Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (179778)
Беларускія імёны (178645)
Цудоўная вясёлка (167738)
Размалёўка: домік (160840)
Маляванкі для маленькіх: машынка (158691)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (156394)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (155835)
Як назваць дзіця? (152802)
Тата, а ты папа? (146657)
Натуральны білінгвізм у дзетак (145460)

Як назваць дзіця?

У пачатку ХХ стагоддзя беларуская дзяўчынка пайшла ў школу. "Як цябе клічуць?" - запытала настаўніца. "Гэля", -- адказала маленькая беларуска. "Як?" Добра, што дзяўчо ўжо ўмела пісаць. Прыйшлося выйсьці да дошкі і патлумачыць настаўніцы, што нядаўна прыехала з Масквы: Г-Э-Л-Я. Дзяўчынку хрысьцілі Гэленай. Тады ж бегала да школкі й маленькая Рэня, па мэтрыцы - Ірэна.

Я добра ведаю гэтых дзяўчат, толькі клічу іх бабуляй Ленай і бабуляй Ірай. Дзесьці ў стагоддзі губляюцца часы, калі Гэля ды Рэня ператварыліся ў Лену ды Іру. Сваіх дзяцей яны назвалі звычайна для тых часоў - Ірынай і Аляксандрам. Напрыканцы стагоддзя Іра і Саша нарадзілі дачку. Мяне назвалі Янай. Дзяўчом я доўга дзівілася, чаму ў пясочніцы чатыры Олі ды тры Наташы, а я - Яна. Адказ знайшоўся, просты да немагчымасці: Яна, бо беларуска!

Тады, гадоў дзесяць-пятнаццаць таму, імя здавалася незвычайным. Апошняе дзесяцігоддзе відочна распачало новы віток гістарычнай спіралі. Усё больш і больш з'яўляецца Янаў ды Стасяў, Адэлькаў ды Еваў. Ды і самі бацькі маленькіх беларусаў з Сашаў пакрыху ператвараюцца ў Алесяў, Дзімы становяцца Змітрамі, Каці - Касямі, а Наташы - Наталькамі. Беларускія імёны сталі моднымі. Крыху статыстыкі (www.deirdre.boom.ru): за 1990-2000 гады ў Гомельскай вобласьці нарадзілася больш Крысьцінаў (12 месца па папулярнасьці, альбо 3,5% усіх дзяўчынак), за Марынаў (13) ды Дар'яў (14). Аліны (15 месца) апярэдзілі Святланаў (16), Яны (18) пакінулі за сабой Ксеніяў (21) ды Валерыяў (20).

Маладыя беларускія сем'і маюць з чаго абіраць - прывяду толькі некалькі крыніцаў, да якіх могуць зьвярнуцца шчасьлівыя бацькі. Найперш гэта "Крыўскі (Беларускі) Іменнік" Вацлава Ластоўскага ды Станкевічава праца "Хрышчоныя імёны вялікалітоўскія (беларускія)". Сярод сучасных спробаў упарадкаваць сыстэму беларускіх імёнаў прыгадваецца іменнік за аўтарствам Альгерда Чыжа, хоць аўтар побач з традыцыйнымі імёнамі прапануе і прыдуманыя ім самім, а таксама зьніклыя і "адноўленыя" аўтарам з геаграфічных назоваў.

Сучасных бацькоў хвалююць яшчэ і практычныя пытанні: як называць дзіця ў маленстве? якую форму ўпадабае падлетак? як яно будзе гучаць у дарослым жыцці дачкі альбо сына?

Бацькам хлопчыка варта падумаць і пра той час, калі яны стануць бабуляю зь дзядулем: ці будзе ўнук удзячны за сваё імя па бацьку? Хоць традыцыйна беларусы імёнаў па бацьку і не маюць, у сучасным свеце рамантыка ды практыка крочаць побач. Імёны па бацьку, пэўна, шчэ доўга ня выйдуць з ужытку. Ня меней важная мілагучнасьць імя ды прозвішча. Імя трэба абіраць так, каб яно лёгка, добра вымаўлялася, як само па сабе, так і разам з прозвішчам, імём па бацьку. Калі імя сканчаецца на зычны, а прозвішча з яго ж пачынаецца, ды яшчэ абодва словы ўтрымліваюць шмат зычных, вымаўленне ўскладняецца. Аб такое імя або кожнага разу "спатыкаюцца", альбо прыдумляюць спрошчаную форму (зразумела, чаму Аляксандры Аляксандравічы робяцца Сан Санычамі).

Маладыя каталікі аднавілі й традыцыю падвойных імёнаў. За савецкім часам падвойным магло быць толькі прозвішча, імёнаў не дазвалялі. Зараз можна падараваць дзіцяці ажно два імі (урэшце, спрэчкі новасьпечаных таткаў і мамкаў маюць шанец скончыцца палюбоўна!): Ганна Караліна, Віктар Канстанцін. Калі дзіця падрасьце, само зможа абраць тое імя, што будзе найболей даспадобы.

Большасьць маладых людзей, толькі пабраўшыся, пачынаюць абмяркоўваць імёны будучых дзетак, задоўга да таго, як яны з'явяцца ў планах. Даволі часта напружанне наступае падчас цяжарнасьці: муж і жонка ня могуць пагадзіцца на нечым адным. Сітуацыя ўскладняецца, калі раптоўна пачынаюць выказвацца бацькі маладых. Бойка за імя немаўляці, што яшчэ не з'явілася на свет, разгараецца; тут дазволена ўсё: ад маляўнічых губленняў прытомнасці, да адкрытага страйку: Еўфрасінню на рукі не вазьму!

Безумоўна, вырашальную ролю тут граюць бацькі, якія па ўласным гусце і розуме называюць немаўля. Бабулі і дзядулі ўсё адно палюбяць малечу, а пасля па сваёй ініцыятыве давядуць усім цікаўным, што менавіта абранае бацькамі імя - найлепшае.

Калі ж згода ніяк не даецца, можна скарыстацца такім вось мэтадам: бацькі, разам зачытваючы іменнік, адкідаюць імёны, зусім нялюбыя камусьці з бацькоў, і пакідаюць спіс з 10 болш-менш прымальных для абодвух імёнаў. Пасля спіс памнажаецца і раздаецца ўсім асобам, якія маюць голас пры вырашэнні пытання. Яны (асобна, ні ў якім выпадку не раючыся між сабою) выстаўляюць рэйтынг каля кожнага імя, ставячы найвышэйшы бал найбольш упадабанаму імю, і сканчаючы адзінкай каля найменш прыймальнага варыянту. Пасьля аркушы збіраюцца, і балы падсумоўваюцца. Да прыкладу, калі Кастусь атрымаў 15 у бабулі, 5 у таты, ды 3 у мамы, ён атрымлівае 23 балы. А Васіль, сягнуўшы 14 у маці, ды атрымаўшы бабуліны 10 і бацькавы 6, набірае 40, выбіваецца ў лідары. У спрэчных сытуацыях адзнакі бацькоў, як галоўных людзей у нарадзе, можна памнажаць на 2.

Перад тым, як прыйсьці да канчатковага рашэння, "рассмакуйце" імя, вымаўляючы яго на розны лад, у розных спалучэннях ды варыяцыях.

Але… уся гэтая падрыхтоўка можа здацца марнаю. Калі дзіця прыйдзе ў гэты свет, татка з мамкаю першы раз глянуць на яго… і зразумеюць, што гэта зусім не так цяжка здабыты ў перамовах Васіль, а… проста выліты Зьміцер!

Яна Валахановіч



В начале ХХ века белорусская девочка пошла в школу. "Как тебя зовут?" - спросила учительница. "Гэля", -- ответила маленькая белоруска . "Как?"


     

Глядзіце таксама

Беларускія імёны
Беларускі іменьнік. Жаночыя імёны
Беларускі іменьнік. Мужчынскія імёны А-К.
Беларускі іменьнік. Мужчынскія імёны Л-Я.
Беларускі іменьнік. Прадмова

Цэтлікі (тэгі)

| беларускія імёны |


julcik, 16.08.06 11:46

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Black aspid
Свой чалавек


Зарэгістраваны: 05.04.2009
Артыкулы: 106
каментары: 7
 Дададзена: 19.11.09 18:12  Загаловак паведамлення:
аа не! бабулі і дзядулі, хросныя і г.д. будуць сарамліва адводзіць вочы і прабачацца за "ненармальных" дзяцей, прынцыпова клікаць малечу па сваёй мадыфікацыі і ў кожных сяброў маладых шукаць сабе паплечнікаў: вы-та хоць нармальныя?!?
Адзнакі: 0.00/5.00 [0]
julcik
Адміністратарка


Зарэгістраваны: 15.03.2006
Артыкулы: 599
каментары: 36
 Дададзена: 19.11.09 22:29  Загаловак паведамлення:
Не ўва ўсіх гэтак. У нас такога няма.
Адзнакі: 0.00/5.00 [0]
Skarynka
Актыўны ўдзельнік


Зарэгістраваны: 02.12.2006
Артыкулы: 0
каментары: 1
 Дададзена: 2.08.10 13:06  Загаловак паведамлення:
Цікава, што недзе паміж 2000-2010 папулярнымі сталіся акурат Дашы і Ксені.

І я ўжо бачыла расейскамоўных бацькоў зь "Витовт"-амі.
Адзнакі: 0.00/5.00 [0]
 

Старонка 1 з 1.

Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map