![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Беларускі іменьнік. ПрадмоваАртыкул 35-ты Закону «Аб мовах у БССР» замацаваў ўжываньне беларускіх асабовых імёнаў і прозьвішчаў згодна з нацыянальнаю іменаслоўнай традыцыяй ды законамі беларускае мовы. Ня будзем чапаць законы мовы, бо кожная традыцыя павінная іх натуральна ўлічваць. Мо лепей паглядзім, ці ёсьць у нас тая традыцыя?«Справочник личных имен народов РСФСР» (чацьвертае выданьне якога зьявілася ў Маскве ў 1989 годзе) - адзіны з апошніх дараднікаў для жыхароў Беларусі. Таму трэба спыніцца на некаторых зь ягоных тэарэтычных пазыцыяў. «...У вялікіх гарадох жывуць людзі многіх нацыянальнасьцяў (20 і болей), якія карыстаюцца агульнаю мовай міжнацыянальных зносінаў. У гэткім становішчы не ўзьнікае размовы пра тое, каб чалавек пэўнае нацыянальнасьці даваў дзеткам імёны, традыцыйныя толькі для свайго народа. Наадварот, такая пастаноўка пытаньня вядзе да разьмежаваньня прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў, да працэсу, процілеглага таму, які назіраецца ў нас сёньня. Але рана пакуль сьцьвярджаць, што імёны ўсіх народаў СССР складаюць адзіны іменьнік. Нягледзячы на масавыя запазычваньні адным народам імёнаў іншых народаў, разыходжаньні ў нацыянальных традыцыях найменьня настолькі моцныя, што вымушаюць казаць пра асобныя імёны ды традыцыі ў розных народаў нашай краіны». Нібыта ўсё слушна, але... «Зь вялікай павагай ставячыся да нацыянальных традыцыяў асобных народаў, немагчыма мець у адной дзяржаве 126 розных спосабаў афіцыйнага найменьня. Таму замацавалася адзіная форма па мадэлі, выпрацаванае на працягу XVIII-XIX стст. у афіцыйнае практыцы запісу імёнаў расейскага насельніцтва». (Ці ня тут пачатак зьбіраньня «адзінага савецкага народу»?). Ажно напрыканцы XVIII ст. беларуская антрапанімічная сыстэма ўжо сфармавалася і сёньня нас цікавяць тры ейныя аспэкты: імя па бацьку, найменьні асобаў жаночага полу ды падвойнае імя. Як вы, пэўна, заўважылі, у Законе аб мовах такая катэгорыя як «імя па бацьку» нават не згадваецца, што можна патлумачыць неадпаведнасьцю яе нацыянальнай іменаслоўнай традыцыі, дый наогул невялікаю роляй у нашым жыцьці. Чаму? Няўжо бацькоў не шанавалі? Дасьледчык М.Бірыла даводзіць (Беларуская антрапанімія, Мн., 1966 г.), што ў XV-XVIII ст.ст., пад час фармаваньня ў Беларусі антрапанімічнае сыстэмы, значную перавагу мелі двуслоўныя найменьні асобы - 98,7% супраць 1,3 трыслоўных (па Ухвале 1528 года). А другім і самым важным элементам у поўных найменьнях асобы было менавіта імя па бацьку: формы на -овіч/-евіч, -іч/-ыч складалі 83,46%, што спрыяла шырокаму выкарыстаньню іх пры фармаваньні беларускіх прозьвішчаў. «Трэба зазначыць, - піша ён, - розьніцу ва ўжываньні другога члена найменьняў на -овіч/-евіч у Маскоўскай дзяржаве, дзе імя па бацьку на -овіч/-евіч маглі насіць прадстаўнікі толькі вышэйшых слаёў пануючае клясы, а ўсе іншыя асобы мелі імя па бацьку на -оў, -ін; і ў Літоўскім княстве, у склад якога ўваходзіла тады Беларусь, дзе падобнага абмежаваньня не было. У «Тысячнай кнізе» Маскоўскай дзяржавы 1550 г. з тысячы выпадкаў імя па бацьку на -овіч/-евіч маюць 28 асобаў, на -ін - 41 асоба, на -ога - 2 асобы і болей за 900 асобаў - на -оў/-еў. Ва Ухвале 1528 г. адваротны малюнак. На 1500 выпадкаў імя па бацьку на -овіч/-евіч маюць болей за 1200 асобаў і толькі каля 50 - на -оў/-еў, -ін. Паступова ўжываньне імёнаў па бацьку на -оў/-еў у Маскоўскай дзяржаве і на -овіч/-евіч у Вялікім Княстве Літоўскім робіцца ўстойлівай кніжнай традыцыяй, якая, безумоўна, адыграла немалаважную ролю ў фармаваньні прозьвішчаў». Такім чынам, традыцыйным можна лічыць двуслоўнае поўнае найменьне асобы ў форме «імя + прозьвішча». «Запісы асобаў жаночага полу ў XVI-XVII стст. сустракаюцца значна радзей за запісы асобаў полу мужчынскага. Тлумачыцца гэтае беспраўнасьцю жанчыны на той час, поўнае эканамічна-гаспадарчай, юрыдычнай ды асабістае залежнасьцю яе да шлюбу - ад бацькі, а потым - ад мужа. Абмежаванае эканамічна-гаспадарчае і прававае становішча жанчыны ў грамадзтве абумовіла той факт, што ў юрыдычных паперах згаданага пэрыяду ў якасьці юрыдычнае асобы звычайна выступаюць мужчыны» (М.Бірыла. Беларуская антрапанімія, Мн., 1966 г.). Бяспраўнасьць жанчыны з тых часоў, вядома ж, зьмянілася. Бо калі раней абаранялі яе бацька ці муж, дык сёньня гэтым займаецца нешта з назовам Дзяржава, і нават для гадаваньня сваіх дзетак яна мае каля 15 хвілінаў на дзень. Аднак гаворка ў нас пра традыцыі найменьня. «...Больш поўная характарыстыка асобы жанчыны дасягаецца шляхам вызначэньня яе становішча па паходжаньні альбо па шлюбе, ці адначасова па адным і другім. Таму ў разгорнутых назвах жанчын, акрамя іхнага імя, прысутнічае імя бацькі альбо мужа, ці абодва разам» (тамсама). Самым ужываным у Беларусі ў афармленьні імя бацькі быў суфікс -анка, а імя мужа - суфіксы -овая, -іная (напр. Алаіза Пашкевічанка; Барбара Шымковая, Багдана Яцуціная). Гэныя формы таксама пакрысе ператварыліся ў прозьвішчы, прынцып зьмены якіх захаваўся ў летувіскае мове: прозьвішча дачкі мае там канчатак -айтэ, жонкі - -енэ. Вельмі цяжка аспрэчваць адзінства традыцыі ў адзінай дзяржаве, якой было Вялікае Княства Літоўскае, тым больш з улікам славянскага вяршэнства. Можа, варта вярнуць, аднавіць яе? Гэтаксама й з падвойнымі імёнамі, што згадваюцца ў працы М.Бірылы. «У кожным найменьні, - піша аўтар, - ёсьць спэцыфічныя для католікаў імёны, таму магчыма, што наяўнасьць двух імёнаў тут зьвязваецца са звычаем, пашыраным у асяродку католікаў, надаваць дзіцяці некалькі імёнаў пры хрэсьбінах». Такі адзін з варыянтаў. Што тычыцца звычаяў, дык яшчэ ў дахрысьціянскія часы чалавек меў некалькі імёнаў, з мэтаю абароны, каб засьцерагчыся ад злых духаў. Прыкладам, дома, сярод сваякоў, родных ён зваўся адным імем; у вайсковым ці тайным саюзе, за межамі свайго роду - іншым і г.д. Ці ня рэшткі гэтае зьявы мы назіраем сёньня, асабліва на вёсцы, дзе кожны мае, апрача прозьвішча і вулічную мянушку (для «сваіх» і «чужых», так бы мовіць)? Закон той захоўваўся і з пашырэньнем хрысьціянства, часам насуперак яму. Калі ж права надаваць імёны манапалізавала царква, дык ад саюзу веравызнаньняў (ці царкоўнае вуніі) палягае прамы шлях да двуіменнае сыстэмы, дзе адно імя - з каталіцкіх, а другое - з праваслаўных сьвятцаў. Дзякуючы трываласьці дахрысьціянскай культуры ды значнаму пашырэньню вуніі на беларускіх землях, няма нічога дзіўнага ў існаваньні згаданае двуіменнай сыстэмы. Вяртаньне незалежнасьці пачынаецца зь вяртаньня свайго імя і, сярод іншых, нашыя заканадаўцы павінныя вырашыць гэтую праблему. З таго й пачнем. «Ад імя паходзіць чалавек», - скажа вам дзіцё. Таксама псыхолягі ўпэўненыя, што імя - гэта пачатак індывідуальнасьці, пачатак Асобы. І калі запытацца ў малога: «Хто ты?», думаю, большасьць з вас ведае адказ. Хто ня ведае - паспрабуйце. З таго моманту караценькае слова, нібы скарбонка, будзе зьбіраць усе каштоўныя набыткі й горкія страты вашага дзіцяці. Чалавеку, як вядома, цяжка жыць па-за грамадзтвам, па-за межамі таго культурнага асяродку, які яго выхаваў, а прасьцей - без свайго народу, Бацькаўшчыны. Усё часьцей чуваць сёньня галасы за адмену запісу нацыянальнасьці ў пашпарце. Сапраўды, пачуцьцё чалавечае, нацыянальнае годнасьці, лучнасьці са сваім народам - здабытак цалкам духовы, а не адміністрацыйны, пра што сьведчыць беларуская гісторыя апошніх гадоў. Са скасаваньнем жа пашпартнае сыстэмы на першае мейсца стане менавіта імя - візытная картка асобы як часткі нацыі. Імя чалавека - самы старажытны й асноўны з элементаў афіцыйнага найменьня асобы. Здавён у славянаў былі пашыраныя імёны двух тыпаў, утвораныя на базе славянскае лексыкі. Першы - складаныя імёны: Валадар, Рагвалод, Усяслаў; другі - імёны-назоўнікі Воўк, Рута, Верас ды інш. Таксама ў беларускай антрапаніміі можна знайсьці значную колькасьць іншамоўных асноваў, па большасьці балцкага паходжаньня. Гэта імёны князёў Вялікага Княства Літоўскага, старажытналетувіскія Доўнар, Гінтаўт і падобныя. Тут праявілася вялікая роля балцкіх плямёнаў у сфармаваньні беларускае нацыі і даўнія, вельмі шчыльныя сувязі зь летувісамі й латышамі. Нямала словаў балцкага паходжаньня ўспрынятыя беларускай антрапаніміяй ды захоўваюцца ёю, часам застаючыся загадкамі і полем плённае дзейнасьці для мовазнаўцаў. З пашырэньнем хрысьціянства на тэрыторыю Беларусі трапілі імёны з іншых моваў у выглядзе праваслаўнае (візантыйска-грэцкай) ды рымска-каталіцкае сыстэмаў. Царква значна спрыяла іхнаму пашырэньню і замацаваньню. Але чужыя асновы засвойваліся паводле законаў беларускае мовы і часта зьмены былі настолькі сур'ёзнымі, што імя набывала цалкам іншы выгляд: 1. Дымвід - з грэц. Діомідос; расейск. Демид 2. Сур'ян - з лац. Сэвэрінус; расейск. Северин 3. Астах - з грэц. Эўстафіос; расейск. Евстафий 4. Яраш, Яруш - са старажытнаслав. Ярослав 5. Бутрым - з арамей. цераз лац. Бартоломеус; расейск. Варфоломей. Асабліва цікавымі ў гэтым сэнсе зьяўляюцца XVI-XVII стст. - пэрыяд буйнога росквіту юрыдычнага справаводзтва, шырокага выкарыстаньня ў помніках пісьменства побач з традыцыйнымі ўжо формамі найменьня асобы іншых формаў, якія ўжываліся да таго толькі ў размоўна-бытавой сфэры і былі чыста рэгіянальнымі. Найчасьцей гэта - эмацыйна-ацэначныя формы, што ўтварыліся дзеля патрэбы выказваньня пачуцьцяў, асабістага стаўленьня адно да аднога. Служаць яны і для вызначэньня пэўнае ўзроставай катэгорыі людзей; утвараюцца ня толькі ад поўнае формы імя, але й ад скарочанае. Характэрнай асаблівасьцю гэтага працэсу зьяўляецца багацьце суфіксаў: -ка/-ко, -ась/-усь, -ік, -дзюк, -аш/-яш, -уш/-юш, -сюк, -чук/-цук, -шук ды інш. Самым прадукцыйным у XV-XVII стст. быў суфікс -ка/-ко; потым -ец, -ук/-юк (зараз распаўсюджаны суфікс -чык, дадаецца да поўнага імя). З XVIII ст. ажно да рэвалюцыі найбольш жорсткую палітыку ў справе найменьня праводзіла царква - імёны даваліся толькі па сьвятцах. Добра спрыяў ёй бюракратычны апарат Расейскай імпэрыі, каб зрабіць усё магчымае дзеля мацаваньня адзінае ды непадзельнае «турмы народаў». Дзе ж узяць маладым бацькам свае, асьвечаныя стагодьдзямі, традыцыйныя беларускія імёны? Сьвятцы ці будуць глядзець - імёны тыя даўно ўжо вядомыя, дый беларускіх там ня знойдзеш. А вось... «Маткі, як ведама, дзіцям падбіраюць самыя песьлівыя імёны або, іначай кажучы, выводзяць гэтыя імёны ад хросных паводле законаў мовы ды прынятага звычаем спосабу. Гэтак Антон будзе - Аньцік, Юры - Юрцік, Міхал - Місь, Міхцік і г.д. Гэта так званая асноведзь, на якой як узорам вытыкаюцца розныя песьлівыя танацыі на -чык, -чычок, -ачок, -ічок, -учачок, -усючок, -асючок, -учок, -ятка, -іська, -лёк, -уся, -ута і г.д. Калі ўжо хлапца апранулі ў порткі і ён ужо стаўся мужчынам, каб гэтую зьмену ў ягоным жыцьці яшчэ крапчэй зазначыць, яго ўжо больш не называюць Юрцік, Петрык, Аньцік, ён ужо ня мамчын пястун, а ўжо работнік: будзе гусі ці куры пасьвіць, пёры скубаць, паедзе разам з бацькам у поле; дык і ймя ягонае з гэтага часу ўжо больш спраўнае: Пятрук, Альгук, Юрка і г.д. Гэта форма імёнаў т.зв. пастускага стану. Але, вось хлопец падрос, ён ужо не пастух, а дзяцюк, маладзён. Тут ці сам уцёрся, ці мо хто яго ўвёў у кавалерскую ды дзявоцкую кампанію, на вечарыну ці ігрышча. У дзявоцкай кампаніі такая форма імёнаў як Альгук, Пятрук відочна непрыстойная і нестасоўная ды, зрэшты, старадаўні звычай вымагае ў адносінах моладзі паміж сабой тону ўважлівага, ветлага. І вось тут, у гэтай сфэры, самі сабой замяняюцца Альгукі на Альгеяў, Пятрукі ў Пятрусёў, Юркі ў Юрасёў і, у свой чарод, дзявоцкія імёны зь дзіцячых адпавядаюць хлапцоўскім. Урэшце прыходзіць час жаніцьбы: пераход, будзь што будзь, «з рабяцкага стану ды ў мужскую славу». Тут ужо й сам Бог судзіў Ігнасю, Місю, Кастусю ператварыцца ў Ігната, Міхала, Кастуша і г.д. Гэта час, як кажа прыказка, «мужаваньня й баяваньня». Але час ідзе. Падрасьлі дзеці, Міхал ды Йгнат, ды Пётра абжаніў сына. Нявестка, прыйшоўшы ў новую сям'ю, стараецца быць да ўсіх ветлай, уважлівай, а ў першы чарод да бацькоў мужа. І вось, Зьміцер робіцца Зьмітрашом, Бутрамей - Бутрымам і г.д. І ня толькі ў сваёй сям'і, але і ў суседзяў. Гэтак, у крыўскім (беларускім) іменьніку ёсьць формы імёнаў: для дзіцяці - Аньцік, Петрык; для падлетка - Янук, Баўтрук; дзецюка - Кастусь, Юрась; мужа - Бутрым; старца - Міхайла, Яраш, Асташ. Дзякуючы заміраньню роднае старасьветчыны ў народных масах і адарванасьці інтэлігенцыі ад народу, многія формы ў нашых імёнах, асабліва першае і чацьвертае ступені, вымагаюць багатае працы дзеля іх адшуканьня... Жаночыя імёны болей пацярпелі ўтрат, чым мужчынскія. Гэтак, мала захавалася формаў жаночых імёнаў чацьвертае ступені, што гаворыць у некарысьць павагі жанкі ў крыўска-беларускай сям'і навейшых часоў. Да вельмі цікавых збольшаных (4-й ступені) жаночых імёнаў належаць формы на -іца (Марыніца). Паколькі мне ведама, над крыўскім (беларускім) іменьнікам дагэтуль ніхто не працаваў ні ў польскай, ні ў расейскай літаратуры, тымчасам праца гэтая можа даць надзвычай каштоўныя дадзеныя...» Так пачынаецца першы беларускі іменьнік, зьмешчаны Вацлавам Ластоўскім у ягоным «Расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку» (Коўна, 1924 год). Але часы ўзьлёту, адраджэньня неўзабаве падмяняюцца шыльдамі нацдэмаў і барацьбою за выжываньне... Мы будавалі камунізам! Мінуў ХХ-ты зьезд партыі; Нікіта Сяргеявіч на прыступках БДУ важкім словам зазначыў посьпехі беларусаў на шляху да ўсеагульнае сьветлае будучыні; і ў 1965 годзе ў Менску выходзіць «Слоўнік асабовых уласных імёнаў» укладаньнем М.Судніка. «Калі зьявіўся «Слоўнік асабовых уласных імёнаў» М.Судніка, дзе ня толькі Янкі, а ўсе Пятрусі, Міхасі, Кастусі, Юрасі, Алесі абвяшчаліся імёнамі гутарковымі і размоўнымі, юрыдычна неправамоцнымі, - піша Я.Скрыган (Беларусь, № 9, 1984 г.), - памятаю, як пісьменьнікі абураліся такою неспадзяванкаю. Дык што, - значыцца нашая літаратура яшчэ падлеткавая? Нясталая? Нават імёны нашыя толькі бытавыя? Юрыдычна закасаваныя? Абураўся і я, скажу праўду. Вельмі нязвыкла было сутыкнуцца з такой навіною. Думалася, ці ня вельмі сьпяшаемся мы ўсе выпраўляць нашую мову. Можа, ня варта гэтак жорстка касаваць нашыя традыцыі, няхай бы была варыянтнасьць і няхай бы сама практыка вырашыла, чаму трэба жыць, а чаму зьнікнуць. Дый наогул, якая карысьць, калі нешта жывое гіне сілком? Хіба такія імёны як Міхал, Якуб, Язэп, напрыклад, ня могуць заставацца сярод законных? Як Васіль, Рыгор, Аркадзь. У іх жа й шырокае народнае бытаваньне, і сталасьць формы, і клясычная нашая літаратура. Дарэчы, скарыстаўшы выпадак, хачу выказаць свае адносіны да імя наогул. Я лічу яго галоўнаю прыналежнасьцю ў чалавечым існаваньні. Імя чалавеку даецца адразу па ягоных народзінах і з малаком маці, як кажуць, прымаецца істотаю на ўсё жыцьцё, да самага скону. Яно вартае таго, каб яго шанавалі і лічылі на першым мейсцы, каб яго вымаўлялі, а не падменьвалі ініцыялам - літарай з кропкай, - па-сутнасьці, зьневажаючы». Цяжка адмаўляць працу, зробленую М.Суднікам па зборы і фіксаваньні імёнаў. Але ж нямала супярэчнасьцяў у пазыцыі ўкладальніка наўрад ці можна патлумачыць асаблівасьцямі «тых часоў». Скажам, аўтара непакоіць адсутнасьць даведнікаў, якія б зьмяшчалі «рэкамендацыйныя сьпісы прынятых сучасным грамадзтвам імёнаў, дапамагалі ў адрозьненьні іхнае афіцыйнае формы ад народна-гутарковых варыянтаў...» Цікава, каму яшчэ трэба рэкамендаваць імёны, прынятыя сучасным грамадзтвам? Магчымасьці й мэтазгоднасьць падзелу імёнаў на афіцыйныя формы ды іхныя народна-гутарковыя варыянты выглядае болыд складана. Вось як піша пра гэтае згаданы вышэй «Справочник личных имен народов РСФСР»: «Пры замацаваньні нормаў сучаснага вымаўленьня і напісаньня імёнаў багата што вызначае асабісты густ імядаўцы. Напрыклад, адныя аддаюць перавагу народным варыянтам Гардзей, Купрыян; іншым болей падабаюцца Гордзій, Кіпрыян. Немажліва абвергнуць ці забараніць нейкі з варыянтаў. Толькі беражлівае фіксаваньне іх будзе спрыяць творчасьці новых формаў на аснове заканамернасьцяў літаратурнае мовы. ...