Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (179773)
Беларускія імёны (178635)
Цудоўная вясёлка (167727)
Размалёўка: домік (160836)
Маляванкі для маленькіх: машынка (158683)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (156385)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (155829)
Як назваць дзіця? (152794)
Тата, а ты папа? (146645)
Натуральны білінгвізм у дзетак (145453)

Якуб Колас: зімовыя вершы

Дзед Мароз
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.

Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.

Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.

А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.

Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік доўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!

Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая,
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.

Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.

На рэчцы зімою
Не сядзіцца ў хаце
Хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка,
Цягнуць санкі з дому...

Хочацца Алесю
Выйсці на двор з хаты,
Узяць з сабой сякерку
Ды ў той лес кашлаты,

Стукнуць па дзярвяках
З-за пляча абухам
I глядзець, як сыпне
Снег халодным пухам,

Як стаяць над рэчкай
Хвоі і яліны,
Як ім снег халодны
Нахіліў галіны.

— Мамачка-галубка! —
Просіць ён так міла, —
Можа б ты на рэчку
Пагуляць пусціла?

Я не буду доўга,
Зараз жа вярнуся,
Трошачкі на рэчцы
Ў санках паважуся.

— Ну, ідзі пабегай,
Толькі апраніся
Ды, глядзі, ў палонку,
Сынку, не ўваліся.

Радасць і раздолле
Хлопчыку малому,
I не пазайздросціць
Ён цяпер нікому!

На плячо — сякерку,
Саначкі — у руку,
Хлеба ўзяў кусочак.
— Цюцік! — свіснуў Жуку.

Пад скарынкай лёду
Тут жа, каля хаты,
Працякала рэчка
Скрозь лясныя шаты.

Побач тэй рачулкі
Кучы буралому,
I застыла рэчка
Мёртва, нерухома.

Моцна яе грудзі
Маразамі скуты,
I аковы лёду
Сярод рэчкі ўздуты.

Ціснецца вадзіца,
Не знаходзіць ходу
I не мае сілы
Скінуць глызы лёду.

На рачулцы ў лесе
Меў Алесь забаву.
Ну ж і пацяшаўся
Хлопчык тут на славу!

— Эх ты, лёд-гвалтоўнік!
Што ты вытвараеш?
Ты нашто вадзіцу
Крыўдзіш і ўшчуваеш?

Бедненькай, ёй цёмна,
Цесна пад табою.
Хай жа пагамоніць,
Мілая, са мною!

Дам ёй ход, галубцы,
Каб на свет зірнула!—
I яго сякерка
Спрытна секанула.

Звякае тапорык,
Глуха стук нясецца.
Раптам клуб вадзіцы
З-пада дна ўзаўецца.

Коціць поўзверх лёду,
Іней падымае
Ды такую ж казку,
Байку хлопцу бае!

Слухае хлапчынка
Гэты сказ нязнаны,
Спеў, нікім ад веку
Ў лесе не чуваны.

То яму здаецца
Дудак хор далёкі,
То птушыны ў небе
Голас адзінокі.

На душы так ціха,
Ціха і нейк млосна,
I спявае ў сэрцы
Спеў той сугалосна.

Гэты спеў дзівосны
Чары навявае
I такія казкі
Слаўныя складае!

I ад гэтай песні
Вее дабратою,
Радасцю і шчасцем,
Мілаю вясною.

Ад тэй песні-казкі
Трудна адарвацца,
I ёй струны сэрца
Хочуць адклікацца.

Зіма
Белым снегам замятае
Вецер чорныя палі,
Нібы вопратку ўздзявае
Шыр прасторная зямлі.

Мяккі снег лятае пухам,
I канца яму няма,
I нясе сярдзітым духам,
Дзікім сіверам зіма.

Зачыняйце шчыльна хату,
Каб не дзьмулі халады,
На акно пляціце мату,
Каб не клаў мароз сляды.

Даставайце з вышак сані —
Гайда сцежкі праціраць
I па белым акіяне
Ўдоўж і ўпоперак гуляць!

Ды кладзіце рукавіцы —
Дзе з марозам жартаваць!
Рады белай мы зіміцы,
Рады з ёю ваяваць.

Гэй вы, коні, гэй, малыя!
Што заснулі? Весялей!
Гэй, ускочку, залатыя!
Варушыцеся жывей!
1909

Надыход зімы
Мяккі снег лятае пухам,
І канца яму няма,
І нясе сярдзітым духам,
Дзікім сіверам зіма.

Зачыняйце шчыльна хату,
Каб не дзьмулі халады,
На акно кладзіце мату,
Каб не клаў мароз сляды.

Даставайце з вышак сані,
Гайда сцежкі праціраць
І па белым акіяне
Ўдоўж і ўпоперак гуляць!

Скора ў полі забушуе...
Скора ў полі забушуе,
Песню сівер запяе,
Усе дарожкі зараўнуе,
Гурбы снегу нанясе.

Усё змяшаецца ў тумане,
Ў белым попеле снягоў.
Сумна вецер плакаць стане
Над будынкам мужыкоў.

Я ж люблю той свіст у полі,
Як вакол усё дрыжыць —
На спатканне песням волі
Дух мой рвецца і ляціць.
1909

Песні зімы
Люблю я зімы з маразамі,
Завеі белыя ў палях,
І снегу скрып пад палазамі,
І ціш зімовую ў лясах.

Люблю я ветру спеў гаротны
Ў сялянскіх комінах пустых,
На полі белыя палотны -
Абрусы хмарак снегавых,

Што засцілаюць лугавіны
І далі ціхія палёў.
Мне любы елкі і хваіны
Пад белай посцілкай снягоў.

У гэтых з'явішчах свабодных,
У тых малюнках халадоў
Так многа песень, сэрцу родных,
Адбіткаў мілых мне гадоў.


     

Цэтлікі (тэгі)

| вершы | | вершы для дзяцей | | зімовыя вершы | | якуб колас |


Kryscina, 20.03.11 22:29

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Kryscina
Свой чалавек


Зарэгістраваны: 23.03.2006
Артыкулы: 306
каментары: 22
Адкуль: Miensk
 Дададзена: 27.03.11 16:35  Загаловак паведамлення:
http://yakubkolas.ru/ - Старонка, прысвечаная Якубу Коласу
Адзнакі: 0.00/5.00 [0]
 

Старонка 1 з 1.

Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map