Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (174213)
Беларускія імёны (172352)
Цудоўная вясёлка (158831)
Размалёўка: домік (152679)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (150434)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (150398)
Маляванкі для маленькіх: машынка (150174)
Як назваць дзіця? (147315)
Тата, а ты папа? (141362)
Натуральны білінгвізм у дзетак (140099)

Некаторыя метады выхавання дзяцей

Перакананне


Перакананне лічыцца галоўным метадам у выхаванні. У яго аснове ляжыць слова, якое ўздзейнічае адначасова на розум і эмоцыі дзіцяці. Надзвычай важна, каб бацькі ўмелі размаўляць з сынам ці дачкой.
У педагагічнай практыцы існуе шэраг прыёмаў пераканання. Гэта парада, просьба, заўвага, павучанне, забарона, унушэнне, інструкцыя, рэпліка, аргументацыя і г. д. Часцей за ўсё перакананне ажыццяўляецца ў працэсе гутарак бацькоў з дзецьмі, у час якіх дарослыя адказваюць на шматлікія пытанні малых. Калі бацькі не могуць адказаць на нейкае пытанне, варта прызнацца ў гэтым і прапанаваць дзіцяці пашукаць адказ разам.
Часцей за ўсё гутаркі ўзнікаюць па ініцыятыве дарослых, калі неабходна абмеркаваць паводзіны сына ці дачкі, праблемы сям'і і інш. Існуе шэраг умоў, якія спрыяюць эфектыўнасці гутаркі бацькоў са сваімі нашчадкамі:
● не гаварыць з дзецьмі толькі тады, калі гэта зручна дарослым, не звяртаючы ўвагу на тое, што малыя нечым занятыя;
● калі дзіця праяўляе жаданне пагаварыць з бацькамі, трэба падтрымаць яго, знайсці словы, якія заахвочваюць шчырую размову, аднесціся з павагай да спраў вучня, але не абмяжоўвацца толькі абмеркаваннем школьных адзнак;
● улічваць узрост дзяцей, іх індывідуальныя асаблівасці, пазбягаць выказванняў аб здольнасцях і характары маленькага чалавека;
● даступна і абгрунтавана тлумачыць сваю пазіцыю, прызнаваць магчымасць існавання іншага пункту гледжання, прымаць пад увагу інтарэсы і меркаванні сына або дачкі;
● праяўляць такт, пазбягаць ментарскага тону, вокрыку;
● не ператвараць гутарку ў паўтарэнне агульных фраз, у павучальныя маналогі, не губляць раўнавагі, калі вучань упарта стаіць на сваім.
І галоўнае — каб гутарка была карыснай, бацькі павінны ўмець слухаць і чуць уласнае дзіця.

Патрабаванне


У практыцы сямейнага выхавання выкарыстоўваюцца дзве групы патрабаванняў. Першая — прамое патрабаванне, звернутае непасрэдна да дзіцяці (“Рабі толькі гэтак”). У дадзеную групу ўваходзяць даручэнне (“Будзеш паліваць кветкі”), папярэджанне (“Ты занадта шмат часу праводзіш за камп'ютэрам”), распараджэнне (“Пакладзі на месца свае цацкі”), загад (“Выканай гэту работу, бо ніхто з дарослых не мае магчымасці яе зрабіць”), указанне (“Ты груба гаварыў з бабуляй”), забарона (“Я забараняю табе глядзець тэлевізар”) і інш. Да другой групы адносяцца апасродкаваныя, ускосныя патрабаванні, калі мэта ўздзеяння на дзіця завуалявана, а ў якасці стымулу могуць выкарыстоўвацца перажыванні і пачуцці малога. Гэта паказ узору (“Паглядзі, як зрабіла мама”), пажаданне (“Хацелася б, каб ты быў больш уважлівы да нас”), парада (“Раю табе пачытаць гэту кнігу”), просьба (“Дапамажы мне, калі ласка, навесці парадак у кватэры”) і інш.
Патрабаванні да сына ці дачкі бацькі пачынаюць прад'яўляць з ранняга дзяцінства. З цягам часу патрабаванні ўзрастаюць: школьніку трэба вучыцца выконваць рэжым дня, ён павінен умець адмовіцца ад спакусаў і забаў. Аднак разам з патрабаваннямі бацькі павінны прадастаўляць малодшаму школьніку магчымасць рабіць маральны выбар: пайсці ў камп'ютэрны клуб або дадаткова пазаймацца замежнай мовай, наведаць хворага таварыша або пагуляць з сябрамі ў двары, дапамагчы бацькам па дому або паглядзець відэафільм і да т. п. Барацьба матываў “хачу” і “трэба”, самастойнае прыняцце рашэнняў спрыяе выхаванню волі, арганізаванасці, дысцыплінаванасці. Патрабавальнасць бацькоў паскарае фарміраванне гэтых якасцей. Калі ў сям'і дзецям усё дазваляецца, яны растуць бязвольнымі, распешчанымі, эгаістычнымі.
Адным з самых распаўсюджаных прыёмаў бацькоўскага патрабавання з'яўляецца просьба. Гэта форма асобай прыхільнасці да малога, павагі да яго. Праўда, нярэдка просьба выказвае строгае патрабаванне: “Я прашу цябе ніколі гэтага не рабіць”. Просьба, як правіла, суправаджаецца словамі “калі ласка”, “будзь ласкавы” і заканчваецца ўдзячнасцю. Калі просьба ў якасці звароту ў сям'і выкарыстоўваецца пастаянна, у дзіцяці фарміруецца пачуццё ўласнай годнасці, выхоўваюцца паважлівыя адносіны да чалавека.
Як сведчыць практыка, патрабаванне будзе эфектыўным, калі выконваюцца наступныя ўмовы:
3 улічваюцца ўзроставыя асаблівасці дзяцей (малодшаму школьніку прад'яўляецца не больш за два патрабаванні, прычым у прамой форме), іх індывідуальныя псіхафізіялагічныя асаблівасці (аднаму дастаткова нагадаць, другому неабходна выказаць патрабаванне ў катэгарычнай форме);
● тлумачыцца сэнс патрабаванняў, асабліва пры забароне пэўных дзеянняў;
● патрабаванне не змешваецца з дробязнай апекай, з пастаяннымі забаронамі;
● захоўваецца адзінства і паслядоўнасць у прад'яўленні патрабаванняў з боку ўсіх членаў сям'і;
● выкарыстоўваюцца разнастайныя прыёмы патрабавання;
● патрабаванне выказваецца тактоўна, у спакойным, добразычлівым тоне.

Практыкаванне


Выхаваўчае ўздзеянне практыкавання грунтуецца на паўтарэнні дзеянняў або ўчынкаў. Малодшыя школьнікі не заўсёды могуць свядома падначальваць свае паводзіны нават тым патрабаванням, якія ім добра знаёмы. Толькі пастаянныя практыкаванні ў спалучэнні з патрабаваннем, кантролем з боку бацькоў могуць прывесці да фарміравання ў дзяцей станоўчых прывычак.
Прывычкі маюць вялікае значэнне ў жыцці асобы. Калі ў чалавека сфарміраваліся станоўчыя прывычкі, яго паводзіны таксама будуць станоўчымі. І наадварот: дрэнныя прывычкі абумоўліваюць негатыўныя паводзіны. Добрая прывычка фарміруецца паступова, у працэсе шматлікіх практыкаванняў.
Практыкаванне адыгрывае вялікую ролю ў рабоце з малодшымі школьнікамі. Калі вучэбнае заданне суправаджаецца выкананнем шэрага неабходных практыкаванняў, вучань прымае іх як абавязковыя. Але калі ў выхаванні выкарыстоўваюцца так званыя голыя практыкаванні, яны неэфектыўныя (школьніка цяжка сілай прымусіць сядзець ціха, уважліва слухаць і г. д.). Выхаваўчым практыкаванням неабходна надаць прывабную форму, зацікавіць дзіця ў правільным іх выкананні.
Практыкаванні неабходны пры засваенні маральных норм, калі ажыццяўляецца мэтанакіраваны перавод ведаў аб правілах паводзін у звыклыя паводзіны, што магчыма пры шматразовым паўтарэнні станоўчых дзеянняў і ўчынкаў. Напрыклад, дзіця ставіцца ва ўмовы, калі трэба дзяліцца цацкамі, ласункамі, клапаціцца пра жывёл і інш. Пры гэтым трэба памятаць: нават адзін дрэнны ўчынак можа разбурыць тое добрае, што фарміруецца ў вучня, калі гэты ўчынак прынёс яму задавальненне і не быў заўважаны дарослымі (крадзёж, курэнне і інш.).
Часта дарослыя спачатку збіраюць цацкі за трохгадовым малым, затым складаюць кнігі і сшыткі малодшаму школьніку, прыбіраюць у яго пакоі. У выніку дзіця не практыкуецца ў дзеяннях, накіраваных на выпрацоўку такіх станоўчых якасцей, як акуратнасць, падтрыманне парадку. А менавіта з гэтага пачынаецца выхаванне дысцыплінаванасці, патрабавальнасці да сябе.
Выхаванне практыкаваннем — працяглы працэс, які патрабуе не толькі ўмення, але і цярплівасці. Эфектыўнасць выкарыстання практыкавання залежыць ад таго, наколькі ўдала яно спалучаецца са слоўным уздзеяннем. Слова заахвочвае дзеянне, замацоўвае станоўчыя ўчынкі, дапамагае дзіцяці ўсвядоміць свае паводзіны.

Прыклад


Уздзеянне прыкладу ў выхаванні грунтуецца на здольнасці дзяцей да пераймання. Малыя яшчэ не маюць дастатковых ведаў, у іх бедны жыццёвы вопыт, але яны надзвычай уважліва прыглядаюцца да людзей і пераймаюць іх паводзіны.
Практыка сведчыць, што бацькі, аддаючы належнае станоўчаму прыкладу, недаацэньваюць ролю адмоўнага. Дарослыя забываюць, што дзеці не заўсёды правільна разумеюць тое, з чым сустракаюцца ў жыцці, і часта прымаюць недысцыплінаванасць за смеласць, упартасць за настойлівасць, зухаватасць за храбрасць. Таму важна паклапаціцца пра тое, каб малы як мага раней пачаў разумець, што такое добра і што такое дрэнна.
Пры правільным выхаванні ў сям'і к моманту паступлення ў школу ў дзяцей ужо ёсць першапачатковыя ўяўленні аб маральным ідэале. І хаця маленькі вучань не можа пакуль адказаць на пытанне, якім чалавекам хоча стаць, ён называе імёны вядомых яму выдатных людзей, герояў казак, мультфільмаў, прыводзіць прыклады маральных паводзін. Разам з тым ёсць нямала дзяцей, якія ў якасці прыкладу прыводзяць выпадкі адмоўных паводзін. На жаль, схільнасць да пераймання нярэдка стварае небяспеку засваення дрэнных прыкладаў — грубасці, брыдкаслоўя, ілжывасці і да т. п. Справа ў тым, што ўладальнікі такіх якасцей часта з'яўляюцца лідэрамі ў вулічных кампаніях. Бацькам неабходна накіраваць увагу сына ці дачкі на станоўчыя прыклады. Пры гэтым варта памятаць, што ізаляцыя дзіцяці ад негатыўнага ўплыву не заўсёды магчыма і мэтазгодна. Забарона зносін з дзецьмі, прыклад якіх, на думку бацькоў, непажаданы, часта робіць гэтыя зносіны асабліва прывабнымі. Трэба такім чынам арганізаваць жыццё малога ў сям'і, каб ён быў заняты цікавай і карыснай дзейнасцю і не меў патрэбы ў вулічных кампаніях.
У сям'і ў якасці прыкладу для пераймання могуць выступаць бацька, маці, дзядуля, бабуля, страрэйшыя браты і сёстры. Дарослым важна памятаць пра гэта і быць патрабавальнымі да сябе. Нельга забываць правіла: калі хочаш сфарміраваць у дзіцяці тую або іншую якасць, трэба самому валодаць гэтай якасцю. Яшчэ К. Дз. Ушынскі адзначаў, што толькі асоба можа спрыяць развіццю асобы, толькі характар можа ўтвараць характар.
Практыка сямейнага выхавання выявіла ўмову эфектыўнасці выкарыстання прыкладу як выхаваўчага сродку:
● адпаведнасць прыкладу пастаўленай задачы ў развіцці дзіцяці;
● штодзённы станоўчы прыклад дарослых;
● падмацаванне асабістага прыкладу іншымі метадамі выхавання;
● стымуляванне прыкладам развіцця творчай актыўнасці, самастойнасці, іншых станоўчых якасцей.

Заахвочванне


Вопыт сямейнага выхавання сведчыць, што правільнае прымяненне заахвочвання дае больш эфектыўныя вынікі, чым пакаранне. Гэта звязана з тым, што заахвочванне выклікае станоўчыя эмоцыі, якія спрыяюць фарміраванню такіх якасцей асобы, як пачуццё ўласнай годнасці, добразычлівасць, дысцыплінаванасць, чуласць, адказнасць і інш.
У практыцы сямейнага выхавання існуюць розныя формы заахвочвання: ветлівая ўсмешка, пахвала, словы ўдзячнасці, узнагарода (паездка за горад, наведванне выстаўкі, білеты ў кіно), падарунак і інш. Галоўнае, каб заахвочванне было адэкватна ўчынку дзіцяці, яго ўзросту і служыла мэтам выхавання.
Да 4 — 6 год малых можна хваліць без апаскі. Малодшых школьнікаў варта заахвочваць строга індывідуальна і абачліва. Недзе ў 12 — 13 год вучні адчуваюць надзвычай вялікую патрэбу ў пахвале. Чым больш дарослым становіцца школьнік, тым часцей трэба пераходзіць ад адабрэння асобных учынкаў да адабрэння ў цэлым маральных праяў асобы. На жаль, многія бацькі ў гэты перыяд наогул перастаюць хваліць сваіх дзяцей.
Калі дарослыя заахвочваюць малодшага школьніка заслужана, адзначаюць не выпадковы поспех, а сур'ёзнае дасягненне, то такое заахвочванне выклікае ў яго задавальненне і жаданне стаць лепшым, зрабіць яшчэ больш. Тым самым у дзіцяці паступова фарміруецца патрэба адчуваць задавальненне ад выкананай работы. Аднак калі бацькі, хвалячы сына ці дачку, падкрэсліваюць, што пахвала не зусім заслужаная, ці чакаюць удзячнасці ў адказ або, што яшчэ горш, абвінавачваюць вучня ў няўдзячнасці, заахвочванне дае адмоўны вынік.
Дарослым неабходна ведаць, што малодшы школьнік мае патрэбу ў ацэнцы сваіх дзеянняў. Зацікаўленыя адносіны з боку старэйшых членаў сям'і, іх падтрымка стымулююць дзейнасць дзіцяці і тым самым спрыяюць фарміраванню добрых паводзін. І, наадварот, калі вучань не атрымлівае своечасовага адабрэння сваіх паводзін, у яго з'яўляецца пачуццё няўпэўненасці ва ўласных сілах. Асабліва важна заахвочваць намаганні ў дасягненні пастаўленай мэты, імкненне своечасова закончыць работу.
Варта спыніцца і на такой форме заахвочвання, як падарунак. Гэта сродак стымулявання стараннасці дзіцяці, праяўленне любві і клопату пра яго. Падарункі ўручаюцца на дзень нараджэння, у свята, за поспехі ў вучобе, спорце. Аднак падарунак толькі ў тым выпадку мае выхаваўчую каштоўнасць, калі ён адпавядае ўзросту, інтарэсам дзіцяці, а працэдура яго ўручэння будзе яркай і запамінальнай. Малодшым школьнікам лепш за ўсё дарыць цацкі, кнігі, прычым такія, якія развівалі б іх кемлівасць.
Можа ўзнікнуць пытанне: ці варта заахвочваць вучня, калі ён выконвае свае абавязкі (вучыцца, чытае, дапамагае па дому і г. д.)? Безумоўна, такія дзеянні адзначаць падаркамі не трэба, аднак станоўча ацаніць іх неабходна.
Падбіраючы падарунак, не рэкамендуецца праяўляць залішнюю шчодрасць. Але дарагі падарунак будзе дарэчы ў тым выпадку, калі ён неабходны для падтрымання здароўя вучня, яго сур'ёзнага захаплення (веласіпед, лыжы, фотаапарат, набор фарбаў і пэндзляў і інш.).
Неабходна выхоўваць у дзяцей жаданне самім дарыць падарункі членам сям'і. Пры гэтым падкрэсліваецца, што асабліва каштоўныя падарункі тыя, якія зроблены сваімі рукамі.
Такім чынам, выкарыстанне заахвочвання эфектыўнае, калі яно адпавядае ўзросту малодшага школьніка і прыкладзеным намаганням, дастаўляе радасць, задавальненне і бацькам, і дзіцяці, стварае добразычлівую атмасферу ў сям'і, спрыяе замацаванню станоўчых якасцей асобы.

Пакаранне


Пакаранне — надзвычай моцны сродак уздзеяння на дзіця, яно прымушае яго адчуць сорам і раскаянне за свой учынак. А гэтыя пачуцці выклікаюць незадавальненне сабой і жаданне стаць лепшым. На жаль, у сямейным выхаванні дапускаецца многа памылак у прымяненні пакарання. Бацькі часцей караюць дзяцей, чым заахвочваюць. Але ж свядома малыя паступаюць дрэнна вельмі рэдка. Часцей за ўсё гэта ненаўмысныя паводзіны, якія абумоўлены недахопам ведаў, несфарміраванасцю маральных уяўленняў, адсутнасцю жыццёвага вопыту і да т. п.
Бацькам трэба ведаць, што частыя і не заўсёды справядлівыя пакаранні прыводзяць да адчужанасці ва ўзаемаадносінах паміж дарослымі і дзецьмі. Малыя перастаюць давяраць бацькам, не вераць у іх шчырасць, у дзяцей з'яўляецца імкненне рабіць назло.
Варта асобна спыніцца на фізічных пакараннях. Яны катэгарычна забаронены Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”, Кодэксам Рэспублікі Беларусь “Аб шлюбе і сям'і”, іншымі дакументамі, у якіх разглядаюцца праблемы дзяцінства. Аднак у практыцы сямейнага выхавання фізічныя пакаранні дзяцей сустракаюцца нярэдка. Некаторыя бацькі лічаць, што фізічныя пакаранні не толькі дапушчальныя, але і неабходныя.
Фізічныя пакаранні лёгка могуць надламіць дзіця, якое губляе веру ў сябе, у справядлівасць дарослых, становіцца замкнёным. Нярэдкія выпадкі, калі, баючыся пабояў, малыя ўцякаюць з дому і пачынаюць бадзякаваць. Фізічныя пакаранні на ўсё жыццё пакідаюць горкі след у душы чалавека. Яны траўміруюць псіхіку, становяцца прычынамі многіх захворванняў.
Педагогі-практыкі адзначаюць яшчэ адну заканамернасць: дзеці, якіх у сям'і б'юць, звычайна дрэнна вучацца, цяжка ўступаюць у кантакт з равеснікамі. Заўважана, што, як толькі бацькі адмаўляюцца ад фізічных пакаранняў, школьнік пачынае лепш вучыцца, знікаюць многія праблемы з яго дысцыплінай.
Даволі часта бацькі выкарыстоўваюць такі моцны прыём пакарання, як пагроза. Змест пагрозы самы разнастайны: не пусціць гуляць з таварышамі, не ўзяць з сабой у паездку, не купіць падарунак, паскардзіцца настаўніцы і да т. п. Можа стварыцца ўражанне, што пагроза — дзейсны сродак выхавання, аднак гэта не так. Пад страхам пагрозы дзеці на нейкі час “выпраўляюцца”, але прычыны негатыўных паводзін вучняў не знікаюць. У сувязі з тым што пагрозы накіраваны на застрашванне, падначальванне, падаўленне, іх частае прымяненне можа разбурыць узаемаразуменне паміж бацькамі і дзецьмі і нават адмоўна адбіцца на здароўі малых.
Немагчыма прапанаваць такую сістэму пакаранняў, якая дзейнічала б аднолькава эфектыўна ва ўсіх сем'ях. Найлепшы той метад пакарання, які дае станоўчы вынік у канкрэтнай сітуацыі. Педагагічна мэтазгоднымі прыёмамі пакарання могуць быць: часовае ўзмацненне кантролю за дзеяннямі сына ці дачкі, заўвага, вымова, асуджэнне, папрок, унушэнне, пазбаўленне якой-небудзь забавы. У практыцы вызначыліся наступныя ўмовы эфектыўнага прымянення пакаранняў:
● перш чым наказаць дзіця, трэба добра разабрацца ў прычынах і характары яго дрэннага ўчынку;
● пакаранне павінна ісці адразу пасля праступка;
● важна, каб пакаранне было справядлівым, бо несправядлівасць крыўдзіць і азлабляе;
● нельга, каб тон і характар папрокаў з боку дарослых стваралі ў дзяцей адчуванне бязвыхаднасці, бо гэта штурхае на дзёрзкія рэплікі, якія ўзмацняюць непаразуменне паміж бацькамі і дзецьмі;
● пакаранне павінна адпавядаць віне і праступку малога;
● караючы сына ці дачку, нельга спыняць з імі зносіны, пакаранне байкотам не зніжае, а паглыбляе канфлікт;
● не варта рабіць вымову вучню за дрэнную адзнаку, лепш разам абмеркаваць яе — маленькаму чалавеку так неабходна парада дарослага;
● пакаранне павінна быць кароткатэрміновым.

Бацькам трэба памятаць, што, прымяняючы пакаранні, нельга:
● караць пад “гарачую руку”;
● абражаць малых, зневажаць іх чалавечую годнасць;
● караць працай;
● гаварыць вучню, што ён няўмелы, неруплівы, нядбайны;
● караць дзіця за тое, што дарослыя робяць самі (кураць, не выконваюць абяцанае, могуць разбіць што-небудзь з посуду) і інш.;
● пазбаўляць малых таго, што неабходна для іх нармальнага развіцця (прагулак, адпачынку, ежы, сну).
І галоўнае — дзіця, якое пакаралі, павінна ведаць, што бацькі не перастаюць яго любіць.

М. П. Осіпава, Л. А. Сілюк




     


julcik, 9.01.08 20:55
Рэд. Kryscina, 5.09.11 21:26

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map