Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (179449)
Беларускія імёны (178311)
Цудоўная вясёлка (167410)
Размалёўка: домік (160516)
Маляванкі для маленькіх: машынка (158361)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (156071)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (155508)
Як назваць дзіця? (152476)
Тата, а ты папа? (146330)
Натуральны білінгвізм у дзетак (145131)

Іван Юкляеўскі: Вершы з кнігі "Ранак верасовы" (1979)

Пінгвіны
Запытаўся ў маці сын:
- Мама, дзе жыве пінгвін?

Адказала маці сыну:
- У Антарктыцы пінгвіны.
Трэба лёд ім цэлы год,
Каб даваць нырца пад лёд.
Там ім хораша купацца,
Загартоўвацца, ныраць -
Кожны раз вясне здзіўляцца,
Пінгвінятак гадаваць.

Зайка
Скок ды скок па сняжку,
Па сцяжынцы на лужку.
Пад асінкай зайкі след:
тут у зая быў абед.
Ён кары ўсмак пагрыз,
пагуляў, паспаў... Зірк - ліс!
Падхапіўся - скок убок.
Затаіўся і - маўчок.

Сляды на снезе
Скрозь сляды, сляды на снезе!
На паляне, ў гушчары
свой буквар зімовы ў лесе
пішуць птушкі і звяры.

Знакі вось, як тыя лыжкі
ці як клічнікі: крадком
распісаўся зай увішны
пад ядлоўцавым кустом.

Па наезжанай дарозе,
капытамі зрушыў снег,
да стагоў у вербалозе
лось па высечцы прабег.

А вароны і сарокі
балявалі ля сасны.
Як узорамі навокал
распісалі снег яны!

Ручай
Бяжыць, спяшаецца ручай,
пад ясным сонцам ззяе,
дзе поле, луг, зялёны гай
пяюць птушыным граем.
То разальецца паміж хвой,
то змейкаю віецца.
То ў спрэчку ўступіць з асакой -
і зробіцца азерцам.
Бяжыць нізінай лугавой,
пад сонейкам плюскоча -
хутчэй з вялікаю ракой
сустрэцца, жэўжык, хоча.

Сонечная ванна
Трэснуў у бары сучок -
з норкі вылез барсучок.
Лёг на сонцы падрамаць,
адпачыць, пазагараць.
Паглядзеў на лес, на сонца,
пацягнуўся, пазяхнуў -
і так хораша між соснаў
раптам ён сябе адчуў.

Мой конь
У мяне ёсць конь драўляны,
масці вогнена-барвянай.
Шыя у яго дугой,
шыя - з грывай залатой.
Шоўкам вышыта вуздзечка,
на сядле гараць насечкі.
І блішчыць яго капыт,
нібы камень малазіт.

Жучка
Жучка дрэмле каля ганка,
хвост згарнуўшы абаранкам.
Саіць не спіць, але - глядзі! -
тут ля ганка не хадзі.
Соняй вяглядаць мастачка.
Ну артыстка - не сабачка...
Толькі хто чужы ля брымкі
асцярожна бразне клямкай, -
ну такі ж узніме брэх!
Страх бярэ - і смех, і грэх!
Жучка сочыць за парадкам
каля дома і на градках.
Не пакрыўдзіў бы курэй
злы пракуды - кот Мацвей.

Мышка
Мышка-палёўка,
сівая галоўка,
вушкі - ўсё чуюць,
вочкі - пільнуюць.

Цягне пад горку,
у закуток-норку,
у свой церамок
спелы каласок.

Яе ля паветкі
сустракаюць дзеткі.
Голасна пішчаць -
надакучыла чакаць!

Матулі весела,
бо яда прынесена.

Грамацей
У мяне ёсць коцік Мішка.
Ён чытаць умее кніжкі.
Толькі не магу спазнаць,
дзе вучыўся ён чытаць?

Разгарнуў букварык Мішка,
дзе стаялі "К" і "О".
Колькі радасці! Вось кніжка -
вершык тут пра малако!

Канаплянка
Гэта што за птушку
вецярочак гушкае
на кусце чаромхавым
пад маім акном?

Села-пасядзела,
песеньку запела -
і пачуўся раптам
з рэчкі крыгалом.

А на шыбах - слёзкі,
капяжоў усплёскі.
Птушачка спявае -
спевам лёд ламае.
Песняй крышыць лёд!

Мне сказала мама:
- Гэта канаплянка,
птушачка-вяснянка.
Славіць канаплянка
к нам вясны прыход.

Божая кароўка
Божая кароўка,
чорная галоўка,
чырвоныя крылцы,
крапінцы на шыйцы.
Села пд лісточак,
чуе: дробны пошчак.
Дожджык без упынку
зверху барабаніць -
шарую гадзінку
з ёй, кароўкай, бавіць.

Хвалько
Звонка ціўкаў верабей:
- Я за ўсіх, за ўсіх дужэй!
Лётаў неяк я за Ніл,
бачу - выпаўз кракадзіл.
Я адразу пад кустом
праглынуў яго з хвастом.
Чык-чырык, чык-чырык!
Жартаваць я не прывык.
А ля нашага двара
я злавіў арла-цара.
Так яго ўжо трыбушыў -
ледзь жывога адпусціў.
І з арламі, чык-чырык,
ладзіць жарты не прывык!
Вераб'іха стогне:
- Ох!
Пустаплёт і скамарох!
Толькі з мухамі герой -
На двары і пад страхой.

Лясны будзільнік
Ледзь перадышку ўзяў Бугай,
сава загаласіла.
Нясецца рэха з краю ў край
у вечаровай сіні.

Вальдшнэп у аоўнач заспяваў -
засакатаў тужліва,
з сасонкі ў перашэрты траў
зляцела песня-дзіва.

Зязюля кінула: - Ку-ку! -
каля другой гадзіны.
Зацёхкаў у сваім кутку
салоўка на каліне.

І вось, нібыта ў барабан,
забарабаніў Дзяцел:
- Світанак!
Па ярах туман
расходзіцца...
Ўставайце!..

У кожнай птушкі ёсць свой час.
Ідзе лясны будзільнік.
Заведзены прыродай раз,
ідзе ён без упынку.

Церам-церамок
Неяк Вожык і Вавёрка
ў ясны восеньскі дзянёк
між хваінак каля горкі
будавалі церамок.

У хаціне новай жыць -
сябраваць і не тужыць!

Вожык цюкае сякерай,
а Вавёрка печ кладзе
і ад сэрцайка пра церам
ціха песеньку гудзе:

- Чаму ж мне не пець,
чаму ж не гудзець?

Не хаціна - заглядзенне! -
узвышаецца ў бары.
На ўваходзіны ў нядзелю
папрыходзілі звяры...

Знае кожны птах і звер,
хто ў цераме жыве!

Рэха
Вось дзівосы, вось пацеха:
па барах вандруе рэха.
Я крычу барам:
- Дабрыдзень!
У адказ:
- Дабрыдзень! Ры-дзень...

- Рэха, рэха!
Да спаткання!
Сустракай,
прыйду я ўранні.

Шпачыны вырай
Паднябессе свістам-сквірам
поўніць зноў шпачыны вырай.
Чуецца з-пад хмар:
- Бывай,
дарагі наш, родны край!
Да наступнае вясны,
край цудоўны,
край лясны!
З весняй хмаркай,
з першым громам
вернемся мы ўсе дадому.


     

Цэтлікі (тэгі)

| вершы для дзяцей |


Kryscina, 28.08.17 14:20
Рэд. Kryscina, 28.08.17 19:33

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map