 | А
1.
Анатоль-абібок
Адшукаў агурок.
Гадаваць не хацеў,
А пад'есці - пад'еў.
2.
Аранжавы аловак
Аднойчы абламаўся:
Ад востранькае дзюбы
Адзін пянёк застаўся.
Анэля свой аловак
Тачылкай натачыла:
- Малюй ізноў прыгожа,
Цябе я падлячыла!
|
 | Б
1.
Бусел, бусел, ходзіш што ж
Па балоце басанож?
Боты трэ' было пашыць,
Болей ногі не мачыць!
2.
Бу-бу-бу - пачышчу бульбу,
Будзе булькаць на пліце.
Бульбу лепш чым у бабулі
Вы не знойдзеце нідзе!
|
 | В
Вавёрка высока дупло адшукала,
Грыбоў і гарэшкаў туды нацягала.
Васіль наш знайшоў то дупло выпадкова,
"Мо', ўзяць у кішэню? Чаго тут благога?"
Ваверка ж збірала гарэхі усё лета!
Васілю, не крыўдзі вавёрчыных дзетак!
|
 | Г
1.
Гром грыміць, грукоча град,
Грак грувасціцца на граб
2.
Галя гальштук начапіла,
Галя ляльцы гаварыла:
- Глянь у люстра, лялька Ната:
Ты - як я, а я - як тата!
|
 | Д
Дзяцел дзюбай дуб далбіў:
Для дзяцей дупло рабіў.
Давялося дзятлу доўга
У драўніне дзірку дзёўбаць,
Ды дубовае дупло -
Дзеткам добрае жытло!
|
 | Е
Елка ехала у горад
На машыне грузавой,
Віншавала з Новым годам
Цэлы свет і нас з табой!
|
 | Ё
Ёдам ёг фарбуе спіну,
Мажа кожную драпіну.
Лёг уночы на цвіках
І падрапаў скуру. Жах!
|
 | Ж
Журавіны журавель
Шчыпле на балоце.
Жук шукае у журбе
Жабку у чароце.
Жавароначак звініць
Над жытнёвым полем...
Кожнаму жыццё пражыць
Хочацца на волі.
|
 | З
Замак, на замок замкнёны,
Задрамаў у лесе цёмным.
Абудзіў яго турыст:
- Ну-ка, замак, адчыніся!
На цябе я падзіўлюся!
Замкаў шмат на Беларусі.
|
 | І
Ішла іголка цераз лог,
Знайшла іголка сена стог
І начаваць засталась.
Знайдзі яе ты зараз!
|
 | Й
КлеЙ праліўся на падлогу.
Стаў МацеЙ анучаЙ соўгаць -
І прыклеіўся. НадзеЙна!
Добры клеЙ набыў МацеЙ наш!
|
 | К
Кавун-кавунок,
У цябе стракаты бок!
Адкажы праўду мне:
Ты салодкі ці не?
Калі так - ты мне дарэчы!
Калі не - каціся прэч!
|
 | Л
Ліса лісліва і ласкава
Труса паклікала на каву.
Пра добры марыла абед.
Але труса прастыў і след!
Трус у ляшчынніку залёг:
З лісой лепш бачыцца здалёк!
|
 | М
Пад дажджом матыль замок,
Сумна пад лістом замоўк.
Мурашы дапамаглі:
Матылю ручнік далі.
Мыцца матылю не трэба:
Мокрым не ўзляціш у неба!
|
 | Н
Набыла Настачка нажніцы
Краіць Наталлі нагавіцы.
Але Наталля падвяла:
У краме джынсы набыла.
Ды не сумуйце вы, нажніцы:
Ў нядзелю будзем шыць спадніцу!
|
 | О
Дзедавы узнагароды
Не чапляюць без нагоды.
Для Міколы гэта гонар -
Патрымаць дзядуляў ордэн.
Хай зайздросцяць сябрукі:
У каго ёсць дзед такі?
|
 | П
Позна певень праспяваў,
І на працу я праспаў!
Так падвёў мяне Пятрусь,
Як на працы я з'яўлюся?
Каб наступны раз быў пільны,
Пеўню падару... будзільнік!
|
 | Р
Ручай праз поплаў прабягаў,
Раку ў чароце напаткаў.
Якая радасць, далібог,
Сустрэць радню ў чужых краёх!
Ручай з ракою абняліся,
Да мора разам падаліся.
|
 | С
На сонцы суніцы саспелі,
А мы іх сабраць не паспелі.
Мы ўсталі каля дзесяці,
Паснедалі (доўга ж ісці!),
Па компасе шлях вызначалі,
Па лузе крыху паблукалі.
Калі ж мы да леса дайшлі,
Суніц там ужо не знайшлі.
|
 | Т
- Хто табе тэлефануе?-
Запыталася матуля.
- З кім ты размаўляеш, Чэсь?
- Гэта робат, з АТС!
Ён чамусьці мне сказаў,
Каб я слухаўку паклаў!
|
 | У
Укусіў унука чмель,
Аж зароў нябога.
Да бабулі ўнук хутчэй
Бег па дапамогу.
Бег, як ад сабакі трус,
Не глядзеў навокал.
На ілбе з'явіўся гуз
У выніку уцёкаў!
|
 | Ў
ВоЎк на поЎню Ўночы выЎ,
СпеЎ разносіЎся наЎкол.
ПаляЎнічы стрэліЎ быЎ -
Не патрапіЎ. ВоЎк сышоЎ,
ДалучыЎся да сяброЎ
І спяваЎ на поЎню зноЎ.
|
 | Ф
Фарбаваў фатэль Францішак
Фарбай фіялетавай.
Атрымаўся фарбы лішак.
Дзе дзець фарбу гэтую?
- Пафарбую заўтра зранку
Маме футра ды фіранкі!
|
 | Х
Апрануў хвартух Хвядорка,
Стаў кухарыць хлопец.
Слупам дым аж на задворках!
Маці кажа: - Хопіць!
Лепей ты зрабі прыборку,
А гатуе хай Хадорка!
|
 | Ц
Цыбулю выцягнуў з грады
Цімох за хвост зялёны.
Хацеў пачысціць - ды куды!
З вачэй - ручай салёны.
Цыбулю хочаш распрануць -
Чакай, што слёзы пацякуць!
|
 | Ч
Свішча чайнік гаваркі:
- Смачна есці, сябрукі!
Пачастуйцеся пячэннем
Ды чарэшневым варэннем!
Шчыра я люблю гасцей,
Трэба бачыцца часцей!
|
 | Ш
Шпрыц іголку паламаў
Ды замену ёй шукаў.
І да елкі шпрыц звяртаўся,
І у вожыка пытаўся,
Падышоў і да краўца,
Пацікавіўся ў шаўца -
Ўсіх суседзяў абышоў,
Таго, што трэба, не знайшоў!
|
 | Ь
Жыве у запалЬнічцы госцЬ,
Пякучы, небяспечны.
Націсне запалЬнічку хтосЬ -
І выскачыць агенЬчык.
Ты, калі ласка, зразумей:
АгонЬ - не цацка для дзяцей!
|
 | Ы
ДЫня вЫрасла на полі,
ВЫкаціла жоўтЫ бок.
Варта дакрануцца толькі -
Так і пЫрсне смачны сок!
Шчыра просім частавацца,
У баку не заставацца!
|
 | Э
Экскаватар тыдзень цэлы
Рыў траншэю за вуглом.
Потым людзі клалі цэглу,
Збудавалі новы дом.
Гэты дом усім вядомы:
Мы жывем у гэтым доме!
|
 | Ю
Ў юрце цёпла, ў юрце суха.
А знадворку - завіруха!
Завіхаюцца вятры,
Завываюць на двары.
Сыплюць снег, мароз нясуць,
Спаць спакойна не даюць!
|
 | Я
Яблык з яблыні упаў.
Яблык на зямлі ляжаў.
Ян і Ясь яго знайшлі,
Падзялілі і пайшлі.
Смак сапраўдны ты адчуеш,
Калі сябра пачастуеш!
|