Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (179777)
Беларускія імёны (178640)
Цудоўная вясёлка (167737)
Размалёўка: домік (160840)
Маляванкі для маленькіх: машынка (158689)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (156392)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (155834)
Як назваць дзіця? (152800)
Тата, а ты папа? (146654)
Натуральны білінгвізм у дзетак (145456)

Вясна ў вершах

Прадвесне

Днём вясна,
Зіма - уночы.
Снег на ранку
Слепіць вочы.

Збоку глянуць -
Безуладдзе
На гародзе
І у садзе.

Барацьба
Цяпла і сцюжы.
Ноччу
Лёдам скуты
лужы.

Сонца ўстане -
Шум і гранне.
Зврніць бомамі
Світанне.

Заглядаюць
У аконца -
Новы дзень,
Вясна і сонца!

Леанід Пранчак



Ластаўкі


Закрылі хмары сонца,
Грыміць сярдзіты гром.
А ластаўкі бясконца
Шчабечуць пад акном.

Ужо і дождж вясновы
Сыпнуў, як дробны шрот.
Гняздзечка не гатова -
І шмат у іх турбот.

а я стаяў на ганку,
Дзівіўся, паглядаў:
Такую мураванку
Наўрадці сам бы склаў.

Ім працаваць нястомна
Да самае начы...
Хацеў бы я ім сёння
Хоць чым дапамагчы.

Мікола Хведаровіч


Вясна

Лес стаіць прыгожы.
І звяры не спяць,
Ім цяпер у лесе
Весела гуляць.
Птушкі звонкай песняй
Славяць белы свет.
Ім вясна прынесла
Кветачак букет.

Паліна Гайкевіч


Вясна

На свеце не стала
зімовае скрухі -
на поўнач, на поўнач
пайшлі завірухі.

На ліпах шпакоўні
радуюць вока,
зямля перапоўнена
сонцам і сокам.

Саша Тупік


Прадвесне

Я люблю гэты час напрадвесні,
Кволы снег, ручаёвы лядок.
Першы шпак заспяваў свае песні,
Семкі бэзу клюе снегірок.
І канікулы ўжо з паднябесся
Абвясціў жаўруковы званок.

Павел Саковіч


Вясна
Сонца свеціць
Гэтак міла.
Лашчыць
Весняе цяпло.
Хлеў бабуля адчыніла:
Хай пабегае цялё.
Рада так яно бясконца
Ветру цёпламу, вясне,
Скача весела на сонцы,
Падбяжыць -
І плот бадне.

А з хлява
Глядзіць рыжуха
І ад зайсдрасці к яму
Аж зайшлася -
Доўга, глуха, -
Шыю выцягнуўшы:
"Му-у..."

Уладзімір Карызна


Вясна
Надыходзіць вясна, маладзее зямля,
З поўдня птушкі дадому вяртаюцца.
Прыляцелі гракі: аглядаць, абнаўляць,
Будаваць свае гнёзды спяшаюцца.

Разам з татам сваім я шпакоўню зрабіў,
На высокую грушу павесіў.
Прылятайце, шпачкі, заспявайце званчэй,
Я даўно ўжо не чуў вашых песень.

Сярожа Шпак


Вясеннія месяцы

Сакавік вясну вітае,
Кубкі сокам напаўняе.
Красавік пасля шчыруе,
Да сяўбы палі рыхтуе.
Дружна сад наш расцвітае -
Мой вясёлы баль спраўляе.

Лідзія Андрэева


Сакавік

Сакавік-вадзянік,
Крыгаход, крыгалюб.
Слёзы лье снегавік,
Капяжы: дзюб, дзюб, дзюб...

Певень з лужыны п'е,
Хвост вясёлкай гарыць,
Часта крыламі б'е,
Бы вось-вось паляціць.

Хутка будуць шпакі,
І жаўрук зазвініць.
Стаў ручай гаваркі -
Нават ноччу не спіць.

Сакавік, сакавік,
Свята сонца й вады.
Будзь, вявсны маладзік,
Сакавіты заўжды!

Павел Саковіч


Красавік


Красавік - прыгажун,
Ураджаю вяшчун.
Сонцакрылай вясны
Сын сярэдні - пястун.

У вачох яго сінь
І вады, і нябёс...
І заве ўдалячынь
Гаманлівая плынь.

Павел Саковіч


Май


Гэты час люблю дзівосны!
Салаўіны ранні золак.
Тчэ вясна на вечных кроснах
Дываны з чароўных зёлак.

Гнуць траву да долу росы,
Сонца сочыць краем вока,
Як вярба палошча косы
У рачулцы неглыбокай.

На гняздзе сядзіць высока
Бусел - вартаўнік вясковы,
А пад ім плывуць аблокі
З белай квецені садовай.

Месяц гэты - самы лепшы!
Ён мне вельмі палюбіўся:
Я ж у маі ў мамы першым
Некалі на свет з'явіўся.

Павел Саковіч


***

Вясна блакітная!
Неба глядзіцца ў твары,
Сонца адбітак -
У лужыне на тратуары.
Тралейбусы - поўныя,
Вязуць усмешкі, прыветы,
Кандуктары цудоўныя:
Не бяруць грошай за білеты.
Дні натхнёныя.
Вершы нараджаюцца самыя лепшыя,
Як лісточкі зялёныя,
Самыя першыя.
А ноччу не спіш, нібы ў дарозе,
Слухаеш, як кропля кроплю гукае,
Верыцца: ў трывозе
Хтосьці цябе чакае.
І сніцца лета, доўгае, з росамі,
З рыжымі вяснушкамі,
Тонкімі русымі косамі
І каляровымі стужкамі.

Вера Вярба


Сакавік


Сакавік, сакавік,
Да бярозы прынік.
Набіраюцца сонца крыніцы.
- Чараўнік, чараўнік,
Не згубі чаравік, -
Запрашаюць у госці сініцы.

Гэта месяц-вястун,
Гэта хлопец-пястун,
Легкадумны і звонкі, як птушка.
Яшчэ ўчора зіма -
Сёння снегу няма,
І ў снягурачкі нос у вяснушках.

Пачынаецца год,
Крыгалом, крыгаход,
Рунь зямлю на світанні свідруе.
І канчаецца сон
Маладых аіх дзён,
Калі сэрца прадвесне пачуе.

Вера Вярба

Гл. таксама:
Вершы вясны


     

Цэтлікі (тэгі)

| вершы | | дзіцячыя песні | | вясна | | вершы вясны |


Kryscina, 6.03.17 16:27
Рэд. Kryscina, 6.03.17 23:27

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map