Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (173608)
Беларускія імёны (171585)
Цудоўная вясёлка (155947)
Размалёўка: домік (150507)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (149923)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (149825)
Маляванкі для маленькіх: машынка (147657)
Як назваць дзіця? (146882)
Тата, а ты папа? (140922)
Натуральны білінгвізм у дзетак (139669)

Каляды з хроснай. Працяг

Алена Масла



Пачатак казкі

У нас зносіць дах



          Усіх гасцей мы пасадзілі за стол. Яны частаваліся і гаварылі адзін другому цёплыя словы, жадалі шчасця і дабрабыту.
          А яшчэ сусед з першага паверха паабяцаў ніколі больш не кпіць з тых, хто жыве высока.
          Суседзі з верхніх паверхаў пакляліся ў новым годзе тупаць па падлозе не так гучна, як у мінулым, каб суседзям на ніжніх паверхах не балелі ад грукату галовы.
          Дырэктар турыстычнага агенцтва раздаваў запрашальнікі на гарналыжны курорт, адкрыццё якога ён запланаваў на наступную зіму.
          А паставы-“мядзведзь”, які аштрафаваў хросную за пачастунак, у навагоднюю ноч направа і налева раздаваў цукеркі сам – так ён імкнуўся загладзіць сваю віну.
          У кватэры хроснай панавала такая цёплая атмасфера, што пакаёвыя кветкі сталі расці на ўцеху ўражаным гасцям.
          Павоем зацягнула ўсе сцены. Узумбарскія фіялкі разбегліся па кутках – адусюль паглядалі іх рознакаляровыя тварыкі. Пальмы за адну хвіліну вяршалінамі дасталі столь. І, не думаючы спыняцца, раслі далей. Усе нават напалохаліся – так яны маглі зламацца ці праламіць столь.
          Толькі хросная не разгубілася.
          – Вось у такія хвіліны і разумееш перавагу жыцця на апошнім паверсе, – сказала яна. – У мяне прадугледжана выйсце ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Трэба часова знесці дах. І вам, сябры, давядзецца мне дапамагчы!
          Усе кінуліся на дапамогу хроснай. Яна ж загадала паставіць ў кожным кутку па зэдліку, стаць на іх і ўперціся рукамі ў столь. Па камандзе хроснай трэба было штурхнуць столь управа.
          – Раз, два, тры! – столь з’ехала набок і знікла паміж сцен.
          Не даўшы нікому ачомацца, хросная схапіла вялізарны парасон і раскрыла яго над усёй кватэрай.
          І ў нас атрымалася кватэра пад купалам.
          Пальмы выпрасталіся ва ўвесь рост і дасталі лісцем да намаляваных на парасоне сонца і блакітнага неба. Яны хацелі і далей расці, але хросная прыкрыкнула на іх:
          – Глядзіце, не губляйце галавы! Больш я вам ужо нічым дапамагчы не змагу. А на двары ўсё ж зіма, мароз. Так і змерзнуць нядоўга!
          І пальмы паслухмяна спыніліся – яны аказаліся асцярожнымі раслінамі.
          Пасля гэтага ў кватэры хроснай пачалася такая валтузня! Госці сталі караскацца на пальмы, катацца на ліянах і гуляць у хованкі         
          сярод зеляніны. Бананы ж, ананасы, фінікі, якія раслі ў хроснай, прыбралі сябе пладамі адразу, як толькі спыніліся ў росце.
          Мы набралі цэлы кошык духмяных пладоў. Хросная сказала, што найлепш было б пусціць іх на марозіва. Яна адчыніла акно, у бліскучую медную місу натрэсла снегу са снегавой хмары, што праплывала за акном, і змяшала яго з нарэзанымі долькамі пладамі.
          Вось дык марозіва! Мы толькі намерыліся пакінуць пальмы і спусціцца да стала, як раптам у кватэры загырчэў леў, зашыпела змяя… Падлога затрашчала пад цяжкімі крокамі – і мы ўбачылі на парозе ружовага слана і ўсю кампанію мяккіх цацак, якія да гэтай пары маўкліва сядзелі на паліцах.



Ажываюць мяккія цацкі



          Усе страшэнна перапалохаліся. Адкуль ведаць, на што здатныя слон ці цмачанё, аджыўшы першы раз у сваім жыцці.
          Але хросная хуценька знайшла ўсім занятак.
          – Сябры, вы якраз дарэчы! – сказала яна плюшавым жывёлам. – У мяне гатова марозіва. Першую порцыю аддамо гасцям, якія прыйшлі раней. А пасля і вас пачастуем… А вы не спускайцеся ўніз, калі яшчэ давядзецца паласавацца марозівам, седзячы на пальме, - звярнулася яна да нас. – Шаноўны Слон, будзьце ласкавы: перадайце шклянку з марозівам наверх!
          У знак згоды ружовы Слон хітнуў сваім плюшавымі вушамі і адразу ж стаў выконваць даручэнне.
          – А ты, дружа, мусіш пайсці ў суседні пакой, – звярнулася хросная да Цмачаняці. – Ад твайго гарачага дыхання марозіва хутка растае. Калі ж ты прасунеш галаву ў адчыненую фортку і будзеш агнём дыхаць у неба – у нас атрымаецца найпрыгажэйшы ў свеце салют!
          І задаволенае Цмачанё кінулася ў суседні пакой.
          Плюшавы Удаў перакінуўся паміж пальмамі і правіс так, каб можна было як мага ямчэй сесці на яго верхам. Атрымаліся цудоўныя арэлі.
          Малпачка прапанавала пайграць на фартэпіяна, а Леў пачаў распараджацца, што каму рабіць. Ільвы наогул любяць пакамандаваць. І ў навагоднюю ноч гэта было так дарэчы! У нас галавы кружыліся ад дзівосаў. І самі, без камандаў, мы ніяк не маглі прытрымлівацца чаргі, гойдаючыся на Удаве.
          Вы, напэўна, здагадаліся, што шум і тупат не доўга трывалі суседзі, якія яшчэ не паспелі наведацца да нас. Усім было цікава, што робіцца ў кватэры хроснай гэтым разам. І неўзабаве ўсе яны былі ў нас. Хроснай давялося яшчэ некалькі разоў трэсці снег з хмар у вялізную медную місу і замешваць у ёй салодкае марозіва.
          …Мы столькі весяліліся, спявалі і скакалі, што, нарэшце, стаміліся. Хросная ў які раз пасадзіла ўсіх за стол і напаіла мятнай гарбатай. Я піла яго невялічкімі глыткамі, каб не апячыся, і назірала за салютам за акном – запасы агню ў Цмачаня аказаліся невычэрпнымі.
          Паціху вочы мае заплюшчыліся, і я ўжо не чула, пра што гаварылі і як разыходзіліся нашыя госці.
          А калі раніцай прачнулася, усе цацкі сядзелі на паліцах. Расліны раслі ў сваіх гаршках. Столь была на месцы, а Цмачанё больш не давала салютаў.
          – Пад’ём, сплюшка! З Новым годам! – падышла да мяне хросная і моцна-моцна абняла. - Хутка поўдзень, а ты ўсё спіш. Спадзяюся, ты не забылася пра даручэнне Дзядулі Мароза?
          Ну вядома ж! Пад ёлкай побач з маімі ролікавымі канькамі стаяў вялізарны мех. Ён і нагадаў мне, што ўсе прыгоды гэтай ноччу – не сон, а праўда.
          Я хуценька паднялася і падышла да плюшавых цацак.
          – Вы проста цуд! – сказала я ім. – З вамі было так вясёла святкаваць Новы год!
          Я вельмі спадзявалася, што яны зноў аджывуць. Але цацкі стаялі на сваіх месцах і толькі ледзь прыкметна ўсміхнуліся.




Мы пераапранаемся Дзедам Марозам і Снягуркай



          Хросная ўжо чакала мяне на кухні. Яна хацела мяне пакарміць. Але пасля балю ў навагоднюю ноч нават торт і марозіва выглядалі як прылады катавання.
          Я так і сказала хроснай:
          – Калі з’ем хоць кавалачак, то, далібог, трэсну. І ад харошай дзяўчынкі застануцца адны ўспаміны.
          Хросная вельмі спалохалася і схавала на паліцы ўсе ласункі.
          – Вось і цудоўна, снедаць не будзем, – сказала яна. – Мы так яшчэ і часу багата зберажом.
          Пасля яна дастала са сваёй кладоўкі касцюм Снягуркі.
          – Хуценька прыбірайся! – стала прыспешваць мяне яна. – Нам трэба трапіць у суседнюю вёсачку. Гэта для яе жыхароў Дзядуля Мароз пакінуў свае падарункі.
          Сама ж хросная начапіла бараду, чырвоны нос і апранула футра, як у Дзеда Мароза.
          Гэта мяне засмуціла да слёз.
          – Цяпер я ведаю, – змрочна сказала я, – што многія дзеці кажуць праўду!
          – Якую праўду? – здзівілася хросная.
          – Што Дзед Мароз – несапраўдны! Што гэта перапранутыя дарослыя падкідваюць падарункі дзецям! Таму Дзед Мароз і гаворыць то голасам мамы, то голасам таты!
          Хросная так перапалохалася, ажно збялела.
          – Ах, мая дарагая дзяўчынка! – прысела яна і ўзяла мяне на рукі. – Не слухай, хто што гаворыць. Ёсць адна таямніца, якую я табе адкрыю. Дзед Мароз прыходзіць толькі да тых, хто па-сапраўднаму ў яго верыць. Праўда, яму часта даводзіцца гаварыць голасам мамы або таты – каб дзеці не палохаліся…
          Ад гэтых слоў я пачырванела, успомніўшы, як сама некалькі гадзін таму назад хавалася за ложкам.
          – А тым, хто не па-сапраўднаму яго чакае, – казала далей хросная, – пад ёлку падарункі, сапраўды, падкідваюць дарослыя. Толькі, шчыра кажучы, дзяцей, каторыя не вераць у існаванне Дзеда Мароза, я і не сустракала. Проста некаторым хочацца выглядаць старэйшымі, вось яны і пачынаюць расказваць байкі пра тое, што Дзеда Мароза не існуе. Але ў глыбіні душы яны спадзяюцца на сустрэчу з ім!
          – Хросная, а калі верыць у Дзеда Мароза ўсё жыццё, ён будзе да мяне прыходзіць, нават калі я вырасту?
          – Нават тады, калі ты станеш старэнькай! – усклікнула хросная. – Я вось даўно не дзіця, а Дзед Мароз кожны Новы год наведваецца да мяне. Таму я асцерагаюся нават размоў пра тое, што яго не існуе. А раптам ён пакрыўдзіцца і не прыйдзе?
          Пасля слоў хроснай і я крышку спалохалася. Але мне не давала спакою тое, што мы пераапраналіся.
          – Хросная, дык ты лічыш, што мы нікога не ашукваем, выдаючы сябе за Дзеда Мароза і Снягурку?
          – Ды вядома ж, не! – пляснула рукамі хросная. – Мы ж выконваем даручэнне Сапраўднага Дзеда Мароза!
          І я з палёгкай уздыхнула. Хросная казала праўду. І, шчыра кажучы, ёй вельмі пасавала адзенне Дзеда Мароза.
          Я рассмяялася, гледзячы, як хросная чапляе на нос акуляры.
          – Хросная, ты сапраўды як Дзед Мароз!
          – А ты мая самая чароўная ўнучка Снягурачка! – адказала хросная басам.
          …У вёску мы трапілі неверагодным чынам.
          Хросная дастала з кладоўкі тоўсты канат. Адным канцом зачапіла яго за батарэю. А другі кінула ў расчыненае акно.
          Канат напяўся, і хросная тузанула яго, правяраючы на трываласць.
          – Цудоўная канатная дарога ў нас атрымалася! – весела сказала яна. – Там, пасярод вёскі, расце магутны дуб. Вось за яго і зачапіўся канат. А нам з табой засталося толькі спусціцца па ім.
          Яна прыладзіла на канат крэсла, узяла на рукі мяне і мех з падарункамі. Раз! І праз некалькі хвілін мы былі на месцы.
          Мы пайшлі з хаты ў хату, раздаючы пакінутыя Дзедам Марозам падарункі. Вось было радасці дзятве! Сярод іх не было ніводнага баязліўца, які, як я ў навагоднюю ноч, надумаў бы хавацца. Усе дзеці спявалі, расказвалі вершы, паказвалі нам свае прыбраныя ёлкі, вадзілі вакол іх карагоды. А мамы і таты дапамагалі сваім дзецям.
          Бандэроль з пазнакай: “Патрабуе асаблівай увагі!” мы аднеслі старэнькай бабулі. У пакунку аказалася цёплая пуховая хустка і ліст ад сына. Бабулька плакала, чытаючы яго.
          – Я так даўно не атрымлівала ад яго вестачкі, – казала яна. – А зараз ён піша, што вясной прыедзе праведаць мяне. Дзякуй вам, дзеткі (так бабуля звярталася да нас, Дзеда Мароза і Снягуркі!), падарылі радасць старому чалавеку! Мне цяпер і зіму лягчэй перажыць будзе.
          – Нам паўсюль дзяквалі і запрашалі прыходзіць на наступны год. І мы абяцалі наведацца. Пры гэтым я адчувала сябе самай сапраўднай, а не пераапранутай, Снягуркай.



Адліга



          Раніцай наступнага дня пацяплела. Выглянула сонейка, закапала са стрэх, снег з пульхнага і мяккага стаў цяжкім і мокрым.
          – Дакладная прыкмета таго, што Дзед Мароз пасля навагодняй ночы ўжо дабраўся да сваёй ледзяной хаткі на поўначы. Мусіць, моцна заснуў, адпачывае – вось і пачалася адліга, – патлумачыла хросная.
          – Пойдзем на двор снежных баб ляпіць!
          Мяне не трэба было доўга прасіць. І праз некалькі хвілін мы выйшлі з кватэры.
          Дзяцей на вуліцы было процьма! Яны будавалі крэпасці і снежных баб.
          – Цудоўна, што не мы адны з табой ахвочыя са снегам павалтузіцца! Толькі давай злепім не звычайную снежную бабу – іх ужо цэлае войска і без нас наставілі. Давай з табой вылепім Пегаса! – прапанавала хросная.
          – А хто такі Пегас?
          – Пегас – крылаты конь. На ім можна трапіць на гару Парнас! Згодна з міфамі, там жывуць музы і сапраўдныя паэты.
          Скажу вам па сакрэце, што я таксама крышку спрабую складаць вершы. Таму прапанова хроснай мне надзвычай спадабалася.
          Як толькі дзятва ў двары даведалася, што мы будзем ляпіць крылатага каня, у нас ад памочнікаў адбою не было. Яны кінулі свае крэпасці і снежных баб – гэта была работа звыклая. А вось Пегаса ляпілі ўпершыню!
          Дапамога была дарэчы, бо на Пегаса столькі снегу пайшло! Мы ледзь паспявалі катаць агромністыя камякі. Хросная са старэйшымі дзецьмі складвала іх згодна задумцы. Пасля, як сапраўдны скульптар, з гары снегу фармавала галаву, тулава, ногі, крылы…
          Чым болей наш Пегас станавіўся падобным на крылатага каня, тым болей шчыравала дзятва. І толькі некалькі хлапчукоў стаялі ўбаку і пасмейваліся з нашай работы.
          – Прыдумалі! Конь з крыламі! Вось пацеха!
          І яны кідалі ў нас снежкамі.
          – Лепш дапамажыце нам, – папрасіла іх хросная. – Нам як раз не хапае пары чалавек!
          Дзе там!
          – І не думаем з дробнай шляхтай валтузіцца! – крыкнулі хлопцы.
          – Праўда, пасля гэтых перамоў яны адышліся крыху далей. Але ўсё роўна падсмейваліся з нас.
          – Не зважайце на іх, – сказала хросная. – У нас ёсць цікавая работа, якую мы павінны зрабіць як належыць. А не думаць пра тое, чым мы насмяшылі хлапчукоў, якія не ведаюць і ведаць не жадаюць, хто такі Пегас.
          Мы завіхаліся, і хутка крылаты конь быў гатовы.
          Галава яго была горда прыўзнятая, крылы распраўлены, нібы ён і праўда намерыўся ўзняцца ў паветра.
          Мы нацешыцца не маглі са свайго Пегаса. Дзятва з чырвонымі шчочкамі і бліскучымі вачанятамі разглядала крылатага каня. І кожны ганарыўся тым, што памог стварыць яго. І кожны марыў на ім пракаціцца.
          – Спачатку сходзім дадому, дзеці, – прапанавала хросная. – Гарбаткі пап’ем, абсушымся – а то нас хоць выкручвай. А пазней вернемся да Пегаса. Хто ведае, магчыма, ён не адмовіцца каго-небудзь з нас пакатаць.
          І мы разышліся па дамах. Толькі хлапчукі, якія стаялі збоку і насміхаліся з нас, засталіся ў двары.



         

Шалік з хмаркі



          Як толькі мы з хроснай падняліся да сябе на паверх, я адразу кінулася да акна, каб паглядзець на Пегаса зверху.
          Я зірнула ўніз і закрычала ад роспачы: за некалькі хвілін, пакуль мы разыходзіліся па дамах, Пегасу зламалі крылы! Зразумела было, хто гэта зрабіў. Хлапчукі, якія кпілі з нас, цяпер уцякалі да суседняга дому, азіраючыся і на хаду кідаючы снежкамі ў нашага крылатага сябра.
          Я горка расплакалася. Даведаўшыся аб прычыне маіх слёз, хросная стала мяне супакойваць:
          – Ну, досыць, мая дарагая дзяўчынка! Не гараваць трэба, а выйсце шукаць.
          На маю думку, выйсце было адно, ды й тое ненадзейнае: нанава зрабіць крылы для Пегаса.
          Але як яго зберагчы ад шкадлівых хлапчукоў?
          – Вось ўбачыш, хросная, – хліпала я, – яны вернуцца і ператвораць Пегаса ў гару снегу.
          Хросная сумна кіўнула.
          – Магчыма, і так. Кожны робіць сваю справу. Але не трэба адчайвацца. Мы зляпілі цудоўнага снежнага Пегаса – і гэта наш учынак. Хлапчукі зламалі яму крылы – сумна, але гэта іх учынак. Ты пераканаешся сама, што хутка кожны атрымае ўзнагароду за сваю працу. А пакуль што вытры слёзы і дапамажы мне, калі сапраўды хочаш нешта паправіць.
          Па таямнічай усмешцы хроснай я зразумела, што ў яе ёсць нейкі незвычайны план. І слёзы на маіх вачах высахлі самі сабой.
          – Дзе той клубок цудоўных нітак, што падарыла нам хмарка? – запыталася ў мяне хросная.
          Я дастала яго з плеценага кошыка. А хросная ўзяла тоўстыя пруткі і пачала вязаць. Праз нейкі час у яе руках быў пушысты, мяккі шалік. І ён лунаў у паветры – ніткі ж былі чароўнымі! Яны атрымаліся з распушчанай хмаркі, калі мы з хроснай садком лавілі зорачкі. І адну хмарку давялося распусціць, каб на небе з’явілася акенца. Гэтыя дзіва-ніткі, звязаныя ў шалік, ні за што не хацелі ляжаць на месцы. Яны імкнуліся ўвысь, да нябёсаў! Нам з хроснай вялікіх намаганняў каштавала ўтрымаць гэты шалік у кватэры.
          – Вось цяпер самы час ісці на двор! – абвясціла хросная.



Мы лятаем на Пегасе




          Яшчэ не адчыніўшы дзверы з пад’езда на вуліцу, мы зразумелі, што дзятва сабралася на двары. Ад іх дружнага плачу над зламанымі крыламі Пегаса трэсліся сцены дома.
          А за бліжэйшымі дрэвамі хаваліся хлапчукі-шкоднікі і рагаталі.
          Я думала, хросная на іх хоць накрычыць, хоць пасарамаціць. Але яна нават не глянула ў іх бок.
          –Досыць румзаць, – строга сказала яна дзецям. – Лепш давайце рабіць справу!
          І яна даручыла моцна трымаць наш дзівосны шалік дзятве. А сама ўзяла некалькі памочнікаў, і яны разам хутка аднавілі Пегасу крылы.
          –Дзякуй, што не вельмі шчыравалі, ламаючы нашага Пегаса! – крыкнула яна хлапчукам за дрэвамі.
          Пасля ўзяла шалік і абвязала яго вакол шыі Пегаса.
          Некалькі імгненняў ён стаяў нерухома. Пасля застрыг вушамі, страсянуў грывай, стукнуў капытом … і падняўся над зямлёй!
          Гэта наш лятаючы шалік дапамог Пегасу ўзняцца ў паветра і цяпер імкнуўся знесці яго за аблолкі.
          Але, пакружыўшы над домам, Пегас прызямліўся.
          –Ён вярнуўся, каб пакатаць вас, -- сказала хросная.
          На знак згоды крылаты конь кіўнуў галавой. І хросная падсадзіла яму на спіну аднаго з дзяцей.
          …Мы па чарзе – ад самага малодшага да старэйшых – луналі над зямлёй. І ў кожнага ў душы нараджаліся такія прыгожыя словы і паэтычныя радкі, што назаўтра мы закідалі вершамі ўсе дзіцячыя газеты і часопісы. Іх надрукавалі і доўга пасля абмяркоўвалі тое, як многа ў нашым горадзе юных паэтычных талентаў.
          Хлапчукам, якія зламалі Пегасу крылы, таксама захацелася палятаць. Яны нясмела наблізіліся да нашай кампаніі і, заікаючыся, запыталіся ў хроснай:
          –А ці можна нам пракаціцца на гэтым кані?
          Пегас гнеўна заіржаў і падбрыкнуў нагой. Хлапчукі спалохана адскочылі ўбок.
          –Шкада, – сказала хросная, – але ён адмаўляецца вас катаць. Бо гэта ж не проста конь, а крылаты, ён адвозіць людзей у свет паэзіі. А вы хацелі пазбавіць яго крылаў…
          Тут хлапчукі загаласілі гучней за дзятву, калі тая аплаквала разбуранага Пегаса. І нам, шчыра кажучы, стала іх шкада. Яны ж такія, як і мы, дзеці. Толькі памыліліся ў сваім учынку.
          –Дык што, нам цяпер ніколі не лётаць над зямлёй?
          –На шчасце, вы можаце яшчэ ўсё паправіць, калі пастараецеся і сваімі рукамі злепіце яшчэ аднаго крылатага каня. Абяцаю, што дапамагу яму падняцца ў паветра! На гэты выпадак я прыхавала крыху нітак з чарадзейнага клубка.
          …Назаўтра хлапчукі цэлы дзень шчыравалі над сваім Пегасам. А ўвечары створаны імі крылаты конь узняў іх у паветра!
          Якія пасля гэтага вершы напісалі хлапчукі! Іх таксама надрукавалі. А строгія крытыкі сказалі, што ў гэтых вершах, як ні ў якіх іншых, шмат пачуцця і шчырасці.
          І мы ведалі, чаму.
          –Яны не проста свайго Пегаса са снегу вылепілі, – сказала хросная. – Яны перамаглі сваё жаданне нішчыць. А гэта дорага даецца!




