Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (173908)
Беларускія імёны (171919)
Цудоўная вясёлка (157848)
Размалёўка: домік (151975)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (150139)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (150056)
Маляванкі для маленькіх: машынка (149289)
Як назваць дзіця? (147085)
Тата, а ты папа? (141127)
Натуральны білінгвізм у дзетак (139872)

Калядныя святы на Глушчыне

Aснову духоўнай культуры беларускага народа, як і любога іншага, складае абрадавая паэзія, цесна знітаваная з гадавым цыклам жыццядзейнасці працоўнага чалавека. Фальклорная спадчына — гэта няпісаная гісторыя роду чалавечага, тыя асноўныя этапы яго станаўлення, якія паўтарае кожнае новае пакаленне ў сваім зямным існаванні. Гэта — актыўны дыялог з прыродай, скіраваны на тое, каб заручыцца яе спагадай і падтрымкай, і адначасова святое яе ўшанаванне. Фальклорная творчасць — гэта магія слова чароўнага, з дапамогай якога ўшаноўвалі сваіх продкаў, клапаціліся аб захаванні сябе і свайго роду, аб паляпшэнні дабрабыту. Кожнае свята — гэта свята ўсяго роду. Таму на святкаванні не было пасіўных гледачоў і актыўных удзельнікаў. Прадстаўнік пэўнага ўзросту выконваў сваю адметную ролю, тым самым непасрэдна далучаўся да родавай урачыстасці.

Каляды.
У старажытнасці новы гадавы цыкл пачынаўся ў дзень веснавога раўнадзенства, а з другой палавіны XVI ст. (калі ўся Еўропа перайшла на новае лета-злічэнне — грыгарыянскі каляндар) пачатак года быў перанесены на дзень зімовага сонцастаяння, да якога і былі прымеркаваны Каляды.

Жанчыны вёсак Старое Сяло, Катка, Слабодка, Касарычы расказвалі, што Каляды былі вялікім і доўгачаканым святам, у падрыхтоўцы якога прымалі ўдзел і малыя, і дарослыя. Вёска ажывала пасля чатырохтыднёвага посту, пад час якога забараняліся гульні і ігрышчы, трэба было прытрымлівацца строгіх абмежаванняў у ежы. Асноўнымі стравамі гэтага часу, расказала Яўгенія Фядосаўна Вежнавец (1917 г.н., в. Старое Сяло), былі бульба з расолам, грыбы і капуста. У пятніцу ж наогул дазвалялася падсілкавацца толькі хлебам і вадой: адзін раз да ўсходу сонца, другі раз — позна вечарам. Таму пасты, асабліва Піліпаўскі і Вялікі, заўсёды з'яўляліся своеасаблівым фізічным і духоўным выпрабаваннем-ачышчэннем людзей, якія рыхтаваліся да новага жыццёвага цыкла (язычніцкі аспект), да моманту нараджэння Ісуса Хрыста — адзінага і ўсемагутнага збавіцеля хрысціянскіх вернікаў. Аднак якім бы працяглым і складаным ні быў пост, ён заўсёды заканчваўся разгавеннем. Напярэдадні Каляд забівалі кабаноў (старадаўні водгаласак язычніцкага ахвярапрынашэння багам прыроды і душам продкаў), рабілі кілбасы, вешалі іх на жэрдцы каля печы. Як яны цешылі вока дзетак! Ці не таму так паэтычна апяваюцца ў паставых перадкалядных песнях:

Калядкі блізка,
Кілбаскі нізка.
Высока вісяць,
Няможна дастаць.


Запісана ў 1992 г. у в. Слабодка ад Маркінай.

Святкаванне пачыналася вечарам 6 студзеня (па новым стылі). К.В. Курэцкая (1922 г.н., в. Старое Сяло) успамінала, што з раніцы жанчыны завіхаліся каля печы, прыбіралі ў хаце, нажом дабяла выскрабалі стол і лавы, гатавалі няцотную колькасць страў, галоўнай сярод якіх была куцця — ячная каша, закрашаная салам. Да вячэры куццю ставілі на рытуальную лаву ў чырвоны кут. Прычым чыгунок ставілі не на голую лаву, а на пучок сена, зверху клалі бохан хлеба. Вечаровым прыцемкам ладзілі святочны стол. Бацька прыносіў яшчэ адзін пучок сена, якім усцілалі доўгі стол, маці накрывала яго льняным абрусам, ставіла розныя прысмакі. Садзіліся за стол адпаведна даўняй завядзёнцы: мужчыны — з правага боку, уздоўж сцяны, маці з дочкамі і нявесткамі — з левага боку, бліжэй да сярэдзіны хаты, каб зручней было падаць яшчэ што-небудзь са страў.

Але перш чым сесці вячэраць, хрысціліся і ставілі дадатковыя талеркі для памерлых. Бацька чытаў доўгую малітву, затым браў патрошку куцці і клаў на талеркі продкаў, прыгаворваючы: «Лажу кашу дзеду Івану. Лажу кашу бабе Насці...» Так паўтаралася столькі разоў, колькі сваіх продкаў памятала і ўшаноўвала сям'я. Затым пачыналася святочная трапеза. Кожнаму члену сям'і трэба было абавязкова пакаштаваць усе стравы, тым самым як бы далучыцца да радаводнай сувязі з продкамі і заручыцца іх падтрымкай на ўвесь год.

Заканчвалася вячэра агульнай падзякай лёсу за мажлівасць сустракаць пачатак новага года. Усе прысутныя хрысціліся і гаварылі: «Дзякуем Хрысту Богу, Айцу і Сыну, і Святому Духу. Амінь». Недаедзеныя стравы са стала не прыбіралі, а пакідалі на ноч. Гэты звычай нагадвае сабой традыцыю памінальных свят, пад час якіх ежу пакідалі на стале да раніцы з верай у тое, што ноччу будуць сілкавацца душы продкаў. Пасля вячэры старэйшыя члены сям'і лажыліся адпачываць, а моладзь ішла на вячоркі.

Асноўныя падзеі разгортваліся назаўтра вечарам, калі хлопцы-каляднікі распачыналі абход вёскі. Звычайна па вёсцы хадзілі некалькі гуртоў, якія папярэдне дамаўляліся паміж сабой аб святочных маршрутах. Ураджэнец в. Старое Сяло К.Ф. Сысой (1930 г.н.) адзначыў, што часцей за ўсё каляднікі хадзілі з «казой», «жоравам» і «канём», якія ў язычнікаў сімвалізавалі дабрабыт, пачатак новага цыкла прыроднага абуджэння, вялікую і дружную сям'ю. Побач прысутнічаў і сімвал новай, хрысціянскай, культуры — шасці - або васьміканцовая зорка, якую рабілі са старога рэшата, у якім выразалі адпаведную колькасць адтулін і затым мацавалі да іх рознакаляровыя «рагі», упрыгожаныя стракатымі папяровымі стужкамі. У сярэдзіну рэшата ставіліся іконка і свечка. Адвячоркам хлопцы збіраліся ў адным месцы, пераапраналіся ў старых, апошні раз паўтаралі словы святочных песень, муштравалі «казу».

Да чаго ж зводзіўся асноўны сэнс калядных абходаў? Большасць славянскіх культуролагаў пагаджаецца з тым, што пераапранутая ў старых моладзь сімвалізавала продкаў, якія наведвалі сваіх суродзічаў і віншавалі іх на пачатку новага жыццёвага цыкла, замаўлялі на дабрабыт. Сённяшні перанос калядных і іншых святкаванняў на школьную сцэну, у клуб, на гарадскую пляцоўку разбурае нату-ральную эстэтыку свята: парушаецца сацыякультурная шматзначнасць, часавая і прасторавая прымеркаванасць, звужаецца функцыянальны спектр. Свята пера-твараецца ў звычайную гульню-забаву з-за таго, што болыпасць выканаўцаў і ар-ганізатараў ужо не ведаюць ці не разумеюць адвечны сэнс старадаўніх песень і рытуалаў. Таму ў нашых умовах кожнае свята ўяўляе сабой канцэрт мастацкай самадзейнасці. На самай жа справе абход каляднікаў зімой, валачобнікаў вясной, купальнікаў летам, багатнікаў восенню быў чароўна-магічнай дзеяй.

Так рытуальным дзеяннем, аздобленым магічным словам, святочны гурт яднаў вясковую абшчыну, суродзічаў, жадаў ім шчаслівага году і дабрабыту:

А ці дома, дома сам пан гаспадар?
Святы вечар добрым людзям.
А калі ён дома, хай выйдзе на двор,
Хай выйдзе на двор ды зірне ў шчыры бор.
У шчырым бару шуміць і гудзе,
I шуміць і гудзе, два раёчкі ідзе.

Першы раёчак да нясе вашчочак,
А другі раёчак нясе мядочак,
Ці свечы сукаці да дачок аддаваці,
Сыту сыціці ды сыноў жаніці.


Запісана ў 1991 г. у в. Старое Сяло ад Марфы Антонаўны Сысой.

Хлопцы-каляднікі заходзілі з гэтай песняй у двор, звярталіся да гаспадара за дазволам зайсці пакалядаваць у хаце. Калі гаспадар даваў згоду, шумная кампанія ўвальвалася ў хату, вітала дамачадцаў і распачынала песню-замову пра «казу», якая кулялася на падлозе, спрабавала рагамі пакалоць дзяцей. Пасля непрацяглай гульні «каза» раптам валілася на падлогу мёртвай, што сімвалізавала заканчэнне старога года. Тым часам хлопцы падхоплівалі новую песню, у якой распавядалася пра тое, з якой мэтай завітала гэта незвычайная госця ў хату і як гасцінным гаспадарам зноўку ажывіць яе:

О-го-го каза,
О-го-го сера,

Дзе рогі дзела?
— На соль праела.
Соль дарагая, мера скупая.
Ох ты, козанька,
Не будзь гордзенька,
Расхадзіся ты
Па ўсяму двару,
Пакланіся нізенька
Як гаспадару, як гаспадыні,
Дайце казе сена.
Каб каза прысела.
Дайце казе сала,
Каб каза ўстала.
На печы аўёс —
Вялікі парос.
На палу жыта —
Нагамі збіта.
А ў том жыце перапёліца
Вывела дзяцей —
Люба глядзець.
Меншыя, большыя
паляцелі, а серадзельшыя засірацелі.
Казача, казача,
Вазьмі маю доч.
Дару табе пару сабак
І сала кум'як,
I мех мякіны,
Тону пярыны,
I куль саломы —
Бывайце здаровы.


Запісана ў 1992 г. у в. Старое Сяло ад Праскоўі Мікалаеўны Алёхна.

Аднак продкі-калядоўшчыкі клапаціліся не толькі пра дабрабыт сям'і, але і пра яе захаванне і прадаўжэнне. Калі ў сям'і быў хлопец, то яму спецыяльнай песняй жадалі ўзяць шчаслівы шлюб:

За варотмі вінаград, за варотмі зялёны.
Святы вечар добрым людзям.
А хто той вінаград ды сцярэгці будзе?
А сцярэгці будзе малады Ванечка.
Сцярог ночку, сцярог другую,
А на трэцю ночку сільненька заснуў.
А прыйшлі да яго два браткі яго:
— А ўставай, Ванечка, а ўставай маладзенькі,
Ужэ ж твой вінаград пташкі аб'елі,
Ужэ ж тваю дзевачку дружкі абселі.
— Я паэтаму не дбаю, я сваю спазнаю.
А ў маёй дзевачкі руцвяны вяночак,
Руцвяны вяночак, залаты пярснёчак,
Па плечках коскі развіваюцца
А пад вачыма слёзкі праліваюцца.


Запісана у 1991 г. у в. Старое Сяло ад Кацярыны Сцяпанаўны Сысой.

Адпаведнай песняй ушаноўвалася і дачка гаспадароў:

Ой, ясна, красна каліна ў лузе,
Святы вечар добрым людзям.
Ой красней, ясней, Кацечка, у бацькі.
Па двару хадзіла — увесь свет адгасіла.
У сені ўвайшла — чаравічкі зарыпелі,
На парог увайшла — скрыпкі зайгралі,
А ў хату ўвайшла — у хату баяры.
Купкі спаўняюць, дай Кацечку ўмаўляюць:
— Я не князёўна, я не папоўна,
Простая мужычка, Дзям'янава дачка.


Запісана ў 1991 г. у в. Старое Сяло ад К.С. Сысой.

3 гісторыі беларускай культуры вядома, што пасля прыняцця хрысціянства яго асноўныя святы прымяркоўваліся да найважнейшых свят язычніцкага календара. Адначасова з Калядамі сталі святкаваць Раство Хрыстова. Новыя духоўна-культуралагічныя рэаліі паўплывалі на сюжэты традыцыйных песень. У народным асяроддзі ўзнікае новае кола калядных песень, якія ўяўляюць нешта сумежнае паміж замовамі-велічаннямі і духоўнымі вершамі, у якіх пераважала ўласна хрысціянская тэматыка:

Ой, у полі, у полі ды стаяла цэркаўка,
Святы вечар добрым людзям.
Што ў той цэркаўцы свечы гарэлі,
Свечы гарэлі, іскорка ўпала,
Іскорка ўпала, сіня мора стала.
Што ў том сіням моры сам Бог купаўся.
Ісусам Хрыстом да Святым Ражаством,
А Святое Ражаство радасці прынясло,
А святое Васілле развесяліла.


Запісана ў 1991 г. у в. Старое Сяло ад К.С. Сысой.

Праз тыдзень святкавалася другая куцця, якую называюць «багатай». У тым самым чыгунку з тоўчанага, дранага ячменю варылася каша, гатавалася мяса, пякліся мучныя або бульбяныя бліны, варылася капуста, смажыліся кілбасы. I назва пераднавагодняй вячэры («багатая куцця»), і мноства разнастайных страў мелі глыбокі магічны сэнс: шчодры стол, верылі продкі, павінен забяспечыць такое ж багатае сталаванне на працягу ўсяго года. 3 надыходам цемнаты зноўку збіраліся калядоўшчыкі, цяпер ужо дзяўчаты-«цыганкі», якія вадзілі з сабой каня і насілі звязду, у сярэдзіне якой ставілі сем свечак. Асаблівасць абходу вёскі дзяўчатамі — «затанцоўванне шчодрыка» пад вокнамі хаты. Дарэчы, сярод «цыганак» мог знаходзіцца і пераапрануты хлопец. Калі дзяўчаты заходзілі ў чарговы двор, калядніцы запявалі:

Шчадрую, шчадрую,
Кілбасу чую.
А ты, дзягначка,
Ідзі ў клетачку,
Набяры аўса,
Наверх кілбаса.
Скарэй дарыце,
Нас не марыце,
Кароткі світкі,
Памерзлі лыткі.


Запісана ў 1992 г. у в. Касарычы ад В.Н. Турлыка.

А тым часам «цыганка» вытанцоўвала каля хаты. Яна рухалася па кругу, але твар яе пастаянна быў скіраваны на кутняе акно хаты. Адзенне «цыганкі» вылучалася багата аздобленымі рознакаляровымі стужкамі, гузікамі, пацеркамі. Вольга Ніканаўна Багук з в. Халопенічы расказала, што абавязковым атрыбутам «цыганкі» была вялікая квяцістая хусціна з махрамі, перакінутая цераз плячо. Да махроў прывязвалі шаршуны для шуму, святочнасці. Няма сумненняў, што і сам характар дзеі, і яе слоўна-музычнае суправаджэнне, і характар затанцоўвання (углядацца ў вокны-вочы хаты) адлюстроўваюць надзвычай глыбокі пласт язычніцкай культуры, характэрная асаблівасць якой у магічнай накіраванасці.

Калядныя віншаванні гаспадароў былі надзвычай разнастайнымі і ўвабралі ў сябе галоўныя прынцыпы народнай педагогікі. Гасцінным і ветлівым гаспадарам дзякавалі яшчэ адной велічальнай песняй, на заканчэнне якой гучалі рэчытатыўныя пажаданні:

Дай, Бог, праважаці
I на лета даждаці,
У радасці, у карысці,
У добрым здароўі.


Калі ж гаспадары не запрашалі гасцей у хату, то ў іх адрас ляцеў праклён:

Цынкі, цынкі,
Каб памерзлі вашы свінкі.
Татарынкі, татарынкі,
Няхай воўк паесць усе свінкі.
Не дала масла,
Штоб карова згасла.
Не дала сала,
Штоб свіння не ўстала.
Я цябе дзядзька закалядую,
Дзянначка памрэ,
Возьмеш другую.


Запісана ў 1992 г. у в. Слабодка ад Алены Рыгораўны Далідовіч.

Жыхарка в. Слабодка Домна Мікітаўна Логін успамінала, што кожны перад-навагодні вечар напаўняўся дзявочымі варожбамі. Варажылі на дровах, на «калах» агароджы, на блінах, на выявах ад ценю спаленай паперы.

Трэцяя куцця прымяркоўвалася да «крашчэння» (19 студзеня) і называлася «поснай». Абходаў вёскі ў гэты вечар не рабілі, але святочная вячэра ладзілася. Распачынаў яе бацька. Ён чэрпаў лыжкаю куццю, ішоў да дзвярэй, адкрываў іх і зваў:

— Мароз, Мароз! Хадзі к нам куццю куццяваць, каб не марозіў гарбузоў, гур-коў, буракоў!

Затым маці налівала бацьку чарку гарэлкі і гаварыла:

— Во табе спаўна, будзе год поўны!

Вячэра цягнулася нядоўга. Пасля яе бацька браў бохан хлеба, соль, свечку і разам з роднымі абходзіў усе гаспадарчыя пабудовы, ставячы на сценах і дзвярах крэйдай па тры крыжы.

Доўгімі каляднымі вечарамі занятак знаходзіўся ўсім. Дзеці ў прысутнасці бабуль і дзядуль гулялі ў розныя рухавыя гульні. Хлопцы і дзяўчаты збіраліся асобна ў якой-небудзь хаце, каб удосталь натанцавацца або пазабаўляцца. Як адзначалі многія жанчыны, у гады іх дзявоцтва танцавалі больш прыгожа — павольна, пластычна. Былі і рухавыя, хуткія танцы, але ўсе «ад душы». У асноўным танцавалі польку, матлёт, лявоніху, кракавяк, вальс, падыспан. А каб даць адпачынак музыку, пачыналі правіць «шчодрыя гульні». Напрыклад, хлопец станавіўся на лаву і пачынаў прызнавацца ў каханні адной з дзяўчат. Праз нейкі час тая, каму прызначаліся словы кахання, падыходзіла да прамоўцы-каханага — і цалавала яго. Затым на лаву станавіўся другі хлопец, і ўсё паўтаралася. Захапляліся і жартоўнай гульнёй «У фатографа». Пасярод хаты ставілі стул, на яго садзілася дзяўчына. Вакол яе ўсе станавіліся ў круг і пачыналі хадзіць «па сонцы». Хто-небудзь з хлопцаў прасіў дзяўчыну ўстаць, а затым сесці. Пасля некалькі разоў паўторанай просьбы-каманды адзін з удзельнікаў гульні непрыкметна адносіў стул убок. Калі дзяўчына не здагадвалася пра падвох, то падала на падлогу. Потым яе месца займала другая ўдзельніца гульні.

Калядныя гульні і ігрышчы выконвалі ў жыцці вясковай моладзі вельмі важную сацыяльную ролю. Перш за ўсё яны ядналі новае пакаленне, якому лёсам было наканавана падхапіць радаводную эстафету. Адразу ж пасля Каляд пачынаўся мясаед — час найбольш спрыяльны для вяселляў. Магчыма, апошняя акалічнасць садзейнічала ўзнікненню бясконцага мноства варыянтаў народнай варажбы. Ста-ранавагодняя ноч або ноч перад Вадохрышчам ператварала вёску ў тэатр магіі і цудадзейства. Дзяўчаты варажылі, спрабуючы знайсці адказ на шматлікія пытанні, што хвалявалі іх. Па колькасці ўзятых у бярэмя дравін або ахопленых рукамі штыкецін («калоў») чыталі сваю будучыню: замужжа («цот») ці далейшае дзявоцтва («няцот»). Камячылі паперу, клалі і на сподак і палілі, затым рэшткі спаленага падносілі да свечкі, а па канфігурацыі ценю на сцяне разгадвалі свой лёс. Блізкай да гэтай была варажба з растопленым воскам. Яго вылівалі ў шклянку з вадой. Калі застылая форма нагадвала труну — чакай смерці, дарогу або твар чалавека — выйсці замуж. Варажба на люстэрках магла дапамагчы ўбачыць выяву суджанага. Апоўначы пад ложак або лаву ставілі шклянку з вадой. Калі колькасць вады заставалася той жа, значыць, можна спадзявацца на замужжа; калі ж вады аказвалася менш, то гэта прадказвала непрыемнасці. (Усе варыянты варажбы расказала Домна Мікітаўна Логін).

Паводле партала "Край Магілёўскі"


     


Kryscina, 29.12.11 15:59

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map