Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (174374)
Беларускія імёны (172531)
Цудоўная вясёлка (159423)
Размалёўка: домік (153133)
Маляванкі для маленькіх: машынка (150608)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (150598)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (150584)
Як назваць дзіця? (147474)
Тата, а ты папа? (141505)
Натуральны білінгвізм у дзетак (140243)

Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі

3 даўніх часоў Сонцу як адзінай крыніцы цяпла і жыцця на Зямлі розныя народы надавалі пэўнае значэнне: па сонцу звяралі час, да яго поўнага кругавароту вакол Зямлі прымяркоўвалі гадавыя календары, а ў нашых продкаў-язычнікаў сонейка ўвогуле ўшаноўвалася, як адно з галоўных бостваў.
У язычніцкай рэлігіі вярхоўным Богам лічыўся Сварог - Бог неба, а яго дзеці, што былі стаўленікамі паміж людзьмі і Богам-бацькам, называліся сварожычы: Сонца альбо Даждзьбог, а таксама Хорс - сонечны агонь і Пярун - маланкавы агонь.
Перыяду зімовага сонцастаяння надавалася значэнне часу, калі пачынаў адраджацца на новы віток жыцця Бог-Сонца. I сапраўды, з гэтага часу павялічваўся дзень, сонейка з кожным днём усё вышэй падымалася над гарызонтам, што набліжала вясенняе цяпло і адраджэнне зямной прыроды і чаго чакалі з вялікай надзеяй славяне-земляробы. У гонар адраджэння Бога-Сонца ў народзе праводзіліся шматлікія ўрачыстасці і святкаванні, якія ў славян замацаваліся пад агульнаю назвай - Каляды.
Дарэчы, на Беларусі па афіцыйным календары ў залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў з 24 снежня па 6 студзеня і ў праваслаўных вернікаў з 6 па 21 студзеня. Але ж язычніцкія Каляды не мелі дачынення ні да католікаў, ні да праваслаўных. Падобнае разыходжанне ў датах святкавання звязана з гісторыяй рэлігіі ў нашым краі. Хрысціянства на працягу апошняга тысячагоддзя, вельмі актыўна выцясняючы язычніцкія традыцыі са свядомасці беларусаў, дабілася забароны іх на дзяржаўным узроўні. У такім выпадку Каляды як свята прадаўжалі функцыяніраваць у простанародным асяродку, і паступова, з узмацненнем пазіцый хрысціянства, дата іх святкавання прымяркоўвалася народам да календароў гэтых хрысціянскіх канфесій, у якіх на дні зімовага сонцастаяння прыпадае нараджэнне Ісуса Хрыста.
Язычніцкія калядныя святкаванні добра захаваліся да сёння і актыўна бытуюць у многіх беларускіх вёсачках і гарадах. Нягледзячы на тое, што пазней на гэтае свята наклала свой адбітак хрысціянства, у народным жыцці Каляды не страцілі свайго значэння і сэнсу. У многіх калядных песнях даволі часта можна пачуць такія матывы:

...Ражство - Калядам прыхажство,
Васілле - Калядам красілле,
Святое Крашчэнне - Калядам прашчэнне.


У іх вельмі выразна акрэслены час язычніцкіх Каляд і пазней супаўшых з імі хрысціянскіх свят - дня нараджэння Ісуса Хрыста, Васілія Вялікага і Хрышчэння Хрыстова. I хоць па часе правядзення язычніцкія Каляды і адзначаныя хрысціянскія святы супадаюць, але ў межах беларускай традыцыйнай зоны, нават нягледзячы на іх генетычную ўзаемасувязь, яны выразна скампанавалі ў сабе рознамэтавыя абрадавыя дзеянні і суправаджаючы іх фальклор, што і дало нам падставу разглядаць кожнае з такіх святкаванняў у асобным артыкуле.
24 снежня, а адпаведна сучасным датам святкаванне ў праваслаўных вернікаў - 6 студзеня, нашы продкі сустракалі Каляду, хутчэй за ўсё, Божую Маці Сонца. У каляднай абрадавай паэзіі яна надзяляецца рысамі вярхоўных Духаў і Багоў, якой нібыта служыць увесь касмаганічны свет:

Прыехала Каляда на белым кані.
Яе конічак - ясен месячык,
Яе дужачка - ясна зорачка,
Яе пужачка - ясна звёздачка,
Яе вазочак - з тоўстага лядку,
Яе кажушок - з белага сняжку.



У гонар Каляды ў кожнай хаце рабілі святую вячэру, на якой абавязковымі стравамі былі куцця і бліны, а ўвогуле на стол ставілі як мага больш страў, за што ў народзе гэты вечар называюць "вялікай куццёю". Уся ежа на першую куццю павінна была быць поснай, а калі і запраўлялі што, дык толькі канапляным або сланечнікавым алеем. Вячэраць пачыналі з узыходам на небе першай вячэрняй зоркі і абавязкова папярэдне запаліўшы на куце свечку і памаліўшыся Богу.
7 студзеня святкавалі Каляды. Святочныя застоллі праходзілі як у кругу сям'і, так і з запрашэннем у госці іншых сваякоў. Пасля доўгага перадкаляднага посту скаромная ежа на святочным стале і гарэлка ў пэўнай ступені падкрэслівалі ўрачыстасць застолля і яго значнасць. 3 гэтага ж дня, вечарам, пачыналі хадзіць калядоўшчыкі з абрадамі слаўлення і добрых зычэнняў гаспадарам і членам іх сямей. 3 незапамятных часоў хаджэнням калядоўшчыкаў і абыходам імі гаспадарчых падвор'яў у народзе надаецца магічны сэнс. Праз падобныя рытуалы, як лічылі нашы продкі, можна заручыцца падтрымкай Багоў на ўвесь будучы год. Калядоўшчыкі як бы выконвалі функцыянальную ролю пасрэднікаў паміж Богам і чалавекам. Услаўляючы таго ці іншага гаспадара, яны зычылі яму багацця, здароўя і дабрабыту:

Пане гаспадар, Бог цябе заве,
Бог цябе заве, дар табе дае:
Паруе валы ўсё палавыя,
Ўсё палавыя, ўсё вараныя.
Стайлуе коні на тры стайненькі,
А вараныя ды й на чатыры.
Шаруе стажкі ў тры шарачкі,
А пшанічныя ды й у чатыры.
Ў дар табе дае сям'ю роўнюю,
Ўсё маладую, ўсё пакорную.



Пасля кожнага куплета такой песні паўтараецца прыпеў: "Святы вечар!"
Усякі гаспадар імкнуўся шчодра надзяліць спевакоў за такія песні-зычэнні. Магчыма, што ў язычніцкія часы падарункі, якімі надзялялі гаспадары калядоўшчыкаў, у першую чаргу адрасаваліся вярхоўным і родавым боствам і Добрым Духам, і частку такіх ахвярапрынашэнняў тыя адносілі да месца пакланення Сварогу, Даждзьбогу, Перуну, Вялесу, Роду і іншым язычніцкім Багам. На такую думку наводзіць звычай, які захаваўся да нашых дзён на Палессі: грошы, што даюць людзі на Каляды, калядоўшчыкі адносяць "на ахвяраванне" у мясцовую царкву .
Паўсямесна калядоўшчыкі вадзілі з сабою "казу". Лічылася, што з дапамогай гэтай жывёлы можна выгнаць са двара "нячысцікаў", а таксама разлічваць у наступным годзе на добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і плённы здабытак ураджаю з сялянскай нівы, бо, як спяваецца ў песнях калядоўшчыкаў, "дзе каза ходзіць - там жыта родзіць, дзе каза хвастом - там жыта кустом, дзе каза нагой - там жыта капой, а дзе каза топ-топ - там жыта сем коп".
У большасці населеных пунктаў у "казу" ці "казла" пераапранаўся больш вёрткі і гаваркі хлопец, якому адзявалі вывернуты кажух і маску казы. Але паралельна такому звычаю ў некаторых вёсках рабілі чучала "казы" з саломы. Вось як апавядаюць пра такую "ляльку" старэйшыя жыхары вёскі Шапчыцы Старадарожскага раёна: "Бацька казла спляце з саломы: куль саломы падвяжыць, ды рогі сплятуць, ды хвост сплятуць, ды бубенчыкаў начапляюць на таго казла. I кажух яму такі падбяруць, цвет ці чорны, ці сівы, ці вот белы ўжо такі, але падбіраюць кажух, каб быў аднаго цвету". Такое чучала казы калядоўшчыкі насілі ў руках.
Больш вузкалакальнае значэнне на Беларусі маюць звычаі ваджэння калядоўшчыкамі мядзведзя, што характэрна для некаторых раёнаў Брэстчыны, і бусліка, што зафіксавана этнографамі і фалькларыстамі на Гомельшчыне.
Другая куцця адзначалася на шчодры вечар - 31 снежня (13 студзеня*), (* далей па тэксту ў дужках даюцца даты правядзення абрадаў і свят у праваслаўных хрысціян ) якраз пад Новы год. Гэта абрадавая вячэра вызначалася не толькі багаццем страў, але і вялікай колькасцю скаромнай ежы - смажанага і вэнджанага мяса, каўбас і іншых мясных прысмакаў, за што і называюць другую куццю шчодрай, мясной, ласай, тлустай, тоўстай, багатай і г. д. Сама ж куцця таксама падавалася на стол з маслам або мясам. Увесь наступны тыдзень калядоўшчыкі спявалі песні-шчадроўкі, якія мала чым адрозніваліся сюжэтыкай ад песень першага каляднага тыдня, але для іх характэрны прыпевы:

Шчодры вечар!
альбо
Добры вечар, шчодры вечар,
Усім людзям на ўвесь вечар!



5 (18) студзеня беларусы спраўлялі трэцюю куццю, якую называюць "поснай" або "водапуснай". У гэты ж вечар на куццю звалі мароза. Звычайна гаспадар адчыняў дзверы і праз парог тройчы клікаў: "Мароз, мароз, хадзі куццю есці". Пасля запрашэння ўсёй сям'ёй садзіліся вячэраць. Мароза імкнуліся задобрыць, каб ён не быў "сярдзіты", а палагоднеў і "сцішыў свой сярдзіты нораў". Калі на наступны дзень надвор'е было менш марознае ў параўнанні з папярэднім днём, лічылі, што марозу спадабаліся пачастункі гаспадароў. Да трэцяй куцці заканчваліся і хаджэнні калядоўшчыкаў.
У залежнасці ад мясцовых традыцый на гэту куццю ці зранку наступнага дня гаспадыня пякла бліны, а гаспадар з першым спечаным блінам ішоў адпісваць Каляды: над парогам хаты, над варотамі падворка, хлява, пуні і іншых пабудоў "ставіў" мелам крыжыкі. Увогуле ж апошнім калядным днём у нашым краі лічыцца 21 студзеня, калі амаль паўсямесна адзначаюцца Провады Каляд.
Беларускі селянін, з яго клопатамі аб будучым ураджаі, багацці і дабрабыце ўласнай гаспадаркі і здароўі членаў сям'і і роду, прымяркоўваў да гэтага свята шматлікія магічныя дзеянні і закліканні да Багоў і Добрых Духаў з надзеяй, што яны будуць садзейнічаць яму ў паўсядзённых справах. Перш-наперш да Каляд прыносілі ў ахвяру Багам і Духам жывёлу: рэзалі свіней, птушку - "пускалі кроў". На святочным стале на першы калядны дзень абавязкова стаяла засмажаная галава такой ахвяры. Гэты звычай хоць і страціў у этнічнай памяці сваё першапачатковае значэнне, але па часе строга захаваўся да нашых дзён.
На ўсе тры калядныя вячэры пяклі бліны. Прычым першы спечаны блін з кожнай вячэры (куцці) адкладваўся і захоўваўся да канца Каляд. Як расказваюць сяляне вёскі Баева Дубровенскага раёна, у апошні дзень Каляд гаспадыня зранку "скармлівала" гэтыя бліны жывёле і птушцы: "Даёш на ташчак карові адзін блін, аўцам ламаеш, каб было па два кусочка каждаму, а курям даёш уже мелкімі кусочкамі. ...Карові адзін блін, штоб аднаго цяляці дала, авцы, штоб двое акаціла ягнятак, а курям многа кусочкаў, штоб многа яічак няслі".
На працягу ўсіх Каляд беларускія дзяўчаты гадалі аб будучым замужжы і сваёй долі. Напрыклад, на Старадарожчыне дзяўчаты кідалі сабаку калядныя аладкі, чыю аладку сабака першай з'ядаў, той, лічылі, і пашанцуе першай сярод сябровак выйсці замуж. Перапісвалі таксама на паперку ўсіх хлопцаў, "якіх мела на прымеце дзяўчына", і такую бумажку клалі на ноч пад падушку. Верылі, той, хто прысніцца дзяўчыне ноччу, будзе яе "суджаны". На Рагачоўшчыне ў пераднавагоднюю ноч дзяўчына лажылася спаць, не разуваючы адну нагу. Пры гэтым прыгаварвала: "Хто прыйдзе маю нагу разуваць, з тым век векаваць!" Калі ж ноччу яна бачыла ў сне, што яе "разувае" хлопец, "то гэта яна бачыла свайго суджанага". Многія гаданні заснаваны на значэнні парных або няпарных лікаў: раніцай дзяўчаты прыносілі ў хату дровы і лічылі, колькі іх, абхоплівалі рукамі агароджу ў двары і таксама лічылі "шчакеціны" - калі пры падліку атрымліваўся парны лік, гэта прадказвала, што і дзяўчына на працягу года будзе ў пары.
Калядныя вечары вызначаліся яшчэ ігрышчамі і вячоркамі, на якія збіралася ў асноўным моладзь. Нярэдка пачынальнікамі калядных ігрышчаў і вячорак былі самі калядоўшчыкі, якія, закончыўшы абход гаспадарчых падворкаў у сваёй ці суседняй вёсцы, збіраліся ў адну з хат, дзе спачатку рабілі застолле, а пасля танцавалі, вадзілі калядныя карагоды, праводзілі розныя розыгрышы і гульні. Шырока вядома ў нашым краі калядная гульня "Жаніцьба Цярэшкі", арэол бытавання якой на сёння вызначаецца раёнамі паўночнай Міншчыны і паўднёва-заходняй Віцебшчыны. Такая гульня была скіравана на тое, каб спараваць і пазнаёміць паміж сабою дашлюбную моладзь.
На калядных ігрышчах і вячорках гучала вельмі многа песень, прыпевак, загадак, жартаў, напоўненых дасціпным народным гумарам і вымыслам.
Па надвор'і калядных дзён меркавалі, які чакае селяніна год. Калі куцця зварылася добра і была смачнай, гаварылі, што будзе добры ўраджай жыта. Яркае і зорнае неба вечарам на першую і другую куццю абяцала, што ў лесе будзе многа грыбоў, на полі "добры ўмалот", а ў хляве добры прыплод жывёлы. Завіруха ў калядныя вечары ("на куццю") прадказвала пчалярам добрае раенне пчол і багаты мёдазбор. У Крупскім раёне яшчэ зазначаюць: калі багатая Каляда (другая куцця) прыпадае на посны дзень (серада, пятніца), то год будзе багаты.

На Каляды дзеўкі рады, хлопцы семак прынясуць.
Калядкі добрыя святкі: наеўся, напіўся, ды й на палаткі.
Надышлі Калядкі, бліны ды аладкі.
Калі Калядкі, рабі сам і парадкі.
Прыйшлі Калядкі - гаспадарам парадкі.
Як тыдзень да Каляд - пан чэлядзі не рад.
Каляды - хрысціяне (славяне) рады.
Хто перад Калядамі жывёлу добра даглядае, той перад Вялікаднём за хвост не падымае.
Калі ў Калядніцу сабакі будуць завываць, дык к вясне людзі будуць паміраць.
На Каляды ўночы трашчыць, а ўдзень плюшчыць.
Прыйшлі Святкі-апалі лісткі (пра каляндар).

ОЙ, ШУМІЦЬ, ГУДЗЕ...

Калядная.

Ой, шуміць, гудзе,
Пчаліная матка йдзе.
Ой, Каледо,
Пчаліная матка йдзе.

Пчаліная матка йдзе,
Роячкі вядзе,
Ой, Каледо,
Роячкі вядзе.

Садзіцеся, роячкі,
На новуй вярбе.
Ой, Каледо,
На новуй вярбе.

А я старая
Сяду на старой.
Ой, Каледо,
Сяду на старой.

Да насіце, роячкі,
Медкі саладкі.
Ой, Каледо,
Медкі саладкі.

А я старая
Жоўтыя васкі.
Ой, Каледо,
Жоўтыя васкі.

Тыя васкі
Богу на свечкі
Ой, Каледо,
Богу на свечкі.



ДОБРЫ ВЕЧАР ТАМУ...

Калядная, гаспадару.

Добры вечар таму,
Хто ў етым даму.

П р ы п е ў: Святы вечар!
Хто ў етым даму*.

А ў етым даму
Сам пан-гаспадар.

Сам пан-гаспадар
На куце сядзіць.

На куце сядзіць
Калітку дзяржыць.

Калітку дзяржыць,
Грошыкі лічыць.

Грошыкі лічыць,
Шчадрушак дарыць.

Дарыце, дарыце,
Да нас ні пазніця.

Да кароткія світкі,
Да памерзлі лыткі.



* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага куплета з паўторам апошняга радка.

ЕХАЛА КАЛЯДА...

Калядная, гаспадару, які нядаўна ажаніўся.

Ехала Каляда
3 канца ў канец.
Заехала Каляда
К Мішэчку.
Мішэчка, а хадзяін,
Дай калядзіцы:
Пуд пушаніцы,
Хлеба буханку,
Мяса лапатку,
Парасят з хвастом,
Кілбас з шастом.
Вота Каляда
За сваю Ніначку.



А МАРОЗЫ ТРАШЧАЦЬ...

Калядная, хлопцу.

А марозы трашчаць,
Да варота скрыпяць.

П р ы п е ў: Святый вечар,
Да варота скрыпяць*.

- Чаму ў цябе, Валодзька**,
Да кажушка німа?

- Нашто мне кажух,
Калі ў мяне Леначка***.

- Яна спацее,
- Мяне сагрэе.


* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага куплета з паўторам апошняга радка.
** Называецца імя хлопца, якому калядоўшчыкі спявалі.
*** Называецца імя дзяўчыны, з якой кахаецца хлопец.


ОЙ, РАНА, РАНА...

Калядная, дзяўчыне.

Ой, рана, рана
Зоры заззялі.
П р ы п е ў: Святы вечар
Добрым людзям*!
Ні раней таго
Ганначка ўстала.

Па двару хадзіла -
Ўвесь двор красіла.
Ступіла на гані -
Гані заззялі.

Ступіла на парог -
Тры сталы стаяць.

Тры сталы стаяць,
Баяры сідзяць.

Баяры сідзяць,
Кубкі наліваюць.

Кубкі наліваюць,
Ганначку ўсхваляюць.



* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага куплета

Святое Ражство - радасць прынясло


Ражство Хрыстова (Дзень нараджэння Ісуса Хрыста) - хрысціянскае свята, якое прыпадае на 25 снежня. Але ў календарах каталіцкай і праваслаўнай канфесій гэта дата азначае не адзін і той жа дзень. У католікаў яна адназначна адпавядае сучаснаму афіцыйнаму календару, а ў праваслаўных вернікаў - дню 7 студзеня. Вытокі падобнай з'явы звязаны з гісторыяй нашага краю. Беларусь, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, адначасова апынулася і на мяжы сутыкнення дзвюх хрысціянскіх плыней: каталіцкай, якая распаўсюджвалася на нашу краіну праз Еўропу, і праваслаўнай, што прыйшла да нас з Візантыйскай імперыі і ў 989 годзе была падтрымана і ўведзена на Старажытнай Русі кіеўскім князем Уладзімірам.
Як вядома, хрысціянскі свет амаль што на пачатку свайго ўтварэння вёў летазлічэнне па юліянскім календары, у якім Ражство Хрыстова вызначалася апошнім днём зімовага сонцастаяння, а Новы год пачынаўся на сёмы дзень пасля нараджэння Ісуса Хрыста. Гэты каляндар увёў у 46 годзе да нашай эры рымскі імператар Юлій Цэзар. Юліянскі каляндар, якому суджана было пачынаць летазлічэнне нашай эпохі, на жаль, быў не зусім дакладны ў падліку часу, у выніку чаго да сярэдзіны XVI стагоддзя каляндарныя дні адставалі ад астранамічнага года на 13 дзён. Таму ў 1582 годзе Папа рымскі Грыгорый XII, адкуль і паходзіць назва - грыгарыянскі каляндар, правёў рэформу календара адпаведна ўдакладненых астранамічных звестак. Гэты ж каляндар па загаду Вялікага Літоўскага князя і Польскага караля Стэфана Баторыя ў 1584 годзе быў уведзены на ўсёй тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, у складзе якога былі і беларускія землі.
Праваслаўная ж царква не падтрымала падобнай рэформы календара і па-ранейшаму прытрымлівалася летазлічэння старога стылю. 3 канца XVIII стагоддзя, калі Беларусь была далучана да Расіі, падобнае летазлічэнне было афіцыйна ўведзена і на нашых землях. I хоць у 1918 годзе адміністрацыйнымі коламі ў Савецкай краіне была праведзена рэформа календара адпаведна еўрапейскай, праваслаўнае крыло хрысціянства ў гэтым пытанні засталося да цяперашняга часу на старых дзедаўскіх пазіцыях. Таму і сёння даты каталіцкага, як і афіцыйнага ў нашай краіне, і праваслаўнага календароў не супадаюць і маюць розніцу ў 13 дзён.
Паводле хрысціянскіх паданняў, Ісус Хрыстос нарадзіўся ў горадзе Віфлееме недалёка ад Іерусаліма ў сям'і цесляра Іосіфа і прасвятой Дзевы Марыі, якія жылі ў горадзе Назарэце на поўначы Ізраіля. У той час Рымскі імператар Аўгуст загадаў правесці перапіс насельніцтва на ўсіх падначаленых яму землях. Згодна з тагачаснымі традыцыямі народныя перапісы вяліся па плямёнах і родах, непасрэдна ў тых населеных пунктах, адкуль былі выхадцы таго ці іншага роду. Паколькі "праведны Іосіф" і "прасвятая Марыя" паходзілі ад рода цара Давіда, яны павінны былі ісці ў горад сваіх прадзедаў - Віфлеем, каб унесці свае імёны ў спісы падначаленых імператара. Але калі яны прыйшлі туды, знайсці дзе-небудзь месца для пражывання ім не ўдалося, паколькі горад быў перапоўнены такімі ж прышэльцамі, як і яны. Таму Іосіф з Марыяй уладкаваліся на начлег за горадам у выкапнёвай пячэры, у якой утрымлівалі жывёлу. У гэту ж ноч прасвятая Марыя нарадзіла хлопчыка, якога сама спавіла і паклала ў яслі - месца, прызначанае для корму жывёлы, дзе Богачалавек і правёў першую ноч.
Нараджэнне Ісуса Хрыста было азначана падзеямі, якія абвясцілі свету аб яго з'яўленні. Першымі даведаліся аб гэтым пастухі, якія сцераглі ноччу на загарадных лугах жывёлу ад драпежных звяроў.
Да іх нібыта з'явіўся Божы Анёл са словамі: "Не палохайцеся, я абвяшчаю Вам вялікую радасць, якая будзе радасцю і ўсім людзям. Сёння нарадзіўся ў горадзе Давідавым Спасіцель, які ёсць Хрыстос Гасподні. I вось Вам знак: Вы знойдзеце дзіця ў пялёнках, якое ляжыць у яслях". Адначасова ў небе з'явілася вялікая колькасць светлых Анёлаў, якія ўхвалялі Бога песнямі. Пастухі, напалоханыя і здзіўленыя такой весткай з нябёс, першымі знайшлі Сына Гасподняга ў яслях і нізка пакланіліся яму.
Акрамя віфлеемскіх пастухоў, аб нараджэнні Ісуса Хрыста ў гэту ноч даведаліся ўсходнія астролагі - "волхвы", якія ўбачылі ў небе на ўсходзе незвычайна яркую зорку. Зорка, на думку мудрацоў, абвяшчала, што нарадзіўся Цар усяго свету. Таму яны тэрмінова паспяшаліся ў Іерусалім, з боку якога відаць быў свет зоркі-прадказальніцы. Прыйшоўшы ў горад, усходнія мудрацы распытвалі гараджан: "Дзе нарадзіўся Цар Іудзейскі? Мы бачылі яго зорку на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца яму". У той час Іерусалімам правіў цар Ірад, які, пачуўшы такую вестку, рашыў загубіць Божага Сына, баючыся, што той зойме яго прастол. Ён паклікаў да сябе "волхваў", даведаўся ў іх пра час з'яўлення зоркі і папрасіў, каб яны, знайшоўшы Божае дзіця, расказалі яму аб яго месцазнаходжанні. Па дарозе з Іерусаліма перад мудрацамі на небе з'явілася тая ж зорка, якую яны бачылі напярэдадні. Яна "ішла перад імі", указваючы шлях мудрацам, і "спынілася над тым месцам", дзе нарадзіўся Сын Божы. Усходнія "волхвы", а іх было трое, нізка пакланіліся Ісусу Хрысту і даравалі яго золатам, ліванам і смірнай. Тады ж перад зваротнай дарогай Ангел Божы параіў ім вяртацца дадому, не заходзячы ў Іерусалім, што яны і зрабілі. Разгневаны ж цар Ірад даў загад воінам загубіць у Віфлееме і яго ваколіцах усіх дзяцей ад нараджэння і да двухгадовага ўзросту. Так былі загублены дзесяткі нявінных дзіцячых душ. Іудзейскі цар спадзяваўся, што сярод забітых ёсць і той, каго ён так баяўся. Аднак воіны не даўмеліся заглянуць у пячору, куды сяляне заганялі жывёлу. Пазней Іосіф і Марыя з Божым дзіцём перабраліся ў Егіпет, дзе пражывалі да смерці цара Ірада.
Народныя раждзественскія рытуалы на Беларусі ў многім упадабляліся каляднай абраднасці і праводзіліся ў асноўным па сцэнарыю язычніцкіх Калядак, але ў аснову іх тэматыкі і атрыбутыкі пакладзены сюжэты вышэйапісаных хрысціянскіх паданняў.
Святкаванне Ражства Хрыстова ў народзе пачынаецца 24 снежня (6 студзеня) з усходам першай вячэрняй зоркі, якая нібыта абвяшчае ўсяму свету аб часе нараджэння Сына Божага. Са з'яўленнем такой зоркі ў хрысціянскіх вернікаў заканчваецца піліпаўскі пост і пачынаецца "рождественский сочельник", як называе праваслаўнае духавенства гэты вечар. Перад абразамі запальваюць свечкі, моляцца Богу і ўсёй сям'ёй вячэраюць.
На наступны дзень вечарам, падобна калядоўшчыкам, пачынаюць хадзіць звездары. Першапачаткова (прыкладна да XVII стагоддзя) гэты рытуал выконвалі мясцовыя прычты, якія абыходзілі хаты сваіх прыхажан з маленнямі і духоўнымі песнямі і віншавалі іх з Ражством Хрыстовым. Звездары насілі з сабою васьміражковую (радзей пяці-, сяміражковую) зорку ("звязду"), як сімвал віфлеемскай зоркі, што абвясціла людзям аб нараджэнні Сына Божага. Вось як, напрыклад, выглядала такая зорка ў вёсцы Урэчча Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці: "...іконка ўсярёдку, а тут звязда, круглая такая, бальшая, а ў сярёдку - іконачка: Божая Мацер ілі Ісус Хрыстос. Перад іконкай свечачкі гарелі - трі. Так, як ідзём па дарозе, не гаряць, а як ужо ў дваре, запалім трі свечачкі перад іконкай. Сама звязда красівая, з разнымі ўкрашэннямі. Рагі яе лентамі ўкрашалі. Іконачка тая ўсігда ў нас хранілася, а звязду каждый год новую дзелалі". Звязда рабілася параўнальна вялікая - у дыяметры больш метра. Яе замацоўвалі на двухметровай жэрдцы і насілі, падняўшы над сабою. Звездары, як і ў царкве ў гэты дзень, спявалі: "Раждзяство твае, Хрысце - Божа наш, возсія міравы свет разума. У нём звёздам служашчые звездою учахуся, табе кланяціся - сонцу праўды і цебе відзеці с высаты Вастока. Госпадзі, слава табе!" Гэты тэкст, напісаны царкоўнаславянскай мовай, узяты з хрысціянска-біблейскай літаратуры і быў пераняты звездарамі хутчэй за ўсё ад царкоўных прычтаў, пра хаджэнні якіх мы згадалі вышэй. Але ў песнятворчасці беларускіх звездароў ён атрымаў народную апрацоўку і мае іншыя варыянты. У вёсцы Гронава Чэрыкаўскага раёна яго спяваюць, напрыклад, так: "Раждзество Тваё, Хрысце - Божа наш. Ево сіяніе - свет разума, са звездою неба сіяюшчае. Радуйся, Марыя, радуйся, Красна Дзева, сына спавіла, які збавіў нас". У суседнім да Чэрыкаўскага Слаўгарадскім раёне гэта песня ўжо гучыць інакш: "Раждзество Твае, Хрысце - Божа наш. Неба з звяздою учахася, сонца сонцу кланілася. Радуйся, Марыя, прэсвятая Дзева!.." і далей віншавальнікі гавораць гаспадарам словамі: "Паздраўляем с Раждзяством!". У некаторых выпадках звездары пачыналі спяваць "пад вокнамі" з псалмаў, якія ў народзе называюць яшчэ "бажэственнымі песнямі".
Пасля такога царкоўна-ўрачыстага пачатку віншавання спяваліся і іншыя песні раждзественскага цыклу, у якіх перадаюцца падзеі тых дзён, калі з'явіўся на свет Ісус Хрыстос:

