Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (174671)
Беларускія імёны (172902)
Цудоўная вясёлка (161089)
Размалёўка: домік (154501)
Маляванкі для маленькіх: машынка (152072)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (150933)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (150880)
Як назваць дзіця? (147752)
Тата, а ты папа? (141780)
Натуральны білінгвізм у дзетак (140499)

Каляды

Паказ калядных звычаяў 1. У сцэнічным варыянце 2. У вёсцы Сеніца.

Сцэнарый склалi намеснiк дырэктара па этнашколе Бярнарда Іванова i настаўнiца харэаграфiчнага фальклору Тамара Жураўлёва.
Выконвалi вучнi 7,8,9 класаў на розных пляцоўках ( 1 ) i ў вёсцы Сенiца ( 2 ) у 1998, 1999, 2000 гг. Пастаноўка Алены Сямiнскай.


1.

Дзеючыя асобы (калядны гурт): звяздар, завiтальнiк, каза, механоша, цыган, цыганка, лекар, хлопцы i дзяўчаты.

Гурт выходзiць i размяшчаецца на сцэне з песняй: "Учора з вячора".

Завiтальнiк. (Выходзячы наперад). Добры вечар у хату! Добры вечар гаспадарам! Дазвольце маёй кампанii разам з казлом павiншаваць вас са святам, развесялiць усю грамаду?!
Прывiтальная танец-песня "Шчодры вечар", аркестр

Механоша. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!Сардэчна вiтаем i ўсiх паздраўляем з Ражством Хрыстовым i зваротам сонейка да лета!
"На новае лета…" - паўтор a kapella апошняга куплета прывiтальнай

Цыган. Я - цыган багаты! У мяне ў адным кармане вош на аркане, а ў другiм блыха на цапе!

Цыганка. Я - цыганка маладая, я цыганка непрастая - умею варажыць! Пакажы, барын, ручку, палажы грошай кучку - усю праўду скажу, усю iсцiную!
Варожыць, збiрае грошы, танцуе, да яе далучаецца цыган.

Цыган. Пацалуемся з табой, белая мая, як галавешачка! (Цалуюцца) Каму гадка, а нам з табою сладка!

Цыганка. Сенька, досыць табе мяне цалаваць, трэба лепей паскакаць!

Цыган. Музыкi! Мазурку нам сыграйце!
Удзельнiкi выконваюць танец "Мазурка", затым песню "Калiна-малiна",аркестр.

Дзяўчына. Ой, Лявонiха, Лявонiха мая - да чагож ты давяла! Маць апошнюю кароўку на бацiнкi прадала!
Выконваецца танец "Лявонiха", аркестр

Завiтальнiк i механоша. ( Разам ). Жадаем, пане-гаспадару - на полi капамi, на гумне - тарпамi, у таку - умалотам, у арудзе - спорам, у млыне - з прымолам, у дзяжы - з падыходам, у печы - з прыбыткам.

Увесь гурт. З добрым ужыткам!
"Го-го-го, каза, го-го-го, шэрая" - карагод-песня, выконваюць усе ўдзельнiкi, аркестр.
Каза таньчыць i раптам падае на падлогу. Усе яе абступаюць.


Механоша. Каза шуткi прытварыла: абмахнулася, упала. Людзi добрыя, а цi ёсць тут сярод вас урач-лекар казу вылечыць? Цi змяя яе укусiла, цi чэмер прыстаў? Лекара! Усе. Лекара!

Лекар. Я лекар! Галоўны аптэкар - кароў лячу, корпiю ўстаўляю, людзей на той свет адпраўляю!( Аглядае казу.) I штож каза-хворая жадае, каб яна ўстала?

Каза. Павесялiце мяне, можа i палепшае!
Удзельнiкi выконваюць танец "Прасцяк", аркестр.

Каза. Няхай хто песню заспявае, то можа мне i палягчае!
Выконваецца песня, аркестр.

Каза. А пакажыце яшчэ, як у вас пад Менскам скачуць на вечарынах!
Выконваецца танцавальная кампазiцыя "Менскi вячор", аркестр. Каза ўстае, танцуе разам з усімі, але пасля таго, як танец заканчваецца, зноў падае на падлогу, ляжыць i не устае

Цыган. Ой, што ж з табой, наша казюленька? Каза ўпала, здохла, ператанцавала! Нясі, гаспадар, сала, каб наша козачка ўстала!.

Лекар. Гаспадар! Блiны на стол стаў, каб наш казёл устаў!

Усе ўдзельнiкi выпрошваюць каляду, кажучы па чарзе:
- давай, баба, каўбасу, а то хату растрасу
- пахадзi каля печкi, пашукай нам перапечкi
- залезь, дзядзька, на драбiнку ды адрэж нам саланiнкi
- хадзi, цётка, каля кваскi, пашукай жа нам каўбаскi
- дай нам сала, не скупiся - каб ячмень твой урадзiўся!
Атрымаўшы каляду:

Завiтальнiк. Дабранач, гаспадару з гаспадыняю, дабранач! А не той, што нанач, а той, што на ўвесь век!

Усе па чарзе кажуць зычаннi, абсыпаючы гаспадароў зернем:
- святкуем калядкi - лавiце зярняткi! Лавiце рукой, каб добры быў настрой!
- Каб моцна грэла сонца - кiну ў аконца!
- Майце ўсяго даволi, а бяды - нiколi!
- Нiкога не хвалюйце - усiм цяпло даруйце!
- Здаровы бывайце - нас не забывайце ( разам )
Удзельнiкi выконваюць развiтальную песню "Будзь,Ваша, здароў, як рыжык бароў",аркестр. З развiтальнай песняй гурт адыходзiць.

2.

Дзеючыя асобы ( калядны гурт ):
Звяздар, завітальнік, каза, механоша, цыган, цыганка, хлопцы, дзяўчаты, гарманіст.

Калядны гурт падыходзіць да парога хаты,іграе музыка, завітальнік выходзіць наперад.

Завітальнік. Добры вечар у хату! Добры вечар добрым людзям! Ці дазволіце маёй кампаніі разам з казлом павіншаваць вас са святам, развесяліць усю грамаду?
Пасля атрымання дазволу ўсе ўваходзяць і спяваюць прывітальную "Добры вечар вам, шчодры вечар"

Механоша. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!Сардэчна ўсіх вітаем і паздраўляем з Ражством Хрыстовым, Новым годам і зваротам сонейка на лета.
Удзельнікі выконваюць песню "На новае лета"

Цыган.(Выходзячы наперад). Я цыган багаты - у мяне ў адным кармане вош на аркане, а ў другім - блыха на цапе!

Цыганка. Я цыганка маладая, я цыганка не прастая - умею варажыць! (Падыходзіць да гаспадара хаты.) Пакажы, барын, ручку! Палажы грошай кучку - усю праўду скажу, усю ісцінную! (Варожыць.Танцуе,да яе далучаецца цыган).

Цыган. Гэй, музыкі, "цыганачку" нам сыграйце. Танцуюць разам.

Завітальнік з механошам. Жадаем, пане гаспадару, на полі - капамі, на гумне - тарпамі, у таку - умалотам, у арудзе - спорам, у млыне - з прымолам, у дзяжы - з падыходам, у печы - з прыбыткам!

Увесь гурт. З добрым ужыткам!
Карагод "Го-го-го, каза,го-го-го, шэра" Каза падае на падлогу.

Механоша. Каза шуткі прытварыла - абмахнулася, упала! Людзі добрыя, ці ёсць сярод вас лекар, каб казу вылечыць? Ці змяя яе укусіла, ці чэмер прыстаў?

Усе. Лекара, лекара!

Лекар. Я - лекар! Галоўны аптэкар: кароў лячу, корпію ўстаўляю, людзей на той свет адпраўляю. Аглядае казу. А штоб каза-хворая пажадала, каб яна ўстала?

Каза. мэ -э-э-э! ( Ляжыць.)

Лекар.Гаспадар, бліны на стол стаў, каб наш казёл устаў!

Выпрошванні каляды ( па чарзе):
- давай, баба, каўбасу, а то хату растрасу
- пахадзі каля печкі, пашукай нам перапечкі
- хадзі, цётка, каля кваскі - пашукай жа нам каўбаскі
- залезь,дзядзька, на драбінку ды адрэж нам саланінкі
- дай нам сала, не скупіся, каб ячмень твой урадзіўся!

Атрымаўшы каляду:
Завітальнік. Дабранач, гаспадар з гаспадыняй, дабранач! А не той, што нанач, а той, што на ўвесь век!

Зычанні( па чарзе):
- святкуем калядкі - лавіце зярняткі
- лавіце рукой, каб добры быў настрой
- каб моцна грэла сонца - кіну ў аконца
- майце ўсяго даволі, а бяды - ніколі
- нікога не хвалюйце - усім цяпло даруйце
- здаровы бывайце - нас не забывайце!

Гурт з песняй адыходзіць ( развітальная песня "Ішла каляда" або "Будзь, Ваша, здароў")


     

Глядзіце таксама

Каляды (каб хадзіць па хатах)
Калядныя выцінанкі

Цэтлікі (тэгі)

| божае нараджэнне (каляды) | | беларускія народныя святы | | святы |


julcik, 3.12.06 23:12

Адзнакі: 4.00/5.00 [1]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map