Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (174316)
Беларускія імёны (172448)
Цудоўная вясёлка (159336)
Размалёўка: домік (153054)
Маляванкі для маленькіх: машынка (150532)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (150522)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (150513)
Як назваць дзіця? (147407)
Тата, а ты папа? (141440)
Натуральны білінгвізм у дзетак (140177)

Навагодняя ёлачка сваімі рукамі

Новы год — свята, поўнае прыемных нечаканасцей. Адным з яго сімвалаў з’яўляецца навагодняя прыгажуня-ёлачка, зрабіць якую можна сваімі рукамі. Крыху фантазіі, цярпення — і атрымаецца арыгінальны выраб, які можа ўпрыгожыць святочны стол ці стаць выдатным падарункам сябрам, блізкім.

Ёлка з сасновых шышак


Матэрыялы і інструменты: сасновыя шышкі, медны дрот, гуашавая фарба зялёнага колеру, блішчынкі, клей ПВА, маленькая вазачка, круглая палачка даўжынёй 25 — 30 см, пластылін, тасьма, пласкагубцы, пэндзаль, нажніцы.
Для вырабу такой ёлачкі неабходна загадзя нарыхтаваць сасновыя шышкі, высушыць іх і раскласці па памерах.
Ёлка складаецца з чатырох ярусаў (колаў), злучаных паміж сабой. Пачынаецца работа з вырабу першага, ніжняга. Для гэтага 12 шышак злучаюць паміж сабой медным дротам, абвіваючы кожную ў выглядзе васьмёркі. Апошняя, дванаццатая шышка злучаецца з першай — атрымліваецца кола. Другое кола змяшчае 10 шышак, трэцяе — 6, чацвёртае — 4 шышкі.
Калі ўсе колы будуць гатовы, іх складваюць у выглядзе піраміды. Зверху прымацоўваецца самая прыгожая шышка — гэта верхавіна ёлкі. Каб канструкцыя не разбурылася, усе яе элементы злучаюць паміж сабой дротам. Два кавалкі дроту замацоўваюць за верхавіну, а затым з двух бакоў прасоўваюць праз усе колы, прыціскаючы іх адзін да аднаго. Крона гатова. Злучым яе са ствалом, ролю якога выконвае круглая палачка. Для гэтага ўставім кавалак пластыліну ва ўнутраную частку кроны, бліжэй да верхавіны, і, злёгку націснуўшы, пасадзім яе на ствол.
Вазачку ці маленькую шклянку напоўнім пластылінам і ўставім туды ніжнюю частку ствала. Калі посуд зроблены з празрыстага шкла, то, перад тым як напаўняць яго пластылінам, на сценкі знутры накладваецца фольга ці каляровыя фанцікі.
Зялёны колер ёлкі атрымаем з дапамогай гуашавай фарбы, якая акуратна наносіцца на знешнюю паверхню кроны. Клей ПВА дапаможа замацаваць на кроне блішчынкі і канфеці. Асаблівую ўрачыстасць надасць ёлцы электрычная гірлянда альбо серпанцін.

Ёлка-сюрпрыз


Матэрыялы і інструменты: кардонныя каробачкі розных памераў, абгортачная папера, пластылінавыя шарыкі, загорнутыя ў фольгу, блішчынкі, клей ПВА, тасьма, нажніцы.
Уявіце ёлку ў выглядзе мноства прыгожа запакаваных падарункаў. Згадзіцеся, для Новага года гэта якраз тое, што трэба.
Каб стварыць такую ёлачку, возьмем кардонныя каробачкі розных памераў, запакуем іх у рознакаляровую абгортачную паперу і перавяжам яркімі стужкамі альбо тасьмой. Матэрыял для вырабу ёлкі гатовы.
Асновай канструкцыі будуць каробачкі ў форме куба (гэта падстаўка) і паралелепіпеда (гэта ствол ёлкі). Прыклеім паралелепіпед да куба. Астатнія каробачкі будзем замацоўваць адна над адной на ствале пад нахілам. Злучаюцца каробачкі паміж сабой з дапамогай скотча і клею ПВА. Так фарміруецца крона дрэўца. У якасці верхавіны ёлкі можна выкарыстаць маленькую каробачку з вялікім прыгожым бантам.
Для дадатковага аздаблення дрэўца выкарыстоўваюць пластылінавыя шарыкі, загорнутыя ў фольгу, ці серпанцін.
Прапанаваная навагодняя ёлачка можа стаць сапраўдным сюрпрызам, калі ў кожную каробачку пакласці падарунак і падпісаць, каму ён прызначаецца.

Папяровая ёлачка


Матэрыялы і інструменты: папера для малявання, гуашавая ці акварэльная фарба зялёнага колеру, блішчынкі, клей ПВА, манікюрныя нажніцы.
Аркуш паперы для малявання пафарбуем у зялёны колер з абодвух бакоў. Атрыманы зялёны ліст скруцім конусам і склеім. Ніжнюю частку абрэжам. Простым алоўкам нанясём на паверхню конуса выявы яловых лапак, размешчаных у шахматным парадку. Манікюрнымі нажніцамі прарэжам выявы па контуру і крыху адагнём іх. Зялёная ёлачка гатова. Засталося ўпрыгожыць яе да свята — прыклеіць блішчынкі, дожджык, канфеці, серпанцін.

Ёлачка-ліхтарык


Матэрыялы і інструменты: тонкі кардон сіняга і белага колераў, калька, фламастэры, манныя крупы, маленькая свечка, блішчынкі, клей ПВА, шаблон з выявай ёлкі, нажніцы.
З двух лістоў сіняга кардону склейваем паралелепіпед.
З дапамогай шаблону на ўсе бакі фігуры наносім выявы ёлкі і выразаем іх па контуру. На лісце калькі па шаблону наносім 4 контуры ёлкі і размалёўваем выявы фламастэрамі ці маркёрамі.
Лісты калькі з размаляванымі ёлкамі ўклейваем з унутранага боку паралелепіпеда. Папярэдне трэба сумясціць малюнкі і адтуліны на кардоне.
З вонкавага боку паралелепіпеда наносім пэндзлем кропелькі клею, прамалёўваем контуры прарэзаных адтулін. Клеявыя лініі засыпаем маннымі крупамі і блішчынкамі — яны будуць выглядаць заснежанымі.
Ніжнюю частку паралелепіпеда (без дна) намазваем клеем і прыклейваем па цэнтру белага кардону. Вуглы белага кардону закругляем з дапамогай нажніц. Затым паверхню, якая выступае за межы паралелепіпеда, змазваем клеем і наносім на яе тонкі слой ваты (снег).
Унутр паралелепіпеда ставім запаленую свечку. У прыцемку такая свяцільня будзе ўтульна зіхацець яркімі колерамі навагодняй ёлкі і ствараць святочны настрой.

М. В. Кудзейка,
метадыст МАІПК і ПКР і СА
(http://www.p-shkola.by/journal/2003/11/m_07.htm)




     

Цэтлікі (тэгі)

| самаробкі |


julcik, 2.01.08 0:12

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map