![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
Асаблівасці дзяцей малодшага школьнага векуФізіялогіяМалодшы школьны ўзрост часта разглядаюць як адносна спакойны. Аднак трэба памятаць, што ў гэты перыяд адбываецца далейшае фізіялагічнае, псіхічнае, сацыяльнае і духоўнае развіццё дзіцяці. Акрамя таго, пачатак навучання ў школе супадае з перыядам фізіялагічнага крызу, які суправаджаецца не толькі бурным ростам цела, але і істотнымі змяненнямі становішча малога ў сістэме сацыяльных адносін. К сямі гадам адбываецца значная анатама-фізіялагічная перабудова арганізма дзіцяці. У перыяд 7 — 10 год павялічваецца даўжыня цела (ад 111,4 да 142,9 см), вага (ад 18,7 да 38,7 кг), змяняюцца памеры пэўных органаў, ідзе пастаянны рост мышцаў. Удасканальваюцца рухальныя рэакцыі (хадзьба, бег, скачкі і інш.), што звязана з энергічным развіццём буйных мышцаў. Развіццё дробных мышцаў, наадварот, ідзе павольна, таму дзеянні, якія патрабуюць дакладнасці, уяўляюць цяжкасці для малодшага школьніка. Развіццю маторыкі дробных мышцаў спрыяюць заняткі маляваннем, лепкай, вышываннем і інш. Хаця мышачныя валокны сэрца малодшага школьніка развіты яшчэ слаба, яны добра забяспечваюцца крывёю і хутка растуць. Шчытападобная залоза ўзмацняе сваю дзейнасць, што ўплывае на рост дзіцяці. Таму неабходна забяспечыць яго ў гэты перыяд паўнацэнным харчаваннем (агародніна, садавіна, рыба, тварог, арэхі, сокі і інш.). Вага мозга ў дзяцей прыкметна павялічваецца. У 7 год яна можа даходзіць да 1280 г, у 9 год — да 1350 г, у 12 год — да 1400 г. У сямігадовага вучня памеры паверхні большасці коркавых зон складаюць каля 80 % ад іх памераў у дарослага чалавека. З развіццём мозга развіваюцца і яго функцыі. Працэсы тармажэння ў малодшага школьніка больш моцныя, чым у дашкольніка, але праявы ўзбудлівасці яшчэ маюць месца. У малодшым школьным узросце працягваецца паспяванне кары галаўнога мозга і ўзрастанне яго тармозячага ўплыву на падкорку. Развіццё барознаў і звілін лобнай вобласці завяршаецца толькі к 12 — 13 гадам. Недасканаласць гэтай функцыі кары праяўляецца ў асаблівасцях паводзін малодшых школьнікаў. Яны не здольны доўга канцэнтраваць увагу, лёгка ўзбуджаюцца, вызначаюцца павышанай эмацыянальнасцю і ранімасцю. Для таго каб аказаць рэальную дапамогу дзіцяці ў пераадоленні гэтых з’яў, неабходна развіваць у яго такія валявыя якасці, як здольнасць падначальвацца патрабаванням, самастойнасць і інш. Вучоныя адзначаюць, што пры працяглых і аднастайных нагрузках у нервовых тканках дзіцячага арганізма хутка змяншаюцца запасы энергіі, што можа прывесці да збояў у рабоце арганізма ў цэлым, да парушэнняў у здароўі. У сувязі з гэтым бацькам трэба сачыць за строгім выкананнем вучнем рэжыму рабочага і вольнага часу (дапамагаць правільна арганізоўваць свой час, кантраляваць своечасовае выкананне ўрокаў, не дазваляць празмерна захапляцца тэлевізарам і інш.). Касцёва-звязкавы апарат дзяцей да 10 год вызначаецца значнай гібкасцю. Гэта тлумачыцца наяўнасцю ў касцях вялікай колькасці храстковай тканкі і павышанай эластычнасцю клетак. Таму ў малодшым школьным узросце часта сустракаюцца выпадкі скрыўлення пазваночніка (скаліёз) як вынік няправільнай паставы. Скрыўленне пазваночніка, у сваю чаргу, неспрыяльна ўплывае на рост і фарміраванне грудной клеткі, змяншае жыццёвую ёмістасць лёгкіх, што перашкаджае развіццю ўсяго арганізма, прыводзіць да зніжэння яго працаздольнасці. Каб своечасова заўважыць першыя прыкметы скаліёзу, неабходна ўважліва сачыць за правільнай паставай дзіцяці. Пры добра пастаўленым працэсе выхавання, правільнай