![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
Кастусь Севярынец: Свая азбукаЛета коціцца з гары.Вось і восень на двары. Вучым азбуку, сябры! Гэта азбука — свая, Бо яна ад А да Я Наша, БЕЛАРУСКАЯ! Алень Па вадзе АЛЕНЬ брыдзе. Сеў на шыю авадзень І крычыць яму: “Гані!” Быццам вершнік на кані. Бусел На буслянцы БУСЕЛ-татка Вучыць лётаць буслянятка. Там, дзе трэба, падпраўляе, Сына ў неба выпраўляе. Вавёрка Пад сасной сядзіць ВАВЕРКА, Перад ёю — шышак горка. Стол заможны і багаты... Налятай, ваверчаняты! Галубок ГАЛУБОК галубку любіць, Ён галубку прыгалубіць. Паглядзі на гэту пару: Ім сварыцца не да твару. Дуб ДУБ рассыпаў жалуды, Бо збіраць няма куды. Быў бы кошык — вось раскоша! Можа, вожык дапаможа? Джала Ты бы пчолку не чапала, Есць у нашай пчолкі ДЖАЛА. Пчолка кветкі аблятае, Дзеткам мёдзік субірае. Дзік ДЗІК прыбег пад грушу-дзічку, Дзе з крынічкі п‘е вадзічку: — Вось калі спатолю смагу, Адпачыць тады прылягу... Елка ЕЛКА з лесу на Каляды Завітае ў нашы хаты. На ялінках аж да верху — Цацкі, пацеркі, цукеркі. Ёрш ЁРШ — ён смачны вельмі-вельмі, Як засмажыш на патэльні. Але ты таго ярша 3 рэчкі Выцягні спярша! Жораў Не злуе ніколі ЖОРАЎ, У яго лагодны нораў. У птушынай чарадзе Ціха мірна рэй вядзе. Зубр Ён глядзіць па-гаспадарску, Пачуваецца па-царску. ЗУБР — не проста мажны бык: Белавежы — вартаўнік. Індык На падворку — лямант, крык: — Дык-дык-дык! - бухціць ІНДЫК. Што турбуе індыка? Сумна жыць без сябрука! Йес ЙЕС! — з ангельскай мае быць. Так! — па-нашаму гучыць. Мілагучнай мове ў такт Сэрца тахкае: “Так-так!” Коцік КОЦІК сам з сабой гуляе, Ён свой хвосцік даганяе. Як ні сіліцца, дзівак, Не дагоніць аніяк! Лось 3 лесу выйшаў ЛОСЬ рагаты. Побач з бацькам - ласяняты. Лось, ён - вось, а дзе ласіха? Ці не здарылася ліха? Мядзведзь А МЯДЗВЕДЗЬ калі зіма, Спіць і клопату няма! У бярлозе пакрысе Касалапы лапу ссе. Ніва Важкі колас спеліць НІВА. Слава сейбітам руплівым! Нам падзякаваць ім трэба За духмяны бохан хлеба. Ордэн ОРДЭН - гэта ўзнагарода Тым героям, што з народам, Хто жыцця не пашкадуе, А народ свой уратуе. Пеўнік ПЕЎНІК зранку запяе, Следам сонейка ўстае, Промні-коскі распускае, Дзень на волю выпускае. Рысь РЫСЬ пабачыш - сцеражыся, Лепей з рыссю разыйсціся. Пацярпела шмат звяроў Ад драпежных кіпцюроў. Сава Спіць САВА ў дупле ад рання, Ноччу будзе паляванне! Бо такі савіны звычай: Па начах шукаць здабычу. Трактар ТРАКТАР самы знакаміты – ”Беларус” наш цяглавіты. Яго ведаюць у свеце I дарослыя, і дзеці. Унук УНУКУ любаму бабуля Прыгожа вышыла кашулю. — Вялікі дзякуй! — кажа Янка. — Мне так пасуе вышыванка! Ў Калі коска зверху ўецца, Нескладовым У завецца. I яно красуе ў слове Толькі ў нашай роднай мове. Футра Падарунак ад лісіцы - ФУТРА, шапка, рукавіцы... Мне цяпер зіма - дарма! Але ж дзе ліса сама? Хлеб ХЛЕБАМ-соллю найчасцей Сустракаем мы гасцей. Калі ласка ў нашу хату, Чым багаты, тым і рады. Цвік ЦВІК з цаглінай не сябруюць, Але разам дом будуюць, Каб утульнае жытло У людзей заўжды было. Чапля ЧАПЛЯ ходзіць ля чароту, Не патрэбны чаплі боты: Па вадзе лацвей усё ж Чапаць чаплі басанож. Шчупак Сядзіць на беразе рыбак. Падплыў да берага ШЧУПАК. Шчупак убачыў рыбака, Задаў адразу драпака! Ы Мяккі знак з кійком ідзе, За сабою Ы вядзе. Пішам слова “паплавы“ — На канчатку будзе Ы. Ь Пра яго мы скажам так: Мякчыць мову МЯККІ ЗНАК. Ён пяшчотны і лагодны, У пісьме зусім не шкодны. Экскаватар ЭКСКАВАТАР робіць лоўка. Адпачні пакуль, рыдлёўка! Ён адзін капаць умее Катлаван альбо траншэю. Юшка На вячэру ля ракі Запрашаюць рыбакі: — ЮШКА ёсць у нас з наварам, Пачастуйся з пылу, з жару. Яблык ЯБЛЫК падае да долу, Кліча верасень у школу. — Дзінь-дзінь-дзінь! — званок звініць, Трэба АЗБУКУ вучыць! Яна з Янкам вучаць зранку Сваю азбуку-чытанку. Вабяць іншыя спакусы, Але дзеткі — БЕЛАРУСЫ! Да вучобы здатныя, Вучні з іх — выдатныя. УСЛЕД ЗА АЗБУКАЙ Чуеш роднай мовы гук — Сэрца тукае: “Тук-тук!” Мяккая, пявучая, Мілая, гаючая, Мова з ласкі Божае — Гожая, прыгожая. Паводле: НАША СЛОВА № 7 (1054) 15 лютага 2012 г. Аўтар выказвае шчырую падзяку доктару філалагічных навук, прафесару Івану Аляксеевічу Чароту і кандыдату філалагічных навук Мікалаю Паўлавічу Антропаву за каштоўныя парады пры складанні “Сваёй азбукі”.
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |