![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
Мае першыя родыУ інтэрнэце можна знайсьці вельмі шмат расповедаў пра роды. Калісьці я іх прагна чытала, таму напішу і сваю гісторыю. Магчыма каму-небудзь будзе цікава, а можа нават і карысна, яе прачытаць.Частка першая - хатняяПачаць трэба з таго, што мы з мужам наведвалі курсы падрыхтоўкі да родаў. Я лічу, што на такія заняткі трэба хадзіць абавязкова, бо, акрамя непасрэдна ведаў (якія можна знайсьці і ў кніжках), яны даюць ўпэўненасьць у сабе і пазбаўляюць страху. Аднойчы ў суботу раніцай я прачнулася і адчула, што "пузік" паводзіць сябе неяк дзіўна - напружваецца. Але я падумала, што гэта яшчэ не сапраўдныя роды, супакоілася і занялася звычайнымі справамі. Муж паехаў да бацькоў нешта дапамагчы. Аднак "пузік" не здаваўся, гадзіне а 12 я зразумела, што проста ігнараваць напружваньні цяжка, вырашыла разьняволіцца і села за кампутар. Ня памятаю, што я там рабіла (мабыць, сядзела ў інтэрнэце), але заадно я запісвала час і даўжыню схопак - за кампутарам гэта вельмі зручна рабіць. Калі а 3 гадзіне вярнуўся муж, у мяне была паперка са слупочкамі лічбаў. Мы падлічылі: схопкі былі праз 7-10 хвілін, аднак было не зразумела: калі то 7, то 10 - гэта рэгулярныя, ці не рэгулярныя? Патэлефанаваўшы знаёмаму доктару, высьветлілі - рэгулярныя. Я сабралася і крыху пад'ела, бо потым есьці ўжо нельга, а моцы трэба мець шмат. Увечары, прыкладна аб 11, вырашылі ехаць у радзільню. Па схопках было яшчэ ранавата, але ўсё ж ехаць аб 11 лепей, чым а 2 ночы. Выклікалі хуткую дапамогу. Дыспэтчарка была рада, што хоць камусьці была патрэбная машына (ці карэта ![]() Доктарка, што прыехала на хуткай, мне не спадабалася абсалютна. Спачатку яна прычапілася да майго нацертага носа. Я за тыдзень да гэтага прыхварэла - быў насмарк. Я так актыўна высморквалася, што намуліла скуру пад носам. Доктарка казала, што гэта герпэс, і што ў 2 радзільню яна мяне не павязе. Хаця на герпэс было зусім не падобна. Праз нейкі час, шмат разоў прыглядзеўшыся, яна пагадзілася, узяла абменку і пытае, ці не хварэла я на гепатыт. Я не хварэла. Яна кажа: "А тут напісана!" - і паказвае нейкую краказябру ў абменцы. Што значыла тая завітушка, ня ведаю (была падобная на дзьве літары "ш"), але на гепатыт я дакладна не хварэла. Доктарка яшчэ доўга сумнявалася, потым патэлефанавала ў радзільню, і толькі пасьля згадзілася везьці. Ехалі мы доўга, на вельмі старой машыне. Сядзець было надта няўтульна. Да таго ж, кіроўца ня ведаў, дзе знаходзіцца гэтая 2 радзільня. Муж падказваў дарогу. Адным словам, калі б я была адна - не даехалі б. А можа яны проста не хацелі мяне далёка везьці і таму так сябе паводзілі... Частка другая - радзільняУ радзільні мяне запісалі, спраўдзілі тэмпэратуру, ціск, паглядзелі на крэсьле. Што зьдзівіла - спыталі, ці хачу клізму. Я адмовілася. Яны не настойвалі. Павялі ў палату. Было нязручна, што я набрала з сабой зашмат рэчаў. Частку можна было пакінуць дома. Увогуле, я бы параіла ня браць з сабой нічога, апрача патрэбнага для родаў і для першых гадзінаў пасьля. Усё астатняе сваякі могуць перадаць потым. У радзільным аддзяленьні мяне зноўку паглядзелі. Ад хваляваньня, ці ад холаду ў машыне, ці яшчэ ад чаго, але схопкі скончыліся. Раскрыцьцё было зусім маленькае. Мне сказалі ісьці спаць. Спаць не хацелася. Я хадзіла па палаце, спытвала розныя тыпы дыханьня пры схопках. Схопкі былі яшчэ ня моцныя, але для трэніроўкі я намагалася дыхаць слушна. Потым хадзіць надакучыла. Захацелася спаць, але ня спалася - ложак быў надта няўтульны, стары, панцырны, з вельмі прагнутай сеткай. Калі я на яго клалася, таз так правальваўся, што рабілася цяжка дыхаць. Аднак празь нейкі час я знайшла нармалёвую позу і нават крыху прыснула. Схопкі сталі больш адчувальнымі. Падчас іх я прачыналася, старалася дыхаць, рабіць масаж, часам нават падымалася. Вельмі шкадавала, што ў нас не атрымаліся партнэрскія роды. Вось у той пэрыяд муж бы мне вельмі дапамог: масажаваць саму сябе немагчыма, ды і ўвогуле разам заўжды прасьцей. Доктарка мне сказала прыйсьці, калі схопкі стануць адчувальнымі. Я падумала, што ўжо трэба, аднак паглядзеўшы, яна сказала, што рана і адаслала мяне далей спаць. Прыкладна а 4 ночы я прачнулася ад нейкага дзіўнага адчуваньня, і яшчэ таму, што стала мокра. Першай думкай было, што не хапала толькі тут абмачыцца, аднак амаль адразу прыйшло разуменьне, што гэта ж воды. Потугі былі ўжо вельмі моцныя, аднак я прымала ўсе сродкі, каб разнявольвацца, бо калі пачаць тужыцца раней часу, імавернасьць разрываў значна павялічваецца. Ды і зрок у мяне дрэнны - чаго дарэмна арганізм напружваць. З усіх тэхнік разнявольваньня, што нам распавядалі, дапамагло самае простае: калі ішла потуга, я замест жывата моцна-моцна напружвала руку. Трымалася за спінку ложка і намагалася напружыць ўсе мышцы рукі на 5-10 сэкундаў. А потым разнявольвала руку і ўвесь арганізм расслаблялся. Паралельна з гэтым я дыхала. Мне дапамагала павольнае дыханьне. Прыйшла доктарка, паглядзела, сказала, можна тужыцца. Яшчэ параіла скарыстаць для гэтага бідэ. Рэч сапраўды добрая - тужыцца на ім мне спадабался ![]() ![]() Частка трэцяя - радзаляСтол (ці крэсла?) для родаў нашмат зручнейшы за старэнькі ложак. Мне паднялі як трэба сьпінку, я прыладзілася, за якія ручкі зручней трымацца (там іх некалькі - напэўна, для людзей рознага роста) і падрыхтавалася слухаць доктарку (у мяне роды прымала доктарка, а не акушэрка). Далей ўсё было надзіва проста: кажуць тужыцца - тужуся, потым адпачываю. Каб потуга ішла куды трэба, не напружваўся твар і асабліва вочы, вельмі дапамагае расслабляць вусны - проста пяшчотна вадзіць па іх языком. Чаму ня трэба крычаць пры родах, напісана вельмі шмат, але і я не магу не напісаць, бо чула (і часткова бачыла), як доўга мучылася сама і мучыла дзіця жанчына перада мной. Адным сказам: хочаце нарадзіць хутка ружовенькае дзіця, а ня доўга фіялетавае - не марнуйце сілы на крык. Хто ня верыць, што немагчыма эфэктыўна тужыцца і адначасова ўва ўсё горла крычаць - няхай загадзя патрэніруецца. Акрамя таго, калі крычыш, дзіця атрымлівае меней кіслароду. Кожную схопку трэба было тужыцца тры разы. Праз тры схопкі мне сказалі - зьявілася галава. Потым там былі нейкія складаныя каманды, дакладна ня памятаю, здаецца адну схопку трэба было прапусьціць і галава нарадзілася. Я так прыкінула, што тулава напэўна яшчэ праз столькі ж. Але наступная схопка скончылася дзіўным шмякаючым гукам, і потым я пачула зайчыка ![]() Ён быў маленечкі, зморшчаны, з заплюшчанымі вочкамі на апухлым тварыку. Ну вельмі-вельмі прыгожанькі ![]() Частка чацьвертая - пасьляПотым нараджаўся пасьлед. Я ўжо разняволілася, але дарэмна - падыйшла акушэрка і з такой сілай націснула мне на жывот, што я думала, зараз і кішкі народзяцца. Дарэчы, гэта самае балючае, што было ў маіх родах - нараджаць балюча не было. Я папрасіла прыкласьці зайчыка (імя ў яго яшчэ не было) да грудзей, але есьці ён ня стаў. Так, лізнуў нешта і не зацікавіўся. Пэўна яшчэ не прагаладаўся. Далей нічога ня памятаю. Падчас родаў мне зрабілі разрэз і пасьля далі наркоз, каб зашыць. Як рабілі разрэз, я не адчула. Перад родамі доктарка спытала, ці згодная я на яго, я сказала, што згодная, калі трэба. Я прачнулася на каталцы ў калідоры. Было халадно, вельмі страшна, бо высока, і галава не працавала: я аніяк не магла выказаць свае думкі. Толькі празь нейкі час я здолела папрасіць яшчэ адну коўдру і патэлефанаваць дамоў. А потым прынесьлі зайчыка і павезьлі нас у палату ![]()
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |