![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
Пімен Панчанка: патрыятычныя вершы* * *Я малым хлапчуком палюбіў твае пушчы і нівы, I блакітныя рэкі, і мора зялёных лугоў. Ты мяне гадавала, як маці, і рос я шчаслівы, Не зазнаўшы галечы, з атрадам вясёлых сяброў. О Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю, І заўжды — ці працую, ці пільна на варце стаю, — Я твой велічны вобраз у думках сваіх уяўляю I люблю, як жыццё, я зямлю маладую тваю! Бо на гэтай зямлі малаком мяне маці карміла, Тут хадзіць я вучыўся і кнігі чытаў да зары. Што ж мне можа быць больш за Радзіму любімую міла? Хто ж мне будзе радней за таго, хто Радзіму стварыў? Я спакойны юнак, можа, нават крыху сарамлівы, Не пакрыўджу і птушкі, бо знаю: ёй хочацца жыць; Але тых, хто жадае напасці на край мой шчаслівы, Я сваімі рукамі без жалю гатоў задушыць. БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ільняная і жытнёвая. Сялянская. Баравая ў казачнай красе. Старажытная. Ты самая славянская. Светлая, як травы у расе. Вобразная, вольная, пявучая, Мова беларуская мая! Дратавалі, здзекваліся, мучылі... Ты жыла і ў працы і ў баях. Пра цябе, як сонечнае дзіва, I Купала, ды і ўсе мы снілі сны... Ад цябе, ласкавай і праўдзівай, Адракаюцца цяпер твае сыны. Пра народ мой, церпялівы, працавіты, Помняць партызанскія лясы... Хто за намі? Пакаленьне прагавітых. Халуёў я чую галасы. Я спяваў пра жыта і пра жаўранкаў, Ненавідзеў акупантаў і прыгнёт, А сягоння — вялікадзяржаўнікаў, Што разбэсцілі вялікі мой народ. Навучылі не рабіць — Хлусіць і красці. Дзеці ў школы з іншай моваю бягуць. Я хацеў, нашчадкі, вас праклясці, Ды люблю сваю зямлю... і не магу. РОДНАЯ МОВА Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара. Гэта ластавак шчабятанне, Звон світальны палескіх крыніц, Сінь чабору, і барвы зарніц, І буслінае клекатанне. Калі ж хто загадае: "Не трэба!" — Адрачэцца ад мовы народ, — Папрашу я і сонца, і неба: Мне не трэба ні славы, ні хлеба, Асудзіце на безліч нягод. Толькі месяцаў назвы пакіньце, Назвы родныя роднай зямлі, Пра якія з маленства ў блакіце Бор шуміць і пяюць жураўлі: Студзень — з казкамі снежных аблокаў, Люты — шчодры на сіні мароз, Сакавік — з сакатаннем і сокам Непаўторных вясновых бяроз, Красавік — час маланак і ліўняў, Травень — з першым каханнем, сяўбой, Чэрвень — з ягаднаю зарой, Ліпень — з мёдам, З пшаніцаю — жнівень, Спелы яблычны верасень, Светлы кастрычнік У празрыстасці чыстай, крынічнай, Лістапад — залаты лістапад, Снежань — першы густы снегапад... Ці плачу я, ці пяю, Ці размаўляю з матуляю — Песню сваю, мову сваю Я да грудзей прытульваю. КРАІНА МАЯ Краіна мая, радасць мая, Песня мая маладая! Па нівах тваіх, па тваіх гаях Сынава сэрца рыдае. Ты часта прыходзіш ка мне, як сон. Хмараю праплываеш, Птушкай садзішся на ціхі клён, Звонкім дажджом ападаеш. Тады ўспамінаецца ўсё да драбніц, Што звязана з родным краем, — Як жыта шуміць, як агонь зарніц На дне азёр дагарае. Як летам спякотным за днямі дні Ішлі па іржышчы калючым... Мы ранілі ногі аб камяні, I нам не было балюча. I не было нічога ярчэй За сонца на родным небе, I не было нічога смачней Матчынага хлеба. Вада з прыдарожнага ручая Была саладзей за мёд нам... Краіна мая, маці мая, Лёс твой цяжкі і гаротны! Топча, катуе тваю зямлю Вылюдак ашалелы. Я кроў да апошняе кроплі пралью, Каб толькі табе палягчэла. Ні славы, ні скарбаў я не хачу, Мне б толькі прыйсці непрыкметна, Зямлю сваю пад нагамі адчуць, Надыхацца родным паветрам. ЗВАРОТ Меднастволы, як вылiты, высiцца бор, Зацвiтае на ўзлессi блакiтны чабор, Заглядзелася сонца ў люстра азёр, – Гэта ты, мая Беларусь! Сiнi ранак. Дзяўчына збiраецца жаць, На плячы маладзiк – серабрысты серп, А наўкол налiўныя сады ляжаць, Бурштыновыя яблыкi ў расе, – Гэты ты, мая Беларусь! Я нямала прайшоў за вайну дарог, А цябе такой непаўторнай збярог… Бой мацнее! Я хутка к табе прыйду, Да грудзей набалелых тваiх прыпаду, Пакланюся лясам i палеткам шырокiм. Толькi цяжка праходзiць апошнiя крокi Да цябе, мая Беларусь! Толькi страшна мне думаць пра тую хвiлiну, Калi гляну ў вочы я роднай краiне. Буду хату шукаць, – а знайду руiны, Буду мацi гукаць, – адгукнецца магiла На пагосце старым пад вярбою пахiлай. Што ж, якой ты нi будзеш – i ноччу, i раннем, Я пазнаю цябе, я не здраджу табе. Перанесла ты гора i катаваннi I зрабiлася мне даражэй i радней. Асушу твае слёзы, Залячу твае раны, Кожны лiст твой распраўлю рукою старанна. Насаджу каля вёсак сады маладыя, Каб ты вечна цвiла I ў шчасцi расла, Дарагая мая Беларусь! * * * Мала сказаць: ненавiджу, Мала сказаць: прызнаю, Бiцца за праўду — i выжыць, Нiбы салдат у баю. Дрэннаму — не пакарыцца, Добрае — не празяваць. З дробнай хлуснёй не мiрыцца, З буйнай хлуснёй ваяваць. Гэтым бы i кiравацца… Толькi і зло, i хлусня Хiтра маскiравацца Вучацца спрытна штодня. Нехта i подлы, i хiжы Клятву паўторыць тваю: З ворагам бiцца — i выжыць, Нiбы салдат у баю. Пад'язджаючы да Мiнска... (урывак) Сягоння з апошнiм вайсковым бiлетам Дадому, дахаты са службы я еду. I вецер дняпроўскi задзьмухаў старанна З маёй гiмнасцёркi пылiнкi Iрана. На мяккай пасцелi ў купэ не ляжыцца: «Цi шмат яшчэ вёрстаў да Мiнска, скажыце?» — Пытаю наiўна у нейкага дзеда, Хоць ведаю добра: не першы раз еду. А дзед гаваркi i рахманы. Адразу Ён шчодра сыпнуў мне станцыйныя назвы: «Вось зараз пад'едзем да горада Оршы». I Орша здаецца за Вену не горшай. «Далей будзе цiхая станцыя Слаўнае... » Вядома, тут кожная станцыя слаўная. Якiя знаёмыя назвы i словы, Якая цудоўная родная мова! I ўсё мiлагучна для слыху майго: I звонкае «дзе», i густое «чаго». ХЛЕБНЫЯ СЛОВЫ Адценне слоў — не глупства, Ты ім не пагарджай. Скарынка. Скіба. Луста. Акраец. Каравай. Акраец — шлях, дарога І зайцаў хлеб лясны. Скарынка — сум, трывога І боль былой вайны. Здараецца, вядома, Што, выпіўшы ў гасцях, Грызе скарынку дома Пахмурны халасцяк. А скіба — дзень вясновы. Ралля. Плугі. Сяўба. Наш хлеб — жыцця аснова, Працяг і барацьба. А луста — слова сытнае, Духмянае і шчодрае. Яно ад маці — сітнае Ці наздравата-чорнае. А каравай — вясельнае, Святочнае яно. На ручніку нясе яно І радасць, і віно. І справа тут не ў ежы, А ў смачным змесце слоў, І ў жытным ветры свежым, І ў звоне каласоў... * * * А мову ледзь не затапталі I асмяялі, як раней. А вы ў народа запыталі, Якая мова нам радней? Бацькі (яшчэ не ўсе), I Дурні, I хамы (хамам не пярэч!) Сцвярджаюць: «Руская — культурней I прагрэсіўней. Нашу — прэч!» Так мова руская — У сіле! Яна багатая... Але Мы бульбай дзелімся з Расіяй, Шлём сала, мяса і алей. Мацуем нашу роднасць працай, Дзе цяжка — Мы туды ідзём. Над кожнаю магілай брацкай Мы кветкі памяці кладзём. А мову родную заўсёды I ўсюды вучыць першы клас. А ў нас стыдаюцца: «Не модна...», Як і калісьці ў царскі час. Усе сыны усіх народаў На памяць помняць родны верш I ганарацца песняй роднай, 3 якой з калыскі ты жывеш. Ну, а салдаты з Беларусі Ці служаць, ці ідуць на бой, Саромяцца ў юнацкай скрусе: Не знаюць спадчыны сваёй... Мілей мне «кнігаўка», чым «чыбіс», Бо голас кнігаўкі ў душы. I бульбу смажаную чыпсам Ты зваць па модзе не спяшы. I я на «клюкву» «журавіны» Не прамяняю, не аддам. I светлы край наш жураўліны Я дзецям ціха перадам. * * * Дождж ідзе праменісты і дробны, Пахнуць мятай мокрыя лугі. Вось ён, свет, як сэрца, непадробны, Да дажджынкі кожнай не глухі. Росная зялёная айчына! На цябе, паўнюткую святла, Пазіраюць круглымі вачыма Птушаняты з цёплага дупла. З гнёздаў мы даўно павыляталі, Ды не развучыліся глядзець, Як па спелым полі, па атаве Дождж грыбны на дыбачках ідзе. Самы раз цяпер з лазовым кошыкам Па сцяжынках рысяў і ваўкоў Выправіцца з раніцы на пошукі Маладых тугіх баравікоў... Я стаю, гады свае гартаю, І сціскае сэрца нейкі боль, Быццам я на Месяц адлятаю, Быццам я лугоў не ўбачу больш. Не, не развітаюся ніколі З родным краем, дзе так светла нам. Проста я люблю яго да болю І з любоўю дзецям перадам.
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |