Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (172972)
Беларускія імёны (170506)
Цудоўная вясёлка (154822)
Размалёўка: домік (149629)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (149354)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (149237)
Маляванкі для маленькіх: машынка (146456)
Як назваць дзіця? (146301)
Тата, а ты папа? (140264)
Натуральны білінгвізм у дзетак (139089)

“Я не адна, са мной другі…”

Дзіця ў традыцыйнай культуры беларусаў разглядалася як неад’емная частка прыроды: яго зачацце, нараджэнне, развіццё і выхаванне падпарадкоўваліся агульным касмічным законам. Веданне нашымі продкамі гэтых законаў і абумовіла з’яўленне шматлікіх перасцярог, прадпісанняў і інструкцый, якія рэгламентавалі паводзіны жанчыны ў перыяд цяжарнасці.
Кожны яе крок, кожны рух і ўчынак у дзень будзёны і святочны быў дакладна вызначаны.

Стаўленне продкаў да цяжарнай жанчыны было адначасова і сакральна-засцерагальным і абачліва-папераджальным. Нарматыўныя рамкі яе паводзінаў нябачна, нягучна і ненадакучліва, але тым не меней даволі жорстка і безапеляцыйна ўтваралі своеасаблівае жыццёвае рэчышча, ціхая плынь якога дапамагала пазбегнуць нечаканых і небяспечных віроў і парогаў.

Большасць няпісаных законаў непасрэдна вынікае са шматвяковага вопыту і практычнага сэнсу, з адказнасці ўсяго роду за нараджэнне фізічна здаровага, псіхічна і разумова нармальнага дзіцяці.

Класічным, асноватворным прынцыпам, пакладзеным у аснову прадпісанняў, з’яўляецца адзін з самых пашыраных прынцыпаў народнай культуры ўвогуле : “падобнае спрыяе ўтварэнню падобнага або правакуе яго”. Таму, каб засцерагчы цяжарную ад магчымых псіхічных і фізічных траўмаў, станоўча паўплываць на фармаванне плода і наступнае жыццё дзіцяці, запраграмаваць лёгкія роды і захаваць дзетародныя здольнасці на будучыню, ёй забаранялася кантактаваць з усімі тымі рэаліямі зямнога існавання, якія маюць пераходны статус (парог, узмежак, скрыжаванне дарог, нябожчык і г.д.): цяжарнай не дазвалялася садзіцца або станавіцца на парог, бо ў такім выпадку, паводле пераканання старых людзей, нараджэнне дзіцяці можа адбыцца толькі шляхам “кесаравага” сячэння (такі ж вынік маглі мець ігнараванні забароны пераступаць цераз вяроўку, зашываць ці прышываць на сабе); не дазвалялася хадзіць па ўзмежку; станавіцца на тое месца, дзе секлі дровы; хадзіць на скрыжаванне дарог, каб спаліць прадметы, пры дапамозе якіх хацелі наслаць сурокі; нельга было глядзець у твар нябожчыку (нават сваяку) або цалаваць яго – лічылася, што народжанае дзіця будзе цяжка хварэць усё жыццё; не пажадана было хадзіць на гумно, на млын, да новабудоўлі, бо млын і гумно ў міфалогіі славянаў функцыянальна былі збліжаны з балотам – зонай існавання-гуртавання ўсіх цёмных сілаў, а новабудоўля ўяўляе сабой стан незакончанасці.

Каб пазбегнуць фізічных паталогій дзіцяці, катэгарычна забаранялася пераступаць цераз крывую жэрдку, аглоблю, абруч, дугу, вілы, граблі, сухі венік, паваленае дрэва, праходзіць пад аркай, утворанай двума нахіленымі слупамі (лічылася, што плод перастане развівацца), пераступаць цераз сякеру (каб не выклікаць датэрміновых родаў і не нарадзіць дзіця з “заечай губой”); скакаць цераз канаву, лезці праз акно (дзіця магло нарадзіцца нежывым; справа ў тым, што праз акно выносілі труну з памерлым або ўносілі ўдаву, якая другі ці трэці раз выходзіла замуж), хадзіць пад вяроўкамі ці пераступаць цераз іх, матаць ніткі ў клубок, прасці, ткаць (дзіця будзе абкручана пупавінай вакол шыі). Каб дзіця не было шапялявым ці заікатым нельга было вітацца з поўным ротам, каб пазбегнуць слепаты нованароджанага, цяжарнай нельга было глядзець у калодзеж або лужыну і тым больш бачыць у іх свой адбітак. Увогуле, такіх “нельга” было зашмат: нельга што-небудзь выліваць праз акно, бо дзіця будзе часта ванітаваць; нельга есці стравы з посуду, дзе яны гатаваліся, бо дзіця будзе шпаркае і няўрымслівае, а калі гэта рабіць да ўсяго яшчэ і ў поцемках – будзе баяцца цемры; нельга доўга глядзецца ў люстэрка ці падглядаць у шчыліну, бо народзіцца касавокае дзіця; нельга нюхаць кветкі і тым больш агідныя рэчы ці пляваць на іх – у дзіцяці будзе смярдзець у роце; нельга рабіць нешта ўпотай, каб дзіця не было злодзеем, нельга падстрыгаць валасы, каб не ўкараціць малому розум.

Нават свяцілы атрымлівалі рэзка сакральны статус і патрабавалі зусім іншага стаўлення да сябе: нельга было спаць перад акном, каб свяціў месяц, бо дзіця магло нарадзіцца лунацікам, і доўга глядзець на сонца, бо дзіцяці магла пагражаць слепата. Каб засцерагчы дзіця ад шэрагу хваробаў, забаранялася станавіцца на разлітую ваду, выходзіць у двор пасля захаду сонца. Нашэнне пад фартухом або запазухай яблыкаў, сліваў і грушаў магло справакаваць з’яўленне ў дзіцяці фурункулаў. Дзіцячая плаксівасць магла быць вынікам таго, што маці ела на хаду, глядзела на агонь, разбурала птушыныя гнёзды, а злосць і агрэсіўнасць у малога былі выкліканы спажываннем жанчынай падчас цяжарнасці кіслага або яе нястрыманасцю ды раздражняльнасцю.

Паўсюль цяжарным забаранялася глядзець на пажар, а калі ў жанчыны не было іншага выйсця, то нельга было, спалохаўшыся, дакранацца рукамі да свайго цела, бо лічылася, што ў дзіцяці ў адпаведным месцы застанецца вогненная радзімая пляма. Таксама нельга было глядзець на пачварных людзей, смяяцца з іх фізічных ці псіхічных недахопаў, бо дзіця магло пераняць тыя недахопы. Амаль у кожнай вёсцы вядома і наступнае павер’е: цяжарная не павінна садзіцца на край калодзежа або несці агонь ад суседзяў у сваю хату, бо дзіця, як падрасце, можа ўтапіцца ці згарэць.

І наадварот, існаваў цэлы шэраг прадпісанняў, выкананне якіх магло спрыяць нараджэнню здаровага, прыгожага дзіцяці. Можа, яны ў большай ступені, чым забароны, пазбаўлены прычынна-выніковых сувязяў, затое ў іх увасоблена народная (ці жаночая? ) логіка і эстэтыка. Так, было перакананне, што дзіця будзе падобным да таго, на каго паглядзіць будучая маці адразу пасля першага варушэння плода. Таксама раілі даесці крошкі хлеба, якія не даела прыгожае дзіця.

Гэты звод этыкетных правілаў і рытуальных забаронаў з’яўляўся складовай часткай сацыяльна-псіхалагічнага механізму, што непасрэдна ўздзейнічаў на цяжарную жанчыну, якая, у сваю чаргу, набывала ўпэўненасць у паспяховым зыходзе цяжарнасці (пры ўмове выканання патрабаванняў) і была падрыхтавана да родаў.

Каб не склалася ўражанне, што цяжарная жанчына лічылася недачалавекам, абмежаваным літаральна ва ўсіх чалавечых слабасцях і ні на што, акрамя выношвання дзіцяці, не здатным, трэба адзначыць цікавы факт: з даўніх часоў славяне верылі ў шаманска-магічныя прадуцыравальныя здольнасці жанчыны “ў становішчы”. Яе прасілі дзевяць разоў абысці вакол дрэва, каб яно пачало пладаносіць, або сарваць з яго першы плод з мэтай паспрыяць выключнай ураджайнасці. Верылі таксама, што купленая карова будзе багатай на малако і дасць здаровы прыплод, калі ў двары першай яе сустрэне менавіта цяжарная.

Да нашага часу не страціла актуальнасці вера ў тое, што розныя рытуальна-абрадавыя маніпуляцыі з удзелам цяжарнай жанчыны могуць паспрыяць лячэнню бясплоднасці. Напрыклад, каб зацяжарыць, бясплодная жанчына прасіла цяжарную перадаць цераз плот з роту ў рот кавалачак хлеба або ішла на могілкі і зубамі вырывала траву з магілы, дзе была пахавана цяжарная жанчына.

Такім чынам, дародавы цыкл (з комплексу традыцыйных радзінных звычаяў і абрадаў), у які ўваходзілі ўяўленні, павер’і і абрадавыя дзеянні, накіраваныя на захаванне цяжарнасці і фармаванне плода без паталогій, вымагаў сацыяльнай ізаляванасці жанчыны (цяжарная не магла быць хроснай маці, свашкай або дружкай на вяселлі, непажадана была яе прысутнасць на пахаваннях, а таксама падчас упрыгожвання нявесты) і адначасова падкрэсліваў яе фізічную і статусна-культурную выключнасць.

Падрыхтавала Вольга Рымша


     


Kryscina, 3.06.11 23:20
Рэд. Kryscina, 11.06.11 2:20

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map