Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (174624)
Беларускія імёны (172839)
Цудоўная вясёлка (161022)
Размалёўка: домік (154431)
Маляванкі для маленькіх: машынка (152009)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (150885)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (150831)
Як назваць дзіця? (147708)
Тата, а ты папа? (141730)
Натуральны білінгвізм у дзетак (140441)

Беларускія млыны

Здаўна на Беларусі, на высокіх пагорках, адкрытых для ўсіх вятроў, там-сям стаялі ветраныя млыны. З надзеяй пазіраў у неба млынар, белы ад мукі, шукаючы аблачыну, якая накіне ветравыя лейцы на нерухомыя крылы, і затарахціць, загрукаціць, "паедзе" будыніна, як воз па драўляным мастку. А ў глыбокую скрыню пальецца цёплы і духмяны, белы і жвавы ручаёк - мука, перамолатае пшанічнае ці жытнёвае зерне.
Ветраныя млыны з'явіліся на Беларусі недзе гадоў 400 таму назад. А як жа рабілі муку раней? Вельмі проста: расціралі зерне на камені другім, меншым каменем. Такі спосаб, безумоўна, быў марудны і нязручны. Каб аблегчыць сваю працу, чалавек прыдумаў жорны.

Жорны былі амаль у кожным сялянскім двары. Служылі чалавеку яны яшчэ ў пачатку XX ст. На жорнах за дзень можна было ўручную перамалоць толькі два-тры пуды зерня (да пяцідзесяці кілаграмаў). Асновай жорнаў былі два каменныя круглякі-дыскі. Паміж імі насыпалася зерне. Ніжні, большы камень нерухома ўмацоўваўся ў драўляную аснову. На ім вярцеўся верхавік - лягчэйшы камень, абкручаны жалезнай пласцінай, на якой мацавалася ручка. Зерне засыпалася ў адтуліну ў сярэдзіне верхавіка. З дапамогай ручкі верхавік прыводзіўся ў рух. У некаторых жорнах былі доўгія ручкі ў выглядзе звычайнага кія, які называлі млёнам. Адзін канец млёна ўстаўляўся ў ямачку ці спецыяльную жалезную скабу на краі верхавіка, другі прымацоўваўся да столі над жорнамі.
Калі ў селяніна добра радзіла ніва і ён атрымліваў шчодры ўраджай, даводзілася звяртацца да паслуг "вялікіх жорнаў" - млына. За гэта трэба было плаціць, аддаючы млынару-гаспадару частку збожжа. У "вялікіх жорнаў" і камяні былі вялікія, дыяметр іх дасягаў росту чалавека, а таўшчыня даходзіла да паўметра. Безумоўна, такую махіну чалавек не мог скрануць з месца, а тым больш круціць, як жорны. Гэтую работу за яго стаў выконваць вецер. Пад ветраным напорам круціліся крылы млына, цвёрда замацаваныя на восі. Вось у сваю чаргу пры дапамозе складаных прыстасаванняў і спецыяльных самаробных механізмаў прыводзіла ў рух цяжкі верхні камень.
Ветраныя млыны, ці ветракі, як іх яшчэ называлі, будаваліся на адной "назе", каб іх можна было паварочваць, арыентуючыся на накірунак ветру. Ролю нагі выконваў звычайны тоўсты слуп (стрыжань), да якога прыладжвалася будыніна млына ў два ці тры паверхі. Паварочвалі вятрак дышлам - спецыяльным бервяном, прымацаваным да асновы будынка. Калі зрабіць гэта чалавеку было немагчыма, то для аблягчэння справы запрагалі каня.
Стрыжнявы вятрак называлі яшчэ казлоўкай, бо вакол закапанага ў зямлю стрыжнявога слупа майстраваўся фундамент-крыжавіна, ці козлы. Для аднаго двара (сядзібы) ці хутара ўзводзілі звычайна невялікі вятрак да пяці метраў у вышыню. Найбольш дасканалым і складаным па сваёй пабудове быў шатровы млын, ці шатроўка. Першы паверх яго нагадваў хату з бярвёнаў, а другі, лягчэйшы, які называлі шацёр, вежа ці шапка, мацаваўся на восі і меў васьмівугольную ці круглую форму. "Шапку" ветрака з чатырма, шасцю ці васьмю крыламі паварочвалі да ветру спецыяльнымі жэрдкамі.
Каб прывесці ў рух механізм млына, чалавек навучыўся выкарыстоўваць і сілу вады. Пад напорам яе круцілася вялікае вертыкальнае кола, якое пры дапамозе шэрага прыстасаванняў перадавала вярчэнне гарызантальнаму колу або некалькім колам, якія малолі муку ці дзёрлі крупы. Вадзяны млын звычайна будаваўся на беразе ракі ці возера.
Драўляныя збудаванні гарманічна ўпісваліся ў навакольны краявід, ажыўлялі яго. Па колькасці млыноў вызначалі і багацце мясцовых магнатаў.
Млыны здаўна вабілі і адначасова палохалі дзяцей. Яны з заміраннем слухалі шматлікія паданні і казкі пра бандытаў і вадзяных, што збіраліся на млынах.
У наш час старыя ўцалелыя млыны з'яўляюцца помнікамі народнага дойлідства, цяслярскага майстэрства, сведкамі развіцця інжынернай думкі нашых продкаў.
Пра ветракі, вадзяныя млыны і млынароў распавядаецца ў народных казках, паданнях і песнях, пра іх складзены загадкі, прымаўкі і прыказкі, існуюць прысвечаныя ім гульні і танцы. Раней нават адзначалася свята млынароў. Праводзілася яно на Марцінаў дзень: праваслаўнымі - 25 кастрычніка, каталікамі - 11 лістапада. Гаварылі: "З Марцінавага дня пачынаецца зіма". Для млынароў гэта азначала, што заканчваўся іх працоўны сезон. Млынары ўлагоджвалі вадзянога: клалі ў ваду пад кола вадзянога млына мяса ці сала, прыносілі падарунак богу ветру - жменю цёплай мукі. На Марціна млынары падсмажвалі гуся і частаваліся на каменным коле, якое шанавалі і лічылі сваім гаспадаром, што дае прыбытак і шчасце.
Прыказкі і прымаўкі
Добрыя жорны ўсё перамелюць.
Каму што, а млынару вецер.
Мялі, Ямеля, - прыйшла твая нядзеля.
Меле, як пусты млын.

ЗАГАДКІ

Мех на мяху і кій навярху.
(Жорны)

Радзіўся ў цяні, не бачыў ні сонца,
ні месяца, дабраліся да мяне людзі,
прабілі мне наскрозь грудзі,
жалезным абручом мяне падпаясалі і скакаць сказалі.
(Млынавы камень, жорны)

Стаіць на гары, крыламі махае,
супраць ветру грудзі падстаўляе.
(Вятрак)

Стаіць мядзведзь на купіне,
дрыжыць і калоціцца,
а пра яго ўвесь свет клапоціцца.
(Млын)

Крыламі махае, а ляцець не можа.
(Вятрак)

Стаіць кулік над вадою, круціцца,
лапоча, а ўзляцець не хоча.
(Вадзяны млын)

ЛІЧЫЛКА

Круціцеся, жорны,
З'едзен хлеб наш чорны:
Грышын і Марысін,
Грунін і Анісін,
З'едзен і Пятроў хлябок.
Намялі для іх, дзядок.

ТАНЕЦ "Млынок"

"Млынок" - танец, да нядаўняга часу незаслужана забыты, хаця ў сваю пару ён танцаваўся трупаю Ігната Буйніцкага і ўзгадваўся этнографамі XIX ст. У фальклорных экспедыцыях Беларускага дзяржаўнага інстытута культуры запісаны гэты танец у асноўным на поўдні і паўднёвым захадзе Беларусі, а таксама ў Віцебскай вобласці. Галоўны пластычны матыў "Млынка" - кручэнне мельнічных жорнаў (на шматазёрнай Віцебшчыне - колаў вадзянога млына), а таксама праца самога мельніка.
Вось некалькі варыянтаў танцавальных рухаў.
Танцоры становяцца ў круг адзін за адным, злучаюцца праваю рукою ў цэнтры круга, левую кладуць на плячо адзін аднаму і кружацца ў карагодзе пад музыку. "Кола" можа рухацца хутка або павольна.
У Гомельскай вобласці чацвёра танцораў злучаюць у цэнтры правыя рукі і бягуць па крузе. Пад рукамі ваўчком кружыцца пяты.

АЛЕСЬ ЛОЗКА,
кандыдат філалагічных навук





     

Цэтлікі (тэгі)

| пра радзіму | | загадкі | | легенды |


Kryscina, 12.12.11 0:00

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map