Самыя папулярныя старонкі

Беларускія імёны (29430)
Адукацыйныя гульні (27538)
Флэш-мульт Курачка-Рабка (26733)
Флэш размалёўкі (25996)
Як назваць дзіця? (24723)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (20181)
Маляванкі для самых маленькіх (19898)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (19461)
Натуральны білінгвізм у дзетак (19363)
Тата, а ты папа? (19243)

Красуня і чароўная крыніца

Шатляндзкая народная казка



          Жыў у старадаўнія часы паганяты, які ажаніўся з адзінай дачкой млынара ў Катыльдары. Ажаніўшыся, навучыўся малоць збожжа, і калі стары млынар памёр, заняў яго месца. Напачатку бракавала грошай, але стары горац пазычыў ім трохі срэбра, і хутка справы наладзіліся.
          Празь нейкі час у маладога млынара і яго жонкі нарадзілася дачка. Але ў ноч нараджэньня яе скралі чараўніцы. Яны занесьлі дзіцятка далёка ад дому, у катыльдарыйскі лес, дзе яе знайшлі на самым краі Чорнай крыніцы. У паветры чуваць былі сьпевы:

          Мы скора ўжо вернемся, сэрца маё,
          Мы скора ўжо вернемся, люба мая,
          Тады ты зможаш успомніць, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я!

          Калі дачка млынара вырасла, у прыгажосьці зь ёй не магла раўняцца ніводная зь вясковых дзяўчат. На млыне ўсё было добра.
          І вось, у адну цёмную ноч прыляцела слонка з кнотам, які гарэў у ейнай дзюбе, і падпаліла млын. Той згарэў цалкам, так што ў млынара і яго жонкі не засталося нічога. Бяда за бядою, трэба ж было так здарыцца, што як раз назаўтра ў той жа час заявіўся стары горац, што пазычыў ім срэбра, патрабуючы вярнуць доўг.

          А трэба сказаць, што ў катыльдарыйскім лесе, каля Чорнай крыніцы, жыў маленькі старычок, які ніколі не заставаўся ў хаце. Узімку ён некуды зьнікаў, куды — ніхто ня ведаў. Гэта быў пачварны лесавік, сантымэтраў 75 ростам.
          Яго бачылі ўсяго тройчы за пятнаццаць год з тых часоў, як ён там зьявіўся, бо ён заўсёды зьлятаў прэч, калі хто падыходзіў. Толькі калі падабрацца ціхенька, паўзучы па лесе пасьля заходу сонца, то можна пачуць, як ён гуляе з вадой і сьпявае ўсё тую ж песеньку:

          Калі ж ты ўжо вернесься, сэрца маё,
          Калі ж ты ўжо прыйдзеш, люба мая,
          Няўжо ж ты ня ўспомніш ніколі, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я?

          Дык вось, на наступную ноч пасьля таго, як згарэў млын, дачка млынара пайшла ў лес адна. Гуляла яна ў лесе, гуляла, пакуль не прыйшла да Чорнай крыніцы. І тут маленькі лесавік схапіў яе і заскокаў, сьпяваючы:

          Хадзем жа са мною, сэрца маё,
          Хадзем жа са мною, люба мая,
          Няўжо ж ты ня ўспомніш ніколі, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я?

          Ён прымусіў яе тройчы выпіць зачараванай вады зь яго прыгаршчаў. Яны падняліся ў паветра і паляцелі, засядлаўшы маланку. Калі няшчаснае дзяўчо расплюшчыла вочы, яна ўжо была ў палацы, аздобленым золатам, срэбрам і дыямантамі, поўным чараўніц.
          Кароль і каралева чараўніц запрасілі яе застацца і сказалі, што ёю тут будуць апеквацца. Але ж калі яна хоча вярнуцца дадому, то ніколі нікому не павінная расказваць, дзе яна была і што бачыла.
          Яна сказала, што хоча дадому, і паабяцала выканаць тое, аб чым яе просяць.
          Тады кароль сказаў:
          — Першага, каго ты спаткаеш, ты мусіш пачаставаць аўсянкай.
          — Дай яму аўсяных аладак, — сказала каралева.
          — Дай яму масла, — сказаў кароль.
          — Пачастуй яго вадой з Чорнай крыніцы, — сказалі яны разам.
          Тады яны далі ёй дванаццаць кропляў нейкай вадкасьці ў маленькай зялёнай бутэлечцы: тры кроплі ў аўсянку, тры ў аўсяныя аладкі, тры ў масла і тры ў ваду з Чорнай крыніцы.
          Яна ўзяла зялёную бутэлечку ў руку і раптам наўкол сьцямнела. Яна ляцела ў паветры, а калі расплюшчыла вочы, была ўжо ля парога свайго дому. Скочыўшы ў ложак, узрадаваная, што ўжо дома, яна нічога не сказала пра тое, дзе была і што бачыла.
          З раніцы, перш чым узышло сонца, пачулася "грук-грук-грук" у дзьверы. Сонная дзяўчына выглянула і ўбачыла старца, які пачаў сьпяваць:

          Пусьці ж мяне ў хату, сэрца маё,
          Пусьці ж мяне ў хату, люба мая,
          Няўжо ж ты ня ўспомніш ніколі, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я?

          Пачуўшы гэта, яна моўчкі адчыніла дзьверы. Старац зайшоў сьпяваючы:

          Дай мне аўсянкі, сэрца маё,
          Дай мне аўсянкі, люба мая,
          Няўжо ж ты ня ўспомніш ніколі, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я?

          Дзяўчо зрабіла талерку аўсянкі для старца, не забыўшыся пра тры кроплі вады зь зялёнай бутэлечкі. Старац пачаў сёрбаць аўсянку — і зьнік, а на яго месцы зьявіўся вялізны горац, які пазычаў срэбра яе бацьку, млынару. Горац сьпяваў:

          Дай мне аладак, сэрца маё,
          Дай мне аладак, люба мая,
          Няўжо ж ты ня ўспомніш ніколі, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я?

          Яна сьпякла яму сьвежых аўсяных аладак, не забыўшыся пра тры кроплі з маленькай зялёнай бутэлечкі. Варта было яму іх зьесьці, як ён таксама зьнік, а на яго месцы зьявілася слонка, што падпаліла млын. Яна сьпявала:

          Дай жа мне масла, сэрца маё,
          Дай жа мне масла, люба мая,
          Няўжо ж ты ня ўспомніш ніколі, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я?

          Яна дала слонцы масла хутка, як толькі магла, не забыўшыся пра тры кроплі вады зь зялёнай бутэлечкі. Дзеўбануўшы разок, слонка зараз жа пляснула крылцамі і зьнікла, а на яе месцы зьявіўся пачварны маленькі лесавік, які схапіў яе ля Чорнай крыніцы мінулую ноч, і ён сьпяваў:

          Дай мне вадзіцы, сэрца маё,
          Дай мне вадзіцы, люба мая,
          Няўжо ж ты ня ўспомніш ніколі, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я?

          Яна ведала, што ў яе заставаліся апошнія тры кропелькі ў зялёнай бутэлечцы, і спужалася. На злом галавы пабегла яна да Чорнай крыніцы, і там, канечне, ужо быў маленькі пачварны лесавік, які сьпяваў:

          Дай мне вадзіцы, сэрца маё,
          Дай мне вадзіцы, люба мая,
          Няўжо ж ты ня ўспомніш ніколі, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я?

          Яна дала яму вады, не забыўшыся пра тры кроплі зь зялёнай бутэлечкі. Але не пасьпеў ён выпіць зачараваную ваду, як зьнік, а на яго месцы зьявіўся юны прынц, які загаварыў зь ёй, быццам знаў яе ўсё жыцьцё.
          Яны прыселі каля Чорнай крыніцы.
          — Я нарадзіўся ў адну ноч з табой, — сказаў ён, — і мяне забралі чараўніцы ў тую ноч, калі цябе знайшлі на краі Чорнай крыніцы. Я быў лесавіком столькі год, таму што чараўніц тады спудзілі. Мне прыйшлося столькі ўсяго выканаць, пакуль яны дазволілі мне сысьці і вярнулі майму бацьку, каралю Францыі, а нявестай зрабілі найбольшую красуню ў сьвеце.
          — Хто ж яна? — спытала дзяўчына.
          — Дачка катыльдарыйскага млынара, — адказаў прынц.
          Пасьля яны пайшлі дадому і пераказалі свае гісторыі зноў. У тую саму ноч яны ажаніліся. Фурманка з чатырма коньмі прыехала па іх, і млынар з жонкай, а таксама прынц з прынцэсай паехалі, сьпяваючы:

          Мы шчасьце спаткалі, сэрца маё,
          Мы шчасьце спаткалі, люба мая,
          Няўжо ж ты ня ўспомніш ніколі, як мы
          Ўдваіх ля крыніцы былі — ты і я?

Пераклаў Паўла Донаў




Глядзіце таксама

Дзіця Бэці Стоґз


julcik, 8.02.07 14:06

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map