Нова радасць стала,
Яка не бывала,
Звязда ясна над вярцепам
Светла вассіяла.

Дзе Хрыстос радзіўся,
3 Дзевы ваплаціўся,
Как чалавек пеленаўся,
У Бога з'явіўся.

Ні ў царскуй палаце,
Ні ў багатуй хаце,
А ў вярцепе между скокі,
А ўсе будуць знаці...
або
Звізда ясна вассіяла

Да тром царам пуць указала.

Ой, нашые трые цары...
На каленцах прыпадалі.

На каленцах прыпадалі,
Йсуса Хрыста звелічалі...
Звездароў надзялялі рознымі пачастункамі: блінамі, пірагамі, салам, каўбасой, цукеркамі, грашыма і г. д. У кожнай хаце або на падворку ў заключэнне свайго абыходу звездары зычылі:
Наша звязда новага завета,

А хадзяйкі й хадзяіну на многая лета!


і спявалі гаспадарам "Многае лета" - агульнавядомы хрысціянскі гімн-пажаданне.
На Заходняй Беларусі, пераважна ў католікаў, такія абыходы хат у сваіх вёсках рабілі "тры каралі". Яніна Станіславаўна Супрун з вёскі Курчоўцы Воранаўскага раёна так расказвае пра гэты звычай: "Тры каралі ходзяць ад нараджэння Ісуса Хрыста і да свята Трох каралёў. Убіраюцца мушчыны ўтрох: адзін памажыцца чорным, другі бараду прычэпіць, трэцій бярэць кадзідла і злота. У касцёле само сабой адбываецца маленне, а па хатах ета ўжо ходзяць гэтыя тры каралі. ...Ну, тры каралі - гэта, як наш пан Езус нарадзіўся, а патом ужо етыя тры каралі сама першымі прышлі атведаць у гэту стаянку, у гэтый хлеў, дзе ён нарадзіўся. Яны і песні спяваюць: "Вэсола новіна, бо панна Марыя сповіла нам сына..." і "Прынеслі мы отто, меднэ кадзідло і злото". А іх ужо там кожны частуе, грошы дае ці што. Тры каралі гэта Каспель, Мэльхон і Бальтазар".
Раждзественскія песні, у аснове якіх ляжалі чыста хрысціянскія матывы і сюжэты, былі не адзінымі ў рэпертуары звездароў і трох каралёў.
У беларускім фальклоры многія калядныя песні на працягу апошняга тысячагоддзя, пад уздзеяннем актыўнай хрысціянізацыі народных мас, таксама падвергліся ў асобных выпадках пераасэнсаванню і фалькларызацыі пад новую рэлігію. У выніку на сёння бытуе цэлы пласт такіх песенных варыянтаў, дзе язычніцкія матывы цесна пераплецены з хрысціянскімі і якія спяваюць як калядоўшчыкі, так і звездары, і тры каралі.
У раждзественскія дні на плошчах, базарах і іншых мнагалюдных месцах выступалі самадзейныя артысты - батлеечнікі. Яны насілі з сабою двух-, трох'ярусную скрыню, якая па форме і размалёўцы напамінала хатку або царкву. У ёй з дапамогай лялек паказвалі спектаклі, пераважна на біблейскія тэмы: "Цар Ірад", "Антон з казой" і іншыя.
Да раждзественскіх дзён мясцовае духавенства імкнулася прымеркаваць і некаторыя народныя вераванні, якія здаўна звязваліся ва ўсходніх славян з Калядамі. У адным з апошніх нумароў "Літоўскіх епархіальных ведамасцей" за 1875 год можна прачытаць: "Аще Рождество Христово прилучится в неделю, то зима велика и снежна, а весна дождлива, жатва суха, осень ведрена, плод потребен, овцам плодовито...; аще Рождество Христово прилучится в понедельник, то зима добра и весна дождлива, лето ведрено, осень добра, потом будут дожди великие, обилия много" і г. д. 3 народных жа назіранняў найбольш пашыраны на Беларусі ўяўленні аб Ражстве як часе моцных маразоў і зімовых бур.
Свята Ражства Хрыстова на сёння набыло сусветны рэзананс. Яго радасна адзначаюць усе хрысціяне. У многіх краінах свету - Амерыцы, Англіі, Германіі, Італіі, Канадзе, Францыі і іншых раждзественскія святочныя дні адзначаюцца на працягу цэлага тыдня з вясёлымі карнаваламі, гульнямі, святочнымі канцэртамі, фестывалямі і традыцыйным абрадам віншавання блізкіх кожнаму з нас людзей.

Святое Ражство - людзям прыгажство.
Святое Раждзяство - радасць прынясло.
Раждзяство святоя - мароз удвоя.
Раждзественскі мароз добра ўкусіць (ушчыпне) за нос.



ЯВАР

Калядная, на Ражство.

Ой, Явар, Явар,
'Всокі да тонкі.

П р ы п е ў: Святы вечар!

'Всокі да тонкі,
Лістом шырокі.

На том Явары
Сакаля сядзіць.

Сакаля сядзіць,
Далеко глядзіць.

Ено ўвідзело
Шчуку і ў моры.

Шчуку і ў моры,
Купца ў дарозі:

- Гой, купчэ, купчэ,
Побратаймосо.

3 тваіх костачак
Сагном абруча.

3 майго пер'ейка
Й абкладайненько.

Ўжо ж мы песенку
Да й дапеваём.

3 святым Ражаством
Паздараўляем!

Святэ Ражаство -
Радасць прынясло.

Свято Крашчэнне -
Воду свяціло.

Воду свяціло -
На свет пусціло.

Далей гавораць словамі:
Паздраўляем с праздніком,
3 святым Ражаством!



ОЙ, НА РЫДАНІ ЦІХА ВАДА СТАЯЛА...

Калядная, на Ражство.

Ой, на рыдані ціха вада стаяла,
Ой, там Прачыста свайго сына купала.

Ой, там Прачыста свайго сына купала,
Ой, іскупаўшы, ў срэбны човен паклала.

Ой, іскупаўшы, ў срэбны човен паклала,
Ой, а паклаўшы, ў сіня мора пусціла.

Ой, на ўсход сонца прыехалі тры цары,
Ой, тыя цары даравалі тры дары.

Ой, першы цар да кітаячку дараваў,
Ой, а другі цар усё золатам да срабром.

Ой, другій жа цар усё золатам да срабром,
Ой, трэці цар ўсё цвяточкам дараваў.

То ж не цвяточак, то ж Святое Раждзяство,
Ой, ўсяму свету, ўсяму міру радасно.




А Ў НАШАГА ПАНА...

Калядная, на Ражство.

А ў нашага пана
Двор гаражоны.

П р ы п е ў: Святы вечар*.

Двор гаражоны,
Да ўсе рожамі.

Што ў той рожы,
Прачыста дзева.

Прачыста дзева
Дзіва дзівіла.

Дзіва дзівіла.
Сына радзіла.

Прыйшоў да яе
Да й сам Гасподзь.

- Прашу, Госпадзі
К сабе на 'бед.

- К твайму абеду
Сам трэці прыду.

Адпраўлю Пятра
Сталоў засцілаць.

Святога Іллю
Кубкаў наліваць.

Як кубка наліў,
Галоўку схіліў.

Галоўку схіліў,
Слёзачку ўраніў.

Дзе сляза ўпала,
Там царква стала.

Што ў той царкве?
Прыстолы стаяць.

Прыстолы стаяць,
Свечачкі гараць.

Свечачкі гараць,
Ды й Бога славяць.

Далей гавораць словамі:
Паздраўляем з Новым годам!
3 новым шчасцем!



* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага куплета.

СВЯТЫЯ ВЕЧАРЫ...

Калядная, на Ражство.

- Святыя вечары,
Дзе ў Бога былі?

П р ы п е ў: Святы вечар*.

Дзе ў Бога былі?
- Цэркву рабілі.

Цэркву рабілі
С трамі вокнамі.

С трамі вокнамі,
3 двамі дзвярамі.

Ў перва вакенца
Месяц засіяў.

Ў друго вакенца
Сонейка ўзышло.

Ў трэцця вакенца
Голуб уляцеў.

Голуб уляцеў
Слёзачку ўраніў.

3 тые слёзачкі
Плылі рэчачкі.

Што ў той рэчачцы
Сам Гасподзь купаўсь.

Сам Гасподзь купаўсь,
Ў рызы адзяваўсь.

Ў рызы адзяваўсь
3 Ісусам Хрыстом.

3 Ісусам Хрыстом,
3 святым Ражаством.



* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага куплета.

А Ў КАНЦЫ СЯЛА ВЯРБА СТАЯЛА...

Калядная, на Ражство.

А ў канцы сяла вярба стаяла.

П р ы п е ў: Ой, Каляды - святыя вечары*.

На той вярбіне свечы гарелі.
Капелька спала - речачка стала.
А ў той речачцы сам Бог купаўся,
Сам Бог купаўся - апосталам стаўся.
Первый апостал - свято Ражаство,
Другій апостал - святый Новый год,
Трэці апостал - свято Хрышчэнне.
Свято Ражаство - каўбас прынясло,
Святый Новый год - сватоў насіла,
Свято Хрышчэнне - будзе й вяселле.



* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага куплета.

На новае лета хай родзіцца жыта


Новы год - народнае свята, якім сустракаюць пачатак каляндарнага года. Адзначаецца яно з вечара 31 снежня па 1 студзеня. У хрысціянскай рэлігіі на 1 студзеня па старым стылі прыпадае таксама дзень памяці архіепіскапа Кесарыі Каппадакійскай, свяціцеля Васілія Вялікага, які ў народзе называецца Васілле. Падобная назва ў беларускім фальклоры нярэдка асацыіруецца са значэннем навагодняга свята.
Навагоднія ўрачыстасці маюць у беларусаў сваю гісторыю. У дахрысціянскую эпоху нашы продкі святкавалі Новы год з 1 сакавіка па летазлічэнні ад стварэння свету. Пачатак вясны пачынаў і земляробчы год селяніна, пачынаўся новы працоўны віток жыцця. Традыцыя пачатку Новага года ад вясны мела ў народзе даволі трывалыя і моцныя карані. Нават з прыняццем хрысціянства у простанародным асяродку продкі беларусаў, як зазначае адзін з сучасных складальнікаў народнага календара, фалькларыст А. Ю. Лозка, "...новы год пачыналі не з 1 верасня, як у Візантыі, і не з 1 студзеня, як у Рыме, а па сваёй старажытнай традыцыі - вясною, 1 сакавіка". Старажытныя навагоднія рытуалы былі звязаны з Гуканнем вясны і працягваліся больш месяца.
Мы, на жаль, не маем дакладных звестак, калі беларусы пачалі святкаванне Новага года зімою, адпаведна юліянскаму календару, які ўводзіўся ў Вялікім княстве Літоўскім адначасова з прыняццем на нашых землях хрысціянскай веры. Хутчэй за ўсё гэта адбылося недзе бліжэй да Сярэднявечча. Але дакладна вядома, што з увядзеннем у 1584 годзе ў Вялікім княстве Літоўскім грыгарыянскага календара Новы год у межах усёй дзяржавы адзначалі 1 студзеня. У той час сустрэча Новага года праходзіла ў кантэксце калядных святак. Гэта быў перыяд актыўнага хаджэння калядоўшчыкаў і звездароў і віншаванняў імі мясцовых жыхароў. Новае свята вельмі хутка было заўважана гэтымі каляднымі групамі і асіміліравана імі ў калядным фальклоры. У іх песнях і віншаваннях побач з каляднымі матывамі ўсё часцей знаходзяць прымяненне навагоднія пажаданні і зычэнні:

На Новае лета
Хай родзіцца жыта...
Жыта, пшаніца,
Усякая пашніца!
Жадаем табе,
Слаўны гаспадару,
Піва варыці,
Сынкоў жаніці,
Пасаг збіраці,
Дачок выдаваці...
або
...Мы цябе, гаспадар, не зневажаем,
А з Новым годам паздараўляем,
Шчасця-долі жадаем!


Па звестках Е. Р. Раманава, у Магілёўскай губерніі ў першы дзень Новага года па хатах хадзілі кучкі дзетак, якія, пераступаючы хатні парог, сыпалі з рукі зерне, прыгаворваючы: "Сею-сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю!". За падобнае віншаванне дзетак шчодра адорвалі з навагодняга стала.
Удала супадала з Новым годам і другая калядная куцця, калі на стол многа ставілі ўсялякіх прысмак. У народзе гавораць: "Як сустрэнеш Новы год, так будзеш жыць і ўсе астатнія дні ў гаду". I тут шчодрасць сямейнага застолля якраз была да месца, бо з гэтым асацыіраваліся багацце і дастатак у Новым годзе. 3 падобнай надзеяй праводзіўся і такі рытуал: раніцай у першы дзень Новага года кожны гаспадар абыходзіў хлеў, пуню, камору і іншыя збудаванні ў сваім падворку і ў кожным з іх рассыпаў жменяю ў розныя бакі жыта або ячмень ці авёс.
Навагодняе свята - гэта яшчэ і характэрная часавая мяжа, пераступаючы якую чалавек хацеў ведаць, што яго чакае ў будучым. Таму калядная варажба і гаданні, якія найбольш папулярнымі былі ў дашлюбнай моладзі, адпавядалі падобным жаданням.
У пачатку XIX стагоддзя, з далучэннем усёй тэрыторыі Беларусі да Расіі, навагодняе свята паступова пачало набываць у нашым краі больш канкрэтызаваны сэнс і значэнне па расійскаму ўзору. У Расіі святкаванне Новага года з 1 студзеня было ўведзена ў 1700 годзе спецыяльным загадам Пятра I, які ў сваю чаргу рабіў яго па еўрапейскім сцэнарыі, пасля першага падарожжа па еўрапейскіх краінах. Царскі загад патрабаваў: "...Впредь лета исчислять в Приказах и во всяких делах и крепостях писать с нынешняго Генваря с 1 числа от рождества Христова 1700 го-да. По большим проезжим и знатным улицам знатным людям и у домов нарочитых духовного и мирского чина перед воротами учинить некоторое украшение от дерев и ветвей сосновых, еловых, можжевеловых, против образов, каковы сделаны на Гостинном дворе, у нижней аптеки. В знак веселия, друг друга поздровлять с Новым годом и столетним веком, и учинить сие, когда на Большой Красной площади огненные потехи начнутся и стрельба будет". Практычна да савецкага перыяду так і адзначалася навагодняе свята ў багатых дамах і гарадах з вясёлымі карнаваламі, балмаскарадамі, стаўленнем ёлак і г. д. Але ў рабоча-сялянскім асяродку і на вёсцы па старадаўняй звычцы Новы год прадаўжалі сустракаць каляднымі рытуаламі і звычаямі.
У савецкі перыяд, калі ўвогуле народныя і царкоўныя традыцыі былі аб'яўлены афіцыйнымі ўладамі забабонамі і ў розных формах забараняліся ці пераасэнсоўваліся, сустрэча Новага года набыла статус дзяржаўнага і сямейнага свята.
У цяперашні час вечарам 31 снежня, а часам і на дзень-два раней, у кожнай сям'і ставяць ёлку. Яе ўпрыгожваюць цацкамі, лямпавымі гірляндамі, свечкамі, ватай, дожджыкам з бліскучай меднай ці алюмініевай фальгі або цэлафана з люстраным напыленнем. Ёлка, як вечназялёнае дрэва, сімвалізуе сабою вечнае жыццё, яго бясконцасць і неўміручасць.
На святочную вячэру, якая пачынаецца бліжэй да поўначы, збіраюцца ўсе члены сям'і, "каб быць разам увесь год". Такая традыцыя паходзіць з даўніх часоў. Па звестках П. В. Шэйна, у мінулым стагоддзі, нягледзячы на жорсткія законы патрыярхальнай сям'і, маладой жанчыне, якая была першы год замужам, нават дазвалялі ісці на пераднавагоднюю калядную вячэру да сваіх бацькоў.
Першыя тосты, якія гучаць на сямейным застоллі, адрасаваны добрымі ўспамінамі старому году. Як толькі гадзіннікі праб'юць дванаццаць гадзін ночы, падымаюць чаркі "за Новы год". На такіх застоллях добрай традыцыяй стала не толькі віншаваць адзін аднаго з Новым годам, але і абменьвацца недарагімі падарункамі-талісманамі. У тостах выказваюцца пажаданні на здзяйсненне асабістых жаданняў і мараў у новым годзе. Для дзяцей пад ёлку ў гэту ноч кладуць навагоднія падарункі - цукеркі, лялькі, цацкі, якія нібыта прыносіць Дзед Мароз.
У першы дзень новага года запрашаюць у госці іншых членаў рода, сяброў або ходзяць самі да іх "павіншаваць з Новым годам". На святочным застоллі спяваюць песні, танцуюць, весяляцца.
Навагоднія традыцыі сённяшняга дня ўключаюць некаторыя забароны: нельга спаць у навагодні вечар (пад час сустрэчы Новага года), бо будзеш хадзіць сонны ўвесь год; нельга сустракаць Новы год, не вярнуўшы каму-небудзь пазыку, бо цэлы год будзеш мець справу з даўгамі; да навагодняга вечара абавязкова трэба памірыцца з тым, каго ты пакрыўдзіў ці абразіў, бо ў новым годзе ад цябе "адвернуцца" многія з тваіх блізкіх і знаёмых, і іншыя.
У навагодні вечар у клубах, дамах і палацах культуры, інтэрнатах каля навагодняй ёлкі з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі праводзяцца навагоднія забаўляльна-гульнёвыя вечары з вясёлымі карнаваламі, маскарадамі, танцамі, розыгрышамі. На працягу навагодніх свят у школах і дзіцячых установах праходзяць ранішнікі, на якіх Дзед Мароз і Снягурка ў час розных гульняў і карагодаў з дзецьмі каля ёлкі раздаюць ім навагоднія падарункі.
Калі ўважліва прааналізаваць сучаснае навагодняе свята, то становіцца відавочным, што ўзнікла яно пераважна пад уплывам калядных традыцый (віншаванні, пажаданні, адорванні, вячоркі і г. д.) і ў мясцовай традыцыйнай сферы ўяўляе больш сугучны рэчаіснасці нашага часу, забаўляльна-гульнёвы і пацяшальны варыянт святкавання.

Святое Васілле - людзям красілле.
На Новы рок прыбудзе дня на зайчы скок.
На Новый год хавай скот.
Туманы на Васіля - будзе ўраджаю ўдвая.
Іней на Вісіля - будзе саломы больш, чым зерня.
На Новы год ясна - будзе ў гумне цясна.



Крыніца: Кніга "З крыніц спрадвечных" У.М. Сысоў
Мінск, "Вышэйшая школа", 1997 г.




     

Глядзіце таксама

Тэксты калядак
Як даўней святкавалі? – Бабуля распавядае

Цэтлікі (тэгі)

| божае нараджэнне (каляды) | | калядные песні (калядкі) | | беларускія народныя святы | | беларускія народныя песні | | зіма | | песні | | святы |


julcik, 1.10.06 16:03

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Kryscina
Свой чалавек


Зарэгістраваны: 23.03.2006
Артыкулы: 306
каментары: 22
Адкуль: Miensk
 Дададзена: 15.03.11 10:55  Загаловак паведамлення:
http://jivebelarus.net/our-heritage/belarusian-holidays-kaliady.html - Я. Сяменьчык - Беларускія святы: Каляды
Адзнакі: 0.00/5.00 [0]
 

Старонка 1 з 1.

Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map