста задушу, як і многіх тваіх братоў". —"Але як жа ты мяне будзеш есьці? Мяне гаспадар абуў у стальныя боты, што я іх і сам не магу ськінуць. Давай, можа, як-небудзь удвох іх ськінем?" —"Давай". —"Тады я падыму нагу, а ты паспрабуй сьцягваць". Падняў конь заднюю нагу —і толькі воўк хацеў учапіцца за падкову, а ён яму калі ж гэкне ў лоб! Зазьвінела ў ваўка ў галаве, засьвяціла нейкае полымя ў вачах. Завыў ён ад болю і пакаціўся клубком ад каня. Празь нейкі час ачухаўся, сяк-так падняўся і паплёўся да ільва. "Ну як, зьеў?" —"Ды гэта нейкі не такі конь. Ён толькі падняў нагу, а мяне —як перуном па галаве стукнула. Ды, мусіць, і вока адно высмаліла. Лепей яго не чапаць і здалёк абыходзіць". —"А я ж табе казаў, каб быў асьцярожны", —сказаў леў. З гэнага часу ніхто да каня і блізка не падыходзіў. І жыў ён спакойна аж да самай сьмерці.
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |