![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
БАЦ!Адась сядзеў на лаўцы ў парку і сумаваў. Усе сябры раз’ехаліся, няма з кім і мяч паганяць. І мяча няма – учора выкаціўся мяч на дарогу і загінуў пад колам самазвала. А можа, нехта з дзяцей забыўся свой мяч у парку? Такое ж бывае!Адась заплюшчыўся і ўявіў сабе невялічкі, чырвона-блакітны мячык. Вось ён, пад гэтай самай лаўкай, каля правай задняй ножкі, у неглыбокай ямцы... Адась расплюшчыў адно вока і паспрабаваў убачыць мяч праз шчыліны ў дошках. Не ўбачыў. Тады хлопчык нахіліўся і зазірнуў пад лаўку... у маленькай ямцы каля задняй ножкі поўз чорны жук. Адась расчаравана цокнуў языком і раптам пачуў: - Я тут! Хлопец пакруціў галавой ва ўсе бакі. Нікога. Тады ён зірнуў угару і ўбачыў балёнік! Вялікі шэры балёнік на доўгай чорнай нітцы, якая зачапілася за галінку куста. - Добры дзень. Ты мяне шукаеш? - Я шукаю мяч,- на ўсялякі выпадак адказаў Адась, хоць і ведаў, што балёнікі не размаўляюць. – Ты – не мяч. - Чаму? – здзівіўся балёнік, - Я гумовы, я круглы, ува мне паветра. Я – мяч! Мяне, праўда, толькі сёння напампавалі, таму я не шмат ведаю пра мячы. Але дзеці і дарослыя вельмі любяць гуляць з мячом. - Гэта праўда, - падцвердзіў Адась. - Я і сам люблю пабегаць з мячом! - Значыць, ты навучыш мяне быць сапраўдным мячом? – з надзеяй спытаў балёнік. – І тады мы зможам пагуляць! - Згода! – Адась хутка разблытаў нітку. – Мяне зваць Адась. А цябе? - Бац! – адказаў балёнік. - Добрае імя для балёніка, - пасміхнуўся Адась. - А для мяча? – занепакоіўся Бац. - І для мяча самае тое! – супакоіў яго хлопчык. – Хадзем. Пакажу табе розныя мячы і гульні. Яны рушылі па сцяжыне ў бок стадыёна. Бац нецярпліва прытанцоўваў на сваёй нітачцы. Раптам з-за кустоў да іх пад ногі выкаціўся сапраўдны футбольны мяч. Калісці мяч быў белы, з чорнымі пяцікутнікамі на крутых баках, а цяпер быў добра абдзёрты, у пыле, але бадзёры і спрытны. - Добры дзень! – ветліва павітаўся балёнік. - Дзень-та добры, ды лік два-ноль не на нашу карысць! – прабурчэў мяч і, адсопваючыся, папрасіў: - Будзь ласка, адфутбольце мяне хутчэй абратна на поле! Адась без лішніх слоў падкінуў мяч у паветра і ўлупіў па ім наском кеда. Мяч мільгануў над кустамі і знік. - Напэўна, яму балюча. Навошта было так жорстка біць?- упікнуў Адася балёнік. - Гэта я жорстка біў? – пасміхнуўся Адась. – Зараз пабачыш, як яго б’юць! Яны выйшлі з-за кустоў і праз высокую агароджу ўбачылі футбольнае поле. Чалавек дваццаць хлапцоў рознага веку насіліся па траве, падбіваючы мяч нагамі. Па краях поля стаялі брамы, дзе мітусіліся ў чаканні мяча брамнікі. Бязлітасныя ўдары то падымалі мяч у паветра, то ўплішчвалі ў апору брамы, то адпраўлялі ў палёт за кусты. - Вам баліць? – спагадліва крыкнуў Бац мячу, калі той пралятаў побач. - Я ж футбольны мяч! – зарагатаў мяч і адкаціўся ў рукі брамніку. Бац уздыхнуў. - Здаецца, я не здолеў бы быць футбольным мячом. Шкада. Гэтыя цёмныя плямы на баках глядзяцца прыгожа. І дзецям падабаецца гульня. - Сапраўды, ўвесь час шоргацца па пяску ды штосекунды атрымліваць пінкі нагамі – гэта не для цябе,- пагадзіўся Адась. – Але, можа, табе спадабаецца быць баскетбольным мячом? Вось такім! І Адась паказаў на вялікі аранжавы мяч, які лятаў над невялічкай пляцоўкай. Пад высокім шчытом тоўпіліся цыбатыя дзядзькі. Яны падскоквалі, адбіралі адзін у аднаго мяч і спрабавалі закінуць яго ў колца на шчыце. Але вось адзін з іх схапіў мяч і пабег праз пляцоўку да іншага колца. Ён бег і штурхаў мяч у зямлю, і ад гэтага мяч штораз адскокваў яму ў далонь. Адась у захапленні сачыў за атакай. - Людцы, як жа так! Тварам проста ў зямлю!- залямантаваў Бац над вухам у хлопца, нітка ў руцэ шалёна торгалася.- Як вы гэта трываеце! - На тое я – баскетбольны мяч! Не хвалюйцеся за мяне! – весела адгукнуўся мяч-апельсін, пралятаючы праз колца. Бац прыціх. - Падобна, баскетбол – гульня не для цябе,- прамовіў Адась. Бац уздыхнуў так горка, што заўважна паменшаў. - Можа, ты валейбольным мячом захочаш быць? – Адась ужо і сам перажываў за лёс балёніка. – Глядзі, дзяўчаты сетку нацягваюць! І сапраўды, на невялічкай пляцоўцы паміж двума слупамі нацягнулі белую сетку. Дзяўчаты сталі з двух бакоў і пачалі далікатна, пальчыкамі, падкідаць мяч, то пасуючы адна адной, то адпраўляючы ў палёт над сеткай. Адна з дзяўчат па лесенцы ўлезла на слуп і скамандвала: - Пачынаем! Падача злева! Бац з замілаваннем назіраў, як самая маленькая з дзяўчат узяла мяч, адбеглася на край пляцоўкі, лёгка падкінула мяч у паветра і, падскочыўшы, з усяе моцы дала мячу такую поўху, што звон пайшоў! Мяч стралой прасвісцеў над сеткай і ўрэзаўся ў зямлю крыху далей за лінію. - Аўт! – голасна сказала дзяўчына на слупе. – Пераход падачы! Адась адчуваў, як правісла нітка. Бац заглыбіўся ў невясёлыя думкі. Хлопец стаў прыгадваць, якія яшчэ бываюць на свеце гульні з мячом. - Гандбол! Як я мог забыцца! Яны ў залі гуляюць. Хадзем да вакна! Яны прыстроіліся на падвакенцы і некаторы час назіралі, як прыгожыя дзяўчаткі носяцца па залі, спрабуючы забіць гол у браму. Невялічкі мячык куляй мільгаў паміж імі. - А што, нічога сабе гульня! – нарэшце сказаў Адась. – Паспрабуеш? Бац адказаў не адразу. - Я мог бы паспрабаваць,- сумна прамовіў ён. – Але я яшчэ не ўмёю гэтак хутка лётаць. Як ты думаеш, калі патрэніравацца як след, я навучуся? Адась і рад быў бы суцешыць сябра, але схлусіць не мог. - Не, Бац. Ты не зможаш так хутка лётаць. Ты зусім лёгкі. Паветра занадта густое для цябе. Таму ты лётаеш у паветры, а мяч падае. Затое мяч, калі яго штурхнуць, рассякае паветра. А ты нібы натыкаешся на паветраную сцяну. Бац нічога не адказаў. Адась паазіраўся крыху... - Воднае пола! Хадзем у басейн! - А што гэта за гульня? – Бац заляцеў наперад хлопцу і лез ледзь не ў твар. Давялося ўзяць яго ў рукі. - Дзве каманды плаваюць у басейне з мячом, спрабуюць забіваць галы. Як гандбол, толькі ў вадзе! Там галоўнае – умець плаваць. Аб ваду ты не падзярэшся, і біць па табе не будуць... - Гэта мне падыходзіць! – бац ажно трымцеў ад радасці. Але ў басейне іх чакала неспадзяванка. - Куды ты з балёнікам? Тут табе не цырк! – спыніла Адася вахтарка. – І пропуск пакажы! - У мяне няма пропуска,- разгубіўся Адась. - Тады няхай бацькі купяць табе абанемент! – параіла вахтарка і ўткнулася ў газету. Давялося пайсці ні з чым. Тут ужо і Адась страціў надзею. Без усялякай мэты ён прайшоўся туды-сюды па вестыбюлі басейна і спыніўся перад экранам тэлевізара. На экране здаравенныя дзецюкі штурхаліся адно з адным. - Што гэта?- спытаў Адась у хлопца, які побач на лаўцы вазіўся з матузкамі. - Рэгбі,- патлумачыў той. – Трэба прарвацца праз абарону суперніка і прыціснуць мяч да заліковай зоны. Некаторы час Адась і Бац сачылі за гульнёй. Дзецюкі на экране піхаліся з усіх сіл. Раптам адзін з іх вырваўся ды пабег. Але яго спынілі, павалілі і над мячом утварылася куча-мала. - Ён лопне? Яго раздушаць?– з трывогай запытаўся Бац. - Не, ён скураны, - супакоіў Адась. - Мяне б раздушылі,- ледзьве чутна прашалясцеў балёнік. – Нікому не патрэбны такі мяч – мяккі, занадта лёгкі і марудны... Ніхто не захоча ў мяне гуляць. Адась пляснуў сябе па ілбе. Бац ледзьве не вываліўся з ягоных рук на падлогу. - Якія мы дурні! Замест таго, каб шукаць, у каго табе ператварыцца, трэба знайсці тых, каму ты патрэбны такі, як ёсць! І, абхапіўшы аберуч балёнік, Адась пабег на лужайку, дзе збіралі кветкі маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, гадоў можа двух ці трох. - Я прынёс вам мяч! – радасна крыкнуў ён і штурхнуў балёнік да малых. Дзеці смяяліся, цягнулі ўгару ручкі, Бац пяшчотна адштурхоўваўся ад маленькіх пальчыкаў і невысока падлятаў угару. Адась сачыў, каб балёнік не апускаўся на траву, акуратна падбіваючы сябра вышэй. Малыя, падняўшы тварыкі, круціліся пад балёнікам, і часам Бац адскокваў проста ад іх кірпатых носікаў. - Я – мяч! Я – мяч! – паўтараў ён у захапленні. - Гаў-гаў! – пачуў з-пад ног Адась і паспрабаваў схапіць балёнік, але Бац, не адчуўшы небяспекі, выслізнуў з ягоных рук. І ў той жа момант маленькі руды сабачка весела падскочыў і хапнуў зубамі за бок балёніка. - БАЦ! – гучна прамовіў Бац і знік. Дзеці спалохаліся, заплакалі і пабеглі да сваіх мам. Нехта злосна крыкнуў, каб навязалі сабаку, але цюцька ўжо і сам уцёк. Каля Адася засталася толькі самая старэйшая дзяўчынка. - А дзе мяч? – спытала яна. - Няма, - развёў рукамі Адась. Вядома, ён ніколі не стаў бы плакаць з-за нейкага там балёніка... Дзяўчынка нахілілася і падняла з травы тое, што засталося ад балёніка. - Зрабі з яго маленькі шарык і лопні. Мой тата так умее. Адась пакруціў гуму ў руках. Перад вачыма стаяў Бац, лёгкі, прыгожы, далікатны... - Не буду,- раптам сказаў хлопчык. – Лепей я зраблю барабан. У цябе ёсць круглая формачка для пяску? Адась накрыў формачку гумкай, нацягнуў і абвязаў ніткай. Пальцам адцягнуў гумку і пстрыкнуў: бац! Бац! - Дай мне! – дзяўчынка працягнула руку. Паспрабавала пстрыкнуць. - Бац! – ціхенька адказаў “барабан”. - Ты класны! – сказала дзяўчынка Адасю. – Пакуль! Яна пабегла прэч. А хлопцу пачуўся голас балёніка: - Я зразумеў! Аказваецца, я не мяч! Я – барабан! - Пакуль, Бац,- з цеплынёй прамовіў Адась. Незнаёмая дзяўчынка, што праходзіла ў гэты час побач, здзіўлена павярнулася, але Адась ужо ішоў прэч. Алена Церашкова
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |