![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
Калядная казкаЖылі дзед і баба. Вось паставілі яны стобачку, дзед і кажа:- Хто пахваліць маю стобачку, таму дам каляду. А ў гэты час па двару хадзіў воўк пад вокнамі і пачуў, што дзед кажа. - Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду. Дзед злез з печы, даў яму авечачку. Воўк схапіў авечачку, закінуў на плечы і панёс ў лес, палажыў яе на пянёк, і пайшоў зноў да дзеда. - Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду. Дзед зноў злез з печы, даў яму авечачку. Воўк схапіў авечачку, закінуў на плечы і панёс ў лес, палажыў яе на пянёк, і пайшоў зноў да дзеда. - Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду. Няма чаго дзеду даць за пахвалу стобачкі. Дзед ляжаў на печы ад сцяны, а баба з краю, дак дзед піхель бабу з печы воўку. Воўк схапіў бабу за спадніцу, закінуў на плечы і панёс яе ў лес. Пасадзіў яе на пянёк, а сам сеў есці авечачкі. Бабка сядзіць на пяньку і прыгаварвае: - Вышай, вышай пянёчак, каб не дастаў ваўчочак. Воўк пачуў, што бабка нешта бубніць: - Што ты, бабка, кажаш? А бабка адказвае: - Еш воўк авечачкі, дый мяне з’ясі. - Добра, бабка, з’ем. Бабка зноў прыгаварвае: - Вышай, вышай пянёчак, каб не дастаў ваўчочак. З’еў воўк авечачкі, “падняў” вочы, а пянёк вырас і бабка сядзіць высока, што не дастаць яе. Пачаў грызці воўк гэты пянёк. Грыз-грыз – зламаў зубы. Ён і кажа: - Сядзі бабка на пяньку, а я пайду да каваля зубы патачу, - і пабег. А бабка зноў стала прыгаварваць: - Ніжай, ніжай пянёчак, каб не з’еў ваўчочак. Пянёчак знізіўся трошкі. Бабка зноў прыгаварвае: - Ніжай, ніжай пянёчак, каб не з’еў ваўчочак. Пянёк стаў нізенькі, бабка скочыла з пянька і пабегла па сцежачцы ў лес. Ці доўга бегла, ці далёка забегла, бачыць: сярод лесу стаіць хатка на курынай лапцы. А ў той хатцы, відаць, жылі козлікі. Яна забегла ў тую хатку, а там сыры ды масла. Бабка наелася сыра да масла і залезла падпечак, схавалася. Прыходзяць козлікі з пашы, бачаць хтосьці паеў іх сыры да масла. Сталі яны шукаць таго, хто ўсё гэта паеў, знайшлі бабку падпечкам. Крычаць козлікі: - Вылазь, бабка, з падпечку, мы цябе біць будзем, што ты паела нашыя сыры да масла! Стала бабка прасіцца: - Козлікі мае даражэнькія, мае залаценькія, не біце мяне, не карайце мяне, я буду жыць з вамі і дапамагаць у рабоце, біць сыры да масла. Козлікі згадзіліся. І так бабка стала жыць з козлікамі. Вось захацелася бабцы дзеда адведаць: “Як ён там пажывае без мяне?” Набрала сыроў да масла і пайшла праведаць дзеда. Прыходзіць яна і бачыць, ляжыць дзед на печы разявіўшы рот – памірае. Бабка кідзяк ляпешачку сыра дзеду ў рот. Так дзед цяп–цяп і з’еў сыр. Дзед падумаў, што гэта варона сярнула, дай просіць: - Варона, варонка, “сярні” яшчэ раз мне ў рот. Бабка зноў кінула ляпешачку сыра дзеду ў рот. Дзед з’еў і яшчэ просіць: - Варона, варонка, “сярні” яшчэ раз мне ў рот. А бабка і адказвае: - А трасцы табе, дзедку. Ты ж мяне спіхнуў з печы ваўку на з’яданне. Я буду з козачкамі жыць, а ты памірай, калі не жалеў мяне. Запісана са слоў Шуст Еўгеніі, жыхаркі в. Балашэвічы.
Запіс бібліятэкара Балашэвіцкай сельскай бібліятэкі Шуст Анны Іванаўны. "Край Магілёўскі"
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |