Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (174630)
Беларускія імёны (172848)
Цудоўная вясёлка (161029)
Размалёўка: домік (154441)
Маляванкі для маленькіх: машынка (152020)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (150895)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (150841)
Як назваць дзіця? (147712)
Тата, а ты папа? (141739)
Натуральны білінгвізм у дзетак (140448)

Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць

           Мова развіваецца ў шчыльнай сувязі з развіццём грамадства.
           Роды і плямёны змагаліся міжсобку за выжыванне і мелі самыя разнастайныя спосабы камунікацыі ўнутры групы, але не лічылі патрэбным байкі баяць з чужакамі.
           З ростам прадукцыйнасці працы за пэўнымі тэрыторыямі замацоўваюцца адносна ўстойлівыя групы насельніцтва, узнікаюць народнасці, яны развіваюцца, вучацца, гандлююць між сабой і паступова выкрышталізоўваюцца мовы народнасцяў. З узнікненнем і пашырэннем пісьма пачынаецца фармаванне пісьмовых моваў, аднак не ва ўсіх народнасцяў.
           На змену народнасцям прыходзяць нацыі, але не заўсёды мовы народнасцяў становяцца нацыянальнымі. Часам яны робяцца толькі дыялектам той, а зрэдку ўтвараюць некалькі нацыянальных моваў. У гэтую эпоху паўстае пытанне пра адзіную норму літаратурнай мовы. У яе аснову кладзецца адзін з дыялектаў, звычайна дыялект палітычнага цэнтру і навакольных рэгіёнаў. Так, у аснову нормаў французскай літаратурнай мовы лёг дыялект вобласці Іль-дэ-Франс – Парыжа і яго ваколіцаў; у аснову англійскай мовы – дыялект Лондана і прылеглай тэрыторыі. Аднак, у некаторых народаў не было такога цэнтра (у немцаў, італьянцаў).
           Многія народы развіваліся ў нацыі, не маючы сваёй дзяржаўнасці, ва ўмовах нацыянальнага прыгнечання, таму фармаванне нацыянальнай мовы замаруджвалася. Так і фармаванне беларускай нацыянальнай мовы (як і большасці сусветных) праходзіла на мяжы 19 і 20 стагоддзяў. Асновай яе літаратурных нормаў сталі сярэднебеларускія гаворкі.
           Любая сучасная мова мае мноства варыянтаў: функцыйна-стылістычныя разнавіднасці (гутарковы і кніжныя стылі), дыялекты,
           Мова – найважнейшы сродак камунікацыяў, прылада фармавання і выяўлення думак і пачуццяў, яна з’яўляецца неабходным элементам пазнавальнай дзейнасці і проста прыносіць нам асалоду сваім гучаннем.
           Існуе еднасць мовы і мыслення, яны разам звязаныя з дзейнасцю цэнтральнай нервовай сістэмы і мозгу. Паміж мовай і мысленнем ёсць двухбаковыя стасункі: маўленчая дзейнасць парушаецца пры парушэнні дзейнасці мозгу. Мысленне здзяйсняецца ў моўнай форме, яно становіцца рэальнасцю, даступнай іншым і прыдатнай для захавання і перадачы дзякуючы мове. Мова непасрэдна ўздзейнічае на фармаванне мыслення (у тым ліку і ўнутранае маўленне).
           Адзінкі маўлення пры пэўных варунках могуць стаць фактам мовы, асабліва калі яны больш адпаведныя структуры мовы, яе сістэме. Гэта выразна выяўляецца падчас адраджэнскіх тэндэнцыяў у мове, якая вызваляецца ад асіміляцыйнага ўціску з боку іншай мовы. У беларускай мове падчас яе дзяржаўнасці (з 1990 г.) у маўленчай практыцы актыўна выкарыстоўваюцца адмысловыя заканамерныя беларускія словы на месцы штучных для яе былых усесаюзных стандартаў, напрыклад суразмоўца замест субяседнік, якое матывуецца ў беларускай мове словам бяседазастолле, выпіўка’, саманавучальнік на месцы самавучыцель, вернік замест веруючы ды падобныя.
           Храналагічна ў слоўнікавым складзе мовы можна вылучыць словы рознай ступені старажытнасці. Самы старажытны пласт лексікі ўсходнеславянскіх моваў складаюць індаеўрапеізмы – словы, супольныя для індаеўрапейскай сям’і моваў (індыйскіх, германскіх, раманскіх ды іншых); гэта словы асноўнага лексічнага фонду: маці, сын, брат, сястра, два, тры, пяць, новы і іншыя, якія бытуюць і ў сучасных еўрапейскіх мовах (нямецкай, англійскай, французскай, ды інш.).
           Другі, храналагічна пазнейшы пласт – праславянскія словы, якімі карысталіся ўсе славянскія плямёны ў ІІІ – ІІ ст. да н. э. – VІ ст. н. э. Напрыклад: адзін, белы, вада, воўк, жыць, зіма, золата, камень, лён, мора, муха.
           Трэці храналагічны пласт складаюць усходнеславянскія словы; яны ўзніклі пазней, пасля адасаблення ўсходніх славянаў ад паўднёвых і заходніх (VІ – ХІІІ ст.): дзевяноста, прысяга, рубель, служба, сорак, сям’я ды інш.
           Уласнабеларускімі можна лічыць словы, што пачалі ўзнікаць у ХІV ст. падчас фармавання беларускай народнасці, а затым беларускай нацыі, і тыя, што ўтвараюцца ў наш час, да прыкладу араты, будаваць, водгулле, вымова, выраб, жаданне, захапляцца, патрэба, пяшчотны, радовішча, свідравіна, частаваць, суразмоўца, падліковец, вайсковец.
           Разам з вядомымі ў мове словамі ўзнікаюць і новыя лексічныя адзінкі. Сярод іх – і самыя новыя (часам – адноўленыя), якія з’явіліся ў незалежнай Беларусі падчас яе нацыянальна-культурнага адраджэння (канец 80-х – 90-я гады): выведка, вядоўца, гатэлевы, дэшыфровец, імпрэза, каментар, кампутар, легкавік, летнік, лецішча, моўнік, мысляр, памежнік, пераслед, сумнеўны, сцэнар, эмацыйны і шмат іншых.
           Сярод новых ёсць і такія, што не сталі яшчэ здабыткам мовы, хоць і актыўна выкарыстоўваюцца ў маўленчай практыцы – неалагізмы. Яны ўзнікаюць рознымі шляхамі: паводле прадукцыйных словаўтваральных мадэляў (бізнэсовец, бягунка, аповед), праз пазычэнне з народных гаворак (нараджэнец, народзіны, слухаўка), а таксама з іншых моваў (амбасада, атачэнне, брокер, дэзадарант, імідж, спонсар, эколаг).
           Абнаўленне слоўніка адбываецца часта і ў варунках эмацыйна-экспрэсійных, асабліва гэта выразна праяўляецца ў г. зв. маладзёвым слэнгу.
           Беларускае пісьмо ўзнікла на аснове кірыліцы, якая выкарыстоўвалася да 17 ст. Побач з кірыліцай (з канца 17 ст.) ужывалася лацінская графіка ў польскім яе варыянце. У 16 ст. кнігі на беларускай мове пісаліся і арабскім пісьмом.
           Кірыліца была двойчы рэфармаваная: 1) пры Пятру І (у 1708 – 1710 гг. быў уведзены створаны беларусам Іллём Капіевічам грамадзянскі алфавіт); 2) у 1918 годзе былі выдалены з рускага алфавіта некалькі літараў і зменены пэўныя правілы правапісу.
           Грамадзянскі шрыфт, створаны І Капіевіча, паступова прыстасоўваўся для перадачы адметнасцяў беларускай мовы, яе фанетычнага ладу. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў сталі ўжывацца літары дз, дж, спалучэнні шч, ё, і, ў, апостраф, былі выдаленыя літары щ, ъ, и, ћ.
           Сучасны варыянт літаратурнай мовы складваўся ў няпростых грамадска-палітычных варунках. Пасля важкіх дасягненняў у фармаванні нацыянальна-культурнай свядомасці беларускага народа у 20-х адраджэнскіх гадах пазней наступіў перыяд заняпаду. У СССР панавала глабальная камуністычная ідэалогія, якая мела на мэце сціранне граняў і адрозненняў паміж нацыямі і народнасцямі, стварэнне адзінага савецкага грамадства, што будзе ўжываць адзіны сродак камунікацыі, інфармацыі і самавыяўлення – рускую мову. Астатнія мовы, у тым ліку і беларуская, у новай будучай супольнасці людзей асуджаліся на забыццё. У выніку рэпрэсіяў 30-х гадоў ад працэсу далейшага натуральнага ўсталявання літаратурных нормаў нашай мовы была адлучаная нацыянальная інтэлігенцыя, знаныя беларускія пісьменнікі і мовазнаўцы. У 1933 годзе СНК БССР прыняў спецыяльную пастанову па рэформе беларускай мовы. Паводле гэтай пастановы далейшае развіццё беларускай мовы скіроўвалася ў рэчышча актыўнага набліжэння да ўсесаюзнай мовы – расійскай. Рэформа 1933 году здзяйснялася з мэтай набліжэння беларускай мовы да рускай, скіравана на зліццё нацыянальных моваў. У 1937 годзе быў выдадзены новы “Русско-белорусский словарь”, які меў выразную асіміляцыйную скіраванасць. Пятро Глебка ў рэцэнзіі на слоўнік пісаў, што шмат словаў у ім засталіся без перакладу, а толькі напісаныя па-беларуску. Першы сакратар ЦК КПБ (1938-1947) П. Панамарэнка ў лістах да Сталіна абураўся выкарыстаннем у беларускім друку шэрагу адмысловых беларускіх словаў і патрабаваў замяніць іх на “ўсесаюзныя”.
           З пабудоваю камунізму ўсе мовы народаў СССР мусілі актыўна збліжацца, аж да поўнага іх зліцця ў адзіную мову для абслугоўвання адзінага савецкага народа. Дзеля ажыццяўлення гэтай ідэі роднымі абвяшчаліся дзве мовы, дзе апрача нацыянальнай была і ўсесаюзная – расійская. Гэта засведчыў і “Русско-белорусский словарь”, які выйшаў у 1953 годзе ў Маскве. У гэтых варунках нацыянальныя, адметныя моўныя рысы свядома ігнараваліся. У межах БССР вялася моўная палітыка, скіраваная на выкасаванне правапісных, граматычных, словаўтваральных, лексічных і сінтаксічных асаблівасцяў беларускай мовы.
           У 1972 годзе кіраўніцтва ЦК КПБ правяло ў Акадэміі навук БССР спецыяльную нараду з мэтаю “нармалізацыі” беларускай мовы, падчас якой нацыянальны друк і беларускія пісьменнікі абвінавачваліся ў адхіленні ад магістральнага шляху на збліжэнне моваў. Невыпадкова, што ў пазнейшых беларускіх слоўніках бачым безліч расійскіх словаў. Асабліва вылучаюцца ў гэтым двухтомавы “Беларуска-рускі слоўнік” 1988-1989 гадоў і “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (1977-1984).
           Бяздумнае пазычанне, неапраўданае набліжэнне да ўсесаюзнага стандарту вяло да разбурэння беларускай нацыянальнай мовы, бо месца цэласнай сістэмы тут займала трасянка – моўная сумесь з элементаў “дзвюх родных” моваў.
           У часы распаду імперыі і культурна-нацыянальнага адраджэння паўстала вострая патрэба аднавіць занядбаныя ці ўжо амаль выкарчаваныя адмысловыя нацыянальныя моўныя рысы. Гэты працэс цяпер актыўна ідзе ў народаў былых савецкіх рэспублік, дзе іх нацыянальныя мовы сталі дзяржаўнымі.
           Калі ў Рэспубліцы Беларусь мову карэннага насельніцтва абвясцілі дзяржаўнаю, у першай палове 90-х гадоў разгарнуліся шырокія магчымасці для адраджэння і натуральнага развіцця беларускай мовы і нармавання яе савецкага варыянта. Адбываліся міжнародныя кангрэсы беларусістаў, друкаваліся шматлікія артыкулы і навуковыя працы.
           На сённяшні дзень прагрэсіўныя навукоўцы лічаць неабходным вырашаць пытанні культуры беларускай мовы, гэта датычыць найперш адбору лексіка-фразеалагічных сродкаў, актывізацыі ўнутраных рэсурсаў мовы і ўсяго таго, што ўтварае яе нацыянальную спецыфіку.
           Вось чаму збоку часам падаецца, што у кожнага беларуса сёння свая мова і свая граматыка. Адбываецца поўны складанасцяў і супярэчнасцяў працэс ачышчэння. Мова прачнулася ад летаргічнага сну і намагаецца ўвабраць у сябе тое, што з’явілася ў свеце навукі, тэхнікі і чалавечых адносінаў.
           Можна па-рознаму ставіцца да пурыстычных эксперыментаў, але трэба пры гэтым памятаць, што мова жыве ў вуснах кожнага з нас. І толькі нашае штодзённае яе ўжыванне пакажа неўзабаве, якія лексіка-граматычныя нормы маюць права на жыццё. Неабходна рашуча спыніць практыку стварэння нормаў мовы ў ідэалагічных аддзелах малапісьменных людзей, што праз падман і гора людзей выбіліся ў начальства.

Падрыхтавала Алеся Панцак



На гэтую тэму можна пачытаць:


Абабурка М. В. Культура беларускай мовы. Мн., 1994.
Сцяцко П. У. Культура мовы. – Мн.: Тэхналогія,2002.
Сцяцко П. У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. – Гродна: ГрДУ,2001.
Юрэвіч У. Слова роднае, жывое, гаваркое. – Мн.: Маст. літ., 1998.
Янкоўскі Ф. М. Роднае слова. Выд. 2-е, дапоўненае. Мн., 1972.
І інш.


     

Цэтлікі (тэгі)

| школьнікі | | пра радзіму |


julcik, 25.09.06 14:40

Адзнакі: 5.00/5.00 [1]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map