арганізацыі рэжыму дня, умелым выкарыстанні дыдактычнай гульні ў рабоце з шасцігадовымі вучнямі дзеці без перанапружвання разумовых і фізічных сіл засвойваюць “пазіцыю вучня”, паспяхова адаптуюцца да школы. Бацькі павінны ўсяляк дапамагаць свайму дзіцяці, не караць яго за дапушчаныя памылкі, вучыць радавацца дасягнутаму поспеху і рацыянальна ацэньваць няўдачы, заахвочваць інтэлектуальную і гульнёвую актыўнасць. Пры гэтым неабходна памятаць, што самае важнае — гэта захаванне здароўя дзіцяці. Псіхічнае развіццёУ малодшым школьным узросце адбываюцца істотныя змены ва ўсіх сферах развіцця асобы — інтэлекце, пазнавальных працэсах, сацыяльных адносінах і інш. Прыход у школу дазваляе дзіцяці выйсці за межы дзіцячага жыцця, заняць новую жыццёвую пазіцыю і перайсці да выканання грамадска значнай вучэбнай дзейнасці, г. зн. дзіця знаходзіць для сябе месца ў сацыяльнай прасторы чалавечых адносін. Сур’ёзныя і значныя змены ахопліваюць пазнавальную сферу малодшага школьніка. Псіхічныя працэсы пачынаюць набываць апасродкаваны характар (становяцца больш усвядомленымі і адвольнымі). Дзіця вучыцца кіраваць сваімі ўвагай, памяццю, мысленнем і інш. Павялічваецца аб’ём увагі, развіваюцца навыкі яго пераключэння і размеркавання. Аднак малодшыя школьнікі яшчэ не могуць кіраваць сваёй увагай, часта аказваюцца ва ўладзе знешніх уражанняў. Увага мае таксама выбіральны накірунак (накіроўваецца на тое, што мае значэнне для дзіцяці). У сувязі з гэтым неабходна дапамагаць дзецям канцэнтравацца на ходзе выканання работы, выпрацоўваць у іх уменне кантраляваць сваю ўвагу. Памяць малодшага школьніка паступова набывае пазнавальны характар. Адвольнае запамінанне становіцца больш асэнсаваным, павялічваецца аб’ём запамінання (казкі, вершы, песні, тэксты). Аднак у вучняў яшчэ недастаткова развіты самакантроль пры завучванні. Дзіця яшчэ не можа праверыць сябе: “Я добра стараўся, чытаў, нават надакучыла”. Таму важна дапамагчы яму авалодаць спецыяльнымі прыёмамі кантролю за сваімі дзеяннямі пры запамінанні і ўзнаўленні вучэбнага матэрыялу. Гэта паўтарэнне, чаргаванне чытання і ўзнаўлення, групоўка матэрыялу і інш. З пачаткам школьнага навучання мысленне займае вядучае становішча сярод іншых пазнавальных працэсаў. Адбываецца пераход ад наглядна-вобразнага да слоўна-лагічнага, паняційнага мыслення. Пад уплывам развіцця мыслення псіхічныя працэсы становяцца больш адвольнымі і апасродкаванымі, што прыводзіць да з’яўлення рэфлексіі, аналізу, унутранага плана дзеянняў. Для развіцця культуры мыслення вучняў неабходна далучаць іх да актыўнай разумовай дзейнасці, якая патрабуе творчых намаганняў (гульня ў шахматы, чытанне навукова-папулярнай літаратуры, удзел у рабоце тэхнічных гурткоў, наведванне музеяў і да т. п.). У малодшых школьнікаў узрастае вастрыня зроку і слыху, развіваецца колераадчуванне (дзеці адрозніваюць асноўныя колеры і некаторыя адценні); павялічваецца дакладнасць успрымання формы, арыенціроўкі ў прасторы і часе. Адбываецца пераход ад неадвольнага ўспрымання да мэтанакіраванага адвольнага назірання за аб’ектам, якое ўжо можа падначальвацца пэўнай задачы. Напрыклад, дзіця заўважае асобныя прыкметы прадметаў, аднак у яго пакуль што павярхоўнае ўспрыманне: пры разглядванні карціны, чытанні тэксту вучань часта пераскоквае ад адной часткі да другой, з аднаго радка на другі, прапускае словы, дэталі. Працэс успрымання абмяжоўваецца пазнаваннем і наступным называннем пэўнага аб’екта. У сувязі з гэтым трэба вучыць дзяцей уважліва разглядаць прадметы, параўноўваць іх і аналізаваць. К сямі гадам дзіця ўжывае ад 3000 да 8000 слоў. Слоўнік яго складаецца з назоўнікаў, дзеясловаў, займеннікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, злучальных злучнікаў. У малодшым школьным узросце неабходна пашыраць кругагляд, павялічваць актыўны слоўнік, выхоўваць культуру моўных зносін. Пачуцці дзяцей яшчэ няўстойлівыя. Яны выклікаюцца канкрэтнымі вобразамі, а не абстрактнымі думкамі; мае месца частая змена настрою. Паступова эмацыянальныя перажыванні набываюць абагульнены характар. Менавіта ў гэтым узросце трэба ўдзяляць увагу фарміраванню ў дзяцей умення сябраваць, развіццю ў іх інтэлектуальных пачуццяў (радасць ад рашэння цяжкай задачы, задавальненне ад чытання кнігі і інш.), такіх маральных пачуццяў, як любоў да Радзімы, таварыскасць, абавязак перад роднымі і інш. У малодшым школьным узросце змяняецца здольнасць дзіцяці да адвольнай рэгуляцыі паводзін. Адбываецца “страта дзіцячай непасрэднасці”, што характарызуецца павышэннем ступені ўсвядомленасці вучнем сваіх паводзін, з’яўленнем спроб іх рэгуляцыі. Пры гэтым варта памятаць, што прыклад негатыўных паводзін бацькоў можа быць прычынай фарміравання ў дзяцей абыякавасці да сацыяльных нормаў, непачцівых адносін да старэйшых, равеснікаў і інш. Гэта перыяд нараджэння сацыяльнага “Я” дзіцяці”. Змяненне самасвядомасці прыводзіць да пераацэнкі каштоўнасцей і прыярытэтаў. Губляюць сваю пабуджальную сілу ранейшыя інтарэсы, на змену ім прыходзяць новыя, больш шырокія (пазнавальныя, сацыяльныя) матывы. Пры фарміраванні вобраза “Я” матыў “я павінен” пачынае пераважаць над матывам “я хачу”. Дзіця стараецца ўтаіць свае перажыванні, яно думае, перш чым дзейнічаць, г. зн. з’яўляецца дыферэнцыроўка знешняга і ўнутранага жыцця. Малодшы школьны ўзрост — гэта перыяд развіцця навыкаў самакантролю, станаўлення адэкватнай самаацэнкі, развіцця крытычнасці да сябе і іншых людзей, засваення сацыяльных нормаў, устанаўлення сяброўскіх кантактаў з равеснікамі. Важна вучыць дзяцей бачыць і ацэньваць перспектыву, ставіць перад сабой пасільныя задачы. Гэта дапаможа стварыць сітуацыю поспеху для дзіцяці ў сям’і і школе, сярод равеснікаў. Калі малодшы школьнік не адчуе радасць пазнання, не набудзе ўмення вучыцца, не навучыцца сябраваць, зрабіць гэта ў далейшым будзе значна цяжэй. Тэмперамент і характар У тлумачальным слоўніку тэмперамент вызначаецца як характарыстыка індывіда з боку дынамічных асаблівасцей яго псіхічнай дзейнасці (тэмпу, рытму, інтэнсіўнасці псіхічных працэсаў). Характар жа характарызуецца як сукупнасць устойлівых псіхічных уласцівасцей чалавека, яго асабістых рыс, што праяўляюцца ў паводзінах і дзейнасці. Калі бацькі гавораць пра характар свайго дзіцяці, яны часцей за ўсё маюць на ўвазе тэмперамент. Слова “тэмперамент” у перакладзе з лацінскай мовы абазначае “адпаведныя суадносіны частак”. Менавіта тэмперамент праяўляецца ў малога ў выглядзе агульнай псіхічнай актыўнасці (энергіі, з якой ён уздзейнічае на навакольны свет) і эмацыянальнасці. Тэмперамент з’яўляецца прыроджаным стылем прыстасавання да жыцця і пачуццёвай асновай характару. Характар і тэмперамент адрозніваюцца адно ад аднаго і адначасова непарыўна звязаны. Ад тэмпераменту залежыць самая першая рэакцыя на нейкую падзею ці сітуацыю, а характар выказвае асабістыя адносіны да гэтай падзеі, сітуацыі. Старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель вылучаў чатыры тыпы тэмпераменту: халерык, сангвінік, флегматык і меланхолік. “Чыстыя” тыпы ў жыцці сустракаюцца вельмі рэдка. Часцей за ўсё мае месца спалучэнне характарыстык з перавагай пэўных рыс. Тып тэмпераменту залежыць ад асаблівасцей нервовай сістэмы: сілы, ураўнаважанасці і рухавасці нервовых працэсаў. Дзеці з моцным тыпам нервовай сістэмы могуць доўга працаваць або гуляць, яны параўнальна хутка пераключаюцца на новы від дзейнасці. Дзеці са слабым тыпам нервовай сістэмы не толькі павольна ўключаюцца ў работу, але і доўга аднаўляюцца пасля яе. Вядома, бацькі хацелі б удакладніць, якая нервовая сістэма ў іх сына ці дачкі. Ёсць цікавы і просты спосаб: уважліва разгледзьце малюнкі дзяцей. Вось малюнак размашысты і павярхоўны (без прарысоўвання дэталей). А на наступным малюнку адлюстраваны той жа прадмет, але зменшаны ў маштабе і з прарысоўваннем нават самых дробных дэталей. Даследаванні паказваюць, што малыя пяці-шасцігадовага ўзросту са слабымі тармазнымі працэсамі не могуць суадносіць маштабы, у той час як дзеці з ураўнаважанымі працэсамі ўзбуджэння і тармажэння змяншаюць памеры малюнка да памера аркуша паперы. Тэмперамент можна вызначыць і па паходцы, міміцы, рухах і маўленню дзіцяці. Тэмперамент праяўляецца пры ўзаемадзеянні малога з навакольным светам, хаця дарослыя (у першую чаргу бацькі) праз сістэму выхавання могуць або згладжваць, або ўзмацняць яго праявы. Напрыклад, дзіця-сангвінік моцны і ўраўнаважаны, гібкі і кампрамісны, які імгненна арыентуецца ў сітуацыі, можа кіраваць і падначальвацца, таму з дзяцінства ў яго шмат сяброў. Гэта рухавае ў думках, пачуццях і дзеяннях дзіця, якое не выклікае асаблівых цяжкасцей пры выхаванні. Аднак у пэўных абставінах дзіця-сангвінік можа вырасці растарможаным, балбатлівым і мітуслівым. Каб прадухіліць гэта, патрэбна пастаянная патрабавальнасць з боку бацькоў. Моцнаму, але неўраўнаважанаму халерыку проста неабходны рэгулярныя працоўныя абавязкі. Такое дзіця верыць у свае сілы, да намечанай мэты ідзе напралом. Непаслядоўнасць бацькоў у патрабаваннях, іх сляпая любоў могуць прывесці да развіцця ў сына ці дачкі агрэсіўнасці, упартасці і празмернай патрабавальнасці. Халерыка, нястрымнага ў гневе, трэба вучыць правілам зносін і ўменню кантраляваць свае эмоцыі. Яго магутны энергетычны патэнцыял варта скіраваць, напрыклад, на заняткі плаваннем ці рытмічнымі танцамі. Як часцей за ўсё называюць спакойнага і павольнага чалавека? Цюхцяй! Аднак менавіта ён, маўклівы і замкнёны флегматык, самы надзейны, разважлівы і сумленны чалавек. Няўдачы не ламаюць яго, а моцныя воля і цярпенне дазваляюць зноў і зноў брацца за справу. Такое дзіця цяжка прыстасоўваецца да сацыяльнага асяроддзя, але яго прыхільнасці ўстойлівыя і практычна нязменныя. Адзінае, што можа вывесці флегматыка з сябе, — гэта раптоўнасць і несправядлівасць. Калі ж флегматык становіцца для бацькоў сэнсам жыцця або, наадварот, калі ў бацькоў няма на яго часу, тады ён вырастае пасіўным, упартым і падазроным. Слабым тэмпераментам прынята лічыць меланхалічны тып. Гэта вельмі крыўдлівае і хваравіта чуллівае дзіця, якое часта адчувае эмацыянальныя перагрузкі. Нават самая нязначная падзея можа выклікаць у яго слёзы. Больш за ўсё малы любіць гуляць або займацца нейкімі сваімі справамі ў адзіноце. Чым карысна займацца меланхоліку? Ляпіць, маляваць, даглядаць хатніх жывёл, якіх можна пагладзіць, прылашчыць. Такія дзеці сарамлівыя, пакорлівыя. Важна, каб побач з імі былі дарослыя, якія могуць іх падтрымаць. Тэмперамент — структура надзвычай устойлівая. Не варта спрабаваць змяніць тое, што закладзена прыродай. А вось удзел у фарміраванні характару праз умацаванне тых асаблівасцей, якія ў жыцці дзіцяці будуць карысныя, або згладжванне непажаданых рысаў — абавязак бацькоў. www.p-shkola.by
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |