Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (174339)
Беларускія імёны (172481)
Цудоўная вясёлка (159373)
Размалёўка: домік (153087)
Маляванкі для маленькіх: машынка (150563)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (150548)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (150544)
Як назваць дзіця? (147436)
Тата, а ты папа? (141463)
Натуральны білінгвізм у дзетак (140204)

Прысушкі


…Некалі Вярхоўны Бог, раззлаваны свавольствам чалавека (тады яшчэ гермафрадыта), раздзяліў яго на дзве часткі.
З таго часу кожны паўчалавек (мужчына ці жанчына) асуджаны на блуканне па свеце ў пошуках сваёй злашчаснай паловы. Але знайсці яе і тым больш пераканаць, што менавіта ты яе цудоўны і непазбежны лёс, не заўсёды проста. Самае мудрае – звярнуцца да вопыту продкаў.
Узаемнасці ў каханні ў далёкія і не вельмі часы дабіваліся рознымі шляхамі: наборам завучаных слоў, подзвігамі, шантажамі, грашыма ды проста цярплівым чаканнем уперамешку са шматзначнымі позіркамі. У безнадзейных выпадках скараціць перыяд бяссонняў, страты апетыту, паскоранага сэрцабіцця, згубленай галавы, неймаверных глупстваў, з’язджанняў з глузду, салёных ад слёз насовак і паперак узнёслага зместу дапамагалі магічныя сродкі і чары. Кансультацыі па іх прыгатаванні і выкарыстанні давалі “вядзьмарскія цэхі”, арганізацыі ў большасці сваёй нелегальныя, але выключна папулярныя. “Хочаш якую асобу да сябе прывязаць каханнем, – вучылі шарлатанскія дапаможнікі, – тады насі пры сабе мяса маладога жарабяці, высушанае ў новым гаршку ў печы, з якой толькі што хлеб вынялі, – калі да каго прыкласці, любіць цябе будзе Або насі пры сабе валасы з канца воўчага хваста. Або, калі хлеб з печы вымуць, высушы ўласную кроў, выпушчаную вясной у пятніцу, разам з заечымі вачыма і вантробамі галубіцы разатры на парашок і дай выпіць каханай асобе”. Эффект, мабыць, імгненны (як для сэрца, так і для страўніка). Але займацца крывапусканнем, пазбаўляць зроку беднага зайца, а тым больш заманьваць на хлебакамбінат каня, занятак, які патрабуе адмысловых высілкаў ды супярэчыць прынцыпам гуманізму.Таму больш рацыянальным будзе “патаемна дабавіць у гарэлку ці страву для жаданай асобы крыху вады пасля змытага поту пад пахамі ці даць з’есці трохі валасоў, астрыжаных пад пахаю ў свята, якое бывае адзін раз на год, альбо яблык ці абаранак, тры дні патрыманы пад пахаю”. Вынік павінен кампенсаваць усе нязручнасці. Незразумела толькі, як пераканаць “жаданую асобу” ў тым, што валасаты абаранак з характэрным пахам – апошняя распрацоўка дыетолагаў.
Калі сітуацыя не змяняецца ў лепшы бок, прапануецца наступнае: ”Пасадзі жывога кажана ў скрынку з дзіркамі і зарый яе апоўначы ў мурашнік. Пасля трэцяга маладзіка выцягні скрынку і адбяры тыя костачкі кажана, якія падобныя да грабляў. Гэтымі костачкамі трэба калоць мужчыну ў тое месца, дзе сэрца. Так ты не толькі прыцягнеш увагу мужчыны, але і вельмі доўга здолееш утрымліваць яго прыхільнасць”. Асабліва, калі мужчына захапляецца клінічнай псіхіятрыяй…
Можна пайсці далей і з тым жа поспехам “адарваць ад жывога крата лапку і гэтай лапкай пачвэркаць таго, каго любіш” ці “суравой ніткай , працягнутай з дапамогай іголкі праз дзвюх жаб, дакрануцца намечанай асобы”. Ва ўмовах цывілізаванага грамадства і рынкавых адносінаў такія “прысушкі” здаюцца недарэчнымі і выклікаюць калі не страту прытомнасці, дык агіду, а некалькі стагоддзяў таму гэтыя кульмінацыі чалавечай фантазіі (ці пачуцця гумару) прымаліся як метадычныя прыёмы ў няпростай навуцы кахання.
Але існуюць і больш бяскрыўдныя рэцэпты. “Калі хочаш, каб па табе сумаваў хто-небудзь, вазьмі горстку зямлі з-пад яго слядоў і кінь у паветра або дзьмухні над каханаю асобай тры разы і затым уцягні таксама тры разы паветра ім выдыхнутае. Ці патаемна абнясі вакол намечанай асобы шчопаць солі” (Адсюль пра вельмі закаханага ў вёсцы гавораць: ”Ці не соллю яна яго абнесла?”). Але і тут не абыйсціся без дабаўлення ў ежу ці пітво элементаў, не прадугледжаных рацыянальным харчаваннем: “сцёртага на парашок лістка (з веніка), які ў лазні застаўся між лапатак на спіне” і “трохі саломы ці сена, што павісла на кустах пры дарозе”.
Калі ты паспрабавала ўсё, а аб’ект твайго пакутнага кахання ўпарта адмаўляецца рабіцца ахвярай чарадзейства – знайдзі сабе іншы аб’ект кахання. І паспрабуй усё спачатку!

Падрыхтавала Вольга Рымша
"Дамініка" №3


     


Kryscina, 1.06.11 21:24
Рэд. Kryscina, 5.09.11 21:38

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map