Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (179583)
Беларускія імёны (178454)
Цудоўная вясёлка (167539)
Размалёўка: домік (160650)
Маляванкі для маленькіх: машынка (158496)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (156200)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (155639)
Як назваць дзіця? (152602)
Тата, а ты папа? (146463)
Натуральны білінгвізм у дзетак (145264)

"ДАЖЫНКІ". Восеньскае свята ў старэйшай групе

(У залу заходзяць вядучая, хлопчык і дзяўчына ў нацыянальных касцюмах і нясуць каравай).

1-дзіця. Збірайціся, збірайціся, на свята чым хутчэй,
Сёння на Дажынкі, запросім мы гасцей.

2-дзіця. Вельмі добры ўраджай,
і духмяны каравай.
Будуць людзі добра жыць,
працай мудрай даражыць.

Вядучая. Сёння ў нашым садзе свята,
і гасцей як тут багата!
Усіх на свята запрашаем,
і сардэчна вас вітаем –
І дарослых, і дзяцей,
дарагіх усіх гасцей.
Шанаванне добрым людзям –
хай вам радасці прыбудзе,
Хлопцы, дзеўкі, мамы, таты,
запрашаем Вас на свята!

(Вядучая і дзеці робяць паклон і падымаюць рушнік над галавой, робяць вароты, праз якія пад музыку “Гуляць, дык гуляць” заходзяць дзеці ў нацыянальных касцюмах. Кожны становіцца на сваё месца).

Вядучая. Дзеці, а ведаеце ў якой краіне мы жывем? Як яна называецца?

Дзеці. Беларусь.

Вядучая. Паміж Польшчай, Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвой,
Твой родны край, твая Айчына – жыццё тваё і гонар твой.
І ты яе запомні імя, як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма, названа светла – Беларусь.

Дзяўчына. Твар румяненькі, белая хустачка,
Я ўжо ведаю, я - беларусачка.
І хачу, як тата і мама,
Родны край свой любіць, я таксама.

Вядучая. А ці ведаеце вы, чым славіцца Беларусь?

Дзеці. Азёрамі, лясамі, жывёламі, бульбай, жытам, ільном і канюшанай.

Вядучая. А яшчэ працавітымі людзімі, прыгожай пляскай і цудоўнай песняй.

1 дз. У нас галоўкі русыя, а вочы - лён,
Мы – дзеці-беларусы, мы станчым і спяём.

(Выконваецца песня “Цік-цак ходзікі”)

Вядучая. У нашага народа вельмі многа добрых, вясёлых свят. Гэта, напрыклад, Каляды, Гуканне вясны, Купалле. А сёння ў нас свята – Дажынкі.

1 дзіця. Паглядзі вакол - поле каласіцца,
Ураджай, наш ураджай, золата-пшаніца.

2 дзіця. Радзі ты, Божа, жыта, радзі і пшаніцу,
На другое лета, лепшае за гэта.

3 дзіця. Той, хто працуе старанна заўсёды –
Таму і любоў і пашана народа.

4 дзіця. Хай песні гучаць і чуецца смех,
Вяселля і радасці хопіць на ўсіх!

(Выконваецца песня “Дажынкі”)

(Дзеці сядаюць на лавы.)

Вядучая. Паглядзіце, дзеці, што гэта?

Дзеці. Жыта.

Вядучая. Вось бачыце, якое жыта жоўтае, духмянае, зярністае. На Дажынкі быў такі парадак: абсыпаць зернем усіх людзей, каб яны былі здаровыя ды змаможныя.

(Абсыпае зернем дзяцей і гасцей, прыгавоарывае:
- Майце ўсяго даволі, а бяды ніколі.
- Майце торбу грошай, каб жылі ў раскошы.

Вядучая. Дзеці, а што з зарнятак робяць?

Дзеці. Муку малоцяць, з мукі хлеб пякуць.

Вядучая. Але ж, каб хлебым пачаставацца, трэба вельмі доўга працаваць.

1 дз. Дзе шчырая праца, там густа,
А дзе лянота - там пуста!

2 дз. Без хлеба і хата – не хата, і свята – не свята,
І поле – не поле, і доля – не доля!

3 дз. Праца і корміць, і поіць, і вучыць,
Стараны народ зямля наша любіць.

4 дз. Ураджай мы сабралі багаты,
Калі ласка, хадземце на свята!
Дажынкі будзем святкаваць:
Гуляць і хораша спяваць.

(Выконваецца танец “Лянок”)

Вядучая. Дзякуй, табе, каласінка, за хлеб!
Давайце, дзеткі, карагодам каравай ушануем!

(Гульня-карагод “Каравай”)

Вядучая. А зараз пакажам вам Янінку, працавіцую дзяўчынку.

Янінка. Шмат чаго рабіць магу,
усім заўжды дапамагу,
Але ж братка мой Цімошык,
працаваць зусім не можа,
Не ў’яўлю сабе ніяк,
ну ў каго такі лайдак?

(З’яўляецца Цімошык з падушкай і лягае на падлогу).

Цімошык. Я - Цімошык! Добры вечар!
Зранку сплю на цёплай печы,
Потым ем, у акно гляжу
і на печы зноў ляжу.

(Да Янінкі). Янінка, а ты есці згатавала?

Янінка. Цімошык, а ты дровы накалоў?

Цімошык. Нават ў лес не хадзіў.

Янінка. А што ж ты целы дзень рабіў?

Цімошык. Мух лічыў.

Янінка. І шмат налічыў?

Цімошык. А ўсе мае! А ты, Янінка, бульбы натушыла?

Янінка. А ты ў печы запаліў?

Цімошык. Нават дровы не калоў.

Янінка. А што ж ты цэлы дзень рабіў?

Цімошык. Камароў душыў.

Янінка. І шмат надушыў?

Цімошык. А ўсе мае!

Янінка. Ну і Цімошык, ну і лайдак, ну зараз я табе пакажу!

(Бярэ палівачку і пырскае вадой.)

Цімошык (ўцякае). Не трэба мяне пырскаць. Не трэба паліваць.
Сам я буду працаваць!
І дровы рубіць, і ў печы паліць, і воду насіць.

Янінка. Ну глядзі мне! А то ты, Цімошык, да работы – цяля, а да яды – конь.
Хлопцы, хлопцы, што вы без нас дзяўчат рабіць будзеце?

1 дзяўчына. Ой, бяда, бяда, бяда, хлопцаў з’ела машкара,
Толькі тыя засталіся, што парфумай паліліся.

2 хлопец. Ах ты ж мая птушачка, ах ты ж шчабятушачка,
Гарная ты дзеўка, добрая паненка.

Вядучая. Гэй вы, хлопцы і дзяўчаты, сабірайцеся ля хаты,
Паспяваем, пагуляем і гасцей пазабаўляем.

(Гульня-танец “А мы проса сеялі”)

Вядучая. Вось якія ў нас добрыя хлопцы, а дзяўчаты яшчэ лепей. Чым хата багатая, тым і рада, а самая багацейшая тая, у якой гучаць песні.

(Выконваецца песня-танец “Чешская полька”)

Вядучая. А зараз адгадайце загадку:
- І лупатая я, і мурзатая я, а як зварыш мяне, лепш на свеце няма”.

Дзеці. Бульба!

Вядучая. Вось, малайцы! Кожны ведае, што бульба - каштоўная і смачная. Яна ў нас – другі наш хлеб. Якія ж смачны дранікі ці бульба са шкваркамі!

1 дз. З бульбы ў нас галушкі вараць,
нашу бульбу ўсюды хваляць,
З бульбы - клёцкі, з бульбы - каша,
не благая справа наша!

2 дз. Хоць і сварыцца цыбуля, ды сябруе з смачнай бульбай.

3 дз. Бульбу там і бульбу тут
людзі хваляць, як ядуць.

Вядучая. А зараз мы з вамі пагуляем у цікавую і карысную гульню.

(Гульня “З бульбай”)

Вядучая. Дарагія гледачы, трэба мне дапамагчы!
Хай той запляскае ў ладкі, хто любіць з бульбачкі аладкі?
Хто любіць зразы і бабку? Хто клёцкі, бульбяную кашу?
Салянікі, а потым хто любіць дранікі?

(Дзеці і дарослыя пляскаюць у далоні).

Вядучая. А зараз мы і бульбачкай пачастуемся.

(Вядучая бярэ паднос, а ён пусты).

Вядучая.А дзе ж нашая бульбачка падзелася?

(У залу забягае казёл і пачынае бадаць дзяцей).

Вядучая. Ай, казёл-казлішча, ты куды? Ты наробіш рознае бяды!

Казёл. Не дам я бульбы, не дам агуркоў,
А за капусту - змагацца гатоў. Ме-ме-ме-ме!…

Вядучая. Ты казёл-казліна з зялёнымі вачыма,
Ідзі прэч ад нас, не марнуй наш час!
Ды не тупай капытамі, не бадай дзяцей рагамі!

Казёл. А я казёл белы, па агародзеу бегаў,
Дзе я біў нагою, там будзе жыта гарою.
Дзе рагамі – там будзе жыта стагамі.

Вядучая. А ты казёл, не хлусіш?

Казёл. Дзе казёл бывае, там шчасце вітае.

Вядучая. Казёл ты белы, па агародзе бегаў.
Вось і бульбачка знікла!

Казёл. А вы мне зайграйце, ды песню заспявайце.

(Выконваецца песня-аркестр “Козлік”)

Казёл. Добра песню заспявалі, я вас за гэта і бульбай пачастую.

(Частуе бульбай дзяцей і дарослых).

Вядучая. Дзякуй, табе, Козлік, за пачастунак. І вось табе яшчэ адзін падарунак.

(Выконваецца танец “Полечка-трасуха”)

Вядучая. Хопіць нам ўжо, сябры, жартаваць, смяяцца,
Падышоў, напэўна, час з вамі развітацца.

Казёл. Жадаем вам, каб у садочку, у хлявочку, у полечку, у дамочку, усё радзіла і пладзіла!

1 дз. Надыходзіць сумны час – вось і развітанне.
Запрашаем шчыра вас на новыя спатканні!

2 дз. Будзем рады мы сябрам і сустрэнем ласкай.
Няхай свеціць сонца вам, як у добрай казцы!

Усе разам. Вам шчасця і долі, і хлеба ўволю!

(Выконваецца песня “Бывайце здаровы”)

(Дзеці выходзяць з залы, свята скончылася.)


Святлана Валянцінаўна Масюк,
музычны кіраўнік у дзіцячым садку, г. Слонім



     

Цэтлікі (тэгі)

| дашкольнікі | | загадкі | | беларускія народныя святы | | восень | | прыказкі і прымаўкі |


Kryscina, 1.12.11 23:20

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map