Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (181539)
Беларускія імёны (181123)
Цудоўная вясёлка (170579)
Размалёўка: домік (163245)
Маляванкі для маленькіх: машынка (161239)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (158160)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (157592)
Як назваць дзіця? (154588)
Тата, а ты папа? (148380)
Натуральны білінгвізм у дзетак (147155)

Філасофія маёй зямлі

Паводле часопіса “Планета сям’я” №1, 2004

І.І. СУЧКОЎ,
аўтар сацыяльна-педагагічнага праекта,
прафесар Беларускага дзяржаўнага
універсітэта культуры



          Відаць, сёння цяжка знайсці добрую сям'ю, якая не ведае аб рэформе сучаснай масавай школы. У краіне восьмы навучальны год вядзецца вялікая навукова-даследчая і вопытная работа, якая накіравана на стварэнне лепшых умоў навучання і выхавання падрастаючых пакаленняў, значнае абнаўленне зместу і методыкі выкладання ўсіх школьных прадметаў. На базе шэрага навучальных устаноў адкрыты эксперыментальныя педагагічныя пляцоўкі, дзе пад пільным наглядам супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі і буйных вучоных - педагогаў, псіхолагаў, іншых навукоўцаў, мясцовых настаўнікаў і бацькоў апрабіруюцца тыя філасофска-метадычныя падыходы, педагагічныя ідэі, арыгінальныя методыкі навучання, новыя падручнікі і метадычныя дапаможнікі, якія, на думку іх аўтараў, здольныя вырашыць праблемы сучаснай агульнаадукацыйнай школы.
          Адным з такіх напрамкаў навукова-даследчай і вопытнай работы з'яўляецца сацыяльна-педагагічны праект "Этнашкола", які здзяйсняецца пад патранажам Нацыянальнага інстытута адукацыі (дырэктар - доктар педагагічных навук У.П. Пархоменка).
          Яшчэ ў самым пачатку рэфармавання школы можна было лёгка прадугледзіць, што для вырашэння праблем масавай школы педагагічная грамадскасць будзе імкнуцца паглыбіць змест існуючых прадметаў, увесці новыя, дадатковыя курсы (напрыклад, "Інфармацыйныя тэхналогіі", "Сусветная мастацкая культура" і інш.), значна палепшыць методыку іх выкладання. Такі "касметычны" падыход, вядома, дазволіць падрастаючым пакаленням набываць больш глыбокія веды аб сусветнай матэрыяльнай і духоўнай культуры, толькі пры гэтым будзе выхоўваць хоць і больш пісьменнага, культурнага, але спажыўца духоўных каштоўнасцей, якія былі створаны іншымі людзьмі.
          Перашкоды на шляху рэфармавання школы абумоўлены вялікімі аб'ектыўнымі прычынамі. Адна з іх - межы вучэбнага плана, якія пашырыць немагчыма без пагрозы здароўю вучняў. Між тым аб'ёмы ведаў з кожным годам павелічваюцца. Калі ў 60-70-я гады аб'ём навуковай інфармацыі падвойваўся ўсяго толькі кожныя 5-7 гадоў, у 80-я - кожныя 20 месяцаў, то зараз, па падліках расійскага культуролага Б.С. Ерасава, такое падваенне адбываецца кожны год. Такім чынам, скарачэння часу на вывучэнне прыродазнаўчых дысцыплін і, з другога боку, павелічэння вучэбнага часу на мастацкую адукацыю ў рэфармуемай школе прагназаваць немагчыма. Сёння праз сродкі масавай інфармацыі мы ўжо ведаем канчатковыя параметры базавага вучэбнага плана агульнаадукацыйнай школы. Тут відаць, што пераважная частка ўрокаў у масавай школе ізноў прысвячаецца развіццю лагічнага, а не вобразнага мыслення, а на заняткі мастацтвам выдзяляецца менш двух працэнтаў вучэбнага часу. Сапраўдных заняткаў менавіта мастацтвам яшчэ менш - у сувязі з тым, што ў старэйшых класах вывучаецца тэарэтычны курс "Сусветная мастацкая культура", а па раздзеле "Музыка" вялікая колькасць гадзін выдзяляецца не на музіцыраванне, а на слуханне музыкі. Трэба яшчэ мець на ўвазе і тое, што тэатр і харэаграфія і ў рэфармуемай школе застаюцца за межамі адукацыйнага працэсу.
          Такім чынам, вектар рэфармавання сучаснай масавай школы ў адукацыйнай вобласці "Мастацтва" праглядваецца даволі выразна: працэс навучання мастацтву (музычнай грамаце, тэатральнаму дзеянню, танцу) ізноў, як і да рэформы, падмяняецца працэсам яго ўспрыняцця, спажывання. Сумна, што педагагічная грамадскасць і, зразумела, бацькі не лямантуюць супраць такіх выдавочных вынікаў рэфармавання школы. Можа з жалем, але і бацькі, і настаўнікі пагадзіліся з тым, што большасць выпускнікоў масавых школ не зможа паўнакроўна ўдзельнічаць у творчай дзейнасці па засваенні і вырабу мастацкіх каштоўнасцей толькі таму, што ў комплекс сацыяльнага вопыту, якасцей і навыкаў, якія выпрацоўвае ў іх навучальная ўстанова, амаль не ўключаюцца заняткі мастацтвам.
          Зразумела, цяжка пагадзіцца з тым, што масавая школа і пасля рэфармавання будзе выпускаць у жыццё будучых стваральнікаў асноўных матэрыяльных каштоўнасцей, якія, вобразна кажучы, кульгаюць на адну нагу: яны могуць ведаць сваю і сусветную культуру, але пры гэтым - не валодаць тэатральным дзеяннем, не ўмець спяваць, танцаваць, іграць на музычных інструментах. Такая "кульгавая" адукацыя не дае пэўных магчымасцей для грамадска актыўнай дзейнасці выпускнікоў масавай школы ў галіне стварэння мастацтва. Цяжка пагадзіцца з тым, што ў шэраговага навучэнца агульнаадукацыйнай школы адымаецца самае галоўнае ў мастацтве - магчымасць яго стварэння. У якасці дэмагагічнага покрыва такой "кульгавай" адукацыі выкарыстоўваюцца старажытныя размовы аб "фарміраванні мастацкага густу ў вучняў", а ідэалагічнай асновай яго вонкавай абалонкі, як відаць, застанецца і пасля рэфармавання школы вядомая з савецкіх часоў сістэма эстэтычнага выхавання.
          Чаму так адбываецца? Чаму і заказчык (у першую чаргу, бацькі), і, так бы мовіць, "абслуговы персанал" (педагагічная супольнасць) моўчкі заключылі паміж сабой такое сарамлівае пагадненне?
          Зразумела, не ўсё так проста. На шляху ўсведамлення сапраўдных патрабаванняў да сучаснай масавай школы ляжыць, на нашу думку, філасофская праблема тлумачэння адзінства і супрацьлегласці масавага і ўнікальнага ў адукацыі падрастаючых пакаленняў. Яе цэнтральнае звяно - гнасіялагічнае пытанне масавай мастацкай адукацыі, якое можна сфармуляваць наступным чынам: агульнаадукацыйная школа павінна вучыць усіх, у тым ліку і па праграмах глыбокай мастацкай адукацыі.
          Думка аб глыбокай мастацкай адукацыі падрастаючых пакаленняў ХХІ стагоддзя не можа не прывабліваць да сябе сваёй дэмакратычнасцю, асабліва ў сувязі з тым, што менавіта простыя людзі з'яўляюцца большасцю, у тым ліку і ў нашай краіне. Як сказаў Мікола Ваданосаў, жыццё "ствараюць звычайныя, радавыя людзі. Іх - мільёны! Знатных жа - адзінкі". Дарэчы, не толькі сёння, але і ў папярэдніх пакаленнях "чалавек звычайны" - асоба з гарманічным адзінствам фізічных, інтэлектуальных і мастацкіх здольнасцей.
          Такім падыходам да чалавека напоўнены не толькі боскія кнігі, рэлігіёзная літаратура. Французскі філосаф ХVІІІ стагоддзя Клод Адрыян Гельвецый кожную асобу лічыць здольнай да любога віду дзейнасці і ў матэрыяльнай, і ў духоўнай сферы, у тым ліку - мастацкай ("Аб чалавеку"). Блізкія таму погляды на чалавека знаходзім у Карла Маркса (з ранку ў яго чалавек - аратай, у абед - вучоны, а вечарам - мастак), а пазней - у марксістаў-ленінцаў ("гарманічна развітая асоба").
          Але выхаваная на змесце так званага "вучонага" мастацтва (аўтарскага, "прафесійнага") педагагічная грамадскасць нашай краіны і бацькі (у пераважнай большасці не маючыя глыбокай мастацкай падрыхтоўкі) не бачаць выйсця з таго эпістымалагічнага крызісу і таму вымушаны: адны - рэфармаваць масавую школу пад сцягам той вядомай прымаўкі, па якой пірагі павінен пячы пірожнік, а боты шыць - шавец, а другія - моўчкі праглынуць горкія вынікі рэформы. Таму, відаць, паміж бацькамі і педагагічным грамадствам існуе патаемнае пагадненне аб тым, што матэматыку (у тым ліку - пачаткі вышэйшай матэматыкі!) павінны ведаць усе выпускнікі агульнаадукацыйнай школы, а, скажам, вадзіць карагод або танцаваць "Лявоніху" - павінны ўмець толькі асобныя з іх, тыя, якія наведвалі спецыяльную навучальную ўстанову.
          Такім чынам, яшчэ да пачатку рэфармавання школы мы зразумелі, што нават самыя добрыя вынікі рэформы ўвайдуць у супярэчнасць з рэчаіснасцю.
          Мабыць, тыя вынікі ўжо бачаць шмат настаўнікаў і яшчэ больш бацькоў? Але дзе выйсце? З аднаго боку, агульнаадукацыйная школа павінна вучыць усіх, у тым ліку і па праграмах глыбокай мастацкай адукацыі, але для сур'ёзных заняткаў мастацтвам у вучняў масавай школы няма часу. Да таго ж "вучонае", аўтарскае ("прафесійнае") мастацтва не можа быць асновай глыбокай усеагульнай адукацыі, таму што яно патрабуе незвычайных творчых якасцей, а значыць, адбору па здольнасцях.
          Як звычайна, выйсце ёсць, але мы яго не бачым.
          Але спачатку колькі слоў пра саму рэчаіснасць.
          Як вядома, мы жывем у час надзвычайнага развіцця тэхнічнай узброенасці радавога чалавека. Вытанчанасць тэхналогіі сучаснай вытворчасці, абвастрэнне экалагічных праблем, выбуховае развіццё нацыянальнай самасвядомасці шматразова ўзмацняюцца небяспекай тэхнічнай узброенасці радавога чалавека. У такіх умовах ўсякае парушэнне правоў шэраговай асобы (у тым ліку - элітарная палітыка ў галіне мастацкай адукацыі) сёння непараўнальна больш небяспечнае. На наш погляд, каб мінімізіраваць небяспеку нашага наскрозь механізаванага і камп'ютэрызаванага часу, трэба звярнуцца да традыцый этнашколы нацыі, пад якой мы разумеем вусную сістэму навучання і выхавання, якую стварылі і на працягу стагоддзяў дасканала адшліфавалі нашы продкі. Для яе характэрны спантанна арганізаваны але планамерна і сістэматычна здзяйсняемы працэс фарміравання грамадскай свядомасці і адносін паміж людзьмі, авалодвання ведамі, уменнямі і навыкамі (у тым ліку - мастацкімі, дакладней - этнамастацкімі) у працоўны і святочны час. Менавіта традыцыі этнашколы нацыі дазволяць не толькі здзейсніць значныя захады ўсёй нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ў бок далейшага развіцця інтэлекту падрастаючых пакаленняў, але і дасягнуць карэнных змен у сістэме ўсеагульнай мастацкай адукацыі, духоўнай культуры радавога чалавека.
          На наш погляд, этнашкола нацыі - адзіны сацыяльны інстытут захавання, аднаўлення і перадачы будучым пакаленням аўтахтоннай культуры нацыі, стваральніцы і транслятара нацыянальнай ідэі, носьбіта агульнаеўрапейскіх культурных каштоўнасцей, асновы нацыянальнай адукацыйнай ідэалогіі і сучаснай сістэмы навучання і выхавання, якая дае кожнаму вучню рэальныя магчымасці для атрымання агульнай і этнамастацкай адукацыі, усебаковага развіцця ўсіх яго творчых здольнасцей. Аб тым як раз і гаворыць нацыянальны вопыт беларусаў у выхаванні дзяцей. Шматлікія гістарычныя і фальклорныя крыніцы ХVІІІ - пачатку ХХ стагоддзя сведчаць аб тым, што кожны чалавек тых часоў на Беларусі быццам бы атрымліваў глыбокую ўсеагульную мастацкую адукацыю і таму ўмеў спяваць мясцовыя песні, скакаць традыцыйныя танцы, расказваць казкі, іграць на музычным інструменце. І такая глыбокая ўсеагульная мастацкая адукацыя не каштавала старажытным дзяржавам (напрыклад, Вялікаму княству Літоўскаму) ні талера. Асноўнай крыніцай яе "фінансавання" былі сям'я і абшчына, этнакультурная традыцыя, этнамастацкая адукацыя, фальклор, ужытковае мастацтва.
          Дарэчы, да навучальнай практыкі свайго этнасу, выхаваўчай дзейнасці таленавітых бацькоў сваіх краін звярталіся выдатныя вучоныя ўсяго свету. Узгадаем тут аўтара "Матчынай школы", стваральніка дыдактыкі чэшскага педагога ХVІІ стагоддзя Я. А. Каменскага, які абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай адукацыі менавіта на роднай мове. Выдатны швейцарскі педагог-дэмакрат І. Г. Песталоцці, заснавальнік тэорыі пачатковага навучання ("Як Гертруда вучыць сваіх дзяцей", "Кніга для маці", "Лінгард і Гертруда") таксама лічыў, што неабходныя сродкі навучання і выхавання школа паівнна чэрпаць у духоўным жыцці нацыі. Вялікі рускі настаўнік К.Дз. Ушынскі таксама ў сваіх даследаваннях абапіраўся на эмпірычны педагагічны вопыт этнічных груп, на спрадвечныя каштоўнасці сям'і, роду, племені, нацыі.
          Нельга казаць, што педагагічная грамадскасць нашай краіны не ведае аб этнашколе і этнапедагогіцы. Але (свядома або падсвядома - у тэкстах або падтэкстах) нават тыя вучоныя-педагогі і настаўнікі, якія цалкам прымаюць пэўныя каштоўнасці этнакультуры і, зразумела, этнашколы (калектыўнасць, абагульненасць, паэтычнасць, наіўнасць, касмалагізм і інш.), бачаць у іх архаічныя рысы ў параўнанні з вобразнасцю (і, шырэй кажучы, з духоўнасцю) пісьмовай культуры, з аўтарскім ("вучоным") мастацтвам (і, канечне, дыдактычнай школай). Нават тады, калі гаворыцца аб чысціні міфапаэтычных вобразаў, іх непасрэднасці і натуральнасці - г. зн. аб эмацыянальна-этычных момантах, - знаўцам этнапедагогіцы не ўдаецца адмовіцца ад скажонага марксізмам уяўлення аб этнакультуры і этнашколе. Вырашэнне праблемы масавай школы - у пераасэнсаванні існасці этнакультуры і этнашколы нацыі, у пераводзе яе з ідэалагемы "ідэалагічнае адлюстраванне свету" да анталагічнай духоўнай інстанцыі, быційнага першапачатку. Справа ў тым, што этнакультура заўсёды была не толькі (і можа - не столькі) ідэалагічным адлюстраваннем знешняга свету, колькі самім быццём. З'явы этнакультуры ёсць не толькі ўзнаўленне, не толькі адлюстраванне рэчаіснасці, а яшчэ і яе стварэнне. У такім ідэалагічным модусе традыцыі этнашколы - аснова вырашэння і тэарэтычных, і сацыяльна-эканамічных праблем новай масавай школы.
          Даследаванні этнашколы беларусаў і выкарыстання яе традыцый у сучаснай педагагічнай практыцы распачаліся больш за дзесяць год таму. У рабоце над узгаданай тэмай прагледжваюцца тры этапы.
          На першым этапе даследавання мы стварылі першую ў краіне школу з фальклорна-тэатральным ухілам (Сенніцкая СШ імя Янкі Купалы Мінскага раёна) і агульнаадукацыйную ўстанову з паглыбленым вывучэннем прадметаў этнамастацкага цыкла (СШ № 89 Кастрычніцкага раёна г. Мінска), склалі для іх спецыяльныя вучэбныя планы, навукова абгрунтаваны пералік прадметаў этнамастацкага цыкла і ўпершыню, відаць, у свеце распрацавалі навучальныя праграмы і методыку выкладання фальклорнага тэатра і фальклорнага танца, музычнага і песеннага фальклору, ужытковага мастацтва (традыцыйных рамёстваў), фальклорнага музычнага інструмента (з пачатковага і па дзевяты клас).
          На жаль, этнакультура і, зразумела, этнашкола беларусаў у шматлікіх школьных падручніках і метадычных дапаможніках паўстаюць як палі, на якіх няма адрознення, як кажуць мастакі, ні па "малюнку", ні па "колеры". У адным з такіх падручнікаў па музыцы і спевах, які выдадзены ўжо ў час рэфармавання школы, фальклорныя матэрыялы прадстаўлены нават без пашпартных даных (без указання часу і месца іх запісу, а таксама - ад каго і кім яны запісаны). Так навучальныя матэрыялы выдаюцца нават тады, калі іх аўтарамі-ўкладальнікамі з'яўляюцца вядомыя фалькларысты і этнографы А.М. Аляхновіч, Г.А. Барташэвіч, А.Ю. Лозка, І.К. Цішчанка і інш.
          Навукова-даследчы калектыў "Этнашкола" ў выкарыстанні матэрыялаў этнакультуры і традыцый этнашколы імкнецца ісці прынцыпова іншым шляхам.
          Як вядома, мясцовая прырода з яе разнастайнымі рэсурсамі і адпаведнымі ўмовамі была жыццёвым асяроддзем плямён, якія жылі на тэрыторыі Беларусі. Яе асаблівасці паўплывалі на паўсядзённы побыт насельніцтва, а ў межах пэўнай сацыяльнай сістэмы - на спецыялізацыю гаспадарчых заняткаў, жыллё, адзенне, ежу, сродкі зносін. Больш таго, сацыяльна-эканамічныя і этнічныя працэсы, што мелі асаблівасці ў розных рэгіёнах Беларусі, з цягам часу накладвалі адбітак на сістэму земляробства, увесь гаспадарчы побыт, мясцовую самасвядомасць, звычаёвае права, што надавала іх матэрыяльнай і духоўнай культуры спецыфічныя рысы. У тым ліку і на этнапедагогіку, адукацыю і выхаванне.
          Параўнальнае супастаўленне этнаграфічнага матэрыялу з археалагічным, лінгвістычным і фальклорным зместамі дае падставу не толькі паказаць іх арэальную ўзаемасувязь, але дазваляе меркаваць пра старажытную прыроду рэгіянальных адрозненняў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. У першую чаргу фальклору, ужытковага мастацтва. Так, на тэрыторыі Заходняга Палесся вылучаліся мясцовыя этнаграфічныя групы пінчукоў і падлясян з уласцівымі ім самабытнымі рысамі вуснай культуры і побыту, на які накладвалі адбітак асаблівыя прыродна-кліматычныя ўмовы (мяккі клімат, шматлікія рэкі, балоты), а таксама - геаграфічнае суседства і даўнія культурна-эканамічныя сувязі з Украінай і Польшчай.
          Для традыцыйнага адзення жыхароў Паазер'я ўласцівы прамы, свабодны крой. Найбольш пашыраныя колеры адзення - белы і светла-шэры.
          У традыцыйным жаночым адзенні жыхароў Падняпроўя бытуюць старажытныя панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам, і саяны (аналагічныя рускім сарафанам). Кашулі ўпрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў.
          Дзякуючы старажытнаму этнасацыяльнаму складу жыхароў Панямоння ў гэтым рэгіёне былі таксама выпрацаваны характэрныя асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай этнакультуры, у тым ліку і этнашколы.
          Рэгіянальныя асаблівасці мае этнакультура Усходняга Палесся. У прыватнасці, для вясельных напеваў тут уласцівы святочна-прыўзнятыя лірычныя матывы, што адрознівае іх ад заходнепалескіх. Даследчыкі песеннага фальклору вылучылі тут некалькі лакальных варыяцый народных напеваў (тураўскі, петрыкаўска-мозырскі, ніжняпрыпяцкі і інш.).
          Усе асаблівасці матэрыяльнай культуры пералічаны вышэй дзеля таго, каб сказаць, што і мясцовы фальклор мае свае асаблівасці, якія мы абавязкова павінны ўлічваць у змесце этнамастацкай адукацыі вучняў кожнага гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна. Таму асноўнымі мэтамі другога этапа нашага даследавання (1999-2002 гг.) з'яўляліся навукова-метадычнае забеспячэнне і апрабацыя на базе шэрага эксперыментальных школ той мадэлі "Этнашколы" з фальклорна-тэатральным ухілам або паглыбленым вывучэннем прадметаў этнамастацкага цыкла, якая адпавядае асаблівасцям аўтахтоннай культуры наступных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў:
          - Заходняе Палессе;
          - Паазер'е;
          - Падняпроўе;
          - Панямонне;
          - Усходняе Палессе;
          - Цэнтральная Беларусь.
          Такі падыход патрабуе будаваць не сярэднеарыфметычную "Этнашколу", а распрацаваць навукова-метадычнае забеспячэнне і апрабіраваць на базе шэрага эксперыментальных агульнаадукацыйных устаноў тыя мадэлі "Этнашколы", якія адпавядаюць асаблівасцям аўтахтоннай культуры асноўных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў нашай дзяржавы.
          З 2003 года пачаўся новы, трэці этап. Асноўнымі мэтамі яго з'яўляюцца: распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння і яго апрабацыя на базе шэрага эксперыментальных пляцовак ва ўсіх шасці асноўных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнах краіны мадэлі этнашколы-гімназіі, ліцэйскіх класаў этнамастацкай адукацыі (профільнага навучання) і мадэлі этнасада.
          У Беларусі каля пяцідзесяці агульнаадукацыйных устаноў працуюць у межах сацыяльна-педагагічнага праекта "Этнашкола". Ніжэй яны пералічаны (адпаведна загаду Міністэрства адукацыі № 318 ад 31.07.2003 г.):
         
          І. Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Заходняе Палессе (Брэсцкая вобласць)
          1. Багданаўская СШ Лунінецкага раёна.
          2. Дзмітравіцкая СШ Камянецкага раёна.
          3. Крывашынская СШ Ляхавіцкага раёна.
          4. Сваятыцкая базавая школа Ляхавіцкага раёна.
          5. Багданаўская дашкольная ўстанова Лунінецкага раёна.
          6. Яслі-сад № 3 Лунінецкага раёна.
          7. Крывашынская дашкольная ўстанова Ляхавіцкага раёна.
         
          ІІ. Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Паазер'е (Віцебская вобласць)
          8. СШ № 5 г. Наваполацка (гарадскі варыянт "Этнашколы"; дырэктар - Т.С. Шыбакова).
          9. Палатоўская СШ Полацкага раёна (вясковы варыянт "Этнашколы"; дырэктар - Я.І. Баева).
          10. Прозараўская СШ Глыбоцкага раёна.
          11. СШ № 39 г. Віцебска.
         
          ІІІ. Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Падняпроўе (Магілёўская, Гомельская і Віцебская вобласці)
          12. СШ № 41 з агульнаэстэтычным ухілам г. Гомеля (дырэктар - В.А. Лазечны).
          13. Буйніцкая СШ Магілёўскага раёна.
          14. Бярозаўская СШ Слаўгарадскага раёна.
          15. Горская СШ Краснапольскага раёна.
          16. СШ № 15 г. Магілёва (гарадскі варыянт "Этнашколы"; дырэктар - Ю.П. Снапкоў; інавацыя разгортваецца ва ўмовах школьнага білінгвізму).
          17. СШ № 30 г. Гомеля.
          18. Барздоўская СШ Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (вясковы варыянт "Этнашколы"; дырэктар - В.Г. Печанкоў).
         
          ІV. Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Панямонне (Гродзенская і Мінская вобласці)
          19. Ледзеніцкая базавая школа Навагрудскага раёна (вясковы варыянт "Этнашколы"; дырэктар - А.М. Варава).
          20. Гімназія № 2 г. Вілейкі Мінскай вобласці (гарадскі варыянт "Этнашколы"; дырэктар - В.А. Кісель; інавацыя разгортваецца ва ўмовах школьнага білінгвізму).
          21. Гудзевіцкая СШ Мастоўскага раёна.
          22. Лебедзеўская СШ Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці (вясковы варыянт "Этнашколы"; дырэктар - Ю.В. Муркоў).
          23. Луцкая СШ Карэліцкага раёна.
          24. Пачатковая школа № 6 г. Вілейкі Мінскай вобласці (дырэктар - С.У. Бергаліна).
          25. СШ № 4 г. Слоніма.
          26. Трабская СШ Іўеўскага раёна.
          27. Дзіцячая ўстанова № 11 г. Вілейкі Мінскай вобласці.
         
          V. Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Усходняе Палессе (Гомельская, Брэсцкая і Мінская вобласці)
          28. СШ № 12 г. Салігорска Мінскай вобласці (дырэктар - В.А. Ахрэмчык).
          29. Махнавіцкая базавая школа-сад Салігорскага раёна Мінскай вобласці.
          30. Калінаўская СШ Любанскага раёна Мінскай вобласці (дырэктар - В.А. Шмак).
         
          VІ. Цэнтральны гісторыка-этнаграфічны рэгіён (Мінская вобласць і г. Мінск)
          31. Сенніцкая СШ з фальклорна-тэатральным ухілам імя Янкі Купалы Мінскага раёна (дырэктар - А.Ц. Кучараў).
          32. СШ № 89 Кастрычніцкага раёна г. Мінска (дырэктар - П.П. Мазалеўскі).
          33. СШ № 3 з музычна-харавым ухілам Маскоўскага раёна г. Мінска (дырэктар - Н.А. Хамякова; інавацыя разгортваецца ва ўмовах школьнага білінгвізму).
          34. Дараганаўская СШ Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
          35. Дзямідавіцкая СШ Дзяржынскага раёна (дырэктар - В.В. Яшчук).
          36. Карцэвіцкая СШ Нясвіжскага раёна.
          37. Мётчынская СШ Барысаўскага раёна.
          38. Морацкая СШ Клецкага раёна.
          39. СШ № 3 г. Крупкі.
          40. Дзіцячая ўстанова № 7 г. Беразіно.
          41. Дзіцячая ўстанова в. Цімкавічы Капыльскага раёна.
          42. Дзіцячая ўстанова в. Бучатына Капыльскага раёна.
          43. Метліцкая дзіцячая ўстанова Лагойскага раёна.
         


     


julcik, 17.10.07 23:55

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map