Усталяваць адзіна дакладныя крытэрыі разьмежаваньня варыянтаў аднога імя і асобных, самастойных імёнаў сёньня немагчыма. Але ў прыбалтыйскіх ды каўказкіх рэспубліках трымаюцца фармальнага правіла, згодна зь якім імёны, што розьнюцца хаця б адной літараю (а ў размове хоць бы адным гукам, даўжынёю ці кароткасьцю гука, ці мейсцам націску), лічуцца асобнымі. У Расейскае Фэдэрацыі такога не прынята». Няма такога й у Беларусі. Па Судніку, мясцовыя гутарковыя варыянты як вынік суіснаваньня імёнаў візантыйска-грэцкага і рымска-каталіцкага іменьнікаў ёсьць «трэйцяя імённая сыстэма, якую можна было б назваць сыстэмаю народнага беларускага іменаслоўя (Базыль - Васіль, Домант - Дамеціян) і пад.)». Чаму б і не назваць?! «Гутарковыя варыянты», як зазначае далей складальнік, карыстаюцца ў грамадзтве большым попытам, фіксуюцца мастацкай літаратураю, што спрыяе іхнае нармалізацыі. Потым, ад іх утвараюцца прозьвішчы. Таму М.Суднік усё ж зьмяшчае іх у слоўніку, але далёка не ў якасьці асноўных, і вымушаны пастаянна нагадваць пра перавагу формаў «афіцыйных» над «гутарковымі» (г.зн. беларускімі). У 1977 годзе выходзіць першы зборнік «Беларуская анамастыка», дзе дакляруецца, што па-за ўвагаю беларускіх навукоўцаў не застануцца важныя задачы распрацоўкі практычных пытаньняў навукі пра імёны. Надрукаваныя ўжо працы М.Бірылы і А.Усьціновіч, якія дасюль застаюцца здабыткам аднае навукі. Выданьня ж, падобнага да «Слоўніка...» М.Судніка (ці лепшага), у нас не зьяўлялася, значыцца, ніякіх зьменаў няма. Згодна з Кодэксам аб шлюбу і сям'і пры рэгістрацыі народзінаў імя дзіцяці занатоўваецца ворганамі ЗАГСу па жаданьні ягоных бацькоў. Гэтае значыць, што работнікі згаданае ўстановы павінныя запісаць імя ў форме, прапанаванай бацькамі, а не царкоўнаславянскі (ці іншы «афіцыйны») адпаведнік, які не стасуецца з нацыянальнай традыцыяй. Такім чынам, маладым бацькам у якасьці рэкамэндацыйнага дапаможніка прапануецца сьпіс традыцыйных беларускіх імёнаў на абмеркаваньне ды выбар (шырокавядомыя сёньня імёны не ўключаныя ў сьпіс). На Беларусі спрадвеку існуе файная традыцыя называць дзіцё ў гонар продкаў альбо знакамітых дзеячаў. Некаторыя ж імёны проста згадваюцца ў літаратуры як факт – і ўсё. Калі большасьць бацькоў не цікавіць паходжаньне (этымалёгія) імя – многа важнейшая эстэтычная форма, прыгажосьць маўленьня, - дык галоўнаю задачаю складальніка было сабраць тыя зь іх, што тычуцца гісторыі ці культуры Беларусі і могуць выкарыстоўвацца сучаснаю грамадою <…> Багата формаў асабовых уласных імёнаў, што зьнтклі з паўсядзённага ужытку, захавалася ў назовах паселішчаў, рэкаў і г.д., утвораных ад імя заснавальніка (знаходцы) ці названых у сувязі зь нейкай падзеяй. Тутака робіцца спроба іхнага вяртаньня. Пададзеныя формы адзначаныя ў тэксьце адною зорачкай (*). Дзьве зорачкі зьмешчаныя перад імёнамі, прапанаванымі ўкладальнікам (**). У дужках пасьля асноўнае формы імя падаецца шыфар тае крыніцы, адкуль імя узятае: СС’65 – Слоўнік асабовых уласных імёнаў, укл. М.Суднік. Мн., 1965; БА’69 – Бірыла М. Беларуская антрапанімія. Мн., 1969; БА’82 – Бірыла М. Беларуская антрапанімія. Мн., 1982; БА’ 85 – Беларуская анамастыка. Мн., 1985; ПСРЛ’35 – Полное собрание русских летописей, т. 35. Што да варыянтаў кожнага імя, дык найлепшым дарадцам тут – любоў і фантазыя бацькоў ды пачуцьцё густу (а таксама зьмешчаныя вышэй суфіксы). Асабліва ў найменьні жанчынаў, якія заахваліся намнога горш. Пасьля некаторых мужчынскіх імёнаў вы знойдзеце адсылкі да варыянтаў іншага, блізкага ап форме імя: АЛЬБУТ – … гл. АЛЬБІН і г.д. Спадзяюся, што чытачы возьмуць чынны ўдзел у працы над беларускім іменьнікам, дададуць нешта цікавае да прапанаванага збору.
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |