Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (179482)
Беларускія імёны (178347)
Цудоўная вясёлка (167445)
Размалёўка: домік (160550)
Маляванкі для маленькіх: машынка (158395)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (156104)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (155540)
Як назваць дзіця? (152510)
Тата, а ты папа? (146365)
Натуральны білінгвізм у дзетак (145166)

Гіперапека

          Гіперапека — гэта празмерныя, надакучлівыя клопаты дарослых аб дзіцяці. Трансфармацыя натуральных клапатлівых бацькоўскіх адносін да сына ці дачкі ў неразумнае хваляванне аб іх лёсе можа мець некалькі прычын. Адна з іх — гіпертрафія бацькоўскіх пачуццяў. Гэта назіраецца як у няпоўнай сям’і (развод, смерць мужа ці жонкі), так і ў поўнай, калі каго-небудзь з бацькоў не задавальняюць адносіны, што склаліся паміж імі (неадпаведнасць характараў, эмацыянальная адчужанасць, недахоп цеплыні і да т. п.). У такіх выпадках адзін з бацькоў імкнецца да таго, каб дзіця нейкім чынам кампенсавала адсутнасць пяшчоты, любві, прыхільнасці, якіх не хапае ў сям’і. Каб дабіцца гэтага, дарослы літаральна абрушвае на маленькага чалавека сваю незапатрабаваную любоў.

          Прычынай залішніх клопатаў аб сыне ці дачцэ можа быць уласнае нешчаслівае дзяцінства бацькоў, у прыватнасці адсутнасць матэрыяльнага дабрабыту. У гэтым выпадку іх асноўным жаданнем становіцца забеспячэнне нашчадкаў усім тым, чаго яны былі пазбаўлены ў свой час.

          Яшчэ адна прычына — страх згубіць дзіця. Гэта пачуццё часта грунтуецца на аб’ектыўных прычынах. Напрыклад, немаўля доўга чакалі, звярталіся за дапамогай да спецыялістаў. Або ў раннім дзяцінстве малы доўга хварэў ці атрымаў сур’ёзную траўму. У такіх выпадках бацькі схільны перабольшваць яго хваравітасць, безабароннасць і кволасць.

          Заўважана заканамернасць: дзеці, якія ўсё атрымліваюць “на сподачку з блакітным беражком”, у падлеткавым узросце пачынаюць бунтаваць і канфліктаваць з бацькамі. Пратэст супраць празмернай бацькоўскай апекі ў чалавека, які імкнецца адчуць сябе дарослым, можа прымаць самыя розныя формы: ад халоднай ветлівасці да грубага адпору.

          З дапамогай гіперапекі зрабіць дзіця няшчасным значна прасцей, чым ашчаслівіць яго. Гэта даўно заўважана ў народзе. У многіх краінах існуюць казкі пра злую мачыху, якая нагружае падчарыцу цяжкай работай, у той час як яе родная дачка нічога не робіць. І ў выніку выйграе падчарыца, якая выходзіць замуж за прыгожага і багатага чалавека, а неахайная гультайка аказваецца нікому не патрэбнай.

          Спецыялісты вылучаюць два віды гіперапекі: паблажлівую і дамінуючую.

          Паблажлівая гіперапека. Дзіця знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сям’і, якая імкнецца максімальна задаволіць яго патрэбы, ахоўваючы ад любых цяжкасцей, ад дрэннага ўплыву, не паказвае негатыўныя бакі жыцця. Дарослыя бяруць на сябе ўсе паўсядзённыя клопаты, не задумваючыся аб падрыхтоўцы сына ці дачкі да рэальнага жыцця за парогам бацькоўскага дома. Малым усё дазваляецца, усё даруецца, яны не ведаюць ніякіх абмежаванняў. Калі такое дзіця паступае ў школу, яно не можа наладзіць кантакты з равеснікамі, яму нялёгка выконваць патрабаванні настаўніка, цяжка вучыцца.

          Нельга злоўжываць выдатным прынцыпам “Усё лепшае — дзецям”. Нельга прывучаць малога да таго, што яму заўсёды аддаюць самае лепшае, самае смачнае. Дзіця, якое ўвесь час чуе: “Гэта толькі табе. Еш сам, нікому не давай”, вырасце эгаістам, які ўмее толькі патрабаваць і нічога не дае ўзамен. Пройдуць гады, і такія людзі, не атрымліваючы за межамі сям’і даброт, да якіх прывыклі, будуць імкнуцца ўзяць іх любымі сродкамі, нават подласцю і сілай, або адчуюць сябе непаўнацэннымі, ашуканымі, няшчаснымі.

          Дамінуючая гіперапека. Бацькі аддаюць дзіцяці шмат сіл і ўвагі, але пры гэтым практычна пазбаўляюць яго самастойнасці, уводзячы ўсялякія забароны і абмежаванні. Звычайна такі стыль выхавання ўласцівы аўтарытарным жанчынам, якія лічаць сына ці дачку сваёй уласнасцю. Такія жанчыны з поспехам выконваюць ролю любячай маці, пакуль дзіця маленькае і цалкам ад іх залежыць. Аднак у далейшым улада дарослага змяншаецца, губляецца яго аўтарытэт.

          Трэба памятаць, што дзіця можа паўнацэнна развівацца толькі ў працэсе той дзейнасці, якая выклікае ў яго цікавасць і якой ён займаецца па ўласнаму жаданню, а не па загаду бацькоў. Пры дамінуючай гіперапецы ствараецца сітуацыя, выдатна адлюстраваная ў прымаўцы “Можна зацягнуць каня ў ваду, але нельга прымусіць яго піць”. Абмежаванне свабоды дзіцяці аўтаматычна вядзе да абмежавання яго адказнасці. Малы перастае адчуваць сябе актыўным удзельнікам сямейных узаемаадносін, які нясе адказнасць за тое, каб кожнаму члену сям’і было добра.

          Такім чынам, аўтарытарызм дарослых перашкаджае развіццю ў дзіцяці самастойнасці, спрыяе фарміраванню эгаістычных рыс. Бацькі, якія не прывучылі сына ці дачку клапаціцца аб іншых, гадуюць утрыманцаў. Магчымы і іншы сумны вынік: татальны кантроль азлабляе дзяцей; стаўшы дарослымі, яны пачынаюць бунтаваць супраць бацькоўскага ўціску, могуць пайсці на поўны разрыў з сям’ёй.

М. П. Осіпава, А. І. Мядзведская


www.p-shkola.by

Гиперопека — это чрезмерные хлопоты о взрослом ребёнке. Трансформация естественного заботливого отношения в неразумное волнение может иметь несколько причин. Одна из них - гипертрофия родительских чувств. Это наблюдается как в неполных семьях, так и в полных, когда кого-либо из родителей не удовлетворяют семейные отношения и родитель стремится, чтобы ребёнок компенсировал ему отсутствие тепла, любви, нежности.


     


julcik, 9.01.08 21:23

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map