Як я вучылася рабіць цуды



          –Дарагая хросная, калі я падрасту, ты навучыш мяне рабіць цуды – ну, хоць крышачку? – запыталася я, вырашыўшы калі-небудзь стаць прафесійнай добрай чараўніцай.
          –Навошта так доўга чакаць, пачнем зараз жа, - адгукнулася хросная. – І не крышачку, а поўнай мерай!
          На двары дзятва каталася з гары на санках.
          –Вось для іх ты зараз і начаруеш што-небудзь! – сказала яна мне.
          Але ж у мяне для гэтага зусім нічога нямашка! – разгубілася я.
          Глупства! – заявіла хросная. – Для добрага чараўніка любая дробязь – сапраўдны скарб. Зірні на ніжнюю паліцу ў шафе, ці няма там чаго-небудзь, што нам прыдасца?
          На паліцы стаялі стаптаныя чаравікі, ляжаў маток шнура для бялізны і кардонавая скрыня.
          –Адчыні яе! – загадала хросная.
          У скрыні аказаліся паветраныя шары. Мы з хроснай сталі надзімаць іх і стараліся да той пары, пакуль не запоўнілі імі пакой пад самую столь.
          –А цяпер падумай, ці можа з гэтай гары шароў атрымацца хоць невялікі цуд?
          Ад захаплення я кінулася да хроснай і абвіла рукамі яе шыю.
          –Вялікі, вялікі цуд! – закрычала я і запляскала ў ладкі. – Калі скінуць гэту прыгажосць уніз, проста на дзяцей!..
          –Ты таленавітая вучаніца, я гэта заўсёды ведала! – усміхнулася хросная. – Менавіта так мы і зробім. Галоўнае – нечаканасць.
          І яна ў які раз прыбрала з падваконня свае любімыя кветкі. Пасля насцеж адчыніла акно і дзьмухнула на шары, як сапраўдная віхура! Шары ўсе да аднаго вылецелі з пакоя.
          Ад нечаканасці малыя знямелі. Спыніліся ўсе мінакі, якім давялося бачыць мой першы цуд.
          На фоне зіхоткага снегу і халоднага сіняга неба, у промнях сонца рознакаляровыя шары луналі, як здзейсненыя мары пра самае прыгожае… Дзеці лавілі іх і сціскалі ў абдымках. Іх тварыкі свяціліся шчасцем. Яны кідалі на гары свае санкі і беглі дамоў – пахваліцца бацькам дарункам неба.
          А пасля ў горадзе доўга толькі і гаворкі было, што пра незвычайны шарыкавы абвал. Пра яго нават у тэленавінах расказвалі. І зацікавіліся ў нейкім навукова-даследчым інстытуце…Мы з хроснай цішком пасміхаліся: разгадка таямнічай з’явы была вядома толькі нам. Але мы і не думалі яе нікому тлумачыць, бо ад доўгіх тлумачэнняў самыя прыгожыя дзівосы ператвараюцца ў шэрасць.




Я ператвараюся ў “фабрыку цудаў”



          Варта толькі зрабіць першы цуд, а пасля – пайшло-паехала! Розныя цікавыя думкі спакою не даюць, і пакрысе ператвараешся ў сапраўдную фабрыку цудаў.
          Я падумала пра птушак, якім цяжка з-за вялікіх сумётаў шукаць сабе пракорму.
          І мы сталі майстраваць кармушкі з усяго, што знайшлося прыдатнага.
          У ход пайшлі кардонкі з-пад малака і соку, пластыкавыя бутэлькі. Мы замацоўвалі на іх шнурочкі, прарэзвалі акенцы і насыпалі зерне. Пасля развешвалі кармушкі на бліжэйшых да нашага дома дрэвах.
          Здавалася, што галодныя птушкі зляцеліся ў нашу сталоўку са ўсяго горада і кармушак на ўсіх не хапала.
          –Трэба клікаць дапамогу, – сказала хросная. – Галоўны запавет добрага чараўніка – не быць сквапным на добрыя ідэі. Імі трэба дзяліцца з людзьмі! Тады вынікі чарадзейства становяцца важкімі.
          І мы напісалі абвестку: “У самым высокім доме горада, у кватэры на апошнім паверсе, усіх жадаючых навучаць рабіць кармушкі. Мець пры сабе кардонкі або пластыкавыя бутэлькі”.
          Народ да нас паваліў валам! Ахвочых навучыцца рабіць кармушкі аказалася не менш, чым аматараў гарналыжнага спорту! І хутка ўсе дрэвы ў горадзе былі завешаны кармушкамі. Мне здаецца, што іх было нават больш, чым кватэр у гараджан. І ў кожнай было што-небудзь смачнае для птушак: ці зерне, ці хлебныя крошкі, ці кавалачак сальца…
          Цяпер птушкам ні мароз, ні снег не былі страшныя. Яны весела чырыкалі, ціўкалі, ціліўкалі, каркалі, вуркаталі і балбаталі, дзякуючы людзям.
          А мне карцела стварыць яшчэ і яшчэ нешта добрае. І я марыла зрабіць лялек для лялечнага тэатра, каб навучыць дзяцей саміх ладзіць спектаклі.
          Вясной арганізаваць паход у тую вёсачку, дзе мы з хроснай “працавалі” Дзедам Марозам і Снягуркай і наладзіць для яе жыхароў канцэрт.
          Яшчэ…
          Але мае думкі перарывае хросная.
          –Марыць – гэта цудоўна. Усе добрыя справы некалі былі марамі ў нечыей душы, – кажа яна. – Але толькі тады ад мараў ёсць плён, калі не ленавацца іх ажыццяўляць. І запомні, мая дарагая дзяўчынка: асцерагайся лайдакоў, што ўмеюць прыгожа гаварыць, але не зварухнуцца, каб даць сваім марам жыццё. Помні: галоўнае пасля мары – канкрэтныя справы.
          –Добра, добра, хросная, я зразумела! “Трэба менш гаварыць, а больш спраў рабіць”, – так мая мама кажа, калі я занадта ўжо многа балбачу. Але ты павер, я не пустазвон, проста мараў у мяне столькі, што ў ва мне яны не месцяцца, вось я і гавару без упынку.
          Так я адказваю хроснай, а яна ўсміхаецца.
          –Шчаслівая будучыня ў тых людзей, якім давядзецца жыць з табой побач, – сказала аднойчы мне яна. – Бо ты, мая дарагая дзяўчынка, толькі і думаеш пра тое, як каго-небудзь парадаваць. Толькі, падрастаючы, не разгубі гэты свой дар. І тады ты зможаш доўга цешыць людзей цудамі, ад якіх свет становіцца лепшым. А гэта і ёсць галоўная задача кожнага добрага чараўніка.




Я ад’язджаю дадому



          За цудамі і прыгодамі незаўважна праляцеў час. Дні мільгацелі, як хвіліны. Але столькі ўсяго змяшчалася ў іх, што выдавала, я пражыла ў хроснай не каля двух тыдняў, а многа-многа гадоў.
          Мае мама, бабуля і дзядуля канчаткова паправіліся пад наглядам цёткі Вольгі, суседкі-медсястры. Мы з хроснай увесь час стараліся іх падтрымаць. З дзядзькам Толікам, калі ён ад”язджаў ад сваёй матулі, перадалі слоік духмянага мёду, пакунак нашых чароўных салодкіх сняжынак і цукерак… І кожны дзень тэлефанавалі, каб даведацца пра здароўе і сказаць, што ў нас усё добра. Праўда, я маўчала пра гарналыжны курорт і катанне на Пегасе. Вярнуся дадому цалюткая і здаровенькая – тады ўсё маме і раскажу. А калі расказаць цяпер, яна будзе перажываць, што я захварэю на ангіну ці заражуся цудамі, і забярэ мяне ад хроснай. А мне так хацелася даўжэй пагасцяваць у яе!
          Але час расстання набліжаўся.
          У тую раніцу піражкі ў хроснай удаліся надзвычай смачнымі. Мы іх елі, запіваючы мятнай гарбатай, і размаўлялі, успамінаючы мінулы Новы год і Каляды.
          Раптам спакойна, як бы між іншым, хросная сказала:
          –Час збірацца дадому, мая дарагая дзяўчынка. Заўтра за табой прыедуць.
          Ад нечаканасці я папярхнулася. Канешне, я ўжо крышачку і па родных засумавала, але як можа хросная так спакойна гаварыць пра наша расстанне!
          Я моўчкі глядзела на яе. Па твары хроснай зноў блукала ўсмешка, па якой можна было прадказваць дзівосы. Я пракаўтнула набеглыя на вочы слёзы разам з кавалкам пірага.
          –Дадому цябе адвязе тата. Ён спецыяльна вяртаецца з камандзіроўкі праз наш горад, каб забраць цябе!
          Вось дык навіна! Вось дык цуд! Дзядуля Мароз і маё самае патаемнае жаданне зразумеў! Я ўбачу тату!
          Настрой – непрадказальная рэч. Толькі што прапаў, а цяпер з’явіўся зноў, ды такой хваляй радасці мяне накрыў, што нават няёмка стала перад хроснай:
          –Хросная мая дарагая, ты даруй, што я адразу перастала сумаваць ад хуткага растаня з табой. Я цябе вельмі-вельмі люблю! Але без таты мне было так адзінока!
          –Ах, мая дарагая дзяўчынка, – як заўсёды ласкава сказала хросная, – ці ведаеш ты, што добрыя чараўнікі не павінны смуткаваць наогул. Ад гэтага яны дыскваліфікуюцца, гэта значыць, губляюць свае чароўныя здольнасці. Тое, што ты хутка дала рады свайму суму, толкі плюс табе! Пагатоў мы з табой цудоўна правялі час, успамінаў досыць да наступных Калядаў.
          І мы пайшлі збіраць мае рэчы.
          Хросная зняла са сцяны ў гасцёўні карціну з выявай анёла:
          –Павесіш дома над сваім ложкам!
          Пасля яна спакавала салодкія гасцінцы для ўсіх маіх сяброў там, у бабулі і дзядулі.
          І, нарэшце, прынесла мяшэчак з зорнымі каменьчыкамі.
          –Прыйшоў час адкрыць табе іх таямніцу, – сказала яна. – Мы і так ведаем, што гэта незвычайныя каменьчыкі. Але галоўнае тое, што яны могуць зноў стаць зоркамі. Як толькі ты пражывеш дзень у думках і клопатах пра блізкіх, адзін з каменьчыкаў ператворыцца ў зорачку і падымецца на неба. Так, пакрысе, ты можаш запаліць сваё сузор’е добрых спраў.
          Я запляскала ў ладкі. Гэта цуд – запаліць сваё сузор’е! Ужо я буду старацца з усіх сіл!
          Але тут мне зноў стала крышку сумнавата.
          –Хросная, дарагая, я без цябе прападу…
          –Вось гэтаму дазволь не паверыць, дарагая мая дзяўчынка! Ты ж маленькая чараўніца, а яны без дай прычыны не прападаюць. А калі ўсё ж пачнеш сумаваць – крышачку, для настрою – успомні пра мае падарункі. Паглядзі на іх – і радасць вернецца да цябе!
          …І тут у акно на апошнім паверсе самага высокага дома ў горадзе зноў пастукалі! Гэта значыла толькі адно – здарылася нешта незвычайнае!
          Мы кінуліся да акна. За ім, над зямлёй, на вышыні, з якой быў бачны ўвесь горад, лунаў беласнежны Пегас з шалікам на шыі. А на спіне ў Пегаса сядзеў мой тата!
          Мы насцеж расчынілі акно, Пегас уляцеў у пакой, і я кінулася да таты ў абдымкі!
          Ён стаў кружыць мяне па пакоі, прымаўляючы: “Прыгажунька мая, любая мая дачушка!”
          А хросная з Пегасам моўчкі стаялі збоку і ўсміхаліся.
          Калі мы крышку супакоіліся, тата стаў расказваць:
          –Уяўляеце, я ледзь дабраўся да вас. Падчас калядных вакацый квіткоў на самалёт не купіць. А калі мне, нарэшце, пашанцавала, надарылася нялётнае надвор’е. Я цэлыя суткі праседзеў у аэрапорце. Часу вольнага было шмат. І я стаў складаць вершы. Толькі напісаў: “Мілая дачушка, дзяўчынка дарагая…”, як проста перада мной з’явіўся сапраўдны Пегас.
          –Сядайце на мяне, – сказаў ён, – і на крылах паэзіі я даімчу вас да дачушкі хутчэй за любы самалёт…
          –Так не бывае! – здзівіўся я.
          –А я адказаў: “Бывае, калі мы з Вамі размаўляем!” – адгукнуўся Пегас.
          –І вось, я ў вас, а мае спадарожнікі, магчыма, яшчэ і ў самалёт не селі, -- расказваў тата, то зноў падкідваючы мяне пад столь, то дастаючы з сумкі падарункі для нас з хроснай.
          –Ну і цудоўна! – сказала хросная і, вядома ж, запрасіла ўсіх піць гарбату.
          –Дзякуй, я ўжо лепш у небе палётаю, – ветліва адмовіўся Пегас. – Мне гарачага нельга. Не забывайцеся – я вылеплены са снегу!
          –Даруй, дружа, – пляснула рукамі хросная. – Ад шчасця я на ўсё забылася. Але і для цябе ў мяне знойдзецца пачастунак!
          Яна выйшла на кухню і адразу ж вярнулася з талеркай марозіва з бананамі, запасы якога захоўвала ў лядоўні з навагодняй ночы.
          Пегасу марозіва спадабалася. Але, з’еўшы яго, ён усё ж такі папрасціў адпусціць яго ў неба, бо ён – крылаты конь і яму трэба лятаць.
          –Я вярнуся, каб адвезці вас да мамы, -- паабяцаў Пегас.
          А я выйшла адвітацца да дзяцей у двор.
          –Віка, прыязджай часцей! – сталі прасіць яны. – З табой і тваёй хроснай так весела!
          Пасля я вярнулася дадому і стала абдымаць цацкі. І ружовага слана, і малпачку, і цмачанё. А яны гарнуліся да мяне сваімі мяккімі шчочкамі і, здавалася, таксама прасілі не забывацца на іх.
          На развітанне мы разам з хроснай і татам падышлі да акна, каб яшчэ раз глянуць на горад з вышыні птушынага палёта.
          Ён сляпіў вочы сваёй беллю, зіхацеў у промнях сонца дыяментамі сняжынак. Яны так пераліваліся і ззялі, што я захвалявалася, ці не рассыпала выпадкова свае зорныя каменьчыкі.
          Я адразу ж дастала срэбны мяшэчак і стала лічыць каменьчыкі-зорачкі. Іх паменшала на дзесяць!
          –Хросная, што рабіць? Я, здаецца, згубіла некалькі нашых зорачак! – разгубілася я. – Ці не яны так з’зяюць на снезе?
          –А я не казала хіба, дарагая мая дзяўчынка, што гэтыя каменьчыкі могуць зноў стаць зорачкамі і вярнуцца на неба? Відаць, ты паспела зрабіць нешта добрае за гэтыя дні, вось іх і паменьшала ў мяшэчку, – супакоіла мяне хросная. – Калі ты будзеш старацца і найдалей, гэтыя каменьчыкі-зорачкі закончацца хутка. Не засмучайся! Прыязджай да мяне зноў, мы новых наловім. Няхай такога зарападу, як напярэдадні гэтага Новага года, не выдасца яшчэ сто год, але драбнейшыя бываюць перыядычна. І ўсе яны паўз маё акно пралятаюць.
          Я абняла хросную і моцна пацалавала.
          –Як добра, хросная, што ты жывеш так высока! – сказала я. – Які цуд, што ты ў мяне чараўніца!
          І я дастала падарунак для хроснай, які тайком ад яе рабіла звечара. Я намалявала фарбамі яе партрэт. І цяпер, адвітваючыся, аддала. Хросная расцвіла ад шчасця. І адразу з сярэбранага мяшэчка з каменьчыкамі паднялася маленькая зорачка і паляцела на неба.
          –Вось ты і ўбачыла, як нараджаюцца сузор’і, дарагая мая дзяўчынка, – сказала хросная. – А гэта дадзена нават не кожнаму даросламу чараўніку.
          Пасля яна адкрыла акно ў гасцёўні і пасадзіла нас з татам на спіну Пегасу. Мы моцна абняліся на расстанне і ўзвіліся пад аблокі.




Рэцэпты добрых цудаў



Чароўная сумесь для салодкіх сняжынак.


         
          Вам спатрэбіцца:
          ½ шклянкі цукровай пудры, яечны бялок, некалькі крышталікаў лімоннай кіслаты альбо кропелька эсэнцыі воцату, а таксама каструля, драўляная лыжка, шпрыц для кандытарскіх вырабаў альбо мяшэчак. І, канешне ж, цярпенне і добры настрой.
          Прыгатаванне.
          У сухую каструлю разбіць бялок і, энэргічна мяшаючы (але не ўзбіваючы) патрошкі чайнай лыжачкай дасыпаць цукровую пудру.
          Потым дадаць крышталікі лімоннай кіслаты (або воцат) і перамешваць яшчэ дзве хвіліны.
          Гатовая сумесь павінна быць кіпенна-белай, эластычнай і не вельмі густой.
          Шпрыц або мяшэчак для кандытарскіх вырабаў напоўніць чароўнай сумессю і, пакрысе выціскаючы яе, “маляваць” сняжынкі на блясе, злёгку змазаным алеем.
          Лініі рабіць дастаткова тоўстымі, часцей перакрыжоўваючы іх – дзеля трываласці.
          Дайце сняжынкам падсохнуць, а пасля упрыгожвайце імі навагоднюю ёлку і частуйце сяброў!


Як зрабіць штучныя зорныя каменьчыкі.


         
          Калі вам у садок не трапілася ніводнай зорачкі, якая кацілася з неба, і ў вас няма незвычайных каменьчыкаў, зрабіце іх самі!
          Для гэтага развядзіце ў вадзе фарбы – акварэльныя або гуашавыя. Каляровую вадзіцу разлійце па формачках для лёду або ў формачкі з-пад цукерак у каробках. Зрабіце пецелькі з нітак – як для ёлачных упрыгожванняў – і адным канцом апусціце ў кожную ячэйку з каляровай вадой. Формачкі выстаўце на мароз на двор, або памясціце ў лядоўню. Праз некалькі гадзін у вас будзе шмат рознакаляровых ледзяшоў. Развесьце іх у двары на дрэвах ці кустах. А тыя, што без нітачак, рассыпце проста на снег. Гэта вельмі прыгожа! Нібы зорачкі падалі – і ў галінках дрэва заблыталіся, прасыпаліся долу…
          Не бядуйце, калі нехта з гарэзлівых хлапчукоў паквапіцца на вашыя ледзяшы і здыме іх. Альбо адлігай яны растаяць. Будзьце настойлівымі, намарозьце новых!
          Гэтыя штучныя “зорныя каменьчыкі” нічым не горшыя за сапраўдныя. Іх толькі ў пакоі ў клуначку трымаць нельга – зноў стануць каляровай вадзіцай. А вось прыбраны “зорным дажджом” двор будзе радаваць людзей ўсю зіму.


Сталоўка для птушак.


         
          Простае, але вельмі важнае заданне для ўсіх, хто хоча стаць добрым чараўніком.
          Паелі самі – падумайце пра тых, каму зімой цяжка здабыць сабе пракорму. Пасыпце птушкам крошак, зернетка, для сінічак павесце кавалачак сала.
          А з чаго зрабіць просценькія кармушкі – мы ўжо расказалі. У дадатак да гэтага вось вам малюнкі “птушыных сталовак”.


“Фотаздымак” анёла.


         
          Паспрабуйце зрабіць выцінанку з выявай анёла. Чарцёж яе вы знойдзіце ў кнізе. Такія выцінанкі добра падарыць на свята сваякам і сябрам. Іх клеяць на дзверы, вокны. І ў кожнага з вашых блізкіх людзей будзе выява анёла.


Алена Масла




     

Цэтлікі (тэгі)

| казкі |


julcik, 18.11.09 22:14

Адзнакі: 5.00/5.00 [1]

Black aspid
Свой чалавек


Зарэгістраваны: 05.04.2009
Артыкулы: 97
каментары: 7
 Дададзена: 19.11.09 17:49  Загаловак паведамлення: дзякуй за казку
дай Вам Божа. І на каляды, і па жыцці.
Адзнакі: 5.00/5.00 [1]
 

Старонка 1 з 1.